Лявонцій Тарасевіч (1650? — 1710?) — беларускі, летувіскі і ўкраінскі графік; працаваў у тэхніцы медзярыту (афорту).

Лявонці Тарасевіч
Дата нараджэньня 1650?
Месца нараджэньня Глуск, Беларусь
Дата сьмерці 1710
Месца сьмерці невядома
Адукацыя Аўгсбург
Занятак гравюра

Біяграфічныя зьвесткі рэдагаваць

Верагодна, брат Аляксандра Тарасевіча, магчыма, як і брат, нарадзіўся ў Глуску. Як мяркуюць, вучыўся ў Аўгсбургу, у гравёраў Кіліянаў.

Раньні пэрыяд творчасьці зьвязаны зь Беларусьсю. У 1680-я гады пераехаў на Ўкраіну. У 1688 запрошаны ў Маскву.

Творчасьць рэдагаваць

 
Гравюра, зробленная Лявонціем Тарасевічам з абраза Маці Божай з Дзіцяткам, які захоўваўся ў галоўным алтары мінскага касьцёла бернардзінак

Творы адметныя жыцьцёвасьцю вобразаў, цэласнасьцю кампазыцыі, дакладнасьцю малюнка, разнастайнасьцю штрыхоўкі. У раньні пэрыяд створана гравюра «Апосталы Пётр і Павел з цудадзейным абразом Жыровіцкай Багародзіцы», партрэты К. Радзівіла, ашмянскага прыстольніка Г. Зямлі, смаленскага япіскапа Б. Корвін-Гасеўскага (канец 1690-х г.), гербы віленскага эпіскапа К. Бжастоўскага (1682), Агінскіх (1686) і інш., афармленьне «Служэбніка» (1695). У творах шырока выкарыстаны барочныя сымбалі і алегорыі. У Маскве выканаў партрэт рускай царэўны Соф’і. Значныя творы гэтага пэрыяду: гравюры да кнігі «Пацярык Пячэрскі» (1702). «Псалтыр» і «Эвангельле» (абодва 1703)[1].

 
Франтысьпіс кнігі М. Буйноўскага «Рацыянальныя асновы выбару». 1688

Важны пэрыяд дзейнасьці Л. Тарасевіча зьвязаны з Віленскай акадэмічнай і Супрасьльскай друкарнямі. У выданьнях, выпушчаных тут, Л. Тарасевіч паўстае як вопытны майстар, які ня толькі выдатна валодае тэхнікай гравіраваньня, але мае бліскучыя якасьці мастака з тонкім густам, свабодна аперыруе складанымі і разнастайнымі кампазыцыйнымі, плястычнымі прыёмамі. Гэта бачна, напрыклад, па вырашэньні франтысьпіса і ілюстрацыяў у кнізе М. Буйноўскага «Рацыянальныя асновы выбару» (Вільня, 1688).[2]

Асабліва яскрава магчымасьці мастака адлюстраваліся ў стварэньні тытульнага ліста «Літургіёна, або Служэбніка» (Вільня, Супрасль, 1692—95). Яго адрозьнівае бездакорнае адчуваньне прапарцыянальных суадносін паміж масамі выяўленчых формаў і свабодным аб’ёмам аркуша, прызначаным для разьмяшчэньня тэкста. Плястыка аркуша вызначаецца выразнай вытанчанасьцю. На крыху высунутых уперад падножжах калён стаяць фігуры сьвятых Васіля Вялікага і Яна Златавуста. Вышэй над імі паказаны анёлы і Сьвяты Георгі Дваяслоў. 3 пышнай дэкаратыўнай аздобай верхняй часткі аркуша перагукаецца вырашэньне кампазыцыі ўнізе, куды ўваходзяць картуш з гербам у сярэдзіне, прыгожая гірлянда зь лістоў, кветак і садавіны[2].

 
Партрэт Б. Гасеўскага. 1690-ыя г.

Значнай і па-мастацку цікавай часткай спадчыны Лявонція Тарасевіча зьяўляюцца партрэтныя і гербавыя выявы. Яны друкаваліся на асобных аркушах ці ўключаліся ў кнігі, зьмяшчаліся на франтысьпісах, пераўтвараючыся ў своеасаблівыя ілюстрацыі. Напрыклад, у «Літургіёне, або Служэбніку» ёсьць партрэт К. Радзівіла. Франтысьпісы шэрагу кніг упрыгожылі гербы буйных магнацкіх радоў: Агінскіх, Браніцкіх, Сапегаў, Бжастоўскіх. У 1690-я гг. мастак выгравіраваў партрэтныя выявы падстолія ашмянскага Георгія Зямлі і будучага эпіскапа-суфрагана беларускага Багуслава Гасеўскага. Калі ў першым прыкладзе характарыстыка вобраза дапаўняецца сымбалічнымі ўвасабленьнямі «Ісьціны», «Разважнасьці», персаніфікацыяй «Славы», то ў другім вырашэньне менш складанае. Гэта пышны картуш з партрэтам Б. Гасеўскага. Яго, як і герб, трымаюць анёлы.[2]

Глядзіце таксама рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ В. Шматаў
  2. ^ а б в Б. Лазука

Літаратура рэдагаваць

  • Лазука Б. Гісторыя беларускага мастацтва (у двух тамах). Том 1 — Мн.: Беларусь, 2007.
  • Шматаў В. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стагоддзяў — Мн.: Навука і тэхніка, 1984.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Лявонці Тарасевічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў