Людміла Краскоўская

славацкая дасьледніца, пісьменьніца

Людмíла Краскоўская (славацк. Ľudmila Kraskovská, 26 чэрвеня 1904, Вільня — 26 чэрвеня 1999, Браціслава, Славаччына) — славацкая гістарыца, археалягіня, літаратарка, дзяячка навукі, культуры і мастацтва беларускага паходжаньня. Кандыдатка гістарычных навук. Дачка беларускага грамадзкага дзеяча, пэдагога Івана Краскоўскага.

Людміла Краскоўская, славацк.: Ľudmila Kraskovská
Дата нараджэньня 26 чэрвеня 1904
Месца нараджэньня Вільня
Дата сьмерці 26 чэрвеня 1999
Месца сьмерці Браціслава, Славаччына
Месца пахаваньня
Грамадзянства Чэхаславаччына, пазьней Славаччына
Месца вучобы Віленская беларуская гімназія, Карлаў унівэрсытэт, Украінскі вышэйшы пэдагагічны інстытут імя Міхаіла Драгаманава
Занятак археоляг, мастацтвазнаўка, гісторык, пісьменьніца
Навуковая сфэра археалёгія, нумізматыка, музэйая справа
Месца працы Нацыянальны музэй Прагі, Славацкі нацыянальны музэй
Вядомая як Археалягіня, нумізматка
Навуковая ступень Кандыдатка гістарычных навук
Бацька Іван Краскоўскі
Узнагароды Ляўрэатка прэміі імя Андрая Кмеця (1969), прэміі імя Войцэха Будзінскага-Крычку (1996)

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзілася 26 чэрвеня (9 ліпеня) 1904 году ў Вільні. Да выезду ў бежанства ў 1915 г. вучылася ў віленскай школе. Разам зь сям’ёй жыла ў Кіеве, Тыфлісе. У 1921 годзе праз Стамбул, Атэны, Вену, Бэрлін, Коўну сям’я вярнулася ў Вільню, дзе яна паступіла ў 7-ы кляс Беларускай гімназіі. Дапамагаючы І. Луцкевічу, заахвоцілася вывучэньнем музэйнай справы, старажытнасьцяў, матэрыяльнай культуры продкаў[1].

Пасьля пераезду сям’і ў Дзьвінск у 1922 годзе паступіла ў 10-ы клас Дзьвінскай беларускай дзяржаўнай гімназіі. Разам з П. Мірановічам удзельнічала ў мастацкім афармленьні спэктакляў[2].

З 1924 году стыпэндыятка чэскага ўраду, жыла ў Празе. Вучылася адначасова ў дзьвюх праскіх навучальных установах: Карлавым унівэрсытэце (1924—1929) на філязофскім факультэце і Ўкраінскім вышэйшым пэдагагічным інстытуце імя М. Драгаманава (1924—1927), вывучала археалёгію, гісторыю мастацтваў. У 1929—1931 гг. працавала навуковай кіраўніцай у Нацыянальным музэі ў Празе. У 1930 годзе абараніла дысэртацыю «Заходнія ўплывы ў архітэктуры X—XIII стагодзьдзяў ва ўсходніх славянаў». Надалей пытаньнямі гісторыі архітэктуры не займалася, у сфэру навуковых інтарэсаў Л. Краскоўскай увайшлі музэйная справа, нумізматыка, археалёгія. З 1931 па 1988 г. загадвала археалягічным аддзелам Славацкага нацыянальнага музэя (Браціслава). Адна з заснавальніцаў сучаснай славацкай археалёгіі, стала першай жанчынай у пасьляваеннай Чэхаславаччыне — кандыдаткай гістарычных навук[3].

У 1927 і 1929 гг. наведвала бацькоў у Менску, а ў 1936 годзе на іх высылцы ў Куйбышаве. Яе рэпрэсаваныя два браты загінулі[1].

У 1952 годзе дамаглася перавезьці былога ссыльнага, хворага бацьку ў Браціславу. Архіў яго перадала ў Цэнтральную бібліятэку НАН Беларусі[1].

Памерла 26 чэрвеня 1999 году, ў дзень свайго нараджэньня, сустрэўшы 95-гадовы юбілей. Пахаваная побач з бацькам на браціслаўскіх могілках Славічча ўдальле[4].

Навуковая дзейнасьць рэдагаваць

Людмілай Краскоўскай было праведзена больш як 50 археалягічных раскопак. Аўтарка 4 кніг па археалёгіі на славацкай і ангельскай мовах, напісала каля 270 артыкулаў па археалёгіі, нумізматыцы. Брала ўдзел у навуковых канфэрэнцыях, зьездах у Польшчы, Вугоршчыне, Нямеччыне, Югаславіі, Аўстрыі, Баўгарыі, Румыніі, СССР[1].

Грамадзкае жыцьцё рэдагаваць

У 1920—1930–х гадах Л. Краскоўская падтрымлівала шчыльныя сувязі з прадстаўнікамі розных пакаленьняў дзеячаў беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, якія пры сваім непасрэдным удзеле, ці апасродкавана вызначалі (ці сьведчылі) беларускі палітычны спэктар, былі ў авангардзе беларускага культурна–асьветніцкага руху ў тагачаснай Празе. Л. Краскоўская была вельмі дасьведчанай у пытаньнях беларускай грамадзка–палітычнай, культурнай чыннасьці ў Чэхаславаччыне міжваеннага пэрыяду (1920—1938 гг.)[1].

У асабістым архіве шмат дзесяцігодзьдзяў захоўвала дакумэнты гэтага часу, у тым ліку ліставаньне з У. Пігулеўскім, Я. Варонкам, Ю. Дрэйзіным, кнігі з дарчымі надпісамі[2].

Была непасрэдна знаёмая з У. Жылкам. Амаль 45 год вяла ліставаньне з У. Калесьнікам, які займаўся зборам, асэнсаваньнем і выданьнем творчай спадчыны У. Жылкі.

Напісала ўспаміны пра У. Жылку, Віленскую і Дзьвінскую гімназіі, а таксама пра свайго бацьку[5].

Сярод яе знаёмых і сяброў былі таксама выбітныя прадстаўнікі ўкраінскай нацыянальнай дыяспары. Адным зь іх быў Мікола Біцінскі (псэўданім Микола Оверкович) — пісьменьнік, мастак, геральдыст (дарэчы, аўтар праекту надмагільнага помніка П. Крэчэўскаму). У Славацкім нацыянальным музэі захаваўся віншавальны адрас з нагоды абароны дысэртацыі Л. Краскоўскай у Карлавым унівэрсытэце (1930). Віншавальны адрас напісаны вершам і па–мастацку аформлены, тэкст пададзены ў каліграфічным выкананьні.

У 1999 годзе ў г. Прэшаў (Славаччына) выйшла кніга па-ўкраінску Людмілы Краскоўскай «З давніх часів»[6].

Яе называлі «Нестаркай славацкай археалёгіі і нумізматыкі», украінскай патрыёткай. Але яна не забыла родную беларускую мову і толькі прасіла «скантраляваць» яе допісы: «…я пішу яшчэ па М. Гарэцкаму»[7].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в г д Людміла Краскоўская. Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», https://web.archive.org/web/20220630132821/https://zbsb.org/news/persons/1022/
  2. ^ а б М. Трус, Браціслаўскі эпісталярый: славацка-беларускі архіўны дыскурс 20 ст., Мінск, «Беларуская навука», 2019, с. 24-25.
  3. ^ М. Трус, Браціслаўскі эпісталярый: славацка-беларускі архіўны дыскурс 20 ст., Мінск, «Беларуская навука», 2019, с. 25.
  4. ^ Крывіцкія руны: Беларускія пісьменнікі Латвіі / Укл. i прадм. С. Панізьніка. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2003, с. 160-161.
  5. ^ М. Трус, Браціслаўскі эпісталярый: славацка-беларускі архіўны дыскурс 20 ст., Мінск, «Беларуская навука», 2019, с. 24.
  6. ^ Людміла Краскоўская, З даўніх часоў (урывак з успамінаў), Запісы БІНіМ. №36, с. 181-215.
  7. ^ М. Трус, Браціслаўскі эпісталярый: славацка-беларускі архіўны дыскурс 20 ст., Мінск, «Беларуская навука», 2019, с. 23.