Кішачнік

частка стрававальнага тракту ад страўніка да кутнічнага выйсьця

Кі́шачнік[1][2] — частка стрававальнага тракту ад страўніка да кутнічнага выйсьця (задняга праходу) ў чалавека і хрыбетных, суставаногіх і кальчакоў[3].

Схема страўнікава-кішачнага тракту: 1) страўнік, 2) тонкая кішка, 3) тоўстая кішка, 4) сьляпая кішка (сьляпніца), 5) чарваваты атожылак (прывесак, апэндыкс), 6) простая кішка (кутніца), 7) кутнічнае выйсьце (задні праход, анус).

У кішачнаполасьцевых круглых чарвякоў мае выгляд стрававальнай трубкі. У кішачніку адбываецца поласьцевае, прысьценкавае, мэмбраннае і ўнутрывузавае страваваньне ў ходзе ператраўліваньня ежы. Тамсама ўсмоктваюцца пажыўныя рэчывы і вада. У чалавека і хрыбетных жывёлаў падзяляецца на 2 кішкі: 1) тонкую, якая ўлучае 12-палую (дванастку), парожнюю (парожніцу) і падуздышную (падуздышніцу) кішкі; 2) тоўстую, у склад якой уваходзяць сьляпая (сьляпніца), абводная (абводніца), сыгмападобная і простая (кутніца) кішкі[4]. Даўжыня кішачніка кратна перавышае даўжыню цела: у чалавека больш як 3-кратна (4,5—6 мэтраў), а ў сьвіньні — 17-кратна. Утвараецца ў чалавека на 3-м тыдні зародкавага разьвіцьця. Прымацаваны да задняй сьценкі жывата пры дапамозе аточыны (брыжэйкі). Звонку ўкрыты чапцом (брушынай). Сьценка складаецца са: 1) сьлізьніцы (сьлізістай павалокі), укрытай аднаслойнай пакрытніцай (эпітэлем); 2) падсьлізістага слою, 3) цяглічнай абалонкі, якая забясьпечвае чарвярухі (пэрыстальтыку); 4) сэрозы(be) (сэрознай павалокі)[3].

Слаі сьценкі кішачніка:
1. Пакрытніца (эпітэль) сьлізьніцы
2. Уласны пласток(en) сьлізьніцы
3. Цяглічны пласток сьлізьніцы
4. Прагал
5. Пасачная (лімфатычная) тканка
6. Пратока залозы па-за тракт
7. Залоза ў сьлізьніцы
8. Падсьлізьніца
9. Залозы ў падсьлізьніцы
10. Падсьлізьнічнае спляценьне(en)
11. Вена
12. Сьціскальніца (сьфінктэр, круглая цягліца)
13. Прадоўжная цягліца
14. Арэольная злучальная тканка сэрозы(be)
15. Пакрытніца сэрозы (сэрознай павалокі)
16. Нутрацяглічнае спляценьне(ru) кішкі
17. Нэрва
18. Артэрыя
19. Аточына (брыжэйка)

Сьлізьніца тонкай кішкі мае да 150 млн уласна залозаў (крыптаў) і шмат складак, да 4 млн варсінак і мікравырасты пакрытніцавых вузаў, таму паверхня сьлізьніцы мае плошчу да 1300 кв.м. У тоўстай кішцы ўсмоктваюцца вада і мінэральныя солі, а таксама ўтвараюцца лайновыя (калавыя) масы і рашчапляецца абалоніна (клятчатка) расьліннай ежы ад браджэньня і гніеньня, выкліканага мікраарганізмамі. Кровазабесьпячэньне кішачніка адбываецца з галінаў чэраўнай (брушной) аорты — верхняй і ніжняй аточынных (брыжэйкавых) артэрыяў. Адток венознай крыві, што ўтрымлівае прадукты ўсмоктваньня, адбываецца па брамнай (варотнай) вене ў печань. Адток пасакі (лімфы)[5] забясьпечваюць валасьніковыя (капілярныя) пасачныя сеткі варсінак, якія зьліваюцца ў пасачныя судзіны, што дае ўсмоктваньне тлушчаў. Дзейнасьць кішачніка вызначаецца вэгэтацыйнай нэрвовай сыстэмай[3].

Мікрафлёра рэдагаваць

У кішачніку дарослага чалавека жыве каля 50 трлн мікраарганізмаў, што амаль на 30 % больш за агульны лік вузаў у людзкім целе. Сярод каля 1000 відаў гэтых мікраарганізмаў асноўную частку складаюць бактэрыі. Яны трапляюць у кішачнік зь першых дзён пасьля нараджэньня з навакольнага асяродзьдзя. Гэтая мікрафлёра за кошт выдзяленьня фэрмэнтаў уплывае на абмен рэчываў, самаадчуваньне і душэўны стан. Карысныя віды мікраарганізмаў зьмяншаюць пагрозу захворваньня на рак, а таксама павышаюць адчувальнасьць да інсуліну для зьніжэньня пагрозы атлусьценьня і цукровага дыябэту 2-га тыпу. Таксама яны ўзмацняюць прыроджаны імунітэт і вылучыюць гама-амінамасьляную кісьлю для працы вузаў мікрагліі ў галаўным мозгу. Нястача карысных мікраарганізмаў у выглядзе хваробаў кішачніку выклікае пагаршэньне памяці і дэпрэсію, раньнюю прыдуркаватасьць і хваробу Паркінсона. Парушэньне мікрафлёры кішачніка садзейнічае такім аўтаімунным хваробам, як алергія. Здаровая мікрафлёра зьмяншчае вадародны паказьнік, што замінае размнажэньню хваратворных бактэрыяў, якія трапляюць у кішачнік зь ежай. Таксама дзякуючы ёй вырабляецца частка патрэбных вітамінаў Б12 (кабаламін), Б2 (рыбафлявін) і К, а таксама біятыну і фоліевай кісьлі. Яна замінае ўсмкотваньню атрутных рэчываў. У выніку мікрафлёра кішачніка ўплывае страваваньне і імунітэт, эндакрынную і цэнтральную нэрвовую сыстэму[6].

Здароўю мікрафлёры кішачніка спрыяе харчаваньне такімі кісламалочнымі вырабамі з найлепшым геномам бактэрыяў, як кефір. Хімічныя кансэрванты ў ежы наадварот прыгнятаюць мікрафлёру, што аслабляе імунітэт. Таксама пры галаданьні бактэрыі спажываюць сьлізьніцу кішачніка, што выклікае сындром раздражнёнага кішачніка, хваробу Крона і запаленьне кішачніка. Такія хваробы выклікаюцца нястачай ужываньня абалоніны (клятчаткі), якая даходзіць да 2/3 ад патрэбы мікрафлёры. Штодзённая патрэба чалавека ў абалоніне складае 14 грамаў на 1000 кілякалёрыяў ежы, што для мужчыны — у сярэднім каля 35 грамаў, а для жанчыны — 30 грамаў. Таму палову харчаваньня маюць займаць салаты і іншая расьлінная ежа, асабліва яблыкі. Патрэбная мікрафлёры абалоніна падзяляецца на фэрмэнтатыўную і ўстойлівы крухмал. Бабовыя, садавіна і ягады ўтрымліваюць фэрмэнтатыўную абалоніну для ператраўліваньня мікрафлёрай. Разам з тым, бабовыя, тэрмічна апрацаваная бульба і кашы зьмяшчаюць устойлівы крухмал, які таксама сілкуе мікрафлёру кішачніка і ўзмацняе яго чарвярухі (пэрыстальтыку). Нястача абалоніны вядзе да хранічнага запору, што выклікае ўсмоктваньне кішачнікам атрутных і ракатворных рэчываў зь ежы, якія ў выніку паступаюць у кроў. Таму хранічны запор служыць чыньнікам узьнікненьня рака кішачніка і іншых органаў. Абалоніна ж садзейнічае хутчэйшаму ачышчэньню кішачніка ад лайновых (калавых) масаў і зьмяншчае засяроджаньне шкодных рэчываў[6].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ А. Стасевіч, С. Варыёцкі. 11. кишечник — кішачнік // Кароткі расейска-беларускі фізыялягічны слоўнік. — Менск: Тэхналёгія, 1993.
  2. ^ Сяргей Прыхожы, А. Стасевіч, А. Юркін, Аляксандар Сітнік, Ірына Каваленка. 10. кишечник — кішачнік // Кароткі расейска-беларускі фармакалягічны слоўнік. — Менск: Тэхналёгія, 1995.
  3. ^ а б в Анатоль Леанцюк. Кішэчнік // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 8. — С. 316317. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3
  4. ^ Павал Трамповіч, Павал Кравайчык. кішка // Беларускія анатамічныя назвы = Nomina anatomica alboruthenica / рэд. Іван Цьвікевіч. — Менск: Інбелкульт, 1927. — Т. ІІ. — (Беларуская навуковая тэрміналёгія).
  5. ^ Віктар Варанец. 27. пасака — лимфа // Беларуска-расейскі слоўнік мэдыцынскіх тэрмінаў. — Горадня: Гарадзенскі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт, 2001.
  6. ^ а б Алена Кравец. Кактэйль з бактэрый // Зьвязда : газэта. — 15 верасьня 2021. — № 177 (29546). — С. 7. — ISSN 1990-763x.