Кітабы

кнігі на беларускай мове, выкананыя арабскім пісьмом

Кіта́бы (ад араб. kitab‎ — «кніга») — кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскім пісьмом. Кітабы ствараліся з XVI ст. татарамі, што пасяліліся ў Вялікім Княстве Літоўскім у XIV—XV ст. і паступова забылі сваю родную мову.

Старонка кітабу ХІХ ст.

А. К. Антановіч мяркуе, што кітабы пачалі стварацца не пазьней за ХVІ ст., але самыя старажытныя зь вядомых грамадзкасьці датуюцца сярэдзінаю ХVІІ ст.

Зьмест і форма рэдагаваць

Зьмест кітабаў — тэксты, якія тлумачаць Каран, апісаньні мусульманскіх рытуалаў і асноўных мусульманскіх абавязкаў, цытаты з Карану і выказваньні прарока Мухамада (хадысы), усходнія казкі, прыгодніцкія аповесьці. Часта сустракаюцца рэлігійныя легенды й апавяданьні, напр., пра сьмерць Мар’ямы — маці Ісуса Хрыста, усходняя легенда Мірадж — апавяданьне пра начную вандроўку прарока Мухамада ў Ерусалім і потым да Боскага трону, маральна-этычныя павучаньні для моладзі (пра шанаваньне бацькоў, гасьцей, бедных, сірот, суседзяў ды інш.), варажба па літарах Карану, разгадка сноў. Апроч кітабаў вылучаюць напісаныя арабскім пісьмом тафсіры, таджвіды, хамаілы. Кітабы напісаныя і чытаюцца справа налева, тэкст пачынаецца там, дзе ў славянскіх кнігах заканчваецца. У бібліятэках Вільні і Менску захоўваюцца кітабы аб’ёмам ад 70 да 1000 старонак. Радок у такіх манускрыптах суцэльны, няма падзелу на словы, адсутнічаюць знакі прыпынку і напісаньні зь вялікай літары. Новы твор (разьдзел) пачынаецца словам «баб» (разьдзел, пачатак новага зьместу) ці «хікает» (аповесьць, апавяданьне). Іншы раз гэтых словаў няма, тады на палях выпісваюцца першапачатковыя словы (першы сказ) разьдзела.

У кітабах адлюстраваныя побыт, звычаі, традыцыі татараў-перасяленцаў, таму іх тэксты — каштоўны матэрыял для лінгвістаў, этнографаў, літаратуразнаўцаў, гісторыкаў.

Мова кітабаў рэдагаваць

Кітабы — шматмоўныя рукапісы, але дамінуе ў іх тагачасная беларуская народна-дыялектная мова. Некаторае павелічэньне ў кітабах ХІХ ст. тэкстаў, якія адчулі ўплыў польскай крэсавай мовы, вырашальнага значэньня на агульную ацэнку не аказвае. Мова кітабаў адрозьніваецца ад мовы старажытных беларускіх пісьмовых помнікаў, яна блізкая да беларускай народнай мовы.

Спалучэньне (і нават перакрыжаваньне) ўсходніх (арабскіх, цюрскіх) і славянскіх (беларускіх) моўных традыцыяў у манускрыптах назіраецца дастаткова часта. Напрыклад, у Кітабе А. Хасяневіча (1832) у сказе з апавяданьня пра Мар’яму: «аднаго дня Іса прарок / йего мілосьць / ласка божэйе над нім / да маткі свайей мувіл» выкарыстоўваецца традыцыйная ўсходняя ўстаўка-парантэза, яна не характэрная славянскім тэкстам. У гэтым жа тэксьце ў сказе: «рэкла (Марйама): І / сыну мой Іса / астаньсе здароў / а йа ўжо адыйду» выкарыстоўваецца цюрскі выклічнік «і» побач зь беларускай клічнай формай «сыну». Усё гэта разам фармуе адметную стылістыку тэксту.

Філялягічная праца перакладчыка(ў) і капіістаў мела сьвядомы характар, што знаходзіла адлюстраваньне ў імкненьні пісаць аднастайна. З гэтай прычыны можна казаць пра існаваньне ў кітабах літаратурна-пісьмовых нормаў. Яны ў сваю чаргу фармаваліся пад уплывам некалькіх фактараў: ранейшых копіяў (і з гэтай прычыны адлюстроўвалі нормы беларускай мовы ранейшых эпохаў), кірылічных літаратурных (асабліва рэлігійных) крыніцаў і жывых народных гаворак. Гэта таксама надавала кітабам своеасаблівы калярыт.

Вывучэньне рэдагаваць

Навуковае вывучэньне кітабаў пачалося ў XIX ст. Трансьлітараваныя ўрыўкі з кітабу надрукаваў А. Мухлінскі ў працы «Дасьледаваньне пра паходжаньне і стан літоўскіх татараў» (СПб., 1857). У пач. XX ст. пра кітабы пісалі Яўхім Карскі, Ігнацы Крачкоўскі, Іван Луцкевіч, Ян Станкевіч ды іншыя. Найбольш грунтоўна іх дасьледаваў Антон Антановіч. У кнізе «Беларускія тэксты, пісаныя арабскім пісьмом, і іх графіка-артаграфічная сыстэма» (Вільня, 1968) ён разгледзеў 24 арыгінальныя тэксты, сярод іх 8 кітабаў.

У цяперашні час варта казаць пра дасьледаваньне ў цэлым арабскаальфабэтнай літаратуры, у тым ліку кітабаў, створаных беларускімі (літоўскімі) татарамі. Нават сфармаваўся асобны кірунак пад назвай «кітабістыка». Вывучэньню кітабаў (і, шырэй, арабскаальфабэтнай літаратуры) прысьвечаныя працы беларускіх, літоўскіх, польскіх, швайцарскіх, брытанскіх ды інш. дасьледчыкаў (В. Несьцяровіч, Ч. Лапіч, В. Чэкман, Г. Александровіч-Мішкінене, П. Сутэр, М. Тарэлка ды інш.).

Літаратура рэдагаваць

  • Луцкевіч І. Ай-Кітаб — Кіцёп // Скарыніч. Мн., 1993. Вып. 2;
  • Луцкевіч І. Ай Кітаб // Спадчына. 1992. № 3;
  • Карскі Я. Беларуская мова арабскім пісьмом // Вестн. Нар. коммссариата просвещения. 1922. № 1;
  • Шлюбскі А. Беларуская мова арабскай транскрыпцыяй // Наш край. 1926. № 6-7;
  • Вольскі В. Асноўныя прынцыпы арабскай транскрыпцыі беларускага тэксту ў «кітабах» // Узвышша. 1927. № 6;
  • Вольскі В. Аб асаблівасьцях жывой мовы беларускіх татар і арабскай транскрыпцыі «Аль-Кітабаў» // Наш край. 1928. № 8—9;
  • Кітаб з фондаў Казанскага універсытэту (№ 1446) // Запісы Бел. Ін-та навукі і мастацтва. 1994. Кн. 21.
  • Станкевіч, Ян. Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом / Я.Станкевіч. — Вільня, 1933.
  • Антонович, А. К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система / А. К. Антонович. — Вильнюс, 1968.
  • Канапацкі, І. Б. Гісторыя і культура беларускіх татар / І. Б. Канапацкі, А. І. Смолік. — Мінск, 2000.
  • Мишкинене, Г. [А]. Древнейшие рукописи литовских татар : Графика. Транслитерация. Перевод. Структура и содержание текстов. Уч.-метод. пос. / Г. [А]. Мишкинене. — Вильнюс, 2001.
  • Несцяровіч, В. І. Старажытныя рукапісы беларускіх татар : Графіка. Транслітарацыя. Агульная характарыстыка мовы. Фразеалогія / В. І. Несцяровіч. — Віцебск: УА «ВДУ імя П. М. Машэрава», 2003.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць