Кірыла Мазураў

савецкі палітык

Кіры́ла Трафі́мавіч Ма́зураў (25 сакавіка (7 красавіка па новым стылі) 1914 году, вёска Рудня-Прыбыткоўская, цяпер Гомельскі раён, Беларусь — 19 сьнежня 1989, Масква, цяпер Расея) — савецкі партыйны і дзяржаўны дзяяч.

Кірыла Мазураў
11-ы Першы сакратар камуністычнай партыі БССР
28 ліпеня 1956 — 1965
Папярэднік: Мікалай Патолічаў
Наступнік: Пётар Машэраў
Першы намесьнік старшыні Савету Міністраў СССР
1965 — 1978
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 23 сакавіка (5 красавіка) 1914[1]
в. Рудня-Прыбыткоўская, Гомельскі павет, Магілёўская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр: 19 сьнежня 1989(1989-12-19)[1] (75 гадоў)
Масква, СССР
Партыя: КПСС
Дзеці: Natallia Kapitonova[d], Elena Mazurova[d] і Viktor Mazurov[d]
Бацька: Трафім Іванавіч Мазураў
Маці: Агаф’я Акімаўна Мазурава
Адукацыя: Вышэйшая партыйная школа пры ВКП(б) (1947)
Узнагароды:
Герой Сацыялістычнай Працы
Герой Сацыялістычнай Працы
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Чырвонага Сьцягу
Ордэн Чырвонага Сьцягу
Ордэн Айчыннай вайны 1 ступені
Ордэн Айчыннай вайны 1 ступені
мэдалі

Герой Сацыялістычнай Працы (1974). Чалец кампартыі з 1940 году, чалец ЦК КПСС (1956—1981), чалец Палітбюро ЦК КПСС (1965—1978; кандыдат у 1957—1965).

Біяграфія рэдагаваць

Бацька Трафім Іванавіч і маці Агаф’я Акімаўна Мазуравы выхоўвалі, акрамя Кірылы, трох сыноў, зь якіх двое памерлі ў дзяцінстве, і дзвюх дачок. Дарослыя сваякі працавалі ў чыгуначнай майстэрні Гомля. роднай мовай Кірылы Мазурава была беларуская насуперак адсутнасьці беларускамоўнай асьветы на Гомельшчыне да 1926 году, калі адбылося 2-е ўзбуйненьне Беларускай ССР. З прычыны кепскага зроку старшыня мэдычнай камісіі адмовіў яму ў паступленьні ў вучэльню лётчыкаў-зьнішчальнікаў[2].

У 1933 скончыў Гомельскі аўтадарожны тэхнікум. Працаваў тэхнікам дарожнага аддзелу Парыцкага райвыканкаму, пасьля начальнікам дарожнага аддзелу Камарынскага райвыканкаму. Служыў у Чырвонай Арміі (1936—1938). З 1939 году на камсамольскай працы. З 1940 году сакратар Берасьцейскага абкаму камсамолу.

На пачатку чэрвеня 1941 году знаходзіўся ў Берасьці[2]. Зь першых дзён Вялікай Айчыннай вайны К. Т. Мазураў у дзейсным войску. Быў палітруком роты, камандзірам батальёну, інструктарам палітаддзелу 21-й арміі. Са сьнежня 1941 слухач курсаў «Стрэл», па сканчэньні якіх быў прызначаны камісарам факультэту гэтых курсаў. У верасьні 1942 прызначаны сакратаром ЦК ЛКСМБ БССР і накіраваны на акупаваную тэрыторыю Беларусі ўпаўнаважаным Цэнтральнага камітэту Кампартыі Беларусі і Цэнтральнага штабу партызанскага руху, падкантрольнага НКУС, па кіраўніцтве гэтым рухам і стварэньню камсамольскага падпольля ў шэрагу абласьцей рэспублікі. Да канца 1943 году дзейнічаў у розных партызанскіх злучэньнях Менскай, Палескай, Пінскай, Баранавіцкай і Берасьцейскай абласьцей.

У 1943—1947 К. Т. Мазураў — другі, пасьля першы сакратар ЦК ЛКСМ Беларусі. У пасьляваенныя гады, скончыўшы Вышэйшую партыйную школу пры ВКП(б) (1947), быў першым сакратаром Менскага гаркаму партыі (1948—1950), першым сакратаром Менскага абкаму партыі (1950—1953).

У апараце ЦК КП БССР і СССР рэдагаваць

Пасьля сьмерці Сталіна зьяўляўся старшынём Савету міністраў Беларускай ССР (1953—1956 гады).

Л. Берыя паспрабаваў зрабіць стаўку на нацыяналізм нерасейскіх рэспублік з мэтай заваяваньня большай улады. Чэрвеньскі 1953 году пленум ЦК КПБ атрымаў загад з цэнтру замяніць расейскага сакратара ЦК КПБ М. Патолічава на другога сакратара — беларуса М. Зімяніна. Апошні ў сваім дакладзе на пленуме крытыкаваў такія «фундамэнтальныя недахопы і памылкі» КПБ у сфэры нацыянальнай палітыкі, як неадпаведнасьць долі беларусаў сярод насельніцтва рэспублікі (81%) іх прадстаўніцтву ў апараце партыйных органаў (62,2%). М. Зімянін наракаў, што праца апарата ЦК КПБ і СМ БССР, мясцовых партыйных і савецкіх органаў вядзецца на расейскай мове, і прапанаваў прыняць рэзалюцыю аб пераводзе справаводзтва ўрада, рэспубліканскіх і мясцовых партыйных і савецкіх органаў на беларускую мову[3].

Кірыла Мазураў, які актыўна падтрымаў М. С. Хрушчова пасьля сьмерці Сталіна, а затым прыняў ягоны бок у час барацьбы з «антыпартыйнай групай». 28 ліпеня 1956 году быў абраны 1-м сакратаром Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). Быў суаўтарам стварэньня музэю «Хатынь». Арганізаваў спэцыяльную камісію дасьледаваньня Менскага падпольля ў Другую сусьветную вайну. 7 верасьня 1959 году пад яго старшынствам Бюро ЦК КПБ зацьвердзіла высновы камісіі аб прызнаньні дзейнасьці ў Менску ў 1941—1942 гадох падпольля на чале зь Менскім падпольным гарадзкім камітэтам КПБ[2]. Стаў фактычна першым беларусам на чале ЦК КПБ (калі не лічыць Васіля Шаранговіча, які прабыў першым сакратаром толькі некалькі месяцаў у 1937 годзе і быў расстраляны ў 1938).

Зь імем Кірылы Мазурава зьвязаныя шматлікія посьпехі беларускага народу ў разьвіцьці эканомікі, навукі і культуры ў 1953—1965 гадох, рэабілітацыя шматлікіх партыйных і дзяржаўных дзеячаў, менскіх падпольшчыкаў, партызанскіх камандзіраў. На думку былога дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Я. І. Бараноўскага, Кірыла Мазураў увайшоў у гісторыю Менску і Беларусі як праваабаронца незаслужана абгавораных падпольшчыкаў. Пры Мазураве рады КПБ павялічыліся з 145 тысячаў да 296 тысячаў чальцоў. На гады кіраваньня Мазурава (1956—1965) прыйшлося, напрыклад, будаўніцтва Наваполацкага нафтаперапрацоўчага заводу. Калясальная будоўля тады, у 1958, мела сьметны кошт 315 мільёнаў рублёў[4].

Намагаючыся аднавіць беларусізацыю, у студзені 1959 на сьвяткаваньні 40-годзьдзя БССР Кірыла Мазураў зрабіў даклад на беларускай мове. У перапынку Мікіта Хрушчоў, які сядзеў у прэзыдыюме, пачаў лаяць Мазурава: «Ни черта не понятно!» На прыступках БДУ Хрушчоў выказаўся яшчэ больш выразна: «Чем быстрее все мы будем разговаривать по-русски, тем быстрее построим коммунизм»[5].

Падтрымліваў пашырэньне паўнамоцтваў саюзных рэспублік у дзяржаўнай, гаспадарчай, грашовай і адміністрацыйна-тэрытарыяльнай галінах. Ухваляў ліквідацыю наступстваў культу асобы Сталіна і разьвіцьцё культурных стасункаў зь іншымі краінамі. Пярэчыў Хрушчову наконт вырошчваньня кукурузы, Радаў народнай гаспадаркі і падзелу КПСС на прамысловыя і сельскія камітэты. Адстойваў патрэбу ў асабістых прысядзібных дзялянках сялянаў. Аспрэчваў лёзунг «Дагнаць і перагнаць ЗША» за 2 пяцігодкі паводле гаспадарчых паказчыкаў[2].

Першы намесьнік старшыні Савету Міністраў СССР у 1965—1978 гадох.

У 1968 быў накіраваны ў Прагу для кіраваньня ваеннымі дзеяньнямі па лініі Палітбюро. Дзейнічаў пад псэўданімам «генэрал Трафімаў». Пры ягоным удзеле кіраўнікі Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны Ду́бчак, Смркоўскі, Шык ды іншыя былі арыштаваныя і вывезеныя ў Маскву[6].

В форме полковника (моё воинское звание), называясь генералом Трофимовым, я давал распоряжения нашим военным и гражданским… Главной задачей было уберечь наших солдат от стрельбы…[7]

Мазураў з Касыгіным і Машэравым сталі ініцыятарамі разьвіцьця перапрацоўкі алмазнае сыравіны ў Беларусі (у Гомелі ў першай палове 1970-х быў створаны завод такога профілю) і работ па даразьведцы беларускіх радовішчаў алмазаў. Яшчэ ў 1970 А. Касыгін выступіў у Савеце Міністраў СССР з падрабязным дакладам, прапануючы, па-першае, паступова скарачаць вываз з СССР неапрацаваных («сырых») алмазаў, а па-другое, разьвіваць перапрацоўку алмазаў у шэрагу рэспублік, у тым ліку Беларусь і Украіну. Выбар такога рэгіянальнага «прыярытэту», па словах Касыгіна, абумоўлены наяўнасьцю ў заходнім рэгіёне Саюзу россыпавае алмазасыравіны, якая можа там сама перапрацоўвацца сумесна зь якуцкай.

На даручэньне Касыгіна Мазураў вывучаў скандынаўскую сацыяльна-эканамічную мадэль, уключна з мэтадамі стымуляваньня вытворчасьці працы, павышэньня таварнай (а ня цэнавай) прадукцыйнасьці вытворчасьці пры зьніжэньні яго фонда- і капіталаёмістасьці. «Каманда» Мазурава ў 1968—1972 гадох прапанавала каля 10 адаптаваных да ўмоваў СССР варыянтаў, падобных да скандынаўскае практыкі заахвочваньня прадпрыемстваў і іхніх працаўнікоў за рост менавіта таварнага выхаду высокаякаснае прадукцыі болей шырокага асартымэнту пры адначасным скарачэньні фонда- і капіталаёмістасьці самой вытворчасьці на гэтых прадпрыемствах. Было прапанавана правесьці экспэрымэнты прыкладна на 60 прадпрыемствах СССР, у тым ліку на 25 беларускіх і 15 прыбалтыйскіх, якія прадугледжвалі б скарачэньне колькасьці плянавых для іх заданьняў амаль на траціну. Падобныя экспэрымэнты ў той пэрыяд небеспасьпяхова праводзіліся ў Югаславіі, Кітаі, Чэха­славаччыне, Вугоршчыне, НДР.

Але такія праекты, як і касыгін­скія эканамічныя рэформы ў цэлым, былі адрынутыя партдзяржнамэнклятурай. Па некаторых дадзеных, тагачасны старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР Мікалай Падгорны наракаў: «Не дзеля таго мы пасварыліся з Ціта і адхілілі Дубчака, каб паўтараць іхнія дзеяньні ў сябе». Акрамя таго, у СССР зьявіліся «хуткія» экспартна-сыравінавыя грошы праз рост сусьветных цэн на нафту. Так што неўзабаве са складу Палітбюро ЦК КПСС і Савету Міністраў СССР быў выведзены не адзін толькі Кірыла Мазураў[8].

Апошнія гады жыцьця рэдагаваць

7 красавіка 1974 году ў сувязі з 60-годзьдзем атрымаў званьне Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагароджаны 5 ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага Сьцяга, Айчыннай вайны 1-й ступені і мэдалямі.

З 1978 году — на пэнсіі. У 1984 годзе выдаў кнігу «Незабыўнае» пра вайсковых саслужыўцаў падчас Нямецка-савецкай вайны[2]. З 1986 году быў абраны старшынём Усесаюзнага савету вэтэранаў вайны і працы. Дэпутат Вярхоўнага Савету СССР 3-9 скліканьняў, у 1989 абраны народным дэпутатам СССР.

Пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.

Сям’я рэдагаваць

Ушанаваньне памяці рэдагаваць

У 2004 годзе, да 90-годзьдзя К. Т. Мазурава, у Маскве быў зьняты дакумэнтальны фільм «Кирилл Мазуров: портрет на фоне эпохи» («Кірыла Мазураў: партрэт на фоне эпохі»).

У менскім мікрараёне Сухарава адна з вуліцаў носіць імя Кірылы Мазурава. На фасадзе хаты №36 па вуліцы Карла Маркса, у якой жыў К. Т. Мазураў, усталяваная памятная дошка.

Таксама яго імём названа адна з галоўных вуліцаў Гомелю (Вуліца Мазурава).

Папярэднік
Мікалай Патолічаў
Першы сакратар ЦК КП(б)Б
1956—1965
Наступнік
Пётар Машэраў

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в г Kirill Masurow // Munzinger Personen (ням.)
  2. ^ а б в г д е Яўген Бараноўскі. Ён спрачаўся з Хрушчовым і не спрацаваўся з Брэжневым // Зьвязда : газэта. — 16 красавіка 2014. — № 70 (27680). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Снапкоўскі У. Знешнепалітычная дзейнасць Беларускай ССР як вонкавы фактар нацыянальнага нігілізму беларусаў. Кн.2. — Беларусіка - Albarutnenica. — С. 185.
  4. ^ 90 лет со дня рождения Кирилла Мазурова (рас.). Часопіс «Дырэктар». Праверана 29 сьнежня 2008 г.
  5. ^ Уладзімер Снапкоўскі (15 лістапада 2007) У. Снапкоўскі - Эліта і мова. Бібліятэка гістарычных артыкулаў «Жыве Беларусь». Праверана 28 сьнежня 2008 г.
  6. ^ Міхась Скобла (21 жніўня 2008) 1968 год: як адгукнулася апэрацыя «Дунай» у Беларусі «Вольная студыя». Радыё «Свабода». Праверана 28 сьнежня 2008 г.
  7. ^ Эммануил Иоффе (6 красавіка 2004) Руководитель своего времени (рас.). Белорусская деловая газета. Праверана 28 сьнежня 2008 г.
  8. ^ Аляксей Баліеў Он свернул с «генеральной линии» (рас.). «Литературная газета». Праверана 29 сьнежня 2008 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць