Крыштап Хадкевіч (? — 3 кастрычніка 1652) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Харунжы (1611—1623) і канюшы вялікі літоўскі (1623—1633), кашталян троцкі (1633—1636) і віленскі (1636—1642), ваявода віленскі (з 1642).

Крыштап Хадкевіч
Крыштап Хадкевіч, XVII ст.
Крыштап Хадкевіч, XVII ст.

Герб «Хадкевіч» («Грыф зь мечам»)
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся XVI стагодзьдзе
Памёр 3 кастрычніка 1652(1652-10-03)[1]
Род Хадкевічы
Бацькі Геранім Хадкевіч
Ганны з Тарлаў
Жонка Альжбета з Кішкаў
Соф’я з Друцкіх-Горскіх
Дзеці ад 1-га шлюбу: Аляксандар Крыштап, Ян Казімер, Геранім Караль
Дзейнасьць вайсковец
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Хадкевіч.

Быў старостам гарадзенскім, бабруйскім і крэўскім, дзяржаўцам беліцкім і вішнеўскім[2].

Біяграфія рэдагаваць

Паходжаньне і радавод рэдагаваць

Прадстаўнік магнацкага роду Хадкевічаў гербу ўласнага, сын Гераніма, кашталяна віленскага, і Ганны з Тарлаў.

Браў шлюб двойчы: у першы раз з Альжбетай Кішчанкай (дзеці — Аляксандар Крыштап, Ян Казімер, Геранім Караль), у другі — з Соф’яй з князёў Друцкіх-Горскіх Стравінскай (дзяцей не было).

Вайсковая кар’ера рэдагаваць

Удзельнічаў у войнах з Турэччынай, Швэцыяй, Масковіяй. У вайну са Швэцыяй браў удзел у аблозе Парнава, якая пачалася 28 лютага 1601 году, пад камандай ягонага кузэна Яна Караля Хадкевіча. У вайну Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай (1605—1618) камандаваў палком лісоўчыкаў (да 28 сакавіка 1617 году). У 1616 годзе ягоны полк авалодаў Курскам і іншымі местамі. Таксама браў удзел пераможнай Бітве пад Болхавам (1616).

 
П. Ляцкі «Сем герояў Хадкевічаў». Панэгірык з прысьвячэньнем К. Хадкевічу. Вільня, 1642

У 1648 годзе ў часе казацкіх хваляваньняў за ўласныя грошы ў 20 400 злотых выставіў пяхоту (грошы пасьля вярнуў сойм).

Палітычная дзейнасьць рэдагаваць

У 1632 годзе браў удзел у элекцыйным сойме. Падтрымаў абраньне Яна Казімера (1648).

Займаў некалькі высокіх дзяржаўных пасадаў. Пяціразовы маршалак Трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага: у 1635, 1639, 1643, 1647 і 1651 гадох.

Іншае рэдагаваць

Ад 1627 году ўдзельнічаў у спрэчцы за маёмасьць Супрасьлеўскага Дабравешчанскага манастыра, за што ў 1650 годзе атрымаў вымову ад караля.

3 жніўня 1636 году фундаваў у Наваградку кляштар дамініканаў на купленым за ўласныя грошы пляцы. Пазьней, па атрыманьні пасады кашталяна віленскага дадаў 10 тыс. злотых і забясьпечыў правізію ад той сумы.

У кляштары зьмяшчаўся партрэт фундатара, які напэўна, захаваўся да нашага часу. К. Хадкевіч адлюстроўваецца на ім пакаленна, павернуты ў тры чвэрці, у характэрным адзеньні XVII ст., з шабляй у ножнах. На полі выява ягонага гербу і зьвітку з надпісам на лаціне[3]:

  Высакародны Пан Крыштап Хадкевіч перш кашталян затым ваявода віленскі староста мазырскі і крэўскі заснаваў Наваградзкі канвэнт ордэна прапаведнікаў Рускай правінцыі Сьвятога Гіацынта року 1637…  

Крыніцы рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць