Крыптавалюта

Лічбавая валюты

Крыптавалю́талічбавая валюта з выкарыстаньнем шыфраваньня ў транзакцыях, пераказах і стварэньні дадатковых плацёжных адзінак. Крыптавалюты маюць характар альтэрнатыўнай ды віртуальнай валюты і ня маюць банкнотаў ці манэтаў.

Першай дэцэнтралізаванай крыптавалютай стаў біткойн у 2009 року[1]. З таго часу зьявілася больш за тысячу іншых падобных валютаў.

Апісаньне рэдагаваць

У цэнтралізаванай банкаўскай і эканамічнай сыстэмах памер грашовай масы кантралюецца ўрадам альбо фінансавай установай. Дэцэнтралізаваная крыптавалюта атрымліваецца ў калектыўнай сыстэме крыптавалютаў у памеры, вызначаным пры стварэньні гэтай сыстэмы і публічна вядомым. Тэхнічная сыстэма, на якой заснаваныя дэцэнтралізаваныя крыптавалюты, створаная невядомым чалавекам (ці групай асобаў), вядомым як Сатосі Накамота[2].

Бясьпека, цэласнасьці і балянс грасбуху(en) ў крыптавалютных сыстэмах падтрымліваюцца ўзаемна недаверлівымі супольнасьцямі асобаў, вядомых як «здабытчыкі» — карыстальнікі, якія прадастаўляюць уласныя кампутары на спраўджваньне і адзнаку транзакцыяў. Здабытчыкі фінансава зацікаўленыя ў падтрымцы бясьпекі крыптавалютнага грасбуху.

Большасьць крыптавалютаў арыентаваная на паступовае зьмяншэньне грашовай вытворчасьці, то бок існуе пэўная канчатковая колькасьць крыптавалюты, падобна як са здабычай каштоўных мэталаў[3].

Мінуўшчына рэдагаваць

У 1998 Вэй Дай апублікаваў апісаньне «б-грошай» — ананімнай разьмеркаванай электроннай грашовай сыстэмы[4]. Неўзабаве Нік Саба стварыў «бітзолата»[5]. Падобна да будучых крыптавалютаў, бітзолата было электроннай валютнай сыстэмай, якая патрабавала ад карыстальнікаў запуску функцыі доказу выкананай работы з шыфраваньнем і публікацыяй атрыманых вынікаў.

У 2009 року распрацоўнік пад псэўданімам Сатосі Накамота стварыў першую дэцэнтралізаваную крыптавалюту — біткойн — якая выкарыстоўвала ў якасьці пацьверджаньня выкананай работы крыптаграфічную хэш-функцыю SHA-256[6]. У красавіку 2011 у спробе стварэньня дэцэнтралізаванае сыстэмы дамэнных імёнаў зьявілася валюта Namecoin, што ўскладніла б інтэрнэт-цэнзуру. У верасьні 2012 году ў ЗША выпусьцілі крыптавалюту рыпл, якая з 2018 году стала складаць канкурэнцыю для «Таварыства сусьветнай міжбанкаўскай фінансавай сувязі» (ТСМФС; анг. SWIFT, Бэльгія)[7].

Беларусь рэдагаваць

«Талер»
Распрацоўка Дзяніс Лаўнікевіч, Сяргей Лаўрычэнка
Апошняя вэрсія [+/−]
АС Лінукс, Windows
Тып крыптавалюта
Афіцыйная старонка talercoin.by

У ліпені 2017 г. журналіст беларускамоўнай газэты «Новы час» Дзяніс Лаўнікевіч зьвярнуўся да ІТ-мэнэджара Сяргея Лаўрычэнкі для стварэньня крыптавалюты. За працу ўзяўся шэраг праграмістаў і вэб-дызайнэраў. 13 верасьня 2017 г. прайшла першая транзакцыя між электроннымі гаманцамі стваральнікаў крыпта-талера. Наступную пару тыдняў праходзіла выпрабаваньне апраграмаваньня і выпраўленьне памылак. 6 кастрычніка 2017 г. запусьцілі вэб-сайт пра крыпта-талер. Агульную колькасьць талераў, якую можна выпусьціць, абмежавалі 23,333 млн пры дапамозе матэматычнай формулы. Да пачатку 2018 г. цана талера вырасла зь некалькіх цэнтаў да даляра. Вартасьць усіх выпушчаных талераў склала $1 млн[8]. «Талер» стварылі ў якасьці разьмеркаванай крыптавалюты на тэхналёгіі блёкчэйн і альгарытме SHA-256[9]. Да канца лістапада 2017 г. пралічылі 9,5 тыс. блёкаў «Талера»[10]. Да канца 2017 г. здабылі 3 млн талераў[11].

«Талер»
 
Краіна Беларусь
Скарачэньне TLR
Абменны курс:
(9 студзеня 2018)
1400 сатошы
  Галерэя выяваў у Вікісховішчы

21 сьнежня 2017 г. А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», паводле якога вызваліў гандаль крыптавалютамі ад падаткаабкладаньня да 1 студзеня 2023 году (на 5 гадоў)[12].

Люты 2018, каманда талера перадала прэмайн 700 000 TLR праекту віртуальнай краіны Вейшнорыя[13].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Bitcoin 101 white paper. Thomson Reuters. Праверана 11 ліпеня 2016 г. Архіўная копія ад 13 Aug 2016 г.
  2. ^ Economist Staff Blockchains: The great chain of being sure about things // The Economist.
  3. ^ How Cryptocurrencies Could Upend Banks' Monetary Role, American Banker, 26 May 2013
  4. ^ Wei Dai. (1998) B-Money
  5. ^ Bitcoin: The Cryptoanarchists’ Answer to Cash. IEEE Spectrum.
  6. ^ Bitcoin developer chats about regulation, open source, and the elusive Satoshi Nakamoto, PCWorld, 26-05-2013
  7. ^ Аляксандар Папко. «Крыптавалюты выжывуць, але ня ўсе» // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 23 студзеня 2018 г. Праверана 7 чэрвеня 2018 г.
  8. ^ Уладзіслаў Лукашэвіч. Капейка талер беражэ // Зьвязда : газэта. — 4 студзеня 2018. — № 2 (28618). — С. 1, 4. — ISSN 1990-763x.
  9. ^ Павал Сьвярдлоў. Стваральнікі крыптавалюты «Талер»: Мы ня будзем хавацца // Эўрарадыё, 6 кастрычніка 2017 г. Архіўная копія ад 6 кастрычніка 2017 г. Праверана 9 студзеня 2018 г.
  10. ^ Курс талера будзе залежаць ад яго выкарыстаньня ў жыцьці // «Хартыя’97», 22 лістапада 2017 г. Праверана 9 студзеня 2018 г.
  11. ^ БелаПАН. Беларускі крыпта-талер зьявіцца на біржах у 2018 // Радыё «Рацыя», 29 сьнежня 2017 г. Архіўная копія ад 29 сьнежня 2017 г. Праверана 9 студзеня 2018 г.
  12. ^ Беларусь афіцыйна дазволіла крыптавалюты // Радыё «Спадарожнік», 22 сьнежня 2017 г. Праверана 9 студзеня 2018 г.
  13. ^ https://web.archive.org/web/20180612144753/https://talercoin.by/prinyato-reshenie-peredat-ostavshuyusya-chast-premajna-proektu-vejshnoriya/

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць