Козы Карпэш — Баян Сулу

Ко́зы Карпэш — Баян Сулу (па-казаску: Қозы Көрпеш — Баян Сұлу жырланып) — казаская леґенда, лірыка-эпічная паэма XIII — XIV староччаў, запісаная ў сярэдзіне XIX старочча. Паэма была вядомая ў вусных варыянтах у выкананьні акінаў Сыбанбая, Бэкбая, Жанака, Шожэ. З каля дваццаці вядомых варыяцыяў найвядомейшая паэма Жанака. У пісьмовым варыянце найбольш пашыраныя вэрсіі, запісаныя зьбіральнікамі фальклёру Саблуковым (1831), Дэрбісаліным (1834), Фролавым (1841), Валіханавым (1856)[1][2]. Ва Ўсходне-Казахстанскай вобласьці ў Аяґоскім раёне ля станцыі Тансык ё старажытны маўзалей «Қозы Көрпеш — Баян Сұлу мазары»[1].

Мазар Козы Карпэш — Баян Сулу

Сюжэт рэдагаваць

Старажытная леґенда пра траґічнае каханьне Козы Карпэш ды Баян Сулу кажа: сябры зь дзяцінства Сарыбай ды Карабай пакляліся ажаніць сваіх дзяцей, якіх яшчэ да зьяўленьня на сьвет заручылі. Не дачакаўшыся нараджэньня сына, памірае падчас паляваньня Сарыбай. Падрастаючы Козы і Баян, яшчэ не бачылі адзін аднаго, але зьвязаныя вузамі шлюбнае дамовы, нарэшце, пакахалі адзін аднаго. Праходзіць час і Карабай зьмяняе жыцьцёвыя пляны. Ён абяцае аддаць сваю дачку за мясцовага палуана Кадара, які аднойчы выратаваў яго атары ад джуту. Кадар становіцца перашкодаю між закаханымі. У гэтым вечным трыкутніку першым склаў буяную галаву Козы. Зажураная Баян, каб адпомсьціць забойцу, зьвяртаецца да хітрасьці. Яна абяцае выйсьці замуж за Кадара, калі той вырые для яе калодзеж з крынічнаю вадою. Кодар бярэцца за працу, усё паглыбляючыся, трымаючыся за доўгія косы Баян. Дзяўчына нечакана адразае косы: Кадар пакінуты ў калодзежы памірае. Так Козы адпомшчаны. На яго магіле гераіня леґенды заколвае сябе кінжалам.

Галоўныя героі рэдагаваць

  • Козы — галоўны герой; не зважаючы на ўсе цяжкасьці, зь якімі сутыкаецца, ён праяўляе сапраўдную любоў і вернасьць сваёй каханай;
  • Баян — галоўная гераіня, каханая Козы; верная й адданая свайму каханьню, змагаецца за свае пачуцьці;
  • Кадар — нэґатыўны герой, жаніх Козы; пэрсанаж, што разьбівае шчасьце закаханых Козы й Баяны;
  • Сарыбай — бацька Козы; адважны і разумны чалавек;
  • Карабай — бацька Баяны; нэґатыўны герой, крывадушны, падступны і карысьлівы чалавек;
  • Айбас — пазытыўны герой, стары Айбас мае дужа прыемны характар;
  • Аймэн Тансык — дачка Карабая.

Дасьледваньні й пераклады рэдагаваць

Паэма «Козы Карпэш — Баян Сулу» зацікавіла Пушкіна падчас яго візыту ў Арэнбург, куды ён выправіўся для збору інфармацыі пра сялянскае паўстаньне Пугачова для «Гісторыі пугачоўскага чыну» і аповесьці «Капітанская дачка». Потым у ягоным архіве выявілі паэму, яе тэкст быў апублікаваны ў 1837 годзе ў «Весьніку Пушкінскае камісіі». Гэта запіс на пяці аркушах, зроблены рукою невядомага чалавека. Пушкінскі запіс некалькі разыходзіцца з агульнараспаўсюджаным варыянтам. Краязнаўца з Уральску Мікола Часнокаў сьцьвярджаў, што паэму запісаў яіцкі казак, які валодаў казаскаю. Аднак хутчэй за ўсё паэту казаскую паэму запісалі людзі з Бакееўскае стаўкі хана Малодшага жузу, якія добра валодалі расейскаю моваю. Ё здагадка, што на ґрунце «Козы Карпэш — Баян Сулу» Пушкін меў намер напісаць уласную паэму, але яму перашкодзіла раньняя сьмерць.

У 1865 годзе пераказ паэмы быў выдадзены расейскаю моваю, яна ўвайшла ў акадэмічную зборку Васіля Радлава, выдадзеную ў 1870 годзе — «Ўзоры народнае літаратуры цюрскіх плямёнаў, што мешкаюць ў Паўдзённай Сыбіры і Джунґарскім стэпе» (па-расейску: «Образцы народной литературы тюркских племен, живущих в Южной Сибири и Дзунгарской степи»)[1].

Вялікі ўклад у вывучэньне гэтага эпасу зрабіў Мухтар Аўэзаў. Ён упершыню выдаў варыянт Жанака спачатку ў 1925 годзе ў Маскве, а ў 1936 — поўны тэкст эпасу ў Алматах. У наступныя рокі Аўэзаў напісаў шэраг работаў пра «Козы Карпэш — Баян Сулу». Найбольш аб’ёмныя зь іх: «Козы Карпэш — Баян Сулу» ў зборніку «Думкі розных рокаў» (Алматы, 1961, с. 395); і артыкул «Думкі розных гадоў» у першым томе «Козак әдебіетінін таріх» (Алматы, 1960, с. 511). Настольным для кожнага, хто вывучае эпас пра Козы ды Баян, ё кніга Алькея Маргулана «Кози Корпеш — Баян сулу кешені» (Алматы, 1994), якая ўяўляе сабою вынік шматрочнага маруднага й сумленнага дасьледваньня аўтарам творчае гісторыі ды мастацкае своеасаблівасьці культурнага помніка казаскага эпасу[3].

Паэма атрымала высокую адзнаку С. Кастанье, М. Абрамава ды іншых навукоўцаў. Гістарычнае значэньне паэмы вывучалі Малік Габдулін, Ыскак Дюйсэнбаеў, Аўэлбек Каныратбаеў. На іхнюю думку, канкрэтныя назвы мясцовасьці, рэчак (Аяґоз, Урджар, Лепсы ды іншых) сьведчаць пра рэальныя гістарычныя ўмовы фармаваньня эпасу[1].

Аналяґі паэмы ў іншых народаў рэдагаваць

У фальклёры некаторых суседніх з казахамі цюрскіх народаў існуюць свае варыянты гэтае паэмы: напрыклад, у барабінскіх татараў яна называецца «Козы Карпэш», у алтайцаў — «Козы Эркэш», у башкіраў — «Кузыйкурпяс і Маянхылу»[1].

Тэатральныя й кінапастановы рэдагаваць

На ґрунце паэмы была напісаная п’еса «Козы Карпэш — Баян Сулу» Габіта Мусрэпава. Чатырыактавая траґедыя была скончаная ў красавіку 1939. Прэм’ера адбылася 29 красавіка 1940 року ў Казаскі дзяржаўны акадэмічны тэатар драмы імя Мухтара Аўэзава. Траґедыя Габіта Мусрэпава неаднаразова перакладалася на іншыя мовы. У 1950 годзе Маскоўскі мастацкі тэатар паставіў яе пад назваю «Леґенда пра любоў», а ў 1954 годзе выйшаў мастацкі фільм паводле сцэнара Мусрэпава «Паэма пра каханьне»[2].

У 1992 годзе вядомы казаскі рэжысэр і актор Асаналі Ашымаў зьняў кінафільм «Козы Карпэш — Баян Сулу».

У 2014 годзе студыя Azia Animation выпусьціла поўнамэтражную 11-ці сэрыйную мультыплікацыю ў фармаце 3D па матывах казаскага народнага эпасу «Козы Карпэш — Баян Сулу» (аўтары Артур ды Ігар Кразс).

Напрыканцы 2017 року на першым нацыянальным даляканале Казахстану Qazaqstan пачаўся паказ 6-ці сэрыйнага тэлесэрыялу «Баян сулу» прадусара Баян Алаґозавае, зьнятага прадусарскім цэнтрам Esentai па замове Міністэрства інфармацыі ды камунікацыяў Казахстану[4][5]. Фільм выклікаў неадназначную рэакцыю гледачоў[6].

Дзень закаханых у Казахстане рэдагаваць

У 2011 годзе ў Казахстане ў якасьці альтэрнатывы дню сьвятога Валянціна прапанавалі сваю дату — 15 красавіка, прысьвечаную Козы Карпэшу ды Баян Сулу[7].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в г д Т. 4: Язык. Литература. Фольклор. Искусство. Архитектура.. — ISBN 5-89800-023-2  (рас.)
  2. ^ а б . — ISBN 9965-26-095-8  (каз.)
  3. ^ Эпос «Козы Корпеш и Баян Сулу». История Казахстана. Имена, события, факты.. Праверана 2018-04-01 г.  (рас.)
  4. ^ Баян Есентаева экранизирует казахскую поэму «Қозы Көрпеш и Баян Сұлу» Праверана 2018-04-01 г.  (рас.)
  5. ^ Вышел официальный саундтрек к сериалу Баян Максаткызы Праверана 2018-04-01 г.  (рас.)
  6. ^ Отец Алагузовой отреагировал на критику сериала «Козы Корпеш — Баян сулу» Праверана 2018-04-01 г.  (рас.)
  7. ^ Жанна Накипова (2015-04-15) [лhttps://www.zakon.kz/4703960-v-kazakhstane-prazdnujut-den-velikojj.html В Казахстане празднуют день великой любви Козы-Корпеш и Баян-Сулу]. Zakon.kz. Праверана 2019-02-17 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць