Кацюбееў[1][2][3] (старабел.: Качибеев), а таксама Качыбей[4] — галоўны чарнаморскі порт Вялікага Княства Літоўскага[1], папярэднік сучаснага ўкраінскага места Адэсы.[2][5][6]

ВКЛ за часамі кіраваньня Вітаўта Вялікага

Эўрапейская і сучасная ўкраінская гістарыяграфіі разглядаюць Кацюбееў як складовую частку гісторыі Адэсы, што пачынаецца не з часоў Кацярыны II (паводле расейскай імпэрскай гістарыяграфіі), а з даты першай згадкі пра места ў 1415 року.[3]

Этымалёгія назвы рэдагаваць

Паводле адной з навуковых гіпотэзаў сваю назву Кацюбееў атрымаў ад імя руска-літоўскага магната Кацюбы-Якушынскага, які па далучэньні гэтых зямель да ВКЛ перасяліў сюды сваіх сялянаў.[2] Дадзеную вэрсію высунуў польскі дасьледнік Марыян Дубянецкі на падставе пазьнейшых (сяр. XVІ ст.) зьвестак пра нашчадка гэтага меркаванага шляхціча — Барыса Кацюбу (Качубу[7]), які валодаў сялом Якушын каля Віньніцы.[8]

Іншае гледзішча на паходжаньне назвы Кацюбееў зыходзіць з факту наяўнасьці ў XV ст. на Падольлі сяла Кaczebіjow, якое належала шляхецкаму роду Язлавецкіх. Паколькі і чарнаморскі Кацюбееў першапачаткова таксама належаў Язлавецкім, цалкам магчыма, што падольскія перасяленцы маглі назваць новае места ў гонар роднага сяла. Гэтая вэрсія на сёньняшні дзень зьяўляецца найбольш імавернай.[8]

Гісторыя рэдагаваць

У другой палове XIV ст. тэрыторыя, на якой знаходзіцца сучасная Адэса, увайшла ў склад ВКЛ. Першая згадка пра існае тут партовае места прыпадае на часы кіраваньня вялікага князя Вітаўта і датуецца 1415 рокам, калі ягоны хаўрусьнік, кароль польскі Ягайла, адправіў з Кацюбеева (па-польску: Kaczubeiow)[1] хлеб на некалькіх суднах у Канстантынопаль, які на той час трымаў турэцкую аблогу.[6]

Найбольш абгрунтаваным на сёньняшні дзень застаецца дапушчэньне, што места было заснаванае напрыканцы XIV ст. вялікім князем Вітаўтам.[1]

 
Вялікі князь Вітаўт, фрагмэнт карціны Яна Матэйкі

Пасьля сьмерці Вітаўта, кароль польскі Ягайла быў змушаны перадаць уладу над Кацюбеевам вялікаму князю літоўскаму Сьвідрыгайлу. У адпаведным дакумэнце (1431) места згадваецца пад назвай Kaczubinyow, а ў рэестры местаў, складзеным паводле загаду Сьвідрыгайла — значыцца як Kaczucklenow.

У сувязі з аслабленьнем ВКЛ, выкліканым жорскім унутрыдзяржаўным супрацьстаяньнем, Кацюбееў у 1442 року быў перададзены ва ўласнасьць падольскаму магнату Фёдару Бучацкаму, апроч гэтага места Бучацкі таксама атрымаў днястроўскія замкі Белгарад і Каравул. На гэты час прыпадае росквіт гандлю ў Кацюбееве.[9] Апроч продажу зерня, ён быў таксама вядомы як месца здабычы солі ў ліманах.[8] Пра значнасьць тагачаснага Кацюбеева сьведчыць той факт, што кантроль над ім стаўся прычынай судовага канфлікту паміж Бучацкім з аднаго боку і ўрадоўцамі дзяржаўнай мытнай службы зь іншага. Таксама варта зазначыць, што места добра ведалі замежныя падарожнікі, у прыватнасьці яно было пазначанае на італійскай мапе Фра Маўра 1459 року.

Напрыканцы XV ст. места перайшло пад кантроль Крымскага ханства, васала Асманскай імпэрыі. Аднак у выніку ўнутраных канфліктаў у ханстве і, магчыма, праз набегі запароскіх казакаў Кацюбееў у другой палове XVІ ст. прыйшоў у заняпад. Падобнае становішча места засьведчыў пасол караля польскага Марцін Бранеўскі ў 1578 року.

У XVІІ ст. Качыбей зноў фігуруе ў марской картаграфіі. Гэтак на мапе Янсона (сяр. XVІІ ст.) ён значыцца пад назвай Koszubi, на мапе Боплана(uk) (1648) і Сансона (1660) — як Koczubi, Ван Келена (1699) — як Kaczubi, Ёгана Гомана (кан. XVІІ — пач. XVІІІ стагодзьдзяў) — як Koisubi. Таксама ён быў пазначаны на мапах Дэ Фэра (1714), Фішэра (1730), Дэ Ліля (1732) і Дэ Ваганді (1757).

У 1765 року турэцкія ўлады аднавілі старадаўні вялікалітоўскі замак, дабудаваўшы да яго высокую вежу зь ліхтаром ды некалькі складоў.[8] Фартэцыя атрымала новую назву Эні-Дунья (Новы Сьвет), у ёй разьмясьцілася невялікая турэцкая залога. У пазьнейшы час у Качыбеі існаваў цывільны і вайсковы порт ды кавярня, у якой мясцовае насельніцтва абмяркоўвала апошнія навіны.

Падчас расейска-турэцкіх войнаў фартэцыю два разы займалі расейскія войскі (1774 і 1789). Ад 1791 року яна разам з прылеглым татарска-ўкраінскім паселішчам канчаткова перайшла пад уладу Расейскай імпэрыі.

У 1794 року Кацярыны II выдала ўказ пра рэканструкцыю і разбудову («заснаваньне») існага места Хаджыбэя. Гэтая, відавочна[6] другасная турэцкая назва, паводле некаторых зьвестак зьявілася толькі ў XVIII ст.. У 1795 року места перайменавалі ў Адэсу — на той час памылкова лічылася, што на гэтым месцы існавала старажытнае грэцкае паселішча Адэсос[4], рэшткі якога ў пазьнейшы час знайшлі каля Варны (Баўгарыя).

Сучасныя ацэнкі рэдагаваць

Кацюбееў часоў Вялікага Княства Літоўскага зьяўляўся сапраўдным местам ды портам. Ён складалася з моцнай мураванай фартэцыі (турэцкі падарожнік Эўлія Чалябі, які ў 1657 року праязджаў праз тэрыторыю Качыбея, зазначаў у сваіх нататках, што фартэцыя патрабуе толькі нязначнага рамонту), прадмесьця ды маяка. У месьце на тэрыторыі сучаснага Перасыпу існавала дзяржаўная мытня, напэўна, у ім мусілі быць і пэўныя партовыя збудаваньні.[8]

Па падставе гістарычных дакумэнтаў, якія нядаўна ўвайшлі ў навуковы ўжытак, можна зрабіць выснову, што старадаўняе вялікалітоўскае ўмацаваньне знаходзілася на тэрыторыі сучаснага Прыморскага бульвару, дакладней на месцы палаца графа Міхаіла Сямёнавіча Варанцова.[8]

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в г Болдирєв О. В. Одесі — 600: Іст. нарис. — О.: Юг, 1994. — 72 с.
  2. ^ а б в Наталя Шушляннікова. Історіографічний нарис дослідження етнокультурних процесів на Херсонщині кінця XVIII — ХХ ст. // Науковий часопис НПУ імені М. П. Драгоманова. Серія № 6. Історичні науки: Зб. наукових праць. — Випуск 6. — К.: Вид-во НПУ імені М. П. Драгоманова, 2008. С. 124
  3. ^ а б Ю. А. Мицик. Рецензія на: Сапожников И. В., Сапожникова Г. В. Запорожские и черноморские казаки в Хаджибее и Одессе. — Одесса, 1998. — 271 с; Сапожников І. В. Матеріали з історичної географії дельти Дунаю. — Іллічевськ, 1998. — 71 с. // Часопис запорізького наукового товаріства ім. Я. Новицького «Південна Україна» — Випуск №4, 1999 рік. — С. 272—274 [1]
  4. ^ а б Одесса // Историческая энциклопедия. В 16 т. — М.: Издательство «Советская энциклопедия», 1973—1982.
  5. ^ Додаток В: Оригінальні тексти та їх давні і сучасні переклади (до розділу 2) // Вирський Д. Річпосполитська історіографія України (ХVI — середина ХVII ст.) — К.: Інститут історії України НАН України, 2008. — У 2-х ч. — Ч.2 (Додатки). С. 74
  6. ^ а б в Качибей — Одеса: Історія, написана сталіттями // «Одеські Вісті» №162 (3231) — 03.09.2005
  7. ^ Добровольський О. А. Литовська топоніміка на Миколаївщині (XV ст.) [2](недаступная спасылка) // Наукові праці. Науково-методичний журнал. Випуск: 1, Том: 4. ISSN 1609-7742
  8. ^ а б в г д е Болдирєв О. В. Одесі — 600: Іст. нарис. — О.: Юг, 1994. — 72 с.
  9. ^ Одесса // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.

Літаратура рэдагаваць

  • НПУ імені М. П. Драгоманова. Серія № 6. Історичні науки: Зб. наукових праць. — Випуск 6. — К.: Вид-во НПУ імені М. П. Драгоманова, 2008. — 425 с. [3](недаступная спасылка)
  • Вирський Д. Річпосполитська історіографія України (ХVI — середина ХVII ст.) — К.: Інститут історії України НАН України, 2008. — У 2-х ч. — Ч.2 (Додатки). — 466 с. [4]