Катастрофа Boeing 737 пад Тэгеранам

авіяцыйнае здарэньне

Катастрофа Boeing 737 пад Тэгеранам — буйная авіяцыйная катастрофа, якая адбылася раніцай 8 студзеня 2020 году. Самалёт Boeing 737-8KV авіякампаніі Міжнародныя авіялініі Ўкраіны (МАУ) выконваў міжнародны рэйс PS-752 па маршруце Тэгеран — Кіеў, але праз 6 хвілін пасьля ўзьлёту страціў вышыню і ўрэзаўся ў зямлю каля гораду Паранд, за 20 км на паўночны ўсход ад аэрапорту Тэгерану. Пры гэтым загінулі ўсе, хто быў на яго борце 176 чалавек — 167 пасажыраў і 9 членаў экіпажа.

Рэйс 752 Міжнародных авіяліній Украіны

На месцы катастрофы.
Зьвесткі пра катастрофу
Дата 8 студзеня 2020
Прычына зьбіты ракетай ПВА
Месца катастрофы Сьцяг Ірану паміж Парандам і Шахрыярам, у 20 км ад Тэгерану (Іран)
35°33′43″ пн. ш. 51°06′12″ у. д. / 35.56194° пн. ш. 51.10333° у. д. / 35.56194; 51.10333Каардынаты: 35°33′43″ пн. ш. 51°06′12″ у. д. / 35.56194° пн. ш. 51.10333° у. д. / 35.56194; 51.10333
Пункт вылету Сьцяг Ірану Міжнародны аэрапорт імя імама Хамейні (Іран)
Пункт прызначэньня Сьцяг Украіны Барыспаль, Кіеў (Украіна)
Паветранае судна
Мадэль самалёта PS-752
Авіякампанія Сьцяг Украіны Міжнародныя авіялініі Ўкраіны
Бартавы нумар UR-PSR
Пасажыры 167
Экіпаж 9
Загінулі 176
Выжылі 0

Катастрофа рэйсу 752 стала найбуйнейшай (па колькасьці загінулых) за ўсю гісторыю ўкраінскай авіяцыі (уключаючы савецкі пэрыяд), перасягнуўшы катастрофу Ан-10 пад Харкавам (122 загінулых). Таксама гэта першая катастрофа ў гісторыі кампаніі МАУ за 28 гадоў існаваньня[1]. На момант падзей займае 48-ы радок сярод найбуйнейшых авіяцыйных катастроф у сьвеце.

Празь некалькі дзён стала вядома, што прычынай крушэньня самалёту стала трапленьне ракеты, якую памылкова выпусьціла сыстэма СПА Ірану. На гэта паўплываў фактар напружанасьці ваенных з-за амэрыкана-іранскага канфлікту на Блізкім Усходзе[2].

Самалёт рэдагаваць

Boeing 737-8KV (WL) (мадэль 737—800, KV — код авіякампаніі МАУ) з завадзкім нумарам 38124 і сэрыйным 5977 быў пабудаваны ў 2016 годзе і 21 чэрвеня зьдзейсьніў свой першы палёт. Лайнэр атрымаў рэгістрацыйны нумар UR-PSR і быў перададзены заказчыку — Міжнародным авіялініям Украіны. 20 ліпеня 2016 году борт UR-PSR прыбыў у аэрапорт Барыспаль — асноўны хаб авіякампаніі[3].

Самалёт быў абсталяваны двума турбавэнтылятарнымі рухавікамі CFM International CFM56-7B24E. Эксплюатаваўся ў кампаноўцы салёну на 186 месцаў эканом-клясу (CY186)[3]. Апошняе тэхнічнае абслугоўваньне праходзіў 6 студзеня 2020 году[4]. Пры «ўзросьце» 3 гады і 6 месяцаў дадзены самалёт быў адным з самых маладых прадстаўнікоў сямейства 737 Next Generation у флёце авіякампаніі[5].

Экіпаж і пасажыры рэдагаваць

Падчас апошняга палёту на борце знаходзіліся 176 чалавек, зь якіх 167 — пасажыры[6].

Экіпаж складаўся з 9 чалавек[7]:

  • Камандзір паветранага судна — Уладзімер Гапоненка.
  • Другі пілёт — Сяргей Хаменка.
  • Пілёт-інструктар — Аляксей Навумкін.
  • Бортправаднікі:
    • Кацярына Статнік[8],
    • Ігар Мацькоў,
    • Марыя Мікіцюк[9],
    • Дзяніс Ліхно,
    • Валерыя Аўчарук,
    • Юлія Салагуб.
Грамадзянства Пасажыры Экіпаж Усяго
  Аўганістан 4 0 4
  Вялікабрытанія 3 0 3
  Нямеччына 3 0 3
  Іран 83 (82) 0 83 (82)
  Канада 63 0 63
  Украіна 2 9 11
  Швэцыя 10 0 10
Усяго 167 9 176[10][11]

Таксама паведамляліся іншыя лічбы: 179 загінулых, у ліку якіх 147 — іранцы, 32 — грамадзяне іншых краінаў[12].

Паводле зьвестак СНБА Украіны, два чалавекі з 169, зарэгістраваных на рэйс, не селі ў самалёт[13].

Перадгісторыя рэдагаваць

Катастрофа адбылася на фоне палітычнага крызысу паміж ЗША і Іранам у Пэрсыдзкай затоцы. Сытуацыя ў рэгіёне была напружанай пасьля нанясеньня авіяўдараў ЗША ў Іраку і гібелі ў выніку авіяўдару 3 студзеня 2020 году ў Багдадзе іранскага генэрала Касэма Сулеймані, камандуючага спэцпадразьдзяленьнем «Аль-Кудс». 8 студзеня іранскі Корпус Вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР) пачаў апэрацыю адплаты, накіраваную супраць амэрыканскіх ваенных на тэрыторыі Іраку, а войскі СПА былі прыведзеныя ў 100%-ную баегатоўнасьць. Як сказаў камандуючы вайскова-касьмічнымі сіламі Ірану Амір Алі Хаджызадэ, вайскоўцы прасілі спыніць авіязносіны на час ракетнага ўдару па вайсковых базах ЗША ў Іраку, але гэта патрабаваньне не выканалі[14][15]. Катастрофа Boeing 737 пад Тэгеранам адбылася празь некалькі гадзін пасьля атакі КВІР на амэрыканскія вайсковыя аб’екты ў Іраку.

Катастрофа рэдагаваць

Борт UR-PSR выконваў міжнародны рэйс PS-752 з Тэгерана ў Кіеў. У 02:38 UTC (06:08 па мясцовым часе), пасьля гадзінны затрымкі, рэйс 752 узьляцеў з паласы 29R аэрапорту імя імама Хамэйні, і спачатку палёт праходзіў у нармальным рэжыме. Аднак у 02:44 UTC (06:14 па мясцовым часе), калі лайнэр з хуткасьцю 509 км/г падняўся да вышыні 2416 м, сувязь зь ім нечакана абарвалася[16]. Самалёт перайшоў у некіраваны спуск, пры гэтым, паводле апублікаванага іранскімі студэнтамі відэазапісу, на яго борце быў пажар[17]. Машына ўрэзалася ў зямлю ля паўночнай мяжы Паранда, у 20 км на паўночны захад ад аэрапорту, і цалкам разбурылася, а ўсе, хто быў у ёй загінулі[18]. На кадрах, зьнятых відавочцамі, відаць, што самалёт адразу пасьля ўзьлёту загарэўся і ўпаў, пасьля чаго адбыўся выбух[19].

Рэакцыя рэдагаваць

Адразу пасьля інцыдэнту іранскія карыстальнікі Твітэру выклалі непацьверджаную інфармацыю аб тым, што катастрофа адбылася ў выніку памылковага запуску ракет СПА іранскімі ваеннымі. Арабская газэта Al-Hadath таксама паведаміла, што самалёт быў зьбіты іранскімі СПА[20]. Аднак вядучыя іранскія агенцтвы навін паведамілі, што самалёт меў тэхнічную няспраўнасьць[21]. Прэзыдэнт Украіны Уладзімер Зяленскі заклікаў не спэкуляваць на прычынах інцыдэнту.

Уладзімер Зяленскі выказаў спачуваньні родным і блізкім загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу[22]. У сувязі з катастрофай ён перапыніў візыт у Аман і выляцеў у Кіеў. Па яго ўказаньні СНБА сфармаваў апэратыўны штаб[23]. Зяленскі дадаў таксама, што некалькі ўкраінскіх самалётаў падрыхтаваны да вылету ў Тэгеран для наступнай транспарціроўкі целаў загінулых.

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуваньні прэзыдэнту Ўкраіны Уладзімеру Зяленскаму, прэзыдэнту Ірану Хасану Раўхані і генэрал-губэрнатару Канады Жулі Пеет[24]. Спачуваньні іранскаму і ўкраінскаму прэзыдэнтам выказалі таксама іншыя сусьветныя палітыкі[25][26][27][28].

Джастын Трудо, прэм’ер-міністар Канады, — краіны, грамадзянамі якой была значная частка загінулых, — разам зь іншымі чальцамі ўраду Канады выказаў шкадаваньне ў сувязі з трагедыяй і паабяцаў сумесную працу зь міжнароднымі партнёрамі з мэтай «адказаць на пытаньні канадцаў»[28].

9 студзеня стала днём жалобы ў Іране і ва Ўкраіне[29][30].

Расьследаваньне рэдагаваць

Адразу пасьля трагэдыі на месца крушэньня была накіравана іранская сьледчая група. Па словах кіраўніка камісіі па расьсьледаваньнях катастроф Іранскай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі, паведамленьняў пра надзвычайную сытуацыю на борце ад экіпажа не паступала[31].

Украінскі ўрад паведаміў, што накіруе ўласных экспэртаў для дапамогі сьледчай групе ў расьсьледаваньні трагедыі. Уладзімер Зяленскі даў указаньне генпракурору Ўкраіны пачаць расьсьледаваньне прычын катастрофы.

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства дарог і гарадскога разьвіцьця Ірана сьцьвярджае, што пасьля ўзгараньня рухавіка самалёт ахапіла полымя, што прывяло да страты кантролю над лайнэрам і крушэньня[32]. Амаль адразу была выключана вэрсія пра тэракт на борце[33].

Неўзабаве пасьля крушэньня былі выяўлены бартавыя самапісцы, але Іран адмовіўся перадаць Украіне «чорныя скрыні»[34]. Начальнік дэпартамэнту рэагаваньня на надзвычайныя здарэньні Арганізацыі грамадзянскай авіяцыі Ірану Хасан Рэзаіфар заявіў[35]:

«Чорныя скрыні будуць расшыфроўвацца ў аўтарытэтнай дзяржаўнай лабараторыі Ірану. Такім чынам, іранскія законы ўсталёўваюць правілы, дзе і як іх трэба расшыфроўваць».

Паводле стандартаў Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі, акрамя прадстаўнікоў краіны, у якой адбыўся інцыдэнт, у расьсьледаваньні павінны прыняць удзел амэрыканская Нацыянальная Радат па бясьпецы на транспарце (як прадстаўнік дзяржавы-вытворцы самалёту), францускае Бюро па расьсьледаваньні і аналізе бясьпекі грамадзянскай авіяцыі (як прадстаўнік дзяржавы-вытворцы рухавікоў) і ўкраінскае Міністэрства інфраструктуры (як прадстаўнік дзяржавы рэгістрацыі борту)[36]. Кіраўнік іранскага аддзяленьня ІКАО Алі Абедзадэ паведаміў, што прадстаўнікі Ўкраіны будуць дапушчаныя да расьсьледаваньня[37].

9 студзеня Арганізацыя грамадзянскай авіяцыі Ірану апублікавала першыя вынікі расьсьледаваньня. Паводле папярэдніх зьвестак, паветранае судна загарэлася ў паветры. Выявіўшы тэхнічную праблему, пілёты разьвярнулі самалёт, каб вярнуцца ў аэрапорт. Пры сутыкненьні самалёту зь зямлёй адбыўся выбух. Адзначаецца, што ад экіпажу не паступала паведамленьняў аб незвычайных абставінах палёту[38].

10 студзеня кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Іван Баканаў заявіў, што ведамства разглядае дзьве прыярытэтныя вэрсыі, якія прывялі да авіякатастрофы: першая — трапляньне ракеты, другая — тэракт[39][40].

11 студзеня Іран прызнаў, што ўкраінскі самолет быў зьбіты СПА краіны па памылцы. Пра гэта заявіў Генштаб Узброеных сіл Ірану. У заяве вайскоўцаў было сказана, што катастрофа стала вынікам чалавечай памылкі[41]. Поўную адказнасьць за катастрофу ўкраінскага самалёта прыняў на сябе Корпус Вартавых Ісламскай рэвалюцыі. Паводле словаў камандуючага ваенна-касьмічнымі сіламі Ірану Аміра-Алі Хаджызадэ, сыстэма СПА прыняла ўкраінскі самалёт за крылатую ракету, а сувязь у гэты момант была няспраўная. Апэратар супрацьпаветранай абароны Ірану самастойна вырашыў выпусьціць крылатую ракету па самалёце, ня здолеўшы зьвязацца з камандаваньнем[14][15][42]. Прэзыдэнт Ірану Хасан Раўхані ў размове з прэзыдэнтам Украіны Уладзімерам Зяленскім выказаў спачуваньні ўкраінскаму народу і сем’ям загінулых. Ён папрасіў прабачэньня ад іранскага боку за трагедыю. Хасан Раўхані заявіў, што трагедыя адбылася з-за няправільных паводзінаў іранскіх вайскоўцаў і паабяцаў прыцягнуць усіх вінаватых да адказнасьці[43][44].

Наступствы катастрофы рэдагаваць

МАУ абвясьціла аб прыпыненьні палётаў у Тэгеран на нявызначаны тэрмін[45]. Паралельна з гэтым, у сувязі з высокай напружанасьцю, у рэгіёне аб аналягічных рашэньнях заявілі і іншыя авіякампаніі, у тым ліку Singapore Airlines, China Airlines і Malaysia Airlines[46]. Не выкарыстоўваць паветраную прастору краінаў Блізкага Ўсходу празь некалькі гадзін пасьля катастрофы рэкамэндавала Расавіяцыя. Падобнае рашэньне прыняла авіякампанія Air Astana[47].

10 студзеня намесьнік кіраўніка Арганізацыі грамадзянскай авіяцыі Ірану Мартэза Дэхган паведаміў, што шэраг міжнародных авіякампаній, якія раней прыпынілі рэйсы ў Іран, а таксама рэйсы, маршрут якіх пралягае праз гэту краіну, зь меркаваньняў бясьпекі аднавілі палёты над Іранам[48].

Пасьля таго як афіцыйныя ўлады краіны прызналі, што па памылцы зьбілі пасажырскі лайнэр «Украінскіх авіяліній», больш за дзьве тысячы маладых актывістаў выйшлі на стыхійны мітынг у Тэгеране ўвечары 11 студзеня[49]. Галоўным лёзунгам пратэстуючых стала патрабаваньне адстаўкі Вярхоўнага Лідэра Ірану[50]. 12 студзеня падобныя мітынгі супраць палітыкі КВІР прайшлі ў Ісфахане, Рэшце і Хамадане[51][52].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Украинский самолёт со 176 людьми разбился после вылета из Тегерана. Всё, что известно на эту минуту (обновляется). TK Media (2020-01-08).
  2. ^ Іран прызнаў, што выпадкова збіў украінскі самалёт
  3. ^ а б UR-PSR Ukraine International Airlines Boeing 737-8KV(WL) Праверана 2020-01-08 г.
  4. ^ Виктория Ивашечкина (2020-01-08) Разбившийся в Тегеране украинский лайнер прошел техпроверку 6 января. Комсомольская правда. Праверана 2020-01-08 г.
  5. ^ Ukraine International Airlines Fleet Details and History Праверана 2020-01-08 г.
  6. ^ Авіякатастрофа пад Тэгеранам — галоўнае пра крушэнне ўкраінскага самалёта. Абноўлена, Белсат
  7. ^ Украинский самолёт МАУ разбился в Иране: что известно. РБК Украина (2020-01-08).
  8. ^ Что известно о погибших в авиакатастрофе в Тегеране украинцах: «Таких людей нужно еще поискать». Politeka (2020-01-08).
  9. ^ Мария Микитюк — биография стюардесы разбившегося Boeing 737 МАУ. Факти (2020-01-08).
  10. ^ АВИАКАТАСТРОФА МАУ В ИРАНЕ: ВСЁ, ЧТО НАДО ЗНАТЬ ОБ АВАРИИ. ТСН (2020-01-08).
  11. ^ В Киеве уточнили данные о гражданстве жертв авиакатастрофы в Иране. РИА Новости (2020-01-08).
  12. ^ На борту разбившегося под Тегераном самолёта находились 147 иранца и 32 иностранца. Газета.ру (2020-01-08).
  13. ^ Катастрофа украинского «Боинга» в Иране: что известно о погибших, BBC, 8.01.2020
  14. ^ а б irna.ir
  15. ^ а б svaboda.org
  16. ^ Flightradar24 Live Flight Tracker - Real-Time Flight Tracker Map. Flightradar24. Праверана 2020-01-08 г.
  17. ^ Artemis Moshtaghian and Joshua Berlinger (2020-01-08) 176 killed after Ukraine International Airlines plane crashes in Tehran shortly after takeoff. CNN. Праверана 2020-01-08 г.
  18. ^ Crash Boeing-737-8KV near Parand: 176 killed Праверана 2020-01-08 г.
  19. ^ Момент катастрофы украинского «Боинга» в Иране попал на видео
  20. ^ إيران — أنباء عن سقوط الطائرة الأوكرانية نتيجة إصابتها بصاروخ إيراني عن طريق الخطأ
  21. ^ Ukrainian Airlines plane crashes in Tehran shortly after takeoff
  22. ^ Уладзімір Зяленскі ў Facebook Праверана 2020-01-08 г.
  23. ^ Ukrainian Airlines plane crashes in Tehran shortly after takeoff
  24. ^ Спачуванні Прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, Прэзідэнту Ірана Хасану Раўхані і Генерал-губернатару Канады Жулі Пеет
  25. ^ Соболезнования Президенту Украины Владимиру Зеленскому
  26. ^ Соболезнования Президенту Ирана Хасану Рухани
  27. ^ Ан Ліндэ ў Twitter
  28. ^ а б What people are saying about the Ukrainian plane crash that killed 176. Vancouver Courier.
  29. ^ Володимир Зеленський оголосив 9 січня днем жалоби в Україні у зв’язку з катастрофою літака МАУ в Ірані. Офіційне інтернет-представництво Президента України. Праверана 2020-01-09 г.
  30. ^ В Иране объявили день траура по жертвам авиакатастрофы и давке в Кермане. РБК. Праверана 2020-01-09 г.
  31. ^ جزئیات تماس خلبان بوئینگ 737‌ اوکراینی با برج مهرآباد تا پیش از سقوط‌ Праверана 8 January 2020 г.
  32. ^ 176 people killed in Boeing 737 crash in Iran, state TV reports (анг.)
  33. ^ Ukrainian passenger plane with more than 170 on board crashes in Iran, no survivors // Washington Post8 January 2020 г. Праверана 8 January 2020 г.
  34. ^ СМИ узнали об отказе Ирана передать Boeing «чёрные ящики» разбившегося лайнера
  35. ^ سرنوشت جعبه سیاه چه می‌شود؟/ فراخوان خانواده‌ قربانیان به پزشکی قانونی. ایسنا (2020-01-08). Праверана 2020-01-08 г.
  36. ^ Ukrainian plane crashes in Iran killing 176 2020-01-08 г. Праверана 2020-01-09 г.
  37. ^ Iran plane crash: Tehran won’t give Boeing or US black boxes, BBC, 9.01.2020
  38. ^ blr.belta.by
  39. ^ ssu.gov.ua СБУ
  40. ^ СБУ назвала дзве прыярытэтныя версіі катастрофы ўкраінскага самалёта, Наша Ніва
  41. ^ Иран признал, что украинский самолет был сбит
  42. ^ belsat.eu
  43. ^ bbc.com BBC
  44. ^ Наша Ніва
  45. ^ МАУ ў Facebook Праверана 2020-01-08 г.
  46. ^ Airlines avoid Iranian airspace, cancel flights as Middle East tensions spike. CNBC (2020-01-08). Праверана 2020-01-08 г.
  47. ^ Росавиация рекомендовала авиакомпаниям не летать над Ираном и Ираком. ТАСС (2020-01-08). Праверана 2020-01-08 г.
  48. ^ blr.belta.by
  49. ^ Iranian protesters take to streets after Tehran admits Ukrainian plane was unintentionally shot down.
  50. ^ Protests in Tehran after Iran admits shooting down plane.
  51. ^ تجمع‌های اعتراضی در چند شهر ایران؛ شلیک تیر هوایی و گاز اشک‌آور در تهران
  52. ^ ایران شلیک به هواپیمای اوکراینی را پذیرفت؛ برپایی تجمعات اعتراضی - BBC Persian

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць