Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынак (Менск)

Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынак
Былы касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі
Былы касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі
Краіна Беларусь
Места Менск
Каардынаты 53°54′18.27″ пн. ш. 27°33′21.74″ у. д. / 53.905075° пн. ш. 27.5560389° у. д. / 53.905075; 27.5560389Каардынаты: 53°54′18.27″ пн. ш. 27°33′21.74″ у. д. / 53.905075° пн. ш. 27.5560389° у. д. / 53.905075; 27.5560389
Архітэктурны стыль барокавая архітэктура[d]
Дата заснаваньня XVII ст.
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынак на мапе Беларусі
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынак
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынак
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынак
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынак на Вікісховішчы

Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар бэрнардынак — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Менску. Знаходзіцца на паўночна-ўсходнім баку Высокага Рынку, на гістарычнай Вялікай Бэрнардынскай вуліцы[a]. У другой палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры віленскага і сармацкага барока(be). Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Утварае адзіны ансамбль з касьцёлам Сьвятога Язэпа і кляштарам бэрнардынаў. Комплекс складаўся з касьцёла, кляштарнага корпуса, флігеля і гаспадарчых пабудоваў. У наш час у будынку касьцёла дзейнічае Катэдральны сабор Сашэсьця Сьвятога Духу Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату, у кляштарным корпусе і флігелі — сэмінарыя.

Гісторыя рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае рэдагаваць

Першыя бэрнардынкі зьявіліся ў Менску ў 1630 годзе, сярод сясьцёр была Людвіна Завішанка, дачка кашталяна віцебскага Мікалая Завішы[1]. Спачатку ў іх не было свайго касьцёла і кляштара. Першую фундацыю на кляштар 20 верасьня 1633 году склаў ваявода троцкі Аляксандар Слушка, дзякуючы намаганьням якога таго ж году збудавалі драўляныя касьцёл і жылы корпус[2]. Адначасна ён падараваў кляштару маёнтак Гатаў з чатырма вёскамі, столькімі ж карчмамі і двума млынамі. Гэты маёнтак налічваў больш за 109 валок ворнай зямлі[1].

 
Аляксандар Слушка

У 1642 годзе з ініцыятывы таго ж А. Слушкі пачалося будаваньне мураванага касьцёла і будынкаў кляштару[1]. Дабудаваць іх перашкодзілі ваенныя падзеі сярэдзіны XVII ст., і толькі 31 жніўня 1687 году біскуп Мікалай Слупскі асьвяціў новы касьцёл у гонар Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[2]. У галоўным алтары зьмясьцілі цудоўны абраз Маці Божай, пра які ў 1672 годзе напісалі адмысловую кнігу.

15 красавіка 1697 году маскоўскі стольнік Пётар Талстой(ru) занатаваў у сваім дзёньніку наступныя радкі, прысьвечаныя менскаму кляштару:

Той самай даты быў і ў кляштары ў паннаў Бэрнардынак… Дзявіцы Бэрнардынкі ходзяць ў чорным, на голым целе замест кашуль носяць уласяніцы тоўстыя і падперазаныя вяроўкамі з вузламі, ступаюць заўсёды босымі нагамі ўзімку й улетку і на калодках, у касьцёл уваходзяць таемнай лесьвіцай уладкаванай у сьцяне, і стаяць у хорах гледзячы ў касьцёл малымі сьвідравінамі скрозь рашоткі, каб іх людзі ня бачылі. Тыя Бэрнардынкі пры мне гралі на арганах на хорах і сьпявалі надзвычай дзівосна. Вячэрні і ранішнія служаць самі без папа, толькі да іх прыходзіць ксёндз каб служыць імшу.

— Путешествие стольника П. А. Толстого[3]

Па пажары 1741 году кляштарны комплекс аднавілі і рэканструявалі[1][4]. Гэтыя працы скончыліся ў 1746 годзе[2], а ў 1760-я гады ў касьцёле зрабілі новы манумэнтальны мураваны алтар[1].

Пад уладай Расейскай імпэрыі рэдагаваць

 
Абмеры кляштару, 1869 г.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Менск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. У першай палове XIX ст. інтэр’ер касьцёла ўпрыгожылі 7 стукавымі алтарамі. Комплекс пацярпеў ад вялікага пажару ў 1835 годзе, але хутка яго аднавілі[5]. Каля 1842 году ў кляштары знаходзілася 20 законьніц, навіцыятка, кандыдатка і дзьве тэрцыяркі. У ім выхоўваліся таксама каля 20 дзяўчат, большасьць зь якіх страціла бацькоў[1].

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1853 годзе ўлады Расейскай імпэрыі гвалтоўна ліквідавалі кляштар[5]. Законьніц вывезьлі ў Нясьвіж[6]. Перад адыходам ім удалося перадаць некаторыя касьцельныя рэчы ў суседнія парафіі. Арган трапіў у кальвінскі збор у Койданаве, а лёс цудоўнага абраза застаўся невядомым[7]. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1866 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы), якую асьвяцілі ў імя Сьвятых Кірыла і Мятода. Гэтая царква прызначалася студэнтам Менскай духоўнай сэмінарыі, якія часова, па пераезьдзе з Слуцку, разьмяшчаліся ў кельлях былога кляштару. Потым сэмінарыя перавялі ў перабудаваныя будынкі шпіталя Таварыства Дабрачыннасьці на Траецкай гары[6].

 
Былы касьцёл да перафарбаваньня ў белы колер і нанясеньня мазаікі на франтон, 1981 г.

Пэўны час па здушэньні паўстаньня ў кляштары працавала дзяржаўная сьледчая камісія, некалькі гадоў знаходзіліся зьняволенныя паўстанцы, у тым ліку Каміла Марцінкевіч (дачка Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча)[8].

У 1870 годзе ў будынкі былога кляштару перавялі Слуцкі Сьвята-Траецкі мужчынскі манастыр. Галоўны алтар сьвятыні пераасьвяцілі ў гонар Сашэсьця Сьвятога Духа, а правы прыдзел ў імя сьвятых Кірыла і Мятода [6].

Найноўшы час рэдагаваць

У 1918 годзе манастыр ліквідавалі. Пазьней царкву зачынілі. У 1926 годзе ўлады Беларускай ССР узялі помнік пад ахову дзяржавы[5].

За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1943 годзе ў будынку касьцёла зноў пачала дзейнічаць царква, якую па вайне савецкія ўлады ня сталі зачыняць (у той жа час у Менску зачынілі ўсе касьцёлы).

У 1990-я гады будынкі кляштарнага комплексу перафарбавалі ў белы колер (што не зьяўляецца ўласьцівым стылю барока), а на франтон былога касьцёла зьмясьцілі мазаіку ў нэабізантыйскім стылі, якая не адпавядае стылістыцы віленскага барока і нявечыць мастацкае аблічча помніка. У 2008 годзе 2-павярховы флігель часткова зруйнавалі[9] і рэканструявалі да непазнавальнасьці пад адзін з карпусоў сэмінарыі Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату.

Архітэктура рэдагаваць

 
Плян кляштару, зроблены ў 1869 г., пры адабраньні комплексу ў валоданьне Маскоўскай царквы

Касьцёл рэдагаваць

Касьцёл — 3-нэфавая 6-слуповая базыліка з 2-вежавым галоўным фасадам і 3-граннай апсыдай, да якой сымэтрычна далучаліся прастакутныя ў пляне закрысьціі (паводле інвэнтароў XVII—XVIII стагодзьдзяў над касьцёлам быў гонтавы дах[1][2]). Цэнтральны нэф накрываўся 2-схільным дахам, бакавыя — 1-схільнымі[5]. Галоўны паўночна-заходні фасад, завяршаецца высокім фігурным франтонам і падзяляецца карнізнымі цягамі а 3 ярусы. Вылучаецца 3-часткавы падзел і ў вэртыкальнай роўніцы, дзьве бакавыя часткі — асновы дзьвюх 3-ярусных вежаў (вышынёй 34 мэтры), завершаныя складанымі барокавымі купаламі, дэкараваныя пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, роўнымі паўцыркульнымі нішамі ў ніжніх і лучковымі праёмамі ў верхніх ярусах. Паміж вежамі разьмяшчаецца шчыт складанага абрысу, упрыгожаны падвойнымі пілястрамі, карнізнымі паясамі. Бакавыя фасады падзяляюцца пілястрамі, карнізнымі паясамі, праразацца вялікімі лучковымі і аркавымі ваконнымі праёмамі. Цэнтральны нэф перакрываецца цыліндрычным скляпеньнем з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі[2][5][8].

Інтэр’ер касьцёла ўпрыгожвалі 7 стукавых алтароў. Галоўны алтар, у якім знаходзіўся абраз Маці Божай зь Дзіцяткам, меў выгляд 6 калёнаў, якія несьлі барокавы антаблемэнт з 2 анёламі і 2 вазонамі. Астатнія алтары былі 2-яруснымі. Бакавыя алтары Хрыста Ўкрыжаванага і Сьвятога Францішка Серафіцкага ўзвышаліся з бакоў праёму прэзьбітэрыюму. Пры апорах стаялі алтары Сьвятога Антонія і Сьвятой Клары. Бакавыя нэфы завяршаліся капліцамі з каменнымі алтарамі Найсьвяцейшай Тройцы і Міхала Арханёла[2].

Кляштар рэдагаваць

Кляштарны корпус — 2-павярховы П-падобны ў пляне будынак, які далучаецца да касьцёла з паўночна-заходняга фасаду і ўтварае замкнёны ўнутраны двор. Далучаная да апсыды «лінія» выходзіла на Вялікую Бэрнардынскую вуліцу двума рызалітамі, якія ўтваралі невялікі курданёр, дзе быў кветнік[2]. Сьцены будынка рытмічна падзяляюцца пілястрамі і прастакутнымі ваконнымі праёмамі. Жылы корпус меў калідорны плян: уздоўж аднабаковага калідора, перакрытага крыжовымі скляпеньнямі і арыентаванага на ўнутраны дворык, разьмяшчаліся кельлі, трапэзныя, а таксама склады і розныя гаспадарчыя памяшканьні[8]. З паўночнага ўсходу ад жылога корпуса знаходзіцца 2-павярховы лямус, з паўднёвага ўсходу — 3-павярховы флігель, накрыты вальмавым дахам [5].

У двары кляштару пад зямлю вялі два ўваходы, якія зачыняліся масіўнымі жалезнымі дзьвярыма. Адзін зь іх даволі прасторны, у рост чалавека, быў выкладзены цэглай і вёў у бок ракі Сьвіслач. Іншы ход ішоў пад зямлёй да касьцёла Сьвятога Яна і кляштара баніфратаў[10].

На тэрыторыі комплексу знаходзіўся сад, драўляныя флігель і гаспадарчыя пабудовы[1][2].

Цудоўны абраз Маці Божай рэдагаваць

 
Гравюра, выкананая Л. Тарасевічам з абраза, што захоўваўся ў касьцёле

У касьцёле захоўваўся цудоўны абраз Маці Божай зь Дзіцяткам, аздоблены срэбранай шатай і каронамі. Прыярыса кляштару Юдзіцкая паведамляла, што абраз з Рыма ад Папы Урбана VІІІ атрымаўа Соф’я зь Зяновічаў, жонка Аляксандра Слушкі, тады кашталяна троцкага за тое, што яна паслала Найсьвяцейшаму Пастару «містэрн, выраблены ў ахвяру «Apparat ze wszystkim» (магчыма, нейкае дарагое адзеньне)[7].

У доме Слушкаў абраз адразу праславіўся цудамі аздараўленьня і дапамогі ў розных хваробах, ласкі дазнала тройчы і сама гаспадыня, пані Мар’яна Абрамавічоўна (1640 год), а таксама іншыя. Да таго ж менскі канцыляры Сымон Плявіза ў сьне бачыў абраз, аточаны сьвятлом, і нібы Маці Божая сказала: «ведай сам і іншым скажы, што хто будзе зьвяртацца, будзе ўсьцешаны». Тады Слушкі аддалі абраз у кляштар, дзе ён дапамагаў многім у хваробах і няшчасных выпадках[7].

Калі за часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай Менск захапілі маскоўскія войскі, бэрнардынкі з абразом выехалі на Жамойць, дзе А. Юдзіцкі меў староства ў Ясвойнях. За 12 гадоў, якія паненкі правялі па-за сваім кляштарам, ніхто іх не крануў, не пашкодзіла ім і эпідэмія 1657 году, што яшчэ больш упэўніла сясьцёр у цудоўнасьці абраза. Неўзабаве па вяртаньні ў Менск сёстры апісалі цуды ў кнізе, і Юдзіцкая запрасіла віленскага біскупа-суфрагана Мікалая Слупскага даслаць кананічную камісію. У 1672 годзе М. Слупкі і правінцыял бэрнардынаў Гіяцынт Буркевіч, вывучыўшы адпаведныя дакумэнты, вызналі абраз цудоўным[7]. Тады ж у езуіцкай друкарні ў Вільні выйшла кніга пра гісторыю і цуды абраза: Historia o cudownym obrazie Najśw. Marii Panny w klasztorze mińskim Panien Zakonnych Św. Franciszka, b.m. 1672[11]. У кнізе было прысьвячэньне кашталяну менскаму Аляксандру Юдзіцкаму, які ў нейкіх абставінах, усё пакінуўшы, ад швэдаў уратаваў абраз, вывез яго зь небяспекі як Энэй калісьці сваіх багоў (пісала ў прадмове сястра дабрадзея бэрнардынак Францішка, прыярыса кляштару)[7].

Неўзабаве па вызнаньні абраза цудоўным гравэр Лявон Тарасевіч наштыхаваў зь яго гравюру на медзі, якая дазваляе ўявіць іканаграфію сьвятыні. Марыя стаіць за сталом, на якім ляжыць разгорнутая кніга і раскіданы галінкі ружаў. Дзіцятка Езус стаіць на гэтым стале, прыхінуўшыся да Маці, якая прытрымлівае Яго праваю рукой, а левай (са скіпэтрам) паказвае Дзіцяці на літары, як бы навучаючы. На галовах высокія кароны, вакол — шырокія німбы з шасьціканцовымі зорачкамі ўздоўж краю. Сюжэт ня мае аналягаў у беларускім іканапісу, ён выглядае як трансфармацыя больш вядомага сюжэта «Сьвятая Ганна, якая навучае Марыю»[7].

Галерэя рэдагаваць

Гістарычная графіка рэдагаваць

Гістарычныя здымкі рэдагаваць

Сучасныя здымкі рэдагаваць

Дадатковыя зьвесткі рэдагаваць

Нягледзячы на ахоўны статус помніка архітэктуры, кіраўнік Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату Філарэт (Вахрамееў) неаднаразова выказваў жаданьне надбудаваць над цэнтральным нэфам барабан з купалам-цыбулінай для наданьня будынку «больш праваслаўнага выгляду»[12].

Заўвагі рэдагаваць

  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — плошча Свабоды, 23а, вуліца Кірыла і Мятода, 3, 5, 7

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в г д е ё ж Дзянісаў У. Касцёлы г. Мінска ў XVI – пачатку XX стст. (паводле дакументаў НГАБ). Нацыянальны гістарычны архіў БеларусіПраверана 4 ліпеня 2012 г.
  2. ^ а б в г д е ё ж Каталіцкія сьвятыні: Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. — Менск, «Про Хрысто», 2003.
  3. ^ Толстой П. А. Путешествие стольника П. А. Толстого / Предисл. Д. А. Толстого // Русский архив, 1888. — Кн. 1. — Вып. 2. — С. 161—204; Вып. 3. — С. 321—368; Вып. 4. — С. 505—552; Кн. 2. — Вып. 5. — С. 5-62; Вып. 6. — С. 113—156; Вып. 7. — С. 225—264; Вып. 8. — С. 369—400. [1]
  4. ^ Дзянісаў У. Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 331.
  5. ^ а б в г д е Дзянісаў У. Менскі кляштар бернардзінак // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 293.
  6. ^ а б в Церкви и приходы Минска. — Мн.: Свято-Петро-Павловский собор, Белорусское Православное Братство Трех Виленских Мучеников, 1996. С. 32.
  7. ^ а б в г д е Ярашэвіч А. Абразы Маці Божай XVII-XVII стст. у Мінскіх касцёлах // Наша вера. № 1 (4), 1998 г.
  8. ^ а б в Чарняўская Т. Кляштар бернардзінак // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Менск / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: С. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Менск: БелСЭ, 1988. С. 52—53.
  9. ^ Карней І. Верхні горад зьмяшалі з гразьзю, Радыё Свабода, 12 лютага 2008 г.
  10. ^ Памятники Минска / Авт.-сост. В. П. Шамов. — Мн.: Полымя, 1991. С. 68.
  11. ^ Opisy parafii diecezji wileńskiej z 1784 roku. T. 2. Dekanat Mińsk / Maroszek J., Maroszek M. oprac. — 2009. — Białystok.
  12. ^ Царква Святога Духа і былы кляштар бэрнардынак, Radzima.org

Літаратура рэдагаваць

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  • Каталіцкія сьвятыні: Менска-Магілёўская архідыяцэзія. — Менск, «Про Хрысто», 2003. ISBN 985-6628-38-5.
  • Пазняк З. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Менск: Нар. асвета, 1985. — 111 с.: іл.
  • Wyczawski H.E. Klasztory bernardyńskie w Polsce w jej granicach historycznych. — Kalwaria Zebrzydowska: OKM, 1985.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  712Г000080