Карпацкая Ўкраіна

самаабвешчаная дзяржава ў 1939 року

Карпа́цкая Ўкраі́на (па-ўкраінску: Карпатська Україна) — аўтаномны рэгіён з канца 1938 па 15 сакавіка 1939 году ў складзе Чэхаславаччыны, абвешчаны ў якасьці незалежнай дзяржавы 15 сакавіка гэтага ж году. Між 15 і 16 сакавіка 1939 году быў анэксаваны Вугоршчынай, застаючыся пад кантролем краіны да акупацыі Вугоршчыны Нацысцкай Нямеччынай.

Карпацкая Ўкраіна
укр. Карпатська Україна

1939
Сьцяг Карпацкай Украіны Герб Карпацкай Украіны
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн: «Ще не вмерла Україна»
Месцазнаходжаньне Карпацкай Украіны
Афіцыйная мова украінская
Сталіца Хуст
Форма кіраваньня
Прэзыдэнт
Прэм'ер-міністар
Рэспубліка
Аўґустын Валошын
Юліян Рэвай
Плошча
 • агульная

13 352 км²
Незалежнасьць
— абвешчаная
— страчаная

15 сакавіка 1939
16 сакавіка 1939

Гісторыя рэдагаваць

У складзе Чэхаславаччыны рэдагаваць

Пасьля распаду Аўстра-Вугоршчыны ўкраінцы Закарпацьця выступалі за аб’яднаньне зь іншымі ўкраінскімі тэрыторыямі. 21 студзеня 1919 году ў Хусьце сабралося больш за 400 дэпутатаў з усяго Закарпацьця і на адпаведных сходах дэпутатаў было аб’яўлена пра аб’яднаньне Закарпацьця з Украінай. Тым ня менш, гэтыя намеры не атрымалі посьпеху праз складаную тагачасную палітычную сытуацыю й цяжкі стан УНР у выніку агрэсіі Расеі.

На аснове Сэн-Жэрмэнскай і Трыянонскай дамоваў 1919—1920 гадоў Закарпацьце ўвайшло ў склад Чэхаславаччыны з правамі аўтаноміі, але рэальны аўтаномны статус урадам краіны ня быў забясьпечаны. У 1920—30 гадох мясцовыя ўкраінскія нацыянальныя рухі выступалі за наданьне аўтаноміі, утварэньне ўкраінскай дзяржаўнасьці й уваходжаньне ў яе склад гэтага рэгіёну, для чаго праводзіліся г.зв. Нарадавецкія зьезды.

Аўтаномія рэдагаваць

Неўзабаве пасьля падпісаньня Мюнхэнскага пагадненьня, што адбылося 30 верасьня 1938 году, Славаччына й Карпацкая Русь заявілі пра сваю аўтаномію ад Чэхаславаччыны, якую ўрад краіны мусіў быў прыняць. 8 кастрычніка 1938 году быў утвораны першы ўрад аўтаномнага рэгіёну на чале з Андрэем Бродзіем, зацьверджаным чэхаславацкім урадам 11 чысла. 26 кастрычніка Бродзій, які намагаўся праводзіць правугорскую палітыку, быў адхілены са сваёй пасады на карысьць Аўґустына Валошына.

У лістападзе гэтага ж году Карпацкая Русь, да гэтага афіцыйна вядомая як Падкарпацкая Русь, зьмяніла сваю афіцыйную назву на Карпацкая Ўкраіна. Адбыўся г.зв. Венскі арбітраж, згодна зь якім Нямеччына й Італія вымусілі Чэхаславаччыну перадаць поўдзень Славаччыны й паўднёвы захад Вугоршчыне — тагачаснай хаўрусьніцы краінаў Восі, а 22 лістапада парлямэнт Чэхаславаччыны ўхваліў канстытуцыйны закон пра аўтаномію Карпацкай Украіны, пасьля чаго краіна стала фэдэрацыяй чэхаў, славакаў і карпацкіх украінцаў.

Абвяшчэньне незалежнасьці рэдагаваць

Сэпаратысцкія тэндэнцыі сярод чэхаславацкіх славакаў і ўкраінцаў узрасьлі пасьля згоды ўраду Чэхаславаччыны на адмаўленьне ад Судэцкага краю, што адбылося ў адпаведнасьці зь Мюнхэнскім пагадненьнем 29 верасьня 1938 году.

Напрыканцы верасьня 1938 году Вугоршчына падтрымала Нацысцкую Нямеччыну, мабілізаваўшы каля 200 000—350 000 дрэнна абсталяваных салдатаў ля межаў Славаччыны й Закарпацьця, выказваючы гатоўнасьць да ўварваньня ў Чэхаславаччыну ў выпадку чэхаславацка-нямецкай вайны. Стан тагачаснай вугорскай арміі быў ніжэйшым у параўнаньні з станам арміі Чэхаславаччыны, але пры падтрымцы Нямеччыны Вугоршчына дэзынфармавала іншыя краіны, павялічваючы на словах якасьць падрыхтоўкі ўласных узброеных СМІ. Чэхаславацкае камандаваньне прыняло рашэньне пра ажыцьцяўленьне абарончых дзеяньняў: так, напрыклад, уздоўж мяжы за выняткам мясьцінаў, дзе існавалі натуральныя перашкоды, было адбудавана каля 2000 бэтонных агнявых кропак.

На фоне аўтанамісцкіх і сэпаратысцкіх тэндэнцыяў у рэгіёнах 11 кастрычніка 1938 году Падкарпацкай Русі было дазволена аднаўленьне самакіраваньня[1].

Вугорскі міністар унутраных справаў Міклаш Козма, народжаны ў Закарпацьці, у сярэдзіне 1938 году ўхваліў узбраеньне г.зв. Ірванай Гвардыі (Rongyos Garda), мэтаю якой стала пранікненьне на тэрыторыі Славаччыны й Закарпацьця і партызанская дзейнасьць у гэтых рэгіёнах. З пункту гледжаньня нямецкіх і італьянскіх хаўрусьнікаў падобныя меры сталі заўчаснымі, таму абедзьве краіны аказвалі ціск на Вугоршчыну й Чэхаславаччыну ў пытаньні зацьвярджэньня Венскага арбітражу. 2 лістапада 1938 году гэта знайшло адлюстраваньне ў абавязку чэхаславацкаму ўраду перадаць Вугоршчыне 11 833 км² уласнай тэрыторыі за рахунак поўдня Славаччыны й паўднёвага захаду Закарпацьця. У выніку гэтага ў складзе Вугоршчыны апынулася прыкладна 590 000 вугорцаў, але пры гэтым у склад дзяржавы трапіла блізу 290 000 славакаў і 37 000 украінцаў; Славаччына мусіла перадаць другі горад краіны — Кошыцы, і пакінуць сталіцу Браціславу, якая празь перасоўваньне мяжы на поўнач стала патэнцыйна ўразьлівай з боку Вугоршчыны. У выніку гэтага чэхаславацкая армія страціла ўмацаваньні й іншую вайсковую інфраструктуру на мяжы з Вугоршчынай.

12 лютага 1939 году адбыліся выбары ў Сойм Карпацкай Украіны, паводле вынікаў выбараў 92,4% галасоў выбарцаў атрымала Ўкраінскае Нацыянальнае Аб’яднаньне.

Тым ня менш, Венскі арбітраж не пакінуў ніводны бок задаволеным, праз што ў пэрыяд між 2 лістапада 1938 і 12 студзеня 1939 году на чэхаславацка-вугорскай мяжы адбылося 22 памежных сутыкненьні, у якіх бралі ўдзел, у тым ліку, славацкія апалчэньні Глінкавай гвардыі. У той час неэфэктыўнасьць дзеяньняў чэхаславакаў падштурхоўвала ўкраінскі й славацкі нацыяналізм: пад уплывам славацкіх арганізацыяў назва краіны была зьмененая на «Чэха-Славаччына», Карпацкая Ўкраіна, як і Славаччына, атрымалі статус аўтаноміі. Славацкія арганізацыі ажыцьцяўлялі маршы й дэманстрацыі на падтрымку незалежнасьці ад Чэхаславаччыны. У заходніх краінах зьяўляліся падазрэньні па далучэньні Закарпацьця да СССР, што, аднак, 10 сакавіка абвергнуў Сталін.

13 сакавіка гэтага ж году славацкія лідэры Ёзэф Ціса і Фэрдынанд Дзюрчанскі сустрэліся ў Бэрліне з Адольфам Гітлерам ды іншымі вышэйшымі фігурамі Нямеччыны. Гітлер даў зразумець, што ў выпадку неабвяшчэньня незалежнасьці Славаччыны нямецкае камандаваньне дазволіць вугорцам, якія нібыла сканцэнтраваліся на мяжы з Славаччынай, заняць іншыя часткі краіны. Насамрэч вугорцы ў значнай ступені засяроджваліся на мяжы Вугоршчыны з Закарпацьцем. 14 сакавіка славацкія незалежніцкія арганізацыі абвясьцілі незалежнасьць Славаччыны, а Гітлер, спаслаўшыся на нібыта пагрозу для этнічных немцаў у сувязі зь беспарадкамі ў Чэхаславаччыне, аддаў загад аб уваходжаньні нямецкай арміі ў Багемію й Маравію, практычна не сустракаючы супраціву. Неўзабаве, 15 сакавіка 1939 году пра сваю незалежнасьць абвясьціла Карпацкая Ўкраіна, лідэрам якой стаў Аўґустын Валошын.

Дзейнасьць рэдагаваць

Для абароны незалежнасьці ды барацьбы з вугорскімі й польскімі фармаваньнямі была створаная арганізацыя абароны «Карпатська Січ», утварэньню якой спрыяла Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў. Праблемы з боку вугорцаў і палякаў спрычыніліся да некалькіх спробаў закрыцьця межаў з Вугоршчынай і Польшчай; дасылаліся ноты пратэсту ўрадам дзяржаваў, якія, аднак, ігнараваліся[2]. Ажыцьцяўляліся праца прамысловасьці, транспарту, гандлю; украінізацыя адукацыі, выдавецтва й справаводзтва. У краіне адкрываліся новыя навучальныя ўстановы, дзейнічалі мясцовыя й эміграцыйныя ўкраінскія пісьменьнікі, адбываліся тэатральныя пастановы й кіназдымкі.

Вугорскае ўварваньне рэдагаваць

Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Аўґустын Валошын зьвярнуўся з асабістай тэлеграмай па Гітлера з просьбаю пра прызнаньне незалежнасьці Карпацкай Украіны і абарону яе Нямеччынай у мэтах прадухіленьня ўключэньня ў склад Вугоршчыны. Уранку нямецкі консул у Хусьце адмовіў дзеячам Карпацкай Украіны ў прызнаньні і параіў не супраціўляцца дзеяньням вугорскай арміі. У сваю чаргу, Польшча прэтэндавала на поўнач Закарпацьця і дасылала ў рэгіён дывэрсійныя групы.

Абвяшчэньне незалежнасьці Карпацкай Украіны дала вугорскаму ўраду пачаць патрабаваць ад Чэхіі вывад войскаў і чыноўнікаў з Закарпацьця. Урад Чэхіі не адказаў на падобныя заклікі, але загадаў уласным войскам атакаваць 14 сакавіка 1939 году горад Мукачава, які ўваходзіў у лік тэрыторыяў, перададзеных Вугоршчыне годам раней.

Вугорскія падразьдзяленьні ўключалі адзін пяхотны полк, два кавалерыйскія палкі, тры пяхотныя батальёны, адзін матарызаваны батальён, два батальёны памежнай аховы, адзін артылерыйскі батальён і два бронецягнікі. Гэтыя сілы з паветра падтрымліваліся зьнішчальнікамі Fiat CR.32 у разьліку на адзін полк. Пасьля напору чэскіх сілаў на Мукачава вугорцы здолелі адбіць атаку і, у сваю чаргу, прасунуліся крыху далей, узяўшы адно з сучасных прадмесьцяў гораду. Зь іншага боку, Аўґустын Валошын аддаў загад па ўзбраеньні Карпацкай Сечы, якая пасьля сутыкненьняў з чэскімі сіламі генэрала Пэрхалы (якія намагаліся раззброіць карпацкія атрады), здолела ўзяць пад свой кантроль амаль усю тэрыторыю дзяржавы (за выключэньнем некаторых сёлаў, ужо ўзятых пад кантроль Вугоршчынай).

На наступны дзень вугорская рэгулярная армія ўварвалася ў Карпацкую Ўкраіну і да вечару дасягнула Свалявы, Карпацкая Сеч у хуткім часе была разьбітая. Былі прэцэдэнты супраціву ля вёскі Краснае Поле, а таксама баі на лініі Ужгарад — Мукачава — Берагава — Сеўлюш.

У сваю чаргу, чэскі супраціў таксама апынуўся слаба арганізаваным. Іншую ролю ў перамозе вугорцаў адыгралі чэхаславацкія ўмацаваньні, якія пасьля Венскага арбітражу апынуліся на тэрыторыі Вугоршчыны. 16 сакавіка 1939 году адбылося фармальнае ўключэньне Карпацкай Украіны ў склад Вугоршчыны, прэм’ер-міністар Карпацкай Украіны Юліян Рэвай не супраціўляўся дзеяньням Вугоршчыны. 17 сакавіка апошнія чэскія атрады пакінулі Хуст — абвешчаную сталіцу Карпацкай Украіны — і адышлі ў Румынію, разам зь імі сышоў прэзыдэнт краіны Аўґустын Валошын. Праз паўтара месяца паўнаважныя прадстаўнікі Карпацкай Украіны пакінулі яе тэрыторыю, да 30 красавіка дзейнічала Ўкраінская эвакуацыйная камісія, якой кіраваў Уладзімер Бірчак[3].

17 сакавіка вугорская армія, працягваючы свой наступ, дасягнула паўночных межаў Закарпацьця і выйшла да мяжы з Польшчай. З суседняй Галічыны прыбылі добраахвотнікі, але яны былі захопленыя вугорскай арміяй і перададзеныя Польшчы. Супраціў на тэрыторыі Карпацкай Украіны быў прыціснуты 18 сакавіка, аднак асобныя баі цягнуліся да канца траўня 1939 году. Пры баёх з вугорскай арміяй паводле розных ацэнак загінула ад 2000 да 6500 асобаў.

Кампанія па ўварваньні ў асноўным атрымала посьпех, але, акрамя гэтага, паказала адсутнасьць падрыхтоўкі вугорскай арміі да поўнамаштабнае вайны. Узнаўленьне межаў Вугоршчыны ўзору Каралеўства Вугоршчына (у якое ўваходзіла ўсё Закарпацьце) у некаторай ступені паспрыяла падвышэньню нацыяналістычных настрояў сярод салдатаў і грамадзянскага насельніцтва.

Наступствы рэдагаваць

У 1944 годзе Вугоршчына была акупаваная Нямеччынай у выніку адмовы тагачаснага вугорскага кіраўніцтва ад нямецкай палітыкі. На тэрыторыі Закарпацьця адразу была ажыцьцяўленая палітыка Галакосту. Увосень 1944 году савецкая армія перасякла мяжу Закарпацьця й СССР — мяжу Чэхаславаччыны на паўночным усходзе ўзору 1938 году.

Хуст быў наведаны дэлегацыяй чэхаславацкага ўраду ў выгнаньні на чале з Францішкам Немэцам з мэтаю ўсталяваньня ранейшай чэхаславацкай адміністрацыі ў адпаведнасьці з ранейшымі савецка-чэхаславацкімі пагадненьнямі. Тым ня менш, празь некалькі тыдняў Чырвоная Армія й органы НКУС сталі перашкаджаць працы чэхаславацкіх чыноўнікаў, празь некаторы час быў створаны «Народны камітэт Закарпацкай Украіны», кіраўніком якога стаў былы чэхаславацкі салдат Іван Тураніца. 26 лістапада 1944 году камітэт абвясьціў аддзяленьне ад Чэхаславаччыны й далучэньне да УССР. 1 лютага 1945 году чэхаславацкая ўрадавая дэлегацыя была вымушаная пакінуць рэгіён.

29 чэрвеня гэтага ж году Чэхаславаччына афіцыйны саступіла Закарпацьце на карысьць СССР. У 1946 годзе ў складзе УССР была зацьверджаная Закарпацкая вобласьць, якая дагэтуль захоўвае сваю назву й адміністрацыйныя межы ў складзе незалежнай Украіны.

Дзяржаўны лад рэдагаваць

12 лютага 1939 году паводле чэхаславацкага канстытуцыйнага акту ад 22 лістапада 1938 году быў створаны Сойм Карпацкай Украіны. Ён меў 32 чальцоў, 3 мандаты былі зарэзэрваваныя за прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў. Сойм здолеў правесьці толькі адну сэсію, якая адбылася 15 сакавіка 1939 году ў Хусьце. На гэтым паседжаньні Сойм абвясьціў незалежнасьць рэгіёну і ўстанавіў канстытуцыю, абраў прэзыдэнта і ўрад. Старшынём Сойму стаў Аўґустын Штэфан, ягонымі намесьнікамі — Фёдар Рэвай і Сьцяпан Расоха.

Прэзыдыюм Сойму эміграваў з краіны па ўварваньні ў Закарпацьце вугорскіх войскаў.

Атрыбуты дзяржаўнасьці рэдагаваць

15 сакавіка 1939 году ў Карпацкай Украіне быў прыняты «Першы Канстытуцыйны Закон Карпацкай Украіны», які вызначыў незалежны характар дзяржавы й яе рэспубліканскую форму кіраваньня (ачольвалася прэзыдэнтам, які абіраўся скліканым соймам), пытаньні моўнай палітыкі (дзяржаўны статус быў нададзены ўкраінскай мове), сымболікі (прыняты сіне-жоўты ўкраінскі нацыянальны сьцяг у якасьці дзяржаўнага, былы герб Закарпацьця ў якасьці гербу і нацыянальны ўкраінскі гімн «Ще не вмерла України»). Акт мусіў набыць моц ад часу ягонага апублікаваньня.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Orest Subtelny. Ukraine: A History, 4th Edition. — University of Toronto Press, 2009. — 888 с. — ISBN 978-1-4426-4016-0
  2. ^ Могаричев. К. До питання про участь польських бойових груп на території Карпатської України у 1938—1939 / від.ред Ю.Зінько. — Україна і Польща: історичне сусідство: матеріали міжнародної наукової конференції 17-18 травня 2012 р. — Вінниця: Нілан: Вінницький державний педагогічний університет ім.. М. Коцюбинського, 2012. — С. 479-485.
  3. ^ Михайло Галущак. Роман Офіцинський: «З Карпатської України для нас почалася Друга світова» // Гістарычная праўда, выд. Украінская Праўда. — 2013.

Літаратура рэдагаваць

  • Axworthy, Mark W.A. Axis Slovakia — Hitler's Slavic Wedge, 1938-1945, Bayside, N.Y. : Axis Europa Books, 2002, ISBN 1-891227-41-6
  • Niehorster, Dr. Leo W.G. The Royal Hungarian Army 1920-1945 Volume 1, New York : Axis Europa Books, 1998, ISBN 1-891227-19-X
  • Ganzer, Christian. Die Karpato-Ukraine 1938/39: Spielball im internationalen Interessenkonflikt am Vorabend des Zweiten Weltkrieges. Hamburg 2001 (Die Ostreihe — Neue Folge, Heft 12).
  • Kotowski, Albert S. „Ukrainisches Piemont“? Die Karpartenukraine am Vorabend des Zweiten Weltkrieges, in Jahrbücher für Geschichte Osteuropas 49 (2001), Heft 1. S. 67-95.
  • Magosci, Paul R. The Shaping of a National Identity: Subcarpathian Rus’, 1848-1948, Harvard University Press 1978. ISBN 0-674-80579-8
  • Shandor, Vincent. Carpatho-Ukraine in the Twentieth Century: A Political and Legal History, Cambridge, Mass.: Harvard University Press for the Harvard Ukrainian Research Institute, 1997. ISBN 0-916458-86-5
  • Winch, Michael. Republic for a day: An eye-witness account of the Carpatho-Ukraine incident, London 1939.
  • Уряди України у ХХ ст. К.: Наукова думка. 2001. 608 с.
  • Вегеш Микола. Августин Волошин і Карпатська Україна. -Львів ЗУКЦ, 2004. — 414с. ISBN 966-8445-06-6
  • Вегеш М. Карпатська Україна. Документи і факти. — Ужгород: Карпати, 2004. — 432 с. ISBN 966-671-070-6
  • Бойко О. Д. Історія України: Навч. посіб. 3-тє вид., доп. — К.: Академвидав, 2007. — 683 с.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

У тагачасным беларускім друку рэдагаваць