Карліс Улманіс

латыскі палітык

Ка́рліс У́лманіс (па-латыску: Kārlis Augusts Vilhelms Ulmanis; 4 верасьня 1877, Бэрзмуйжас, Расейская імпэрыя, сёньня Бэрзэская воласьць у Добэльскім раёне Латвіі — 20 верасьня 1942, Краснаводзк, СССР, сёньня Туркмэнбашы, Туркмэністан) — латыскі аграном, выкладчык, публіцыст, дзяржаўны й палітычны дзяяч, прэм’ер-міністар Латвіі ў 1918, 1919—1921, 1925—1926, 1931—1932, 1934—1940 гадох, прэзыдэнт Латвіі ў 1936—1940 гадох.

Карліс Улманіс
19 лістапада 1918 — 18 чэрвеня 1921
Наступнік Зігфрыд Мееровіц[d]
24 сьнежня 1925 — 6 траўня 1926
27 сакавіка 1931 — 5 сьнежня 1931
17 сакавіка 1934 — 20 чэрвеня 1940
11 красавіка 1936 — 21 ліпеня 1940
Папярэднік Албэртс Квесіс
Наступнік Аўгустс Кірхенштэйнс[d]
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 4 верасьня 1877(1877-09-04)[1][2][3][…]
Памёр: 20 верасьня 1942(1942-09-20)[2][3] (65 гадоў)
Партыя:
Адукацыя:
Узнагароды:
кавалер Вялікага крыжа ордэна Ганаровага легіёну кавалер ордэна Ганаровага Легіёну ордэн Белай Зоркі на ланцугу Крыж Свабоды кавалер Вялікага крыжа ордэна сьвятога Уляфа Ордэн Лачплэсіса ордэн Віестура Крыж Прызнаньня Вялікі крыж ордэна Трох зорак ордэн Белага льва Knight Grand Cross of the Order of Pius IX‎ Grand Cross of the Order of the Crown Вялікая стужка ордэна Леапольда I Вялікі крыж ордэна Белай ружы Фінляндыі Grand Cross of the Order of Vasa Order of the Polar Star - Commander's Grand Cross Вялікі крыж ордэна Адраджэньня Польшчы ордэн Вітаўта Вялікага з залатым ланцугом кавалер Вялікага крыжа ордэна сьвятых Маўрыцыя і Лазара кавалер Вялікага крыжа ордэна Кароны Італіі ордэн Белага арла 1st Class of the Order of the Cross of the Eagle

Дзяцінства, вучоба, пачатак палітычнай дзейнасьці рэдагаваць

Карліс Улманіс нарадзіўся ў сям’і Індрыкса й Лізэты Улманяў, быў трэцім сынам. Закончыў пачатковую школу ў Бэрзэс (1886—1889), затым навучаўся ў Аляксандраўскай гарадзкой школе ў Елгаве, якую скончыў у 1896 годзе. Пасьля заканчэньня курсаў па малочнай гаспадарцы ў Тапіяў (сёньня — Гвардзейск у Калінінградзкай вобласьці Расеі) працаваў у сельскагаспадарчых каапэратывах у Рызе й Ліепаі. Прыкладна ў той самы час ён пачаў сваю грамадзкую дзейнасьць, накіраваную супраць царскага рэжыму. З 1902 году навучаўся сельскай гаспадарцы ў Швайцарыі, Нямеччыне. Праз удзел у рэвалюцыі 1905 году сядзеў у турме, пасьля чаго быў вымушаны зьехаць спачатку ў Нямеччыну, дзе выкладаў у сельскагаспадарчай школе ў Аннабэргу (Саксонія), а затым перабраўся ў ЗША, дзе працягнуў навучаньне ва Ўнівэрсытэце Нэбраскі (у сельскагаспадарчым індустрыяльным коледжы Абрагама Лінкольна), у якім у 1909 годзе і атрымаў ступень бакаляўра навук у сельскай гаспадарцы. Некаторы час Улманіс працаваў выкладчыкам у тым самым коледжы, пасьля чаго перабраўся ў Г’юстан, штат Тэхас, дзе быў заняты сельскагаспадарчай і журналісцкай справай. Па вяртаньні на радзіму ў 1913 годзе працаваў аграномам у сельскагаспадарчых таварыствах Валміеры й Рыгі, паралельна з гэтым рэдагаваў часопіс «Zeme» (з 1914 да 1916).

Па распадзе Расейскай імпэрыі рэдагаваць

У красавіку 1917 году пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расеі быў выбраны ў Часовую раду Відзэмскага краю, адкуль перайшоў на пасаду намесьніка камісара. Стаў ініцыятарам стварэньня Латыскага сялянскага зьвязу (ЛСЗ), які сам і ўзначаліў. За часамі нямецкай акупацыі 1917—1918 гадоў заставаўся ў Рызе, працаваў намесьнікам старшыні Латыскага камітэту самапомачы. Яшчэ пад час нямецкай акупацыі на кангрэсе ЛСЗ ў Валцы ўпершыню адкрыта заклікаў стварыць незалежную Латыскую дзяржаву, якая й паўстала 18 лістапада 1918 году. Сам Карліс Улманіс быў абраны прэм’ер-міністрам Часовага ўраду. Удзельнічаў у вайне з Савецкай Расеяй як галоўнакамандуючы, пры ім была падпісаная Рыская дамова 1920 году.

Па вайне ўрад Улманіса правёў аграрную рэформу, садзейнічаў адкрыцьцю нацыянальных школак, у тым ліку для беларусаў. У 1921 годзе пры ім была прынятая першая рэдакцыя латвійскай Канстытуцыі (канчаткова зацьверджаная ў 1922 годзе).

За часамі незалежнай Латвіі Карліс Улманіс, акрамя таго, што чатыры разы быў абраны прым’ер-міністрам, таксама чатыры разы займаў пасаду міністра замежных справаў, двойчы міністра земляробства, адным разам міністра па справах забесьпячэньня і міністра вайсковых справаў, працаваў старшынём і дырэктарам Латвійскага сялянскага банку, быў сябрам Рады Дзяржаўнага зямельнага банку.

Дзяржаўны пераварот і ўсталяваньне дыктатуры рэдагаваць

15 траўня 1934 году Улманіс разам з генэралам Балодысам зьдзейсьніў дзяржаўны пераварот. Ён распусьціў парлямэнт, забараніў дзейнасьць партыяў (у тым ліку свайго ЛСЗ), зачыніў апазыцыйныя газэты, адмяніў Канстытуцыю. Матывам для такіх брутальных рашэньняў стала палітычная нестабільнасьць у краіне празь дзейнасьць аграмаднай колькасьці палітычных партыяў і прафзьвязаў, якія ніяк не маглі прыйсьці да згоды ў асноўных палітычных пытаньнях, ды актывізацыя ў Латвіі краёвых фашыстоўскіх арганізацыяў накшталт нямецкамоўнай Baltischer Bruderschaft («Балтыйскае братэрства»), а непасрэднай падставай — нібыта замах на Улманіса 17 сакавіка 1934 году. Да 1936 году фармальна пасаду прэзыдэнта Латвіі займаў Альбэртс Квіесіс, але фактычна краінай цалкам кіраваў Улманіс. Ён афіцыйна менаваўся «бацькам нацыі», а сам пераварот праз прэсу быў названы «Адраджэньнем».

Гаспадарка Латвіі пасьля 1936 году, нягледзячы на агульнаэўрапейскі крызіс, роўна расла, імкліва павялічваўся экспарт (асабліва ў Вялікабрытанію й Нямеччыну), узровень непісьменнасьці сярод латвійскага насельніцтва быў адным з самых нізкіх па Эўропе. Аднак усё гэта было дасягнутае ў тым ліку й шляхам жорсткага кантролю грамадзянскай супольнасьці, і праз стварэньне новых працоўных лягераў накшталт Калнціемскага лягеру. Насуперак першапачатковым дзеяньням, якія чыніліся ўрадам Улманіса адразу па здабыцьці незалежнасьці, пачалося таксама пасьлядоўнае абмежаваньне ў правох нацыянальных меншасьцяў (перш за ўсё ў прафэсійнай сфэры, дзе кваліфікаваныя кадры сталі падбірацца згодна нацыянальнай прыкмеце), немцы з нацыянальнасьці пачалі мусова перасяляцца за межы Латвіі.

Другая сусьветная вайна рэдагаваць

Паводле пакта Молатава-Рыбэнтропа 1939 году Латвія адышла да сфэры ўплыву Савецкага Зьвязу. Улманіс усьведамляў грандыёзную перавагу савецкіх войскаў над латыскімі. У тым самым годзе Улманіс дазволіў СССР разьмясьціць на тэрыторыі сваёй краіны вайсковыя базы, а ў 1940 ён жа прывітаў прыход савецкай улады ў сваім радыёвыступе ад 17 чэрвеня й заклікаў насельніцтва не аказваць замежным войскам ніякага супраціву. Нягледзячы на тое, што новая ўлада дазволіла Улманісу выехаць у Швайцарыю, былы прэзыдэнт (чые паўнамоцтвы былі скасаваныя 21 ліпеня 1940 году) застаўся ў СССР, тэрмінова выехаў у Маскву, а затым у Варашылаўск (сёньня — Стаўрапаль у Расеі). 4 ліпеня 1941 году Улманіс быў арыштаваны. Памёр ён у краснаводзкай турэмнай бальніцы 20 верасьня 1942 году (паводле іншых зьвестак Улманіс памёр па дарозе ў Краснаводзк ад сухотаў). Пахаваны на мясцовых могілках (аднак месцазнаходжаньне пахаваньня дагэтуль невядомае).

Імя ў гісторыі рэдагаваць

У сучаснай Латвіі фігура Карліса Улманіса ёсьць досыць супярэчнай. Адна частка грамадзтва працягвае называць яго «бацькам нацыі», зважаючы на вялікую ролю, адгуляную ім у здабыцьці незалежнасьці для радзімы, ды на значны эканамічны рост перад Другой сусьветнай вайной. Іншая частка бэсьціць Улманіса за антыканстытуцыйную дзейнасьць і аўтарытарныя мэтады кіраваньня ў 1930-я гады. Асабліва шмат ворагаў Улманіса сярод нелатышоў. Як бы тое ні было, згадку пра Улманіса ніхто не імкнецца сьцерці з народнай памяці. Наадварот, ягоны прыклад ёсьць для латвійскага грамадзтва такім самым, як для польскага — прыклад дзейнасьці дыктатара Пілсудзкага.

У гонар Улманіса ў родным доме прэзыдэнта на хутары Пікшас у 1993 годзе быў адчынены музэй, створаны на выгляд фэрмэрскай гаспадаркі 1930-х гадоў. 22 ліпеня 2003 году ў Рызе быў адкрыты помнік Улманісу, а ў самім горадзе ў 1990-х адна з галоўных магістраляў была перайменаваная ў Kārļa Ulmaņa gatve (гасьцінец Улманіса). Сьведчаньнем «генэтычнай» прыхільнасьці латышоў да Улманіса стала й абраньне ў 1993 годзе першым прэзыдэнтам Латвіі пасьля аднаўленьня незалежнасьці Гунціса Улманіса — унучатага пляменьніка Карліса Улманіса.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Karlis Ulmanis // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ а б в г Kārlis Ulmanis // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  3. ^ а б в г Kārlis Ulmanis // Store norske leksikon (бук.) — 1978. — ISSN 2464-1480
  4. ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #119079968 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.