Канстытуцыя Грэцыі

Канстыту́цыя Грэ́цыі 1975 году (па-грэцку: Σύνταγμα της Ελλάδας — «Сынтагма Эладас») — дзеючая Канстытуцыя Грэцкай рэспублікі, прынятая пятым скліканьнем грэцкага парлямэнту. Дзейнічае з 1975 году, двойчы пераглядалася — у 1986 і ў 2001 гадах. Канстытуцыйная гісторыя Грэцыі распачалася падчас вайны за незалежнасьць Грэцыі, падчас якой былі прынятыя тры рэвалюцыйных грэцкіх канстытуцыі. Першая грэцкая канстытуцыя была прынятая ў 1822 годзе. Апошняя рэдакцыя 1975 году зьяўляецца пераглядам Канстытуцыі 1952 году. Цэнтральная плошча Сінтагма ў Афінах, на якой месьціцца будынак парлямэнту, названая ў гонар Канстытуцыі.

Зьмест рэдагаваць

Канстытуцыя Грэцыі складаецца з 120 артыкулаў і падзяляецца на 4 часткі:

  • Першая частка (артыкулы 1—3) — асноўныя палажэньні: усталёўваюць, што Грэцыя зьяўляецца парлямэнцкай рэспублікай, а таксама зацьвярджаюць Элядзкую праваслаўную царкву як афіцыйную ў Грэцыі.
  • Другая частка (артыкулы 4—25) тычацца асабістых і сацыяльных правоў, абарона якіх была ўзмоцненая пасьля перагляду Канстытуцыі ў 2001 годзе (поныя палажэньні тычацца рэгуляваньня такіх пытаньняў, як абарона асабістых зьвестак і кампэтэнтнасьць некаторых незалежных ворганаў).
  • Трэцяя частка (артыкулы 26—105) апісвае арганізацыю і функцыі дзяржавы. Артыкул 28 зацьвярджае моц міжнародных законаў і міжнародных канвэнцый у заканадаўстве Грэцыі.
  • Чацьвёртая частка (артыкулы 106—120) зьмяшчае адмысловыя, заключныя і пераходныя палажэньні.

Выканаўчая ўлада ў краіне ажыцьцяўляецца ўрадам і прэзыдэнтам Грэцыі, апошні зьяўляецца цырыманіяльнай фігурай. Паўната палітычнай улады ў Грэцыі належыць прэм’ер-міністру краіны. Заканадаўчая ўлада ажыцьцяўляецца грэцкім Парлямэнтам, які складаецца з 300 дэпутатаў, абіраемых на 4-гадовы тэрмін шляхам тайнага прамога галасаваньня. Судовая ўлада зьяўляецца незалежнай ад выканаўчай і заканадаўчай улады і складаецца з трох вярхоўных судоў: Касацыйнага суду (па-грэцку: Άρειος Πάγος   — аэрапаг), Дзяржаўнай рады (па-грэцку: Συμβούλιο της Επικρατείας) і Палаты аўдытараў (па-грэцку: Ελεγκτικό Συνέδριο).

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць