Канстантын Астроскі (малодшы)

Канстанты́н Васі́ль Астро́скі (12 лютага [ст. ст. 2 лютага] 1526, Тураў — 23 лютага [ст. ст. 13 лютага] 1608, Астрог) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Маршалак валынскі (ад 1550), ваявода кіеўскі (ад 1559).

Канстантын Астроскі
Канстантын Астроскі
Канстантын Астроскі

Герб «Астроскі»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 12 лютага 1526
Тураў
Памёр 23 лютага 1608
Астрог
Пахаваны
Род Астроскія
Бацькі Канстантын Астроскі
Аляксандра з Алелькавічаў
Жонка Соф'я з Тарноўскіх
Дзеці Кацярына, Януш, Канстантын, Лізавета, Аляксандар
Рэлігія праваслаўе, пратэстанцтва
Дзейнасьць палітык

Валодаў вялікімі маёнткамі на Валыні (Астрог, Сураж, Дубна, Стэпань, Дарагабуж, Роўна, Зьвягіль і інш.), у Кіеўскім, Рускім (Тарнопаль), Віленскім ваяводзтва, у Польшчы (Тарнаў). У Наваградзкім ваяводзтве меў Азяраны і возера Сьвіцязь (прадаў іх у 1571), Зьдзецел і Глуск, у Менскім ваяводзтвеТарасава[3]. Валодаў таксама значнымі зямельнымі надзеламі ў Вугоршчыне і Чэхіі.

Біяграфія рэдагаваць

Род і сям’я рэдагаваць

 
Герб князя з Пагоняй, 1580 г.

Паходзіў з княскага роду Астроскіх, найбагацейшага і найбольш уплывовага княскага роду Вялікага Княства Літоўскага XVI — пачатку XVII стагодзьдзя. Бацька Канстантын — вялікі гетман літоўскі, маці — Аляксандра з роду князёў Алелькавічаў.

Нарадзіўся ў Тураве, дзе правёў дзяцінства і юнацтва. Па сьмерці бацькі выхоўваўся маці. Малады Васіль атрымаў добрую адукацыю, пра што сьведчыць ягонае ліставаньне і прамовы ў Сэнаце, выхоўваўся ў духу праваслаўя.

Зь сярэдзіны 1540-х гадоў у афіцыйных дакумэнтах пачаў менавацца бацькавым імем — Канстантын.

Першы вайсковы досьвед атрымаў у 1543—1544 гадох, калі браў удзел у баях э татарамі. Палітычную кар’еру распачаў у 1550 годзе, атрымаўшы ад вялікага князя літоўскага пасаду старосты ўладзімерскага і маршалка валынскага.

У пачатку 1550-х гадоў Астроскі ажаніўся з каталічкаю Соф'яю з Тарноўскіх(pl), дачкою Яна Тарноўскага, будучага вялікага гетмана кароннага. Пад яе ўплывам каталічкамі былі іх дочкі.

Меў сыноў Канстантына (пам. 1558) — староста ўладзімерскі; Аляксандра (атручаны ў 1603 годзе); і апошні зь дзяцей Януш (пам. 19 жніўня 1620) — кракаўскі кашталян(pl), першы каталік у родзе Астроскіх, пратэктар езуітаў, заснавальнік Астроскай ардынацыі(uk).

Дочкі: Кацярына(pl) — жонка Крыштапа Радзівіла «Перуна»; Лізавета — жонка кашталяна віленскага Януша Кішкі, а пазьней Крыштапа Радзівіла «Перуна».

Палітычная і вайсковая дзейнасьць рэдагаваць

У 1559 годзе атрымаў урад ваяводы кіеўскага. Праводзіў энэргічную калянізатарскую палітыку ў памежных землях Кіеўшчыны і Брацлаўшчыны, засноўваў новыя месты, замкі і слабоды.

У 1560-х гадох выступаў за раўнапраўнае ўваходжаньне Русі ў склад дзяржаўнага ўтварэньня Рэчы Паспалітай. У 1569 годзе, стаўшы сэнатарам, быў фактычным прадстаўніком Русі-Ўкраіны ў час складаньня Люблінскае вуніі 1569 году.

Калі ў 1572 годзе згасла дынастыя Ягайлавічаў, у 1573—1574 гадох быў адным з мажлівых кандыдатаў на польскі сталец, чыю кандыдатуру падтрымлівала і Турэччына, а ў 1598 годзе, па сьмерці апошняга Рурыкавіча гаспадара Фёдара Іванавіча, — і на маскоўскі (Астроскі быў пароднены з маскоўскімі Рурыкавічамі).

Бараніў тады ўжо каронныя, раней паўднёвыя землі Вялікага Княства Літоўскага ад татараў у 1574—1575 і 1577—1578 гадох. У час Інфлянцкай вайны (1558—1582) браў удзел у 1579 годзе ў выправе на чарнігаўскія і ноўгарад-северскія землі[4].

У час казацкага паўстаньня(uk) Крыштапа Касінскага(uk) ў 1591—1593 гадох, не зважаючы на шэраг паразаў, войска, сабранае Канстантынам Астроскім, у вызначальнай бітве пад П'яткаю(uk) нанесла сакрушальную паразу паўстанцам. Астроскі рашуча выступіў таксама супраць паўстаньня Севярына Налівайкі ў 1594—1596 гадох.

Узяў удзел у падзеях Смутнага часу. У 1602 годзе прымаў у сябе будучага маскоўскага гаспадара Дзьмітрыя-Самазванца I. Падарыў яму «Кнігу пра постніцтва», надрукаваную ў ягонай друкарні Пётрам Мсьціслаўцам у 1594 годзе з дарчым надпісам «Грыгорыю — царэвічу Маскоўскаму».

Рэлігійная і культурная дзейнасьць рэдагаваць

 
Канстантын Астроскі на помніку «1000-годзьдзе Расеі» ў Вялікім Ноўгарадзе

У рэлігійнай сфэры выявіўся годным спадкаемцам справы свайго бацькі, рупячыся пра праваслаўе. Падтрымліваў праваслаўныя брацтвы, заснаваў школы ў Слуцку і Тураве (1572)[5]. Таксама заснаваў школу ва Ўладзімеры-Валынскім у 1577 годзе.

У 1574 годзе перанёс уласную рэзыдэнцыю з Дубны ў Астрог, дзе пачалася перабудова Астроскага замку пад кіраўніцтвам італьянскага архітэктара П’етра Спэрэндыё. За часамі Канстантына Астроскага места Астрог, адзін з двух тытулярных цэнтраў япархіі Ўсходняе Валыні, стаў асяродкам праваслаўнай духоўнасьці.

Характэрным было стаўленьне Канстантына Астроскага да актуальнага на той час пытаньня пра аб’яднаньне каталікоў і праваслаўных. Выступіўшы спачатку ў падтрымку такое уніі, ён жадаў трымаць гэты працэс пад поўным уласным кантролем. Таму, калі ў 1594—1596 гадох частка духавенства зьдзейсьніла спробу ўкласьці царкоўную унію без князя, Канстантын Астроскі выступіў яе рашучым ворагам і арганізаваў праваслаўны сабор 1596 году, які праходзіў у Берасьці адначасна з уніяцкім. Па падпісаньні вуніі працягваў барацьбу ў абарону правоў праваслаўных, што не прынялі уніі, — дызунітаў.

Намагаючыся зрабіць уласную рэзыдэнцыю цэнтрам культурнага супраціву каталіцкай і уніяцкай экспансіі, прыцягнуў у Астрог шэраг славянскіх і грэцкіх навукоўцаў, публіцыстаў, багасловаў, сярод якіх Герасім Сматрыцкі(uk), Васіль Сураскі(uk), Хрыстафор Філалет, Эмануіл Ахілес, Лука Сэрбін, Кірыл Лукарыс(uk) (будучы Александрыйскі і Канстантынопальскі патрыярх), Нікіфар Парасхес Кантакузэн(uk), Клірык Астроскі(uk), Зізані Тустаноўскі, Дзям'ян Налівайка(uk) ды іншыя.

Сабраная з дапамогай Канстантына-Васіля бібліятэка ў Астрогу ўлучала ў сябе грэцкую і заходнеэўрапейскую багаслоўскую літаратуру, перадрукі антычных твораў, слоўнікі, касмаграфіі, граматыкі ды іншае.

У 1575 годзе запрасіў Івана Федаровіча дзеля арганізацыі друкарні ў княскай рэзыдэнцыі. Дзякуючы Астроскай друкарні сьвет пабачылі больш за 20 выданьняў, у тым ліку першы поўны тэкст Бібліі славянскаю моваю.

Каля 1578 году пачала дзейнічаць школа, дзе акрамя шэрагу традыцыйных на той час «вольных» дысцыплінаў, упершыню раўналежна выкладаліся лацінская, грэцкая і царкоўнаславянская граматыкі. Досьвед і праграма Астроскае школы былі запазычаныя Львоўскаю, Луцкаю і іншымі брацкімі школамі.

Апошнія гады рэдагаваць

 
Памятны васьміканцовы крыж побач з царквой Сьвятых Пятра і Паўла ў Менску

У канцы XVI стагодзьдзя Канстантын-Васіль Астроскі быў найвялікшым пасьля караля земляўласьнікам Рэчы Паспалітай: яму належалі 25 местаў, 10 мястэчак і 670 вёсак, гадавы прыбытак князя перавышаў 1 мільён злотых[5].

У апошнія гады жыцьця князь паступова адыйшоў ад удзелу ў палітычным і культурным жыцьці краіны. Да таго ж перажыў некалькі непрыемных падзеяў: сыны Ян і Аляксандар перайшлі ў каталіцкую веру, малодшы сын быў атручаны слугой, улюбёная пляменьніца звар’яцела.

Дажываў у родавых замках у Крупах і Дубне(uk). Гэта нэгатыўна адбілася на дзейнасьці акадэміі ў Астрогу, якая ў пачатку XVII стагодзьдзя паступова заняпала.

Памёр у 1608 годзе, спачыў у крыпце Богаяўленскае царквы ў Астрогу.

Ушанаваньне памяці рэдагаваць

У Вільні з ініцыятывы Духаўскага праваслаўнага брацтва ў 1908 годзе заклалі, а ў 1913 годзе асьвяцілі царкву-помнік да 300-годзьдзя Кантантына Астроскага. На мэмарыяльнай дошцы пакінулі надпіс залатымі літарамі: «У гонар рупліўцы й абаронцы праваслаўнай народнасьці».

Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату на Памесным саборы 2008 году кананізавала князя як добравернага[6].

У Менску, побач зь Петрапалаўскім саборам, паставілі памятны крыж з надпісам: «Да 400-годзьдзя памяці дабравернага князя Канстантына Васіля Астроскага (1506—1608), славутага дзяржаўнага і царкоўнага дзеяча. 13/26 лютага 2008 году».

У Беластоку (Польшча) утварылася фундацыя князя Астроскага.

Галерэя рэдагаваць

Глядзіце таксама рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Urzędnicy województw kijowskiego i czernihowskiego XV-XVIII wieku: spisyKórnik: Biblioteka Kórnicka, 2002. — С. 67. — 344 с. — ISBN 83-85213-37-6
  2. ^ Urzędnicy wołyńscy XIV-XVIII wieku: spisy / пад рэд. М. ВольскіKórnik: Biblioteka Kórnicka, 2007. — С. 138. — 188 с. — ISBN 978-83-85213-51-2
  3. ^ Пазднякоў В. Астрожскі Канстанцін (Васіль) Канстанцінавіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 262.
  4. ^ Пазднякоў В. Астрожскі Канстанцін (Васіль) Канстанцінавіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 261.
  5. ^ а б Юхо Я., Насевіч В. Астрожскія // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 223.
  6. ^ Памесны сабор 2008: Кананізацыя сьвятога благавернага князя Канстантына Астроскага (укр.)

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць