Камісія часовага ўраду Вялікага Княства Літоўскага

Часо́вы ўра́д Вялі́кага Кня́ства Літо́ўскага, Літоўская часавая камісія (па-польску: Komisja Rzadu Tymczasowego Wielkiego Ksiestwa Litewskiego; Komisja Rzadzaca Tymczasowa Litewska) — часовы адміністрацыйны орган Вялікага княства Літоўскага, які быў утвораны пры падтрымцы францускага войска ў часе вызваленьня літоўскіх земляў ад Расеі ў 1812 годзе.

Герб Вялікага Княства Літоўскага

Гісторыя рэдагаваць

 
Дзірк ван Гогендорп
 
Станіслаў Солтан

Па меры акупацыі тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага францускімі войскамі, на зьмену расейскай адміністрацыі прыходзіла француская.

Палітычная арґанізацыя й адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаваньне занятых тэрыторыяў уніфікавалася па аналёґіі зь дзяржаўным ладам напалеонаўскае імпэрыі. 19 чэрвеня, для адміністрацыйнага кіраваньня тэрыторыяю Беластоцкай вобласьці, Віленскай, Гарадзенскай Менскай губэрняў (пазьней пераназваных у дэпартамэнты), у Вільні 1 ліпеня 1812 году быў створаны Часовы ўрад ВКЛ — Камісія часовага кіраваньня Вялікага Княства Літоўскага. Яму падпарадкоўваліся цэнтральныя, рэгіянальныя й мясцовыя органы грамадзянскае адміністрацыі 4 дэпартамэнтаў. Дэпартамэнты падзяляліся на дыскрыты на чале з падпрэфэктамі. У кожным зь іх, а пазьней у Віцебскім і Магілёўскім дэпартамэнтах (не падпарадкаваных ураду, падпарадкаваных вайсковаму губэрнатару Шарпанцье), была арганізавана адміністрацыйная камісія з 3 чальцоў, прызначаных ці зацьверджаных Напалеонам, пад старшынствам францускага інтэнданта. Па прыкладу Вільні арґанізоўвалася структура муніцыпальнага (гарадскога) самакіраваньня. Адначасова была створана сыстэма вайскова-адміністрацыйнага кіраваньня краем. Органы напалеонаўскае адміністрацыі пераважна займаліся арганізацыяю ўзброеных фармаваньняў, забесьпячэньнем войскаў, зборам грашовых сродкаў.

Указам Напалеона ад 1 ліпеня было абвешчана пра стварэньне 5 пяхотных палкоў на чале з А. Хадкевічам, К. Тызенгаўзам, А. Бісьпінгам, К. Пжэзьдзецкім[be] і С. Чапскім і палка стральцоў пад камандаваньнем І. Касакоўскага. Усяго атрымалася сфармаваць полк лёгкаконнай гвардыі[be], 6 палкоў пяхоты, полк стральцоў[be], агульнаю колькасьцю каля 15 тыс. чал. Для абароны насельніцтва ад марадзёраў у паветах стваралі жандармэрыю[be], а ў буйных гарадах — народную гвардыю[be].

Камісія была ўзначалена Люі П’ерам Эдуардам Біньёнам. Аднак фактычная ўлада ажыцьцяўлялася Дзіркам ван Гогендорпам[fr], былым губэрнатарам Явы, які быў прызначаны губэрнатарам Вільні.

Напалеон, не апраўдаўшы надзеяў Генэральнае канфэдэрацыі Каралеўства Польскага[be], не аднавіў польскую дзяржаўнасьць у былых польска-літоўскіх землях. Ён усталяваў на заваяваных тэрыторыях часавую адміністрацыю, тым самым адклаўшы прыняцьце канчатковага рашэньня да поўнай перамогі над Расіяй.

11 ліпеня 1812 году польскі палітычны дзеяч Юзэф Выбіцкі з дэпутатамі ад Рады Ўсеагульнае канфэдэрацыі, беспасьпяхова спрабавалі дамагчыся ад імпэратара аднаўленьня Каралеўства Польскага з тэрыторыямі, страчанымі падчас падзелаў Рэчы Паспалітай.

Толькі 14 ліпеня 1812 году Камісія была фармальна падпарадкавана Радзе Генэральнае канфэдэрацыі Каралеўства Польскага.

У канцы 1812 году, калі расейскае войска ўступіла ў Літву, Камісія зьбегла ў Княства Польскае, дзе ў 1813 годзе спыніла сваё існаваньне.

Прэзыдэнты рэдагаваць

  • Юзэф Серакоўскі (з 18 ліпеня 1812 году)
  • Станіслаў Солтан (з 24 жніўня 1812 году)
  • Дзірк ван Гогендорп (зь верасьня 1812 году)
  • Станіслаў Солтан (з канца верасьня 1812 году)

Ґенэральны сакратар: Юзэф Ігнат Касакоўскі

Чальцы рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць

  • С. Калінін, В. Кажаноўскі , С. Шпагін, «Узброеныя сілы Вялікага княства Варшаўскага і Вялікага княства Літоўскага. 1806—1814 гг. Ч. I. Генэралітэт, штаб, пяхота, артылерыя». М., 1998.
  • С. Таляронак, «Стварэньне францускімі акупацыйнымі ўладамі дзяржаўных структураў ВКЛ (1812 год)». Мн., 1998.
  • Janusz Iwaszkiewicz, Litwa w roku 1812 (Літва ў 1812 годзе), Варшава, 1912.
  • Marian Kukiel, Wojna 1812 roku (Вайна 1812 году), Кракаў, 1937.
  • A. Rembowski, «Konfederacja Generalna i pospolite ruszenie w roku 1812» («Генэральная канфэдэрацыя й паспалітае рушэньне ў 1812 годзе»), Biblioteka Warszawska (Варшаўская Бібліятэка), vol. 1, 1896, fascicle 3, pp. 478–514; vol. 2, 1896, fascicle 1, pp. 67–86.
  • Władysław Zajewski, Jozef Wybicki (Юзэф Выбіцкі), Варшава, 1983.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць