Камяніца (фэст)

музычны фэстываль у Беларусі

Каардынаты: 53°49′42″ пн. ш. 27°22′27″ у. д. / 53.82833° пн. ш. 27.37417° у. д. / 53.82833; 27.37417

«Камяніца» — штогадовы міжнародны фольк-фэстываль Беларусі, які ладзіцца ў верасьні на дзялянцы Беларускага дзяржаўнага музэю народнай архітэктуры і побыту[1] (в. Строчыца, Менскі раён) з 2009 году.

«Камяніца»
Гады з 2009 году
Краіна Беларусь
Горад Строчыца
Мова(-ы) беларуская
Жанр народная музыка
Тэматыка фальклёр
Лэйбл Беларускі дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту
Склад «Палац», «Стары Ольса», «Троіца»
Ганаровыя госьці «Іван Купала» (Расея), «Воплі Відаплясава» (Украіна)

Каардынатар — Алег Пашак[2]. Вядоўца галоўнай сцэны — Алег Хаменка. Вядоўца малой сцэны — Руся. З 2010 году фэстывалю аказвае падтрымку ААТ «Белзьнешэканомбанк»[3].

Мінуўшчына рэдагаваць

У 2009—2012 гадах на фэстывалі «Камяніца» выступілі беларускія гурты «Гаротніца», «Ліцьвіны», «Пава» і «Троіца». Замежнымі гасьцямі фэсту былі гурты «Іван Купала» (Расея) і «Воплі Відаплясава» (Украіна) на чале з Алегам Скрыпкай. Вядоўцам галоўнай сцэны фэсту быў Алег Хаменка. На малой сцэне вядоўцай была Руся. На кірмашы рамёстваў прадавалі тканыя паясы, сьвістулькі і ўпрыгожаньні. Праходзілі заняткі па старадаўніх танцах ад ансамбля «Яварына». Працавала забаўляльная пляцоўка для дзяцей. Ладзіўся конкурс на лепшую пару ў нацыянальных строях, пераможцаў якога ўзнагароджвалі вячэрай у рэстаране. У 2011 годзе на 3-м фэсьце сярод іншых выступілі гурты «Асіміра» (Магілёў), «Ветах» (лідэр Вячаслаў Калацэй)[4] і «Стары Ольса». У 2012 годзе выступленьні прафэсійных і юнацкіх гуртоў ішлі адначасна на 2 аддаленых адно ад адной сцэнах. Зь юнацкай сцэны выступіла 157 дзяцей[5].

6-7 верасьня 2013 году адбыўся 5-ы фэст «Камяніца». Яго каардынатарам быў Сяргей Чагрынец. Выступіла 5 беларускіх гуртоў: «Аляксандра і Канстанцін», «Гуда», «Палац», «Стары Ольса» і «Шума». Таксама выступілі 4 гурты з трох суседніх краінаў: Аркестар сьвятога Мікалая (Польшча) і «Гварна» (Расея) з удзелам беларуса Андруся Палаўчэні, «Даха-Браха» і «Фолькнэры» (Украіна) на чале зь Ярынай Квіткай. Упершыню фэст доўжыўся 2 дні замест аднаго. Уваход каштаваў 30 000 рублёў ($3,31). Пагатоў уваход для наведнікаў у нацыянальных строях быў бясплатным[4]. У 1-ы дзень фэсту прайшлі паказы прыгатаваньня гарбузовых дранікаў, верашчакі і гарачага зьбітня зь зёлак і мёду, якія частавалі наведнікаў. «Аляксандра і Канстанцін» прадставілі новую кружэлку «М1». Ірэна Катвіцкая — музычную праграму «Этнафантазія». Таксама адбыўся паказ 1-й часткі фільма Аляксея Раковіча «Гісторыя беларускай страўні». Упершыню зьявілася некалькі пляцовак для: стральбы з арбалета і лука, ганчарства, вырабу традыцыйных лялек, фотавыставы і мастацкай выставы, якая ўлучала рэстаўраваны абраз Багародзіцы «Замілаваньне» XVII стагодзьдзя. Вялікую сцэну для прафэсійных гуртоў разьмясьцілі побач зь малой для юнацкіх, таму іх выступы чаргаваліся, пакуль ішла падрыхтоўка іншай сцэны[5].

6 верасьня 2014 году адбыўся 6-ы фэст з удзелам лідэра гурта «Воплі Відаплясава» Алега Скрыпкі[6].

5 верасьня 2015 году на 7-м фэсьце выступіла 5 беларускіх гуртоў: «Альтанка», «Вурай», «Зьніч», «Стары Ольса» і «Ягорава гара» (Гомель). Заяўкі на ўдзел у кірмашы і студэнцкіх гуртоў на 2-й сцэне прымалі да 25 жніўня. Таксама выступілі 3 замежныя гурты: «Дзікія яблыкі» (Польшча), якія здабылі галоўную ўзнагароду фэста «Фолькавы Мікалайкі» (Люблін), «Дрымба Да Дзыга» (Украіна) і «Трад.Атака» (Эстонія). Пагатоў упершыню выступілі прадстаўнікі Эстоніі. Фэстываль прайшоў пры падтрымцы ААТ «Белзьнешэканомбанк»[7]. У былой уніяцкай царкве лідэр гурта «Троіца» Іван Кірчук паказаў 45-хвілінны спэктакль «Споведзь пад стрэхамі» з выкарыстаньнем батлейкі, масак і 5 музычных інструмэнтаў — акарыны, гусьляў, дудкі, жалейкі і ліры[8]. На малой сцэне выступіла 7 беларускіх ансамбляў: «Варган», «Гарынь», «Мілавіца», «Мярэжа», «Страла», «Фолькрада» і «Этнасуполка». Кірмаш пашырыўся за кошт гандлю вышыванкамі, мылам ручнога вырабу і посуду. Таксама прадавалі беларускія кнігі і кружэлкі. Каля канцэртнай пляцоўкі разьмясьцілі палявую кухню, на якой сярод іншага гатавалі бліны, мачанку, пірагі, салянку і ячную кашу. Уваход быў бясплатным для дзяцей дашкольнага ўзросту. Школьнікі да 12 гадоў мелі 50%-ю зьніжку на квіток[9].

10 верасьня 2016 году на 8-м фэстывалі выступілі беларуская сьпявачка Рэспубліка Паліна, гурты «Ветах», «Рэлікт» і «Троіца». Замежнымі гасьцямі былі расейская сьпявачка Іна Жаланная, гурты «Оле-Лукое» (Расея) і «Тарута» (Украіна)[10]. Сяргей Доўгушаў прадставіў рэканструкцыю вясельля паводле беларускага народнага абраду. Рэканструкцыя адбылася ў межах прадстаўленьня музычнага зборніка «Песьні і найгрышы вясельля вёскі Лявонпаль і яе навакольляў у запісах Сяргея Панізьніка 1968—1969 гадоў», матэрыял якога быў сабраны ў Мёрскім раёне (Віцебская вобласьць, Беларусь). У ходзе паказу сьпявалі застольныя песьні, навучалі плясаць вальс, кракавяк і польку. Квіток каштаваў 10 рублёў ($5,14), для студэнтаў — 7 рублёў, для школьнікаў — 5. Вольны ўваход прадугледжваўся для дашкольнікаў і наведнікаў у поўных нацыянальных строях, улучна з абуткам і галаўным уборам[11].

За 2009—2016 гады колькасьць наведнікаў фэстывалю «Камяніца» вырасла 6-кратна. У выніку Беларускі дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту за кошт сродкаў, атрыманых ад правядзеньня фэста, здолеў аднавіць 21 помнік архітэктуры. З 2010 году ААТ «Белзьнешэканомбанк» аказвае грашовую падтрымку фэстывалю[3]. 16 верасьня 2017 году на галоўнай сцэне 9-га фэстывалю выступілі беларускія гурты «Варган», «Нагуаль» і «Шаманскія джунглі». На малой сцэне выступілі Патрыцыя Сьвіціна і 3 ансамблі «Гарынь», «Мярэжа» і «Рада». Квіткі прадавалі праз вэб-сайты bycard.by і smsbilet.by[12]. Сяржук Доўгушаў зладзіў «Сьпеўны сход», на якім развучвалі беларускія песьні. Сярод іншых выступілі сьпевакі народных песьняў Фёдар Булыга і Еўдакія Зіновіч. Свае працы паказалі фатографы і мастакі Васіль Пяшкун, Ганна Сілівончык і Алесь Шатэрнік. Замежнымі гасьцямі былі гурты «Тэадор Бастард» (Расея), «Дукс» і «Онука» (Украіна)[13].

1 верасьня 2018 году адбыўся 10-ы юбілейны фэстываль. На галоўнай сцэне выступілі беларускія сьпевакі Зьміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі і Павал Аракелян, гурты «Троіца», «Трольвальд» і «Стары Ольса». Замежнымі гасьцямі былі гурты «Цеста» (Расея) і «Ёрый Клоц» (Украіна). Пагатоў з 11:45 да 22:30 ад станцыі менскага мэтро «Малінаўка» да музэя і назад хадзіў бясплатны фэстывальны аўтобус[14]. Новым каардынатарам фэстывалю выступіў Алег Пашак[15].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Хрысьціна Хілько. 6 ідэяў для восеньскіх вакацыяў // Алеся : часопіс. — Верасень 2016. — № 6. — С. 38-39. — ISSN 0131-8055.
  2. ^ Тарас Тарналицкий. (2015-08-17) Больше, чем просто фолк (рас.). Белорусы и рынокПраверана 2020-04-09 г. Архіўная копія ад 2020-04-09 г.
  3. ^ а б Ларыса Цімошык. «Быць часткай свайго народа» // Літаратура і мастацтва : газэта. — 30 сьнежня 2016. — № 52 (4903). — С. 10. — ISSN 0024-4686.
  4. ^ а б Вольга Чайкоўская. Ідзі, «Камяніца» // Жырандоля. — 31 жніўня 2013. — № 33 (203). — С. 3.
  5. ^ а б Дыяна Серадзюк. «Камяніца»: сьвята, на якім хочацца ўсіх абняць // Зьвязда : газэта. — 10 верасьня 2013. — № 169 (27534). — С. 1, 3. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ VI Фольк-фэст «Камяніца» пройдзе 6 верасьня // Газэта «Зьвязда», 30 жніўня 2014 г. Праверана 7 кастрычніка 2018 г.
  7. ^ На «Камяніцу-2015» прыедуць артысты з Польшчы, Эстоніі і Ўкраіны // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 17 жніўня 2015 г. Архіўная копія ад 17 жніўня 2015 г. Праверана 8 кастрычніка 2018 г.
  8. ^ Госьці фольк-фэстывалю «Камяніца» ўбачаць этнаграфічную містэрыю // БелТА, 25 жніўня 2015 г. Архіўная копія ад 25 жніўня 2015 г. Праверана 8 кастрычніка 2018 г.
  9. ^ Дыяна Серадзюк. Фарбы «Камяніцы» // Ігуменскі тракт. — 8 верасьня 2015. — № 33 (134). — С. 9.
  10. ^ Вікторыя Чаплева. Дзень як песьня // Літаратура і мастацтва : газэта. — 16 верасьня 2016. — № 37 (4888). — С. 1, 15. — ISSN 0024-4686.
  11. ^ Вікторыя Целяшук. Сьпяваць, танчыць, ажаніцца // Зьвязда : газэта. — 2 верасьня 2016. — № 169 (28279). — С. 11. — ISSN 1990-763x.
  12. ^ Дар’я Сьпевак. Раім схадзіць // Газэта «Зьвязда», 9 верасьня 2017 г. Праверана 8 кастрычніка 2018 г.
  13. ^ Марыя Асіпенка. Этна-настрой // Літаратура і мастацтва : газэта. — 22 верасьня 2017. — № 38 (4941). — С. 15. — ISSN 0024-4686.
  14. ^ Фэстываль «Камяніца» запрашае на вялікае сьвята // Газэта «Зьвязда», 30 жніўня 2018 г. Праверана 8 кастрычніка 2018 г.
  15. ^ Вікторыя Целяшук. Юбілей з «Троіцай» // Зьвязда : газэта. — 31 жніўня 2018. — № 167 (28783). — С. 3. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць