Камуністычная партыя Заходняй Беларусі

Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (скарот КПЗБ) — камуністычная партыя ў міжваеннай Польскай Рэспубліцы, якая дзейнічала ў галоўным на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1923—1938 гадах.

Гісторыя рэдагаваць

Заснаваньне партыі рэдагаваць

Устаноўчая канфэрэнцыя КПЗБ адбылася ў кастрычніку 1923 году ў Вільні. У ёй удзельнічалі прадстаўнікі партыйных акруг Заходняй Беларусі — Беластоцкай, Берасьцейскай і Віленскай, а таксама прадстаўнікі Камуністычнай партыі Польшчы. Быў абраны Цэнтральны камітэт і сакратары ЦК — Ёсіф Лагіновіч (Павал Корчык), Стэфан Мертэнс (Скульскі), С. Мілер (Шлемка) і А. Канчэўскі (Владэк)[1]. У 1924 годзе быў створаны Камуністычны Саюз Моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), сакратаром якога стала Вера Харужая.

Партыя выступала за ажыцьцяўленьне сацыялістычнай рэвалюцыі ў Польшчы, за права на самавызначэньне для Заходняй Беларусі, за аб’яднаньне ўсіх беларускіх земляў у адзіную Беларускую савецкую рэспубліку, за ліквідацыю памешчыцкага землеўладаньня і перадачу зямлі сялянам бяз выкупу.

Партызанскі рух рэдагаваць

У 1921—1925 гадах у Заходняй Беларусі дзейнічаў вайсковы ўзброены супраціў польскае ўладзе, накіраваны супраць Польшчы. Партызаны грамілі паліцэйскія пастарункі, палілі памешчыцкія двары, панскія дамы. У 1923 годзе агульная колькасьць ваякаў складала каля 6 тысячаў. У ліку найбольш вядомых кіраўнікоў партызанскіх атрадаў і груп былі Кірыла Арлоўскі, Станіслаў Ваўпшасаў, Васіль Корж, Аляксандар Рабцэвіч, Піліп Яблонскі і інш.[2] Найбольш уплывовымі арганізацыямі ў гэтым руху былі КПЗБ і Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў (БПСР). У сьнежні 1923 году ў кампартыю ўлілася Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), якая вылучылася зь левага крыла БПСР у ліпені 1922 году. Абьяднаньню спрыяла блізкасьць сацыяльнай праграмы КПЗБ і БРА. Абедзьве арганізацыі выступалі за канфіскацыю памешчыцкай зямлі і перадачу яе бяз выкупу сялянам, за 8-гадзінны працоўны дзень і за аб’яднаньне ўсіх беларускіх земляў у працоўна-сялянскую рэспубліку[3].

КПЗБ дзейнічала ва ўмовах глыбокага падпольля. Да пачатку 1930-х гадоў яна налічала 4 000 чалавек. Акрамя таго, каля 3000 чальцоў партыі стала знаходзіліся ў турмах. З 1924 году ў Заходняй Беларусі стала функцыянавала арганізацыя садзейнічаньня рэвалюцыянэрам «Чырвоная дапамога»[4].

На тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічала 7 акруговых і 60 раённых камітэтаў КПЗБ. ЦК КПЗБ выдаваў газэты «Чырвоны сьцяг», «Партпрацаўнік», часопіс «Бальшавік» і іншыя на беларускай мове. На польскай мове выдаваліся газэты «Kujmy broń», «Do Walki», на габрэйскай — «Ройтэ фон»[2].

Да 1925 году партызанскі рух пайшоў на спад. Адным з чыньнікаў быў тэрор польскага ўрада. У красавіку 1925 году ў адным з ваяводзтваў «было арыштавана 1400 падпольшчыкаў, партызан і іх памагатых». Зь іншага боку дзеяньні заходнебеларускіх партызан не былі ўвязаныя зь дзейнасьцю Польскай кампартыі. У траўні-чэрвені гэтага жа году кіраўніцтва КПЗБ вырашае адмовіцца ад партызанскай тактыкі, а партызанскія атрады расфармоўваюцца[1].

Грамада рэдагаваць

У лістападзе 1922 году ў Польшчы адбыліся выбары ў Сойм Польшчы. Блёк нацыянальных меншасьцяў (БНМ) атрымаў на іх 87 месцаў у Сойме і 25 месцаў у Сэнаце, стаўшы другой паводле колькасьці месцаў палітычнай партыяй пасьля Народна-нацыянальнага зьвяза. У складзе БНМ у Сойм і Сэнат трапілі адпаведна 11 і 3 пасла-беларуса, якія стварылі ў Сойме свой гурток — Беларускі пасольскі клюб (БПК). У чэрвені 1925 году левая гурток БПК, і ў яе ліку Браніслаў Тарашкевіч, стала ініцыятарам стварэньня Беларускай сялянска-работніцкае Грамады. Грамада ў кароткі час вырасла ў самую буйную рэвалюцыйна-дэмакратычную арганізацыю ў Эўропе. Налічаючы, па розных ацэнках, ад 100 да 150 тысячаў гарамадоўцаў, яна да пачатку 1927 году фактычна ўсталявала кантроль над шматлікімі раёнамі краю[5].

З 1926 па 1938 гады ў Горадні «грамадоўцы» заснавалі сваю друкарню[6]. Пасьля прыпыненьня дзейнасьці БСРГ у 1927 годзе друкарню выкарыстоўвалі тайна для цісьненьня лістоў для КПЗБ.

Друкарню наладзіў М. Ш. Жукоўскі-Зыльбэр[a]. Яна была ў гарадзенскім замосьці на вуліцы Ласасянская, дом 48 (зараз тая вуліца называецца вуліца Савецкіх Пагранічнікаў), у падпольлі дому І. І. Пата (дом не захаваўся)[7]. Самі словы для лістоў прывозілі зь Вільні, Беластоку. Паперы і чарнілы знаходзілі ў Горадні. Першыя ўлёткі пачалі ціснуць у верасьні 1926 году. Іх раскідвалі ў Горадні й яе ваколіцах. Былі выпадкі раздачы ўлётак па ўсёй Польшчы. Друкарня рабіла да 1938 году. У 1930 годзе член КПЗБ В. Станкевіч стварыў друкарню для КПЗБ. Яна былі ў доме Лапіна, а ён быў уласьнікам Гарадзенскае літаграфіі і фабрыкі забаўляльных картаў на вуліцы Будзённага. З-за адсутнасьці пячатных знакаў словы для ўлётак пісалі рукамі на «аснове» і далей тую «аснову» ціснулі на паперы. Чарнілы сохлі і ўлётка была гатовая.

Кампартыя Заходняй Беларусі грала ў Грамадзе вельмі важную ролю. Цэнтральны орган Грамады газэту «Беларуская ніва» фактычна рэдагаваў сябар КПЗБ Янка Бабровіч. Прынятая ў траўні 1926 году праграма Грамады патрабавала канфіскацыі памешчыцкіх земляў і падзелу іх паміж безьзямельнымі сялянамі, стварэньне працоўна-сялянскага ўрада і ўсталяваньня дэмакратычных воляў, самавызначэньня Заходняй Беларусі і г. д.[8]

У ноч з 14 на 15 студзеня 1927 году пачаліся масавыя ператрусы і арышты. Бяз згоды сойма былі арыштаваныя кіраўнікі Грамады — дэпутаты Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Павал Валошын і інш. 21 сакавіка Грамада была забароненая[8].

Па лініі Камінтэрна рэдагаваць

У пачатку 1930-х гадоў КПП і КПЗБ дзейнічаюць паводле лініі «трэцяга пэрыяду» Камінтэрну, а з другой паловы 1930-х гадоў пераходзяць да тактыкі народных франтоў[9]. Другі зьезд КПЗБ у траўні 1935 году вызначыў умовы стварэньня народнага фронту: адмена рэакцыйнай канстытуцыі, усталяваньне дэмакратычных воляў, бясплатнае забесьпячэньне сялянаў зямлёй, увядзеньне 8-гадзіннага працоўнага дня і ліквідацыя канцлягеру ў Бярозе-Картускай. У 1936 годзе кампартыя складае дамову аб сумесных дзеяньнях з арганізацыяй «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя»[3].

Адначасова з гэтым разгортваліся рэпрэсіі ў Савецкім Саюзе, якія кранулі ў тым ліку і чальцоў заходнебеларускай Кампартыі. У 1938 годзе паводле рашэньня Выканкаму Камінтэрну Камуністычная партыя Польшчы і яе аўтаномныя арганізацыі — Камуністычныя партыі Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі — былі распушчаныя[9].

Моладзь рэдагаваць

КПЗБ мела сваю галіну для заняткаў з маладымі людзьмі. Яна мела назву Камуністычны саюз моладзі Заходняе Беларусі, або коратка — КСМЗБ. Вальная колькасьць КСМЗБ невядомая, бо ён быў забаронены і ня меў агульна прызананае польскаю дзяржаваю ўстановы.

Глядзіце таксама рэдагаваць

Заўвагі рэдагаваць

  1. ^ Па-расейску: «М. Ш. Жуковский-Зильбер».

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б С. А. Ваупшасов. На тревожных перекрестках (рас.)
  2. ^ а б Нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі. Гісторыя Беларусі (XX — пачатак XXI стагодзьдзя) (рас.)
  3. ^ а б Грамадзка-палітычны рух Заходняй Беларусі (рас.)
  4. ^ Т. А. Лугачева. Международная организация помощи революционерам в Западной Белоруссии (1923—1939) (рас.)
  5. ^ О. Кореневская. Особенности Западнобелорусского возрождения (на примере периодической печати) (рас.)
  6. ^ І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. «Гродно. Энциклопедический справочник.». — Менск: «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1989. — С. 336 — 337. — 427 с. — 60 000 ас.
  7. ^ І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. «Гродно. Энциклопедический справочник.». — Менск: «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1989. — С. 336 — 337. — 389 с. — 60 000 ас.
  8. ^ а б Нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі. Гісторыя Беларусі (XX — пачатак XXI стагодзьдзя) (рас.)
  9. ^ а б В. З. Роговин. Партия расстрелянных (рас.)