Калмы́цкая мова (саманазва: хальмг келн) — мангольская мова, на якой размаўляе заходнемангольскі (айрацкі) народ калмыкі. Распаўсюджаная на поўдні эўрапейскае часткі Расеі, у рэспубліцы Калмыкія.

Калмыцкая мова
хальмг келн
Ужываецца ў Расеі
Рэгіён Рэспубліка Калмыкія (Расея)
Колькасьць карыстальнікаў 80 546 чал.
(перапіс насельніцтва Расеі 2010 р.)[1]
Клясыфікацыя Алтайскія мовы
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Калмыкіі (Расея)
Статус: 2 Правінцыйны[d][2]
Пісьмо кірыліца, лацінскае пісьмо і тода-бічыг[d]
Коды мовы
ISO 639-2(Б) xal
ISO 639-2(Т) xal
ISO 639-3 xal

Разам з калмыцкай мовай існуе блізкароднасная айрацкая мова, якую выкарыстоўвае айрацкае насельніцтва захаду Кітаю (Сіньцзян-Уйгурскі аўтаномны раён, Цынхай) і заходняе Манголіі (аймакі Хоўд і Уўс). Паводле некаторых дасьледнікаў гэтыя дзьве мовы могуць аб'ядноўвацца ў адну і лчыцца двума яе роўнапраўнымі дыялектамі, між тым навукова пацьверджаныя зьвесткі наконт гэтага адсутнічаюць. Іншымі навукоўцамі можа лічыцца літаратурнай формай таргуцкага дыялекту айрацкае мовы.

Нягледзячы на ўжываньне рознае пісьмовасьці і працяглую геаграфічную адасобленасьць, размоўная калмыцкая ды айрацкая мовы зьяўляюцца практычна тоеснымі.

Носьбіты рэдагаваць

Паводле зьвестак ЮНЭСКО калмыцкая мова мае некаторую бясьпеку зьнікненьня[3]. Гэта зьвязана зь пераходам калмыкаў на расейскую мову, што ў сваю чаргу ўзьнікла праз вынікі дэпартацыі калмыкаў у 1943-1957 гадох. У часе прыкладна 1970-1980 гадоў калмыцкая мова стала паступова выціскацца зь местаў і ператварацца ў анкляўную мову, захоўваючыся толькі ў вёсках зь пераважна калмыцкім насельніцтвам. Насельніцтва места Эліста (адміністрацыйны цэнтар Калмыкіі) дзіцячага ўзросту збольшага не валодае калмыцкай мовай. ЮНЭСКО адзначае, што ўсе носьбіты мовы зьяўляюцца білінгвамі, ведаючы таксама і расейскую мову. Колькасьць носьбітаў мовы скарачаецца: так, прыкладам, паводле зьвестак перапісу насельніцтва ў Расеі 2010 року веданьне мовы адзначыла 80 546 чалавек, тады як паводле перапісу 2002 году такая колькасьць складала 153 602 чалавекі[4]. Для параўнаньня, колькасьць калмыкаў паводле перапісу 2010 року склала 183 372 чалавекі.

У Калмыкіі дзейнічае 4 нацыянальных дзіцячых садкі, 10 нацыянальных школаў ды гімназіяў, у якіх да восьмае клясы калмыцкая мова выкладаецца 4 гадзіны на тыдзень, пасьля — 3. У Цэнтральным хуруле дзецнічаюць бясплатныя курсы па авалоданьні калмыцкай мовай, дзейнічае «Айрацкі клюб», мэтаю якога зьяўляецца падтрымка размоўнага асяродзьдзя калмыцкае мовы, існуюць курсы калмыцкае мовы ў інтэрнэце. Дзейнічае арганізацыя «Иткл», якая імкнецца да адраджэньня мовы. 5 верасьня ў Калмыкіі адзначаецца Дзень нацыянальнае пісьмовасьці, задача якога — захаваньне й падтрымка калмыцкага нацыянальнага маўленьня[5].

Асноўная характарыстыка рэдагаваць

Зь лінгвістычнага гледжаньня калмыцкая мова можа разглядацца ў якасьці аднаго з варыянтаў айрацкае мовы. Калмыцкая мова зьяўляецца вельмі блізкай да айрацкай у пляне фанэтыкі і марфалёгіі. Асноўныя адрозьненьні таксама вылучаюцца ў сфэры лексыкі з прычыны таго, што калмыцкая мова гістарычна ўвабрала ў сябе шэраг словаў зь цюрскіх і расейскай моваў.

Калмыцкая мова характарызуецца таксама адрозьненьня словаў паводле роду.

Марфалёгія рэдагаваць

У калмыцкай мове, як і ў іншых мангольскіх мовах, формаўтварэньне адбываецца шляхам пасьлядоўнага далучэньня да каранёў словаўтваральных ды словазьмяняльных афіксаў. Кожны афікс у вытворным слове захоўвае сваю самастойнасьць і мае толькі ўласьцівае яму значэньне. Для калмыцкае мовы не ўласьцівае прэфіксальнае словаўтварэньне.

Словы ў калмыцкай мове падзяляюцца на першасныя, вытворныя і складаныя. Першасныя словы складаюцца толькі з каранёў і збольшага зьяўляюцца аднаскладанымі або двускладанымі (напрыклад, кө (па-беларуску: «сажа»), ке (па-беларуску: «прыгожы»)).

Вытворныя словы ўтвараюцца дзякуючы далучэньню да асноваў ці каранёў разнастайных афіксаў (напрыклад, ном-т-нр (па-беларуску: «навукоўцы»), көдл-мш (па-беларуску: «праца»)).

Складаныя словы прадстаўляюцца трыма групамі: зьлітныя, парныя ды складанаскарочаныя. Зьлітныя ўтвараюцца складаньнем двух словаў у адно лексычнае цэлае (напрыклад, эндрпа-беларуску: «гэты дзень», ад «эн өдр»). Парныя словы падзяляюцца два віды — уласнапарныя (утвараюцца падваеньнем дзьвюх розных асноваў) і парна-паўторныя (утвараюцца рэдуплікацыяй словаў, напрыклад, дәкн-дәкн — «зноў-зноў»). Складанаскарочаныя словы ўзьніклі дзякуючы расейскай мове і маюць паралелі таксама і ў беларускай мове (напрыклад, совхоз, профсоюз).

Часткі мовы характарызуюцца падзелам лексыкі на дзьве групы: знамянальныя ды службовыя, што тлумачыцца асаблівымі лексыка-граматычнымізначэньнямі, марфалягічнымі асаблівасьцямі і сынтаксічнымі функцыямі. Да знамянальных адносяцца словы, што маюць лексычна самастойнае значэньне і зьяўляюцца пазначэньнямі прадмэтаў, зьяваў, паняцьцяў, якасьцяў, уласьцівасьцяў, дзеяньняў, колькасьці і г.д. і ўтвараюць назоўнікі, займеньнікі, лічэбнікі, прыслоўі ды дзеясловы (напрыклад, һар (па-беларуску: «рука»), шуурһн (па-беларуску: «завея»)). Да катэгорыі службовых словаў адносяцца тыя, якія ня маюць лексычна самастойнае значэньне і служаць вызначэньнямі сувязяў і дачыненьняў між словамі ў сыстэме сказаў (напрыклад, пасьлялогі, злучнікі, часьціцы, выклічнікі).

Фанэтыка рэдагаваць

  • Галосныя:

У калмыцкай мове існуюць літары ә, ө, ү, җ, ң, һ, якімі пазначаюцца гукі, адсутныя як у геаграфічна блізкай расейскай, так і ў беларускай мовах. Яны ўжываюцца ва ўласна калмыцкіх словах і фанэтычна прыстасаваных запазычаньнях. Серад галосных гукаў сустракаюцца таксама адрозьненьне паміж кароткімі і падоўжанымі, падоўжаныя галосныя на пісьмовасьці пазначаюцца падваеньнем літары (у пазыцыі першага складу, у астатніх падоўжанасьць галоснага ня ўказваецца). Адрозьненьне паміж кароткасьцю і падоўжанасьцю мае сэнсаадрозную функцыю: напрыклад, шаах — «калоць» і шах — «прыцісьні». Падоўжаная галосная няпершага складу можа пазначацца звычайнай адзінарнай літарай (напрыклад, цаһан (па-беларуску: «белы»)) з тае прычыны, што кароткія галосныя няпершага складу (г.зв. няясныя галосныя) не пазначаюцца на пісьмовасьці ўвогуле.

Галосныя калмыцкае мовы падзяляюцца на тры групы па крытэры ступені ўздыму (шырокія ды вузкія), палажэньня языка (пярэднія, заднія, індыфэрэнтныя), ступені ўдзелу вуснаў (вуснавыя ды нявуснавыя).

  • Зычныя:

У калмыцкай мове налічваецца агулам 27 зычных гукаў, зь іх тры (пазначаюцца літарамі ж, ф, щ) выкарыстоўваюцца ў запазычаньнях з расейскае мовы. Фанэмы, што пазначаюцца літарамі в, л, п, р, не сустракаюцца ў пачатку слова, некаторыя словы, у якіх яны ўсё ж прысутнічаюць, зьяўляюцца запазычаньнямі з тыбэцкае мовы, санскрыту і расейскай мовы.

Зычныя гукі калмыцкае мовы падзяляюцца паводле месца ўтварэньня (вуснавыя, вусна-зубныя, пярэднеязычныя, адзін сярэднеязычны (й), заднеязычныя ды ўвулярныя) і спосабу ўтварэньня (санорныя і змычныя).

У мове прысутнічае зьява гармоніі галосных. Яна ўзгадняе галосныя гукі ў каранёх і суфіксах словаў.

Пісьмовасьць рэдагаваць

Айрацкая літаратурная традыцыя ўзыходзіць да ХІ стстагодзьдзя, калі ў мове пачала выкарыстоўвацца стараўйгурская пісьмовасьць. У XVII стагодзьдзі калмыцкім будысцкім манахам Заям Пандзітам была распрацаваная пісьмовасьць, якая атрымала назву тода бічыг (па-калмыцку: Тод бичг, па-мангольску: Тод бичиг).

У 1924 годзе ў калмыцкай мове пачаў выкарыстоўвацца кірылічны альфабэт, у 1930 годзе — лацінскі, які ў 1938 року быў заменены на кірыліцу.

Сучасны калмыцкі альфабэт калмыкаў Расеі:

А а Ә ә Б б В в Г г Һ һ Д д Е е Ё ё
Ж ж Җ җ З з И и Й й К к Л л М м Н н
Ң ң О о Ө ө П п Р р С с Т т У у Ү ү
Ф ф Х х Ц ц Ч ч Ш ш Щ щ Ъ ъ Ы ы Ь ь
Э э Ю ю Я я

Гукі, што пазначаюцца літарамі (тлумачэньне паводле міжнароднага фанэтычнага альфабэту):

Літара МФА Літара МФА
Аа a Оо ɔ
Әә æ Өө o
Бб p, pʲ Пп (, pʲʰ)
Вв w, wʲ Рр r, rʲ
Гг ɡ, ɡʲ, ɢ Сс s
Һһ h Тт , tʲʰ
Дд t, tʲ Уу ʊ
Ее je Үү u
Ёё Фф (f)
Жж Хх x, xʲ
Җҗ Цц tsʰ
Зз ts Чч tʃʰ
Ии i Шш ʃ
Йй j Щщ (stʃ)
Кк (k, kʲ) Ыы i
Лл ɮ, ɮʲ Ьь ʲ
Мм m, mʲ Ээ e
Нн n, nʲ Юю
Ңң ŋ Яя ja

Дыялекты рэдагаваць

Мова паволскіх (прыволскіх) калмыкаў падзяляецца на наступныя дыялекты[6]:

  • Таргуцкі
    • Арэнбурская гаворка
    • Уральская гаворка
    • Касьпійская гаворка
    • Волская гаворка
    • Хашуцкая гаворка
    • Ікіцахураўская гаворка
  • Дзярбецкі дыялект
    • Бага-дзярбецкая гаворка
    • Ікі-дзярбецкая гаворка
  • Бузаўскі (донскіх калмыкаў)

Крыніцы рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць