Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады

Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады (ККБК) — беларуская нацыянальная арганізацыя на эміграцыі.

Створаная 16 студзеня 1966 году ў Таронта. Заснавальнікі — Згуртаваньне беларусаў Канады, Беларускае нацыянальнае аб’яднаньне, Беларуская самапомач (г. Атава). З 1971 году да ККБК далучыліся Саюз беларускай моладзі Канады і Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе, пазьней Згуртаваньне беларусаў Квэбэку, Беларускі клюб у Брытанскай Калюмбіі, парафія сьв. Кірылы Тураўскага ў Таронта.

У розны час ККБК узначальвалі Вінцэнт Жук-Грышкевіч (1966—1969), Я. Пітушка (1969—1970), Барыс Рагуля (1970—1989), пасьля Раіса Жук-Грышкевіч, цяпер Руслан Качаткоў[1]. Кіруючы орган — выканаўчы камітэт.

Асноўныя кірункі дзейнасьці — каардынацыя дзейнасьці беларускіх арганізацыяў у Канадзе, зьнешняе нацыянальнае прадстаўніцтва ў канадзкіх дзяржаўных і грамадзкіх установах, супрацоўніцтва з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасьцяў краіны, культурна-асьветніцкая праца, дапамога новым беларускім эмігрантам, ахвярам Чарнобыльскай катастрофы і іншае.

Па ініцыятыве ККБК з 1970 у Канадзе штогод афіцыйна адзначаецца Дзень незалежнасьці Беларусі (25 сакавіка), з 1979 году беларусы вылучаныя самастойнай этнічнай групай, а беларускую мову перасталі лічыць дыялектам расейскай. Намаганьнямі ККБК у 1989 заснаваны Канадзкі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. У 1973 годзе пры ККБК заснаваны выдавецкі фонд, які пры падтрымцы Фонду беларускіх падручнікаў і субсыдыі Фэдэральнага ўраду выдаў ангельскамоўны падручнік Пашкевіча «Беларуская мова» (том 1 і 2, 1974—1978). ККБК аказаў фінансавую дапамогу пры выданьні кнігі «Курапаты» (Нью-Ёрк, 1993).

Крыніцы рэдагаваць