«Змага́рныя даро́гі» — раман Кастуся Акулы 1960 году, упершыню выдадзены ў Канадзе ў 1962 годзе беларускім клясычным правапісам[1].

«Змагарныя дарогі»
Жанр: раман
Аўтар: Кастусь Акула
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 1959—1960 гады
Публікацыя: 1962 год
Асобнае выданьне: 1962 год
Выдавецтва: «Мастацкая літаратура» (1994)
Сэрыя: Галасы беларускага замежжа (1994)
Колькасьць старонак: 586
Ілюстратар: М. Рачынскі
Афармленьне: Станіслаў Станкевіч
Носьбіт: кніга
Наступны твор: «Дзярлівая птушка» (1965)
ISBN: 5-340-01458-4
Электронная вэрсія

Эпіграфам да раману служыць верш Уладзімера Жылкі «Меч». Падзеі твору адбываюцца ў 8 краінах Эўропы — Беларусі, Летуве, Польшчы, Нямеччыне, Францыі, Італіі, Швайцарыі і Ангельшчыне[2]. У 1994 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» перавыдала яго ў Беларусі накладам 6000 асобнікаў, якія раскупілі за пару месяцаў[3]. У 1995 годзе Беларускі ПЭН-цэнтар узнагародзіў Кастуся Акулу за раман Прэміяй імя Францішка Багушэвіча[4]. У сьнежні 2000 году рэдакцыя газэты «Наша ніва» ўлучыла раман «Змагарныя дарогі» ў 100 найлепшых беларускіх кніг ХХ стагодзьдзя на падставе чытацкага апытаньня цягам году[5]. У 2005 годзе выдавецва «Логвінаў» зноў перавадала раман у зборніку выбраных твораў «Россыпы»[6].

Дзея рэдагаваць

Ва ўводнай частцы «Гітлераўская акупацыя Беларусі» апісваецца падзел захопленай краіны, праца беларускіх настаўнікаў, а таксама беларускія аб’яднаньні і вайсковыя фармаваньні. Гітлераўскі і сталінскі таталітарныя рэжымы параўноўваюцца з вобразнымі пачварамі Сцылай і Харыбдай, ад якіх церпяць людзі. Улетку 1944 году адбываецца эвакуацыя Менскай школы камандзіраў БКА разам з Сымонам Спарышам і ягонымі сябрамі Віктарам Караткевічам і Кастусём Дзежкам. У назвах 3-х асноўных частак раману пазначаецца маршрут постацяў: 1) «Менск — АльткірхМарсэль», 2) «Бэрлін — ЦьвізэльНэапальБалёньня», 3) «Балёньня — Лёндан». У разьдзелах «Беларуская цэнтральная рада ў Бэрліне. Генэрал Езавітаў, Астроўскі й Шувалаў», «Загуба генэрала Езавітава» і «Дывізія «Беларусь» пераходзіць да амэрыканцаў» падзеі згадваюцца паводле дакумэнтаў. У якасьці постацяў выступаюць кіраўнік Беларускай самапомачы Іван Ермачэнка і камандзір Беларускай краёвай абароны Францішак Кушаль. Таксама згадваецца намесьнік кіраўніка БКА капітан Віталь Мікула, які загінуў у газавым крэматорыі Дахаў[7].

У якасьці адмоўнай постаці прыводзіцца былы школьны вартаўнік з Каралеўшчыны Вітвіцкі, які ў зялёным мундзіры ўрадніка расстрэльваў жыдоў на вуліцах Глыбокага. Таксама згадваецца начальнік паліцыі раённага мястэчка лейтэнант Сьцервін, які абвяшчаў камуністамі людзей, каб прысабечыць іх набытак[7].

У Францыі беларускія жаўнеры адмаўляюцца ваяваць супраць мясцовых макісаў, на бок якіх пераходзяць. Затым Сымон Спарыш служыць 2-м Польскім корпусе брытанскага войска на італьянскім фронце. Па вайне Сымон Спарыш навучаецца ў Школе падхаронжых панцырнай зброі з князем Юрыем Радзівілам (зь якім навучаўся аўтар). Аднойчы Спарыш натхнёна чытае эмігранцкую газэту «Беларускія навіны». Узімку 1947 году ў Лёндане Сымон Спарыш сустракаецца зь сябрамі на 1-м Зьезьдзе беларусаў Вялікае Брытаніі[7].

Крытыка рэдагаваць

У 1990-я гады ў газэце «Свабода» Сяргей Лотва згадаў раман у нататцы «Паміж Курапатамі і Хатыньню» словамі: «паміж безьлічы бэсэсэраўскіх выданьняў аб Вялікай Айчыннай – гэты твор, падобна, адзіны, які можна ўважаць Беларускаю кнігаю пра ІІ сусьветную вайну»[8].

Выданьні рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Ян Максімюк. Згадка пра Кастуся Акулу // Радыё «Свабода», 21 лістапада 2015 г. Праверана 22 студзеня 2021 г.
  2. ^ Альгерд Бахарэвіч. Свая вайна // Радыё «Свабода», 6 ліпеня 2012 г. Праверана 22 студзеня 2021 г.
  3. ^ Сяргей Макарэвіч. Кастусь Акула // Да гісторыі беларускай дыяспары: матэрыялы конкурсу маладых навукоўцаў «Беларускай дыяспары прысьвячаецца». Сш. 1 / рэд. Натальля Гардзіенка. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2005. — 72 с.
  4. ^ Прэмія імя Францішка Багушэвіча // Беларускі ПЭН-цэнтар, 2021 г. Праверана 22 студзеня 2021 г.
  5. ^ Сто беларускіх кніг ХХ стагодзьдзя // Наша ніва : газэта. — 11 сьнежня 2000. — № 50 (207). — С. 1. — ISSN 1819-1614.
  6. ^ Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды: Кастусь Акула // Радыё «Свабода», 26 студзеня 2012 г. Праверана 22 студзеня 2021 г.
  7. ^ а б в Уладзімер Арлоў. Птушатнік зь Верацеяў // Россыпы / Кастусь Акула. — Менск: Логвінаў, 2005. — С. 3—16. — 624 с. — 500 ас. — ISBN 985-11-0144-3
  8. ^ Вольга Іпатава. На дарогах змаганьня // Культура, нацыя : часопіс. — Сьнежань 2015. — № 12. — С. 69-78.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць