Зецельская гаворка

Зецельская гаворка — вымерлая гаворка летувіскае мовы, арэал якой разьмяшчаецца на захадзе сучаснае Беларусі.

Зецельская гаворка
Ужываецца ў Беларусі
Рэгіён Панямоньне
Колькасьць карыстальнікаў няма
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям'я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў
Дапаможная мова ў
Коды мовы
ISO 639-1
ISO 639-2(Б)
ISO 639-2(Т)

Прылічваецца да дробных гаворак летувіскае мовы, якія ў арэальным дачыненьні ёсьць лучнасьцю астраўных гаворак гэтае мовы, аточаных арэалам беларускае мовы й пашыраных вакол места Зьдзецелу каля беларуска-летувіскае граніцы[1][2]. У летуваністыцы арэал зецельскае гаворкі вядомы пад назваю Зэтэла.

Назва рэдагаваць

Сучасная назва гаворкі ўтваралася ад места Зьдзецелу (лет. Zietela). Тым часам фальклярыст і этнограф Міхал Федароўскі (1853—1923) засьведчыў пра Слонімскі павет Гарадзенскай губэрні (куды на час дасьледаваньня уваходзіў Зьдзецел з ваколіцамі): «называе люд [беларускі]: сябе — ліцьвінамі, жмудзінаў — гіргатунамі»[3].

Асноўныя зьвесткі рэдагаваць

Арэал гаворкі — найбольш аддалены ад асноўнага арэалу летувіскае мовы астраўны арэалам у параўнаньні зь іншымі падобнымі арэаламі летувіскае мовы на паўночным захадзе Беларусі й на поўначы Польшчы. Арэал зецельскае гаворкі месьціцца прыкладна за 50 км на поўдзень ад Ліды.

Паводле дасьледаваньняў Т. Суднік, станам на 1975 год захоўвалася каля 30 носьбітаў зецельскае гаворкі, якія жылі ў двух населеных пунктах сучаснага Зьдзецельскага раёну Гарадзенскае вобласьці, у вёсках Погірах й Засецьці[2]. У 1988 годзе памёр апошні вядомы носьбіт гаворкі[4].

У генэтычным дачыненьні зецельская гаворка належыць да аднаго з дыялектаў летувіскае мовы, спалучаючы ў сабе, між іншым, ня толькі ўсходнебалтыйскія, але й заходнебалтыйскія рысы[5]. А. Відугірыс адзначаў асаблівасьці зецельскае гаворкі, якія збліжаюць яе з арэалам заходніх «аўкштайтаў», меркаваныя продкі якіх (яцьвягі-дайнава) у старажытныя часы жылі ў тым ліку на тэрыторыях, заселеных цяпер паўднёвымі аўкштайтамі[6]. Арэалы летувіскае мовы паблізу Зьдзецелу й Засецьця прылічваюць да заходнеаўкштайцкіх гаворак і іншыя мовазнаўцы[7].

Гісторыя рэдагаваць

Паходжаньне продкаў носьбітаў зецельскае гаворкі звычайна ня зьвязваецца беспасярэдне з этнічнымі летувісамі, гісторыкі высоўваюць розныя пункты гледжаньня датычна іх этнагенэзу.

На думку некаторых дасьледнікаў, у часы Кіеўскае Русі мяжа аўкштайцкага й усходнеславянскага этнічных арэалаў праходзіла прыкладна на паўночным захадзе сучаснае Беларусі. Пазьней адзначалася параўнальна актыўная ўзаемная калянізацыя гэтага памежжа як балтамі, так і славянамі, прытым іх нельга блытаць з пазьнейшымі, гістарычна засьведчанымі адзінкавымі выпадкамі перасяленьня сфармаванага ўжо як летувіскага балтыйскага насельніцтва ўглыб этнаграфічнай Беларусі (напрыклад, «летувіскім» часам называюць мястэчка Абольцы сучаснага Талачынскага раёну, што аспрэчвалася Ежы Ахманскім, паводле якога летувісы Абольцаў — аўтахтоннае насельніцтва, што, аднак, немажліва праз тое, што летувіскі этнас сфармаваўся як асобны ўжо па славянскай калянізацыі Беларусі, што, адпаведна, ішло на тэрыторыі ў асноўным цяперашняй Летувы).

Першы дасьледнік гаворкі Э. Вольтэр лічыў носьбітаў гаворкі нашчадкамі прусаў, якія былі пасаджаныя Трайдзенем у навакольлях Слоніму. У сваіх дасьледаваньнях Вольтэр засноўваўся на тэкстах Іпацьеўскага летапісу, у якіх утрымліваюцца пэўныя заходнебалтыйскія рэлікты[8]. Пазьнейшыя дасьледаваньні, як правіла, мадыфікавалі гэтую гіпотэзу або прымалі яе (высоўваліся здагадкі пра тое, што балты Трайдзеня напраўду былі яцьвягамі).

Гэтае думкі прытрымліваліся перадусім такія гісторыкі, як А. Непакупны, Я. Атрэмбскі, Е. Ахманьскі, У. Сьвяжынскі й А. Квяткоўская. Аспрэчвалася А. Кібінем, які меркаваў, што інтэрпрэтацыя трайдзеневых балтаў як прусаў або яцьвягаў засноўваецца на няправільным разуменьні летапіснага артыкулу 1276 году, дзе ўпамінаецца пра захоп галіцка-валынскім аддзелам прускіх пасяленцаў, адпраўленых у Слонім[5].

На думку іншага дасьледніка гаворкі А. Відугірыса, носьбіты зецельскае гаворкі ёсьць нашчадкамі аўтахтоннага яцьвяскага насельніцтва рэгіёну, аднак супраць гэтае гіпотэзы сьведчаць брак на левабярэжжы Нёману (дзе знаходзіцца Зьдзецельскі раён) яцьвяскіх каменных курганоў другой паловы І тыс. н.э. і адначаснае бытаваньне ў гэтых мясьцінах славянскіх помнікаў Х—ХІ стагодзьдзяў. Падсумоўваючы, А. Кібінь прыходзіць да высновы, што продкі носьбітаў зецельскае гаворкі зьявіліся на левабярэжжы Нёману ў ХІ ст., што пацьвярджаецца пажарамі й абарончымі працэсамі на славянскіх паселішчах[9] і ўзьвядзеньнем каменных курганоў на тагачасным левабярэжжы (уласьцівыя заходнім балтам), якія, сваім парадкам, ёсьць сьведчаньнямі міграцыі яцьвягаў з правага берагу Нёману на левы[5].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Zinkievičius, 1966.
  2. ^ а б Судник, 1975.
  3. ^ Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T. 4. — Warszawa, 1935. S. 453.
  4. ^ Vidugiris А. Zietelos šnektos žodynas. — Vilnius, 1998. P. 10.
  5. ^ а б в Кибинь, 2006.
  6. ^ Vidugiris, 1996; Vidugiris, 2004.
  7. ^ Свяжынскі, 2005. С. 60.
  8. ^ Вольтеръ, 1911
  9. ^ Піваварчык, 1999.

Глядзіце таксама рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць

  • Піваварчык С. Да этнічных працэсаў на Панямонні ў раннім сярэднявеччы // Białoruskie Zeszyty Historyczne. — Białystok: 1999. — № 11.
  • Свяжынскі У. Народы і мовы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
  • Vidugiris A. Iš Zietelos ir pietų aukštaičių leksikos sąsajų // Vakarų baltų kalbos ir kultūros reliktai. — Klaipėda: 1996. — С. 82-89.
  • Vidugiris A. Zietelos lietuvių šnekta. — Vilnius: 2004.
  • Zinkievičius Z. Lietuvių dialektologija. — Vilnius: 1966. — С. 25-27.
  • Вольтеръ Э. А. Слѣды древнихъ прусовъ и ихъ языка въ Гродненской губерніи. — Известія Отдѣленія русскаго языка и словесности Императорской Академіи наук. — СпБ.: 1911 Т. XVI.
  • Кибинь А. С. К происхождению зетельского говора. — Э.А. Вольтер и балтистика как комплексная дисциплина. — Спб.: .
  • Судник Т. М. Диалекты литовско-славянского пограничья. Очерки фонологических систем / отв. ред. В. Н. Топоров. — М.: Наука, 1975.