Згуртаваньне беларусаў Канады

Згуртава́ньне белару́саў Кана́ды (ЗБК) — аб’яднаньне прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Канадзе. Паўстала ў 1948[1] годзе ў Таронта.

Мінуўшчына рэдагаваць

ЗБК заснаванае 28 лістапада 1948 году ў Таронта 14-цю новапрыбылымі ў Канаду беларусамі. Ініцыятарам і кіраўніком гэтай групы быў Кастусь Акула.

У сакавіку 1949 праз ЗБК было арганізавана сьвяткаваньня Дня волі, а 28 траўня 1949 у Таронта адбыўся 1-ы Агульны зьезд ЗБК, старшынём Галоўнай управы ЗБК прызначаны Кастусь Акула. Былі заснаваныя аддзелы ЗБК у Таронта, Гамільтане, Лёндане, Атаве, Садбуры і Манрэалі. На 4-м Агульным зьезьдзе ЗБК (травень 1952) большасьць сяброў ЗБК выказала падтрымку Радзе і Ўраду БНР і БАПЦ, меншая частка, якая выказвалася за апалітычнасьць ЗБК, у выніку пакінула зьезд і заснавала Беларускае нацыянальнае аб'яднаньне (БНА), а пры ім царкву Ефрасіньні Полацкай.

У 1951 пры ўнівэрсытэце Таронта дзякуючы ЗБК створаны лектарат беларусазнаўства (праіснаваў да 1953 году, калі яго лектар Вінцэнт Жук-Грышкевіч пераехаў у Мюнхэн для працы ў беларускай рэдакцыі Радыё «Вызваленьне» (цяпер Радыё «Свабода»). У 1952 праз ЗБК арганізаваная 1-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі, у тым жа годзе сябра ЗБК В. Жук-Грышкевіч рэпрэзэнтаваў беларусаў на «Пакс Романа», што адбываўся ў Таронта і Квэбэк-сіці. У 1953 годзе намаганьнямі Вінцэнта Жук-Грышкевіча заснавана каса самапомачы — Belorussian (Toronto) Credit Union Ltd. Улетку 1954 ЗБК набыла дом на Дандас-стрыт, дзе БАПЦ адкрыла царкву Сьв. Кірылы Тураўскага. Але гэты дом мала адпавядаў патрэбам ЗБК, таму ў 1959 годзе быў прададзены (~10 млн. канадзкіх даляраў), і за сумесныя з БАПЦ грошы куплены будынак на Сант-Кларэнс авэню, 524, дзе быў створаны Беларускі рэлігійна-грамадзкі цэнтар у Таронта. Пры старшыні ЗБК Антоне Маркевічу (2-я пал. 1950-х) ЗБК праз Таронтаўскае радыё арганізавала беларускія перадачы. ЗБК адзначаліся ўсе значныя для беларусаў і Беларусі сьвяты і ўгодкі: Дзень беларускага друку, ладзіліся выстаўкі, імпрэзы і чытаньні, у т.л. у супрацоўніцтве зь іншымі беларускімі арганізацыямі Паўночнай Амэрыкі, напрыклад зь Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

У 16 студзеня 1966 году быў заснаваны Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады (ККБК), заснавальнікамі яго былі: Беларуская самапомач у Атаве, БНА, ЗБК, а ў 1967 далучыліся Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе і Саюз моладзі Канады, а ў 1980 годзе Згуртаваньне беларусаў у правінцыі Квэбэк.

У 1967 В. Жук-Грышкевіч прыняў удзел у 2-й Канфэрэнцыі славян Канады, якая адбывалася пры ўнівэрсытэце Атавы, з дакладам "Беларусы і канадзкая статыстыка" ў якім даводзіў, што беларусаў у Канадзе больш за 50 тысячаў і яны мусяць быць адзначаны ў дзяржаўнай статыстыцы. Пасьля гэтай канфэрэнцыі ў супрацоўніцтве з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку быў створаны Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе.

У 1960-я ЗБК удзельнічала ў грамадзкім абмеркаваньні дзяржаўнай моўнай палітыкі распачатым урадам Канады праз Камісію білінгвізму, ад ЗБК прадстаўлены былі два ліста — адзін ад магістра Алеся Грыцука, другі ад доктара Барыса Рагулі. У выніку камісія вырашыла, што Канада краіна двухмоўная і двухкультурная, але гэта было непрымальна для грамадзян Канады розных іншых этнічных прыналежнасьцяў, якія складалі тады каля 40% насельніцтва Канады. Таму ў сьнежні 1968 году пад кіраўніцтвам сэнатара Паўла Юзыка ў Таронта адбылася «Thinkers' Conference» па справе прававога стану культур этнічных груп. На гэтай канфэрэнцыі беларусаў прэзэнтаваў В. Жук-Грышкевіч. Канфэрэнцыя вынесла рэзалюцыю, каб дамагацца прызнаньня Канады краінай двухмоўнай, але шматкультурнай. У выніку ў 1971 годзе ў Канадзе абвешчана палітыка шматкультурнасьці, а ў 1973 годзе створана Кансультатыўная рада па справах шматкультурнасьці, якая складалася са 100 асобаў — прадстаўнікоў розных этнічных груп Канады, якія ўсе былі прызначаныя ўрадам Канады, ад беларусаў была прызначаная Раіса Жук-Грышкевіч (займала пасаду 7 гадоў). Этнічныя арганізацыі былі незадаволены, што сябры Кансультатыўнай рады па справах шматкультурнасьці былі прызначаныя ўрадам, без узгадненьня з этнічнымі арганізацыямі, таму ў 1980 у Атаве заснаваная грамадзкая арганізацыя — Canadian Ethnocultural Council — CEC, што складалася з 36 этнічных арганізацыяў. У арганізацыі СЕС — Канадзкай этнакультурнай рады ад ККБК бралі ўдзел Янка і Івонка Сурвілы, ККБК дагэтуль сябар-заснавальнік СЕС. З часам СЕС замяніла Кансультатыўная рада па справах шматкультурнасьці (СССМ).

У сакавіку 1989 ЗБК праз ККБК арганізаваная 1-я Канфэрэнцыя прадстаўнікоў беларускага грамадзтва Канады, а таксама Канадзкага фонду дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі (арганізатар і старшыня Фонду — Івонка Сурвіла). На ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы ў красавіку 1990 канадзкія ўкраінцы арганізавалі масавую жалобную дэманстрацыю, узяць удзел у якой запрасілі і ККБК, ў часе дэманстрацыі старшыня ККБК выступіў з дакладам «Aftermath of Chernobyl in Belarus».

У 1991 ККБК арганізаваў 2-ю Канфэрэнцыю прадстаўнікоў беларускай абшчыны Канады, атрымаў на яе, як і на папярэднюю дзяржаўны грант. У 1993 годзе ЗБК, як сябра ЗБС «Бацькаўшчына», пад кіраўніцтвам Міколы Ганька арганізавала групавую паездку ў Менск на 1-ы Зьезд беларусаў сьвету. На гэтым Зьезьдзе выступалі з прывітальнымі прамовамі Старшыні ЗБК і ККБК, яны былі абраныя ў Вялікую раду ЗБС «Бацькаўшчына». У траўні 1995 на 2-м Кангрэсе міжнароднай асацыяцыі беларусістаў у Менску як дэлегат прыняла ўдзел Раіса Жук-Грышкевіч з дакладам «Роля беларускай эміграцыі ў Канадзе». У 1996 ЗБК дала даклад на іншую канфэрэнцыю ў Менску, арганізаваную ЗБС «Бацькаўшчына» — «Культура беларускага замежжа — Канада».

Глядзіце таксама рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  1. ^ https://web.archive.org/web/20210303021813/https://www.belarusian.ca/be/belarusians-in-canada/