Захад-2013

сумеснае стратэгічнае вучэньне Ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі, што прайшло 20—26 верасьня 2013 году

«За́хад-2013» — сумеснае стратэгічнае вучэньне Ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі, што прайшло 20—26 верасьня 2013 году.

Беларускія жаўнеры высаджваюцца з карабля на паветранай падушцы (26 верасьня 2013 г., палігон Хмялёўка)

У Беларусі задзейнічалі 6 палігонаў: 3 у Берасьцейскай вобласьці[1] і па адным у Гарадзенскай, Магілёўскай і Менскай абласьцях. У Расеі выкарысталі 2 палігоны Калінінградзкай вобласьці. Асаблівасьцю вучэньня параўнальна з папярэднім «Захад-2009» стаў удзел вайскоўцаў узброеных сілаў Армэніі, Казахстану, Кыргыстану і Таджыкістану ў рамках вучэньня «Узаемадзеяньне-2013» Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня (КСАР) АДКБ. Агульны лік удзельнікаў вучэньня ў Беларусі склаў каля 12 900 вайскоўцаў. Зь іх ад Беларусі было звыш 10 000 жаўнераў, ад Расеі — каля 2500, ад 4 іншых дзяржаваў-удзельніцаў АДКБ — каля 300 чалавек. Задзейнічалі каля 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 70 танкаў. Таксама выкарысталі звыш 50 адзінак артылерыі і РСЗА, звыш 50 верталётаў і самалётаў. У Калінінградзкай вобласьці Расеі задзейнічалі каля 200 вайскоўцаў 103-й мабільнай брыгады (Віцебск) Узброеных сілаў Беларусі. На вучэньні ўпершыню адпрацавалі міжвідавое ўзаемадзеяньне Рэгіянальнай групоўкі войскаў (РГВ) Беларусі і Расеі з прыцягненьнем Вайскова-марскога флёту Расеі[2]. На тэрыторыі Расеі ў вучэньні задзейнічалі звыш 9000 вайскоўцаў, зь іх 200 дэсантнікаў зь Беларусі. У Калінінградзкай вобласьці скарысталі каля 180 адзінак баявой тэхнікі: танкі, самалёты і караблі Балтыйскага флёту[3]. За вучэньнем назіралі вайсковыя аташэ з 20 краінаў[4] і па 2 замежныя назіральнікі ад сумежных Латвіі, Летувы, Польшчы і Ўкраіны[5].

Падрыхтоўка рэдагаваць

23 кастрычніка 2012 году ў Маскве калегія міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі зацьвердзіла задуму беларуска-расейскага стратэгічнага вучэньня «Захад-2013». Міністар абароны Расеі Анатоль Сердзюкоў паведаміў, што вучэньне пройдзе ў верасьні 2013 году ў 2 этапы на палігонах Беларусі і Расеі. Ён згадаў, што разам з Рэгіянальнай групоўкай войскаў (РГВ) Беларусі і Расеі на вучэньні задзейнічаюць Калектыўныя сілы апэратыўнага рэагаваньня (КСАР) АДКБ, у сувязі з чым «на тэрыторыі Беларусі будзе сфармавана камандаваньне КСАР АДКБ»[6]. У сьнежні 2012 году ўрад Беларусі паведаміў дзяржавам, якія падпісалі Венскі дакумэнт «Аб умацаваньні даверу і бясьпекі ў Эўропе» 30 лістапада 2011 году, пра намер правесьці вучэньне «Захад-2013» і запрасіў для назіраньня вайсковых аташэ дыпляматычнага корпусу, акрэдытаваных пры Міністэрстве абароны Беларусі, і наглядальнікаў ад сумежных Латвіі, Летувы, Польшчы і Ўкраіны[7][8]. 21 лютага 2013 году галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Беларусі А. Лукашэнка ўхваліў задуму вучэньня і запатрабаваў прыцягнуць да яго правядзеньня войскі тэрытарыяльнай абароны[9].

11 сакавіка 2013 году Міністэрства абароны Расеі пачало камандна-штабную трэніроўку з галоўнымі органамі вайсковага кіраваньня і вайсковымі акругамі для падрыхтоўкі да вучэньня «Захад-2013»[10]. 21—23 траўня ў Менску адбыўся 2-гі этап сумеснай штабной трэніроўкі Ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі, у ходзе якога распрацавалі плян правядзеньня вучэньня[11]. 27 траўня афіцэры Генштабу Ўзброеных сілаў Расеі прыбылі ў Беларусь для аглядаў мясьцінаў правядзеньня вучэньня, каб вызначыць парадак дзеяньня войскаў[12]. 16—17 ліпеня 2013 году прайшла камандна-штабная трэніроўка з 2-й інжынэрнай брыгадай (в/ч 31802; Менск, вул. Паўлоўскага, д. 58) Беларусі пад кіраўніцтвам начальніка інжынэрных войскаў Андрэя Куракова для падрыхтоўкі да вучэньня «Захад-2013»[13].

28 жніўня 2013 году міністар абароны Беларусі Юры Жадобін паведаміў, што галоўнакамандуючы Ўзброеных сілаў Беларусі А. Лукашэнка зацьвердзіў задуму беларуска-расейскага стратэгічнага вучэньня «Захад-2013» з тэмай «Падрыхтоўка і прымяненьне груповак войскаў у інтарэсах забесьпячэньня ваеннай бясьпекі Саюзнай дзяржавы». Вучэньне прызначылі на 20—26 верасьня 2013 году. У аснову задумы паклалі ўзрастаньне дзейнасьці ўзброеных фармаваньняў міжнародных тэрарыстычных арганізацыяў і найміцкіх арганізацыяў. Бакі проціборства разьмясьцілі ў межах Беларусі і трох прылеглых вобласьцяў Расеі — Бранскай, Смаленскай і Пскоўскай. «Чырвоныя» ўлучалі Беларусь, Расею і 4 іншыя дзяржавы-ўдзельніцы Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы. «Сінія» абазначаліся ў якасьці кааліцыі зацікаўленых дзяржаваў пад умоўнымі назвамі. Прычынай абвастрэньня падавалася імкненьне дамагчыся пагаршэньня грамадзка-палітычнага становішча Беларусі. Паводле сцэнару, урад Расеі і іншыя дзяржавы-ўдзельніцы АДКБ мелі аказаць ураду Беларусі «ў адпаведнасьці зь дзейнай нарматыўна-прававой базай ... палітычную, фінансавую і ваенна-тэхнічную падтрымку». У аснову розыгрышаў тактычных эпізодаў паклалі сумесныя дзеяньні вайсковых частак Беларусі і Расеі, што ўваходзілі ў склад Рэгіянальнай групоўкі войскаў (РГВ). Прадугледжвалася сумесная адпрацоўка аховы і абароны вайсковых аб’ектаў, зьнішчэньня дывэрсійна-выведвальных групаў і ўзброеных фармаваньняў, а таксама пераадоленьня наступстваў тэхнагенных здарэньняў[8].

 
Расейскія танкі страляюць з падрыхтаванай пазыцыі (26 верасьня 2013 г., Калінінградзкая вобласьць)

Для вучэньня органаў вайсковага кіраваньня і войскаў у Беларусі вызначылі 6 палігонаў: Берасьцейскі, Госкі (Гарадзенскі раён), Асіповіцкі (Магілёўская вобласьць), Абуз-Лясноўскі (Лесіна, Баранавіцкі раён), Барысаўскі (Менская вобласьць) і Даманаўскі (Івацэвіцкі раён). У Расеі задзейнічалі 2 палігоны Калінінградзкай вобласьці — Хмялёўка і Праўдзінскі. Падчас вучэньня вырашылі адпрацаваць прыкрыцьцё дзяржаўнай мяжы і падтрымку рэжыму надзвычайнага становішча ў памежным раёне, проціпадрыўную барацьбу, а таксама пошук, блякаваньне і зьнішчэньне выяўленых дывэрсійна-выведвальных групаў і ўзброеных фармаваньняў праціўніка. Урэшце прадугледжвалася супрацьпаветранае прыкрыцьцё пунктаў кіраваньня і вайсковых аб’ектаў, паветранае прыкрыцьцё манэўру вайсковых частак і тактычнае вучэньне з падразьдзяленьнямі ракетных войскаў і артылерыі. Правядзеньне вучэньня сплянавалі ў 2 этапы: 1) Аб’яднанае камандаваньне РГВ кіруе разгортваньнем войскаў, ізаляваньнем раёнаў дзеяньня ўзброеных фармаваньняў праціўніка і нарошчваньнем групоўкі вайсковы-паветраных сілаў і супрацьпаветранай абароны для прыкрыцьця дзяржаўных і вайсковых аб’ектаў; 2) стабілізаваньне становішча для забесьпячэньня ваеннай бясьпекі. Прадугледжваўся таксама ўдзел вайскоўцаў Армэніі, Казахстану, Кыргыстану і Таджыкістану. Агульная колькасьць асабовага складу мела скласьці каля 12 900 чалавек. Каля 200 вайскоўцаў 103-й асобнай мабільнай брыгады (Віцебск) накіраваныя на вучэньне на расейскай тэрыторыі. У вучэньні мелі задзейнічаць каля 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 70 танкаў. Таксама прадугледжвалася выкарыстаць звыш 50 адзінак артылерыі і рэактыўных сыстэмаў залпавага агню (РСЗА), звыш 50 самалётаў і верталётаў. На палігонах мелі выпрабаваць шэраг узораў досьледнай зброі.

3 верасьня 2013 году на станцыю Азярышча на ўсходзе Менску прыбыў 1-ы эшалён з вайскоўцамі і вайсковай тэхнікай Узброеных сілаў Расеі, што ўлучаў падразьдзяленьне забесьпячэньня для разгортваньня сыстэмы кіраваньня[14]. 9 верасьня А. Лукашэнка абмеркаваў з генсакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам прыбыцьцё на вучэньне фармаваньняў Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня АДКБ зь ліку ўзброеных сілаў Армэніі, Казахстану, Кыргыстану і Таджыкістану[15]. На 10 верасьня ў Беларусь адправіліся 2500 вайскоўцаў Заходняй вайсковай акругі Расеі[16]. Для іх перамяшчэньня задзейнічалі 20 вайсковых эшалёнаў[17]. 6—10 верасьня 2013 году ў Берасьце (Беларусь) з Маскоўскай вобласьці (Расея) прыбывалі эшалёны з тэхнікай і вайскоўцамі 20-й агульнавайсковай арміі Расеі (Варонеж)[18]. Да 10 верасьня на Берасьцейскі палігон прыбыла каля 900 расейскіх вайскоўцаў са 130 адзінкамі бранятанкавай і адмысловай аўтамабільнай тэхнікі[19]. 12 верасьня эшалён з асабовым складам і тэхнікай 350-га асобнага мабільнага батальёну 103-й асобнай мабільнай брыгады Беларусі прыбыў на чыгуначную станцыю Араніенбаўм (Ленінградзкая вобласьць, Расея) для ўдзелу ў вучэньні[20].

17 верасьня 2013 году на Госкім палігоне засяродзілі каля 3000 беларускіх і расейскіх жаўнераў[21]. 18 верасьня расейскія дэсантныя караблі «Калінінград» Балтыйскага флёту, «Георгі Пераможца» Паўночнага флёту і «Азоў» Чарнаморскага флёту даставілі беларускіх дэсантнікаў і тэхніку ў Балтыйск (Калінінградзкая вобласьць). Адтуль беларускія жаўнеры мелі накіравацца на палігоны Балтыйскага флёту Расеі для адпрацоўкі зьнішчэньня ўзброеных фармаваньняў сумесна з расейскімі марскімі пяхотнікамі і дэсантнікамі[22]. Падчас 2-дзённага пераходу беларускія дэсантнікі са 103-й брыгады (Віцебск) ўдзельнічалі ў вучэньні па абароне карабельнага ордэра[4]. 19 верасьня 2013 году на Асіповіцкім палігоне адкрылі вучэньне Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня (КСАР) АДКБ «Узаемадзеяньне-2013», што мела прайсьці 20—25 верасьня спадарожна з вучэньнем «Захад-2013». Свае вайсковыя кантынгенты даслалі Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кыргыстан, Расея і Таджыкістан. На вучэньні мелі апрабаваць прымяненьне авіяцыі калектыўных сілаў у адмысловай і сумеснай апэрацыі па барацьбе з узброенымі фармаваньнямі. Лік удзельнікаў перавышаў 600 чалавек. У вучэньні мелі задзейнічаць каля 60 адзінак баявой і адмысловай тэхнікі, а таксама каля 15 адзінак паветранай тэхнікі. Камандзір групоўкі КСАР АДКБ Алег Белаконеў адзначыў, што «вучэньне «Узаемадзеяньне-2013» накіраванае на барацьбу з тэрарызмам»[23].

Агулам з пачатку 2013 году ва Ўзброеных сілах Беларусі і Заходняй вайсковай акрузе Расеі правялі звыш 10 сумесных мерапрыемстваў апэратыўнай падрыхтоўкі да вучэньня[24].

Правядзеньне рэдагаваць

20 верасьня 2013 году Ўзброеныя сілы Беларусі і Расеі пачалі сумеснае стратэгічнае вучэньне «Захад-2013» ва ўмовах дажджлівага надвор’я на беларускіх палігонах. Кіраўнікамі вучэньня выступілі міністар абароны Беларусі Юры Жадобін і начальнік Генштабу Ўзброеных сілаў Расеі Валеры Герасімаў. У Беларусі задзейнічалі 12 900 вайскоўцаў, зь іх звыш 10 000 ад Узброеных сілаў Беларусі, каля 2500 расейскіх жаўнераў і звыш 300 вайскоўцаў ад 4 іншых дзяржаваў-удзельніцаў АДКБ — Армэніі, Казахстану, Кыргыстану і Таджыкістану. Таксама задзейнічалі 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 70 танкаў, звыш 50 адзінак артылерыі і РСЗА, звыш 50 верталётаў і самалётаў[25]. Падразьдзяленьні Рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі разьмясьцілі блёкпасты каля заходняй мяжы Беларусі, ахоўвалі дзяржаўныя будынкі, ладзілі засады на пагражальных напрамках і вялі дазор супраць пранікненьня дывэрсійна-выведвальных групаў і ўзброеных фармаваньняў праціўніка. Ва ўзаемадзеяньні задзейнічалі Сухапутныя войскі, Вайскова-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны, тэрытарыяльныя войскі і Сілы спэцыяльных апэрацыяў Беларусі[26]. На Абуз-Лясноўскім палігоне ў Баранавіцкім раёне рэактыўны дывізіён 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады (Асіпавічы) правёў баявыя пускі снарадаў[27]. Да 22 верасьня на 6 вайсковых палігонах Беларусі задзейнічалі абодва апэратыўныя камандаваньні Ўзброеных сілаў Беларусі — Заходняе і Паўночна-заходняе, а таксама войскі 20-й арміі Расеі[28].

 
Расейскія верталёты на вучэньні (26 верасьня 2013 г.)

23 верасьня пачаўся 2-гі этап вучэньня. Звыш 500 вайскоўцаў засяродзілі пад Берасьцейскім палігонам для адпрацоўкі прыкрыцьця дзяржаўнай мяжы ад тэрарыстычных групаў. Для выяўленьня праціўніка і навядзеньня на мэту верталётаў адправілі бесьпілётнікі. Пасьля паветранага ўдару наступ пачалі мотастралковыя падразьдзяленьні[29], у тым ліку асобны мабільны батальён 38-й мабільнай брыгады (Берасьце) Беларусі і мотастралковы батальён 20-й арміі (Варонеж) Ўзброеных сілаў Расеі. Цягам 23—26 верасьня на Абуз-Лясноўскім палігоне (Баранавіцкі раён) адпрацоўвалі падтрыманьне ладу ваеннага становішча і вядзеньне супрацьпадрыўной барацьбы. Адначасна праходзіла тактычнае вучэньне падразьдзяленьняў ракетных войскаў і артылерыі, што ўлучала перакідку ў іншую мясцовасьць для правядзеньня баявых пускаў[26]. 24 верасьня на «Госкім» палігоне (Гарадзенскі раён) адпрацавалі падтрыманьне ладу надзвычайнага становішча ў памежным раёне, пошук і блякаваньне выяўленых дывэрсійна-выведвальных групаў і ўзброеных фармаваньняў праціўніка, вядзеньне бою для іх зьнішчэньня[30]. На «Даманаўскім» палігоне ў Івацэвіцкім раёне правялі баявыя пускі рэактыўных снарадаў з выкарыстаньнем трэніровачных комплексаў[31]. На «Берасьцейскім» палігоне разьлікі 927-га цэнтру падрыхтоўкі і прымяненьня бесьпілётных авіяцыйных комплексаў (в. Асаўцы, Бярозаўскі раён) адпрацавалі пошук дывэрсантаў з наступным нанясеньнем паветранага ўдару самалётамі Су-25 116-й штурмавой авіябазы (Ліда). Паветраную выведку ажыцьцявілі бесьпілётнікамі «Грыф-100», «Бусел-М» і «Буравесьнік», а таксама верталётнымі бесьпілётнікамі «Індэла Інскай»[32].

25 верасьня 2013 году на «Асіповіцкім» палігоне скончылася вучэньне «Ўзаемадзеяньне-2013» Калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня (КСАР) АДКБ, што ладзілася ў рамках вучэньня «Захад-2013». Паводле задумы вучэньня, у Беларусі ўзрасла дзейнасьць падрыўных фармаваньняў міжнародных тэрарыстычных арганізацыяў і найміцкіх арганізацыяў. Рада калектыўнай бясьпекі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) вырашыла аказаць вайсковую і вайскова-тэхнічную дапамогу. Вайсковыя кантынгенты ўзброеных сілаў Армэніі, Беларусі, Казахстану, Кыргыстану, Расеі і Таджыкістану адпрацавалі разблякаваньне лётнішча, прыступ будынка і вызваленьне закладнікаў. Падразьдзяленьні вартавалі дзяржаўныя аб’екты, выведвалі мясцовасьць, шукалі ўзброеныя фармаваньні праціўніка і ладзілі засады ва ўмовах дажджлівага надвор’я. Упершыню ў рамках АДКБ на парашутах высадзілі самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі з вышыні 600 мэтраў. Лік удзельнікаў вучэньня склаў 600 чалавек. Задзейнічалі каля 60 адзінак адмысловай і баявой тэхнікі і каля 15 летакоў[33]. Вучэньне КСАР АДКБ было 5-м па ліку і ўпершыню праходзіла ў Беларусі[34].

 
Высадка расейскіх жаўнераў зь верталёта на бераг (палігон Хмялёўка)

26 верасьня прэзыдэнты Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін наведалі Госкі палігон у Гарадзенскім раёне Беларусі і расейскі палігон Хмялёўка ў Калінінградзкай вобласьці. На Госкім палігоне мотастралковыя і мабільныя падразьдзяленьні ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі, тэрытарыяльных войскаў, унутраных войскаў МУС і МНС Беларусі адпрацавалі прыкрыцьцё дзяржаўнай мяжы і пошук, блякаваньне і зьнішчэньне падрыўных выведвальных групаў і ўзброеных фармаваньняў праціўніка агульным лікам звыш 2000 чалавек[35]. У яго ходзе самалёты Су-25 і баявыя верталёты нанесьлі ракетна-бомбавы ўдар па аўтакалёне ўмоўных тэрарыстаў, што спрабавала перасекчы дзяржаўную мяжу ў абыход блёкпаста. На шляху адыходу праціўніка дэсантнікі высадзіліся зь верталётаў і вёўся агонь артылерыі. Пасьля здушэньня агнявых кропак суперніка ў бой уступілі мотастралковыя падразьдзяленьні[36]. На вучэньні задзейнічалі новыя ўзоры беларускага ўзбраеньня, у тым ліку наглядальна-агнявы комплекс «Адунок» дыстанцыйнага кіраваньня і прыладу кіраваньня тактычным зьвяном «Салдат — баявая сыстэма». На расейскім палігоне Хмялёўка правялі розыгрыш апэрацыі сіламі 350-га асобнага мабільнага батальёну 103-й мабільнай брыгады Ўзброеных сілаў Беларусі, а таксама Балтыйскага флёту Расеі і 1-га камандаваньня ВПС і СПА Ўзброеных сілаў Расеі[37]. Для стварэньня абстаноўкі гарадзкога бою на ўзьбярэжжы ўзьвялі звыш 50 макетаў жылых дамоў, школ і гандлёвых цэнтраў, на вуліцах паселішчаў Трафімава і Ярмолаўка выставілі макеты аўтатранспарту і бранятэхнікі. Беларускія і расейскія жаўнеры высадзіліся з карабля на паветранай падушцы «Мардовія» і зьнішчылі ўмоўных тэрарыстаў. Агулам вучэньне «Захад-2013» правялі на 6 палігонах у Беларусі і 2 палігонах Расеі ў Калінінградзкай вобласьці[2]. На тэрыторыі Расеі ў вучэньні задзейнічалі звыш 9000 вайскоўцаў, зь іх 200 дэсантнікаў зь Беларусі. У Калінінградзкай вобласьці скарысталі каля 180 адзінак баявой тэхнікі: танкі, самалёты і караблі Балтыйскага флёту[3].

Падчас вучэньня Ўзброеныя сілы Беларусі выпрабавалі і прынялі да выкарыстаньня 4 новыя прылады сувязі. Рухомы вузел сувязі «Мускат», што прызначаецца для каманднага пункту, дазволіў замяніць 10 машынаў на 2 і 10-разова паменшыць асабовы склад. Рухомая радыёрэлейная лічбавая станцыя «Цытрус» дазволіла скараціць час разгортваньня са 105 хвілінаў да 55 хвілінаў дзякуючы аўтаматызацыі. Экіпаж зьменшыўся з 10 чалавек да 6. Далёкасьць сувязі вырасла з 40 км да 70 км. Станцыя «Цытрус» забясьпечыла стварэньне звыш 300 каналаў замест ранейшых 21. Месцы для сну і харчаваньня разьмясьцілі ў побытавым адсеку станцыі, што пазбавіла патрэбы ў намётах і палявой кухні. Рэлейная станцыя «Ярус» была малаканальнай і менш магутнай. Станцыя «Мэгатрон» замяніла шматканальную рухомую апаратную, што забясьпечвала сувязь па кабэльнай лініі[38]. Таксама ў ходзе вучэньня адно кібэрпадразьдзяленьне Ўзброеных сілаў Беларусі змадэлявала кібэрнапад на інфармацыйную сыстэму вайсковага прызначэньня. Другое такое падразьдзяленьне праводзіла стрымліваньне ўзьдзеяньня кібэрнападу[39].

Наглядальна-агнявы комплекс «Адунок» дыстанцыйнага кіраваньня, які ўпершыню задзейнічалі на вучэньні, прызначаўся для дазору мясцовасьці, выведкі, засады і прачэсваньня паселішча. «Адунок» дазваляў перадаваць відэамалюнік, выпраўляць мэтапазначэньне і весьці агонь у рэальным часе і па загадзя ўведзенай праграме. Абсталяваньне «Адунка» ўлучала цеплавізар, далямер, гірастабілізатар зброі і прыладу аўтазахопу і суправаджэньня мэты. Далёкасьць выяўленьня мэты сягала 2000 мэтраў. Хуткасьць перамяшчэньня складала да 30 км/гадз. Кіраваньне ажыцьцяўлялася па радыёканале. Узбраеньне ўлучала танкавы кулямёт Калашнікава ККТ калібрам 7,62 мм або аўтаматычны гранатамёт АГС-17а калібрам 30 мм. Жаўнераў на вучэньні ўпершыню аснасьцілі сыстэмамі кіраваньня зьвяном «Салдат — баявая сыстэма», што ўлучала нашлемны індыкатар і пляншэтны кампутар. Мікрадысплэй індыкатара замацоўваўся непасрэдна перад вокам вайскоўца на ахоўным шлеме[40]. У ходзе вучэньня войскі сувязі Беларусі разгарнулі лініі радыёрэлейнай сувязі на 2750 км, трапасфэрнай — на 120 км, дротавай — на 35 км. Для кіраваньня войскамі выкарысталі 1955 каналаў сувязі і 72 лічбавыя патокі, у рэальным часе забясьпечылі сувязь больш як 1000 абанэнтам[41].

 
Балтыйскі флёт Расеі на вучэньні ў моры (26 верасьня 2013 г.)

Расейскае ААТ «Міждзяржаўная карпарацыя разьвіцьця» (Санкт-Пецярбург) прадставіла на вучэньні трохвымерную транспартную палявую сетку сувязі, частка якой забясьпечвала камандзірам відэасувязь, канфэрэнц-сувязь, уваход у сетку апэратара і стык са стацыянарнай сыстэмай сувязі Беларусі і Расеі. Канцавыя прылады сувязі ўлучалі кампутар і інтэрнэт-тэлефон зь мясцовай і цэнтральнай батарэяй (ЦБ). Прапускная здольнасьць па кожным напрамку складала да 310 мэгабіт/сэк. Апаратныя сродкі былі сумеснай распрацоўкай беларускага ААТ «Волатаўта» і расейскага ААТ «Радыёзавод імя Аляксандра Папова» (Омск) паводле навукова-тэхнічнай праграмы Саюзнай дзяржавы «Траекторыя»[42].

Водгукі рэдагаваць

2 лютага 2013 году генсакратар АПАД Андэрс Фог Расмусэн заявіў пра адсутнасьць пагрозы ў сувязі з расейскім удзелам у вучэньні «Захад-2013». Пагатоў у Стратэгічнай канцэпцыі АПАД, ухваленай на Лісабонскім саміце 2010 году, адсутнічала згадка Расеі ў якасьці магчымай крыніцы пагрозы[43].

26 лютага 2013 году міністар абароны Летувы Юозас Алякас прапанаваў амбасадару Беларусі Ўладзімеру Дражыну «запрашаць на такія вучэньні назіральнікаў АПАД..., каб Расея і Беларусь былі больш адкрытымі»[44].

7 чэрвеня 2013 году начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі Пётар Ціханоўскі заявіў, што «рашэньне правесьці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь буйнамаштабныя вучэньні «Захад-2013» ... было прынятае ... зыходзячы з прынцыпаў абароннай дастатковасьці і стратэгічнага стрымліваньня, у зацікаўленасьцях дэманстрацыі рашучасьці арганізаваць нацыянальную бясьпеку дзяржавы нават ва ўмовах павышанай вайсковай актыўнасьці суседзяў». Пётар Ціханоўскі адзначыў, што «вайсковая актыўнасьць каля межаў Рэспублікі Беларусь у 2010—2012 гадах штогод узрастала, толькі ў 2012 годзе ў краінах Балтыі і Польшчы было праведзена 13 буйных вучэньняў АПАД, падчас якіх адпрацоўваліся пытаньні перакідваньня і прымяненьня войскаў»[45].

22 жніўня 2017 году сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў заявіў, што «вучэньні УС РФ і Беларусі «Захад-2013» сталі пляцоўкай для адпрацоўкі сцэнароў узброенай агрэсіі супраць Украіны, якія Крэмль у агульных рысах паспрабаваў рэалізаваць у 2014—2015 гадах»[46].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Да старту вучэньняў «Захад-2013» усё гатова // Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь, 10 верасьня 2013 г. Праверана 13 сьнежня 2018 г.
  2. ^ а б Беларусь і Расея пасьпяхова завяршылі сумеснае стратэгічнае вучэньне «Захад-2013» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 26 верасьня 2013 г. Праверана 7 сьнежня 2018 г.
  3. ^ а б Сяргей Хамянтоўскі. Стратэгічныя беларуска-расейскія вучэнні «Захад-2013» завяршыліся // Белтэлерадыёкампанія, 27 верасьня 2013 г. Праверана 13 сьнежня 2018 г.
  4. ^ а б Сяргей Хамянтоўскі. Завяршылася стратэгічнае вучэньне «Захад-2013» // Белтэлерадыёкампанія, 27 верасьня 2013 г. Праверана 13 сьнежня 2018 г.
  5. ^ Ваенныя назіральнікі возьмуць удзел у назіраньні за правядзеньнем этапу практычных дзеяньняў войскаў у ходзе вучэньня «Захад-2013» // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 20 верасьня 2013 г. Праверана 20 сьнежня 2018 г.
  6. ^ Эдуард Півавар. Калегія міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі зацьвердзіла задуму стратэгічнага вучэньня «Захад-2013» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 23 кастрычніка 2012 г. Праверана 7 сьнежня 2018 г.
  7. ^ Пачалося сумеснае стратэгічнае вучэньне ўзброеных сіл Беларусі і Расеі «Захад-2013» // БелТА, 20 верасьня 2013 г. Праверана 7 сьнежня 2018 г.
  8. ^ а б Вераніка Канюта. Ваенная бясьпека саюзнай дзяржавы // Звязда : газэта. — 29 жніўня 2013. — № 161 (27526). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  9. ^ Уладзімер Мацьвееў. А.Лукашэнка зацьвердзіў задуму правядзеньня стратэгічнага вучэньня «Захад-2013» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 21 лютага 2013 г. Праверана 7 сьнежня 2018 г.
  10. ^ Эдуард Півавар. Мінабароны Расеі пачынае падрыхтоўку да беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2013» // БелТА, 11 сакавіка 2013 г. Праверана 7 сьнежня 2018 г.
  11. ^ Эдуард Півавар. Другі этап беларуска-расейскай штабной трэніроўкі органаў ваеннага кіраваньня УС пачаўся ў Менску // БелТА, 21 траўня 2013 г. Праверана 7 сьнежня 2018 г.
  12. ^ У Беларусь прыбылі афіцэры генштаба УС Расеі для падрыхтоўкі да правядзеньня вучэньня «Захад-2013» // БелТА, 27 траўня 2013 г. Праверана 7 сьнежня 2018 г.
  13. ^ Камандна-штабная трэніроўка з 2-ой інжынэрнай брыгадай // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 16 ліпеня 2013 г. Праверана 20 сьнежня 2018 г.
  14. ^ Першы эшалён з расейскімі ваеннаслужачымі прыбыў для ўдзелу ў ССВ «Захад-2013» // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 3 верасьня 2013 г. Праверана 20 сьнежня 2018 г.
  15. ^ Дзейнічаць згодна з адзіным плянам // Зьвязда : газэта. — 10 верасьня 2013. — № 161 (27526). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  16. ^ Коратка // Зьвязда : газэта. — 10 верасьня 2013. — № 161 (27526). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  17. ^ Эдуард Півавар. Расейскія войскі адправіліся ў Беларусь для ўдзелу ў вучэньні «Захад-2013» // БелТА, 9 верасьня 2013 г. Праверана 7 сьнежня 2018 г.
  18. ^ Падрыхтоўка да стратэгічных вучэньняў Беларусі і Расеі «Захад-2013» блізкая да завяршэньня // Белтэлерадыёкампанія, 10 верасьня 2013 г. Праверана 13 сьнежня 2018 г.
  19. ^ З хлебам-сольлю сустрэлі ў Берасьці ўдзельнікаў вучэньня // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 10 верасьня 2013 г. Праверана 20 сьнежня 2018 г.
  20. ^ Эшалён з беларускімі ваеннаслужачымі прыбыў на расейскую зямлю // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 13 верасьня 2013 г. Праверана 20 сьнежня 2018 г.
  21. ^ Да пачатку актыўнай фазы беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2013» засталося менш за тры дні // Белтэлерадыёкампанія, 17 верасьня 2013 г. Праверана 13 сьнежня 2018 г.
  22. ^ Вучэньні расейскіх і беларускіх дэсантнікаў пройдуць у Калінінградзе // Газэта «Зьвязда», 18 верасьня 2013 г. Праверана 7 сьнежня 2018 г.
  23. ^ Марына Бегункова. «Узаемадзеяньне-2013»: У братэрскім страі // Зьвязда. — 20 верасьня 2013. — № 161 (27526). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  24. ^ Аляксей Арэшка. Кіраўнічы склад Узброеных сіл РФ падвёў вынікі сумесных стратэгічных вучэньняў узброеных сіл Расеі і Беларусі «Захад-2013» // БелаПАН, 18 кастрычніка 2013 г. Праверана 21 сьнежня 2018 г.
  25. ^ Вераніка Канюта. Вучэньне стартавала // Зьвязда : газэта. — 21 верасьня 2013. — № 178 (27543). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  26. ^ а б Пачаўся другі этап сумеснага беларуска-расейскага вучэньня «Захад-2013» // БелТА, 23 верасьня 2013 г. Праверана 7 сьнежня 2018 г.
  27. ^ Юры Шаўчук. Прагучалі першыя залпы маштабных сумесных вучэньняў «Захад-2013» // Белтэлерадыёкампанія, 20 верасьня 2013 г. Праверана 13 сьнежня 2018 г.
  28. ^ Эшалён з беларускімі ваеннаслужачымі прыбыў на расейскую зямлю // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 22 верасьня 2013 г. Праверана 20 сьнежня 2018 г.
  29. ^ Другі этап стратэгічнага вучэньня Ўзброеных сіл Беларусі і Расеі «Захад-2013» // Газэта «Зьвязда», 23 верасьня 2013 г. Праверана 7 сьнежня 2018 г.
  30. ^ На палігоне «Гожскі» працягваецца вучэньне «Захад-2013» // Зьвязда. — 25 верасьня 2013. — № 180 (27545). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  31. ^ Зьміцер Сьмірноў. На 6-ці палігонах Беларусі і Расеі працягваецца актыўная фаза вучэньняў «Захад-2013» // Белтэлерадыёкампанія, 24 верасьня 2013 г. Праверана 13 сьнежня 2018 г.
  32. ^ Правяраюцца магчымасьці БАК // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 24 верасьня 2013 г. Праверана 20 сьнежня 2018 г.
  33. ^ Вераніка Канюта. Мэты — выкананыя, ацэнка высокая // Зьвязда. — 26 верасьня 2013. — № 181 (27546). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  34. ^ Уладзімер Каралёў. Вучэньні «Захад-2013» набліжаюцца да завяршальнай стадыі // Белтэлерадыёкампанія, 25 верасьня 2013 г. Праверана 13 сьнежня 2018 г.
  35. ^ Зьміцер Зьмірноў. Завяршальная стадыя вучэньняў «Захад-2013» // Белтэлерадыёкампанія, 26 верасьня 2013 г. Праверана 13 сьнежня 2018 г.
  36. ^ «Захад-2013» — завяршальны этап // Белтэлерадыёкампанія, 26 верасьня 2013 г. Праверана 13 сьнежня 2018 г.
  37. ^ «Захад-2013»: экзамэн здадзены // Зьвязда. — 27 верасьня 2013. — № 182 (27547). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  38. ^ Вераніка Канюта. Нэрв арміі // Плацдарм. — 28 верасьня 2013. — № 9 (38). — С. 3.
  39. ^ Ільля Крыжэвіч. Канфлікты ХХI стагодзьдзя сыходзяць у інтэрнэт // Плацдарм. — 25 ліпеня 2018. — № 7 (82). — С. 4.
  40. ^ Сумеснае стратэгічнае вучэньне ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі «Захад-2013» // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 26 верасьня 2013 г. Праверана 20 сьнежня 2018 г.
  41. ^ Дзень войскаў сувязі // Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, 18 кастрычніка 2013 г. Праверана 20 сьнежня 2018 г.
  42. ^ Міждзяржаўная карпарацыя разьвіцьця прадставіла трохмерную палявую сетку сувязі на вучэньні «Захад-2013» // БелТА, 26 верасьня 2013 г. Праверана 7 сьнежня 2018 г.
  43. ^ Арсень Сівіцкі. «Захад-2013» як магчымасьць перазагрузкі // Зьвязда : газэта. — 20 сакавіка 2013. — № 51 (27416). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  44. ^ Тацяна Каравянкова. Летува заклікала Беларусь і Расею да большай адкрытасьці па сумесных ваенных вучэньнях «Захад-2013» // БелаПАН, 26 лютага 2013 г. Праверана 21 сьнежня 2018 г.
  45. ^ Вячаслаў Будкевіч. Вучэньні «Захад-2013» праводзяцца ў Беларусі для дэманстрацыі рашучасці забяспечыць нацыянальную бяспеку ва ўмовах павышанай ваеннай актыўнасьці суседзяў // БелаПАН, 7 чэрвеня 2013 г. Праверана 21 сьнежня 2018 г.
  46. ^ Кіеў пра рызыкі супольных беларуска-расейскіх вучэньняў // Наша Ніва, 22 жніўня 2013 г. Праверана 21 сьнежня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Захад-2013сховішча мультымэдыйных матэрыялаў