Зарадная станцыя

інфраструктура для зарадкі электраэнэргіяй акумулятара электрамабіля

Зара́дная ста́нцыяінфраструктура для зарадкі электраэнэргіяй акумулятара электрамабіля.

Зарадная станцыя «Беларуснафты» ў Менску (2020 год)

Віды рэдагаваць

На 2020 год вылучалі 3 віды зарадных станцыяў паводле ладу зарадкі.

  • Лад 2. Прадугледжвае зарадку зьменным токам ад побытавай сеткі з аховай унутры кабэля. Час зарадкі складае ад 12 гадзінаў.
  • Лад 3. Ажыцьцяўляе 3-фазную зарадку зьменным токам з кіраваным ходам зарадкі. Займае 4—8 гадзінаў.
  • Лад 4. Зараджае пастаянным токам 80% магутнасьці акумулятара за 15—30 хвілінаў[1].

Беларусь рэдагаваць

14 жніўня 2013 году аб’яднаньне «Беларуснафта» абвясьціла тэндэр на закуп электразарадных станцыяў, якія мелі разьмясьціць на 4 аўтазапраўках, у тым ліку на адной у Менску[2]. 9 кастрычніка 2014 году ў Баравой вёсцы Менскага раёну адчынілі першую ў Беларусі станцыю хуткай зарадкі электрамабіляў. Магутнасьць зарадкі складала 50 кіляват, што дазваляла зарадзіць акумулятар электрамабіля за 30 хвілінаў[3]. Гэтая зарадная станцыя належала аўтазапраўцы «А-100»[4]. 16 кастрычніка 2015 году зарадная станцыя для электрамабіляў зьявілася ў Менску на скрыжаваньні праспэкта Незалежнасьці і бульвара Таўбухіна[5]. 11 лютага 2016 году на вуліцы Харужай у Менску адчынілі першую зарадную станцыю беларускай вытворчасьці[6]. На 1 траўня 2016 году ў Беларусі налічвалася 10 электразаправак цаной па 20 000 эўра, якія дазвалялі зарадзіць самаход за 2 гадзіны[7].

27 лютага 2017 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову № 162 «Аб згодзе на ажыцьцяўленьне фінансаваньня праекту», паводле якой дазволіў «Паўночнай экалягічнай фінансавай карпарацыі» («ПЭФК»; Хэльсынкі, Фінляндыя) адкрыць крэдытную лінію на 1 млн эўра «Беларускаму народнаму банку» для выдачы пазыкаў на набыцьцё зарадных станцыяў[8]. 12 траўня 2017 году ААТ «Віцязь» выпусьціла першую ў Віцебску зарадную станцыю «Віцязь ЕС-301», якую ўсталявалі на заводзкай паркоўцы[9]. Распрацоўка на заказ Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь заняла 1,5 гады. Зарадка запускалася праз дадатак на смартфоне з АС «Андроід», праз кароткае паведамленьне з сотавага тэлефона і праз картку радыёчастасьцевага распазнаньня. Зарадная станцыя была зь пераменым 3-фазным токам і каштавала каля $2000. Час зарадкі складаў каля 4 гадзінаў. Адначасна кіраўніцтва ААТ «Віцязь» абвясьціла пра распрацоўку зараднай станцыі коштам каля $20 000, што мела зараджаць электрамабіль за менш як 30 хвілінаў[10]. У траўні 2017 году ў Менску ўсталявалі 3 зарадныя станцыі для электробусаў «Вітаўт Макс Электра»[11]. 11 ліпеня 2017 году галоўны канструктар ТДА «Сучасныя тэхнічныя рашэньні і мэтады» («СТРіМ») Аляксей Яфрэмаў прадставіў у Магілёве зарадную станцыю ўласнай распрацоўкі, што мела магутнасьць 20 кіляват і прызначалася для гарадзкіх вуліцаў. На той час у Беларусі зарадныя станцыі распрацоўвалі 3 прадпрыемствы ў Менску, Віцебску і Магілёве[12]. 23 жніўня 2017 году ў Гомелі ВА «Беларуснафта» адчыніла сваю 4-ю зарадную станцыю[13]. На 8 верасьня 2017 году «Беларуснафта» мела 8 зарадных станцыяў, зь якіх 3 адчынілі ў жніўні: 2 у Гомелі і 1 у каля памежнага пераходу «Брузгі» ў Гарадзенскім раёне на мяжы з Польшчай. Яны прызначаліся для зарадкі акумулятара на 80% за 30 хвілінаў[14]. Агулам у Беларусі налічвалася каля 20 зарадных станцыяў[15]. 9 кастрычніка 2017 году зарадную станцыю адчынілі на 3-м паверсе гандлёвага цэнтру «Галерэя Менску»[16]. 8 лістапада 2017 году зьявілася 1-я зарадная станцыя пры сталічным гіпэрмаркеце «Е-сіці» на Дзянісаўскай вуліцы[17].

5 студзеня 2018 году «Беларускі народны банк» адчыніў электразапраўку пры сваім аддзяленьні ў Горадні па Сацыялістычнай вуліцы, д. 44[18]. 26 красавіка 2018 году ўрад Беларусі ўсталяваў расцэнку на электраэнэргію ад ДВА «Белэнэрга» для зарадкі электрамабіляў у памеры 15,693 капейкі за 1 кіляват-гадзіна. Такая расцэнка была на 48% ніжэйшай за расцэнку для ўстановаў у галіне паслугаў[19]. 13 чэрвеня 2018 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 236 аб дапаўненьні Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага разьвіцьця Беларусі на 2016—2020 гады праектам стварэньня вытворчасьці зарадных станцыяў на ААТ «Віцязь»[20]. 10 ліпеня 2018 году А. Лукашэнка зацьвердзіў Указ № 273 «Аб стымуляваньні выкарыстаньня электрамабіляў», якім вызваліў увозімыя зарадныя станцыі ад падатку на дададзеную вартасьць[21]. На 13 ліпеня 2018 году «Беларуснафта» мела 18 электразарадных станцыяў[22]. 10 ліпеня 2018 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 731 «Аб зацьвярджэньні Праграмы стварэньня дзяржаўнай зараднай сеткі для зарадкі электрамабіляў». Паводле Праграмы, да 2030 году «Беларуснафце» даручылі стварыць 1304 зарадныя станцыі, зь іх 1224 (94%) у паселішчах. На аўтамагістралях адлегласьць між 80 электразапраўкамі мела складаць менш за 50 км. Таксама вызначылі ўсталяваць 25 высакавольтных (звышхуткіх) зарадных станцыяў у Менску, абласных цэнтрах і на аўтамагістралях на адлегласьці 120 км[23].

2 красавіка 2019 году кіраўнік ААТ «Віцязь» Генадзь Азараў паведаміў пра атрыманьне заказу ад «Беларуснафты» на выраб 20 зарадных станцыяў у 2-м паўгодзьдзі[24]. На 11 чэрвеня 2019 году ў Менску налічвалася 25 ЭЗС ладу 3 і 4, якія зараджалі акумулятар за 6 і 1 гадзіну адпаведна[25]. 24 лістапада 2019 году лік ЭЗС дасягнуў 130[26]. 5 сакавіка 2020 году «Беларуснафта» прадставіла сетку 251 ЭЗС «Маланка», што магла зарадзіць 9000 электрамабіляў за дзень. Першыя 17 ЭЗС, якія пабудавалі да верасьня 2018 году, каштавалі па 60 000 эўра. У далейшым іх цана ўпала да $20 000[27].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Сяргей Румас. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 кастрычніка 2018 г. № 731 «Аб зацьвярджэньні Праграмы стварэньня дзяржаўнай зараднай сеткі для зарадкі электрамабіляў» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 16 кастрычніка 2018 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  2. ^ Валер Сідорчык. «Беларуснафта» створыць сетку зарадных станцый для электрамабіляў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 14 жніўня 2013 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  3. ^ Першую ў Беларусі станцыю экспрэс-зарадкі для электрамабіляў адкрылі на выездзе з Мінска // БелТА, 9 кастрычніка 2014 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  4. ^ Марта Грын. Калі на беларускіх дарогах можна будзе ўбачыць электрамабіль і не зьдзівіцца // Газэта «Новы час», 29 кастрычніка 2014 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  5. ^ Зарадная станцыя для электрамабіляў зьявілася на бульвары Таўбухіна ў Менску // БелТА, 16 кастрычніка 2014 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  6. ^ Ян Пашкевіч, тэлеканал «Беларусь 1». Разьвіцьцё экалягічных відаў транспарту ў сталіцы атрымала новы імпульс // Белтэлерадыёкампанія, 11 лютага 2016 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  7. ^ Зьміцер Цітоў, тэлеканал «Беларусь 1». Электракары — гіт продажаў у Эўропе // Белтэлерадыёкампанія, 1 траўня 2016 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  8. ^ Андрэй Кабякоў. Пастанова Савета міністраў ад 27.02.2017 № 162 «Аб згодзе на ажыцьцяўленьне фінансаваньня праекту» // Савет міністраў Рэспублікі Беларусь, 27 лютага 2017 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  9. ^ «Віцязь» выпусьціў зарадную станцыю для электрамабіляў // БелТА, 12 траўня 2017 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  10. ^ Яўген Карпас, «Штодзёньнік». У Віцебску зьявілася першая станцыя для зарадкі электрамабіляў // Радыё «Рацыя», 11 траўня 2017 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  11. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Першы беларускі электробус з правым рулём адправіўся ў Вялікабрытанію // Белтэлерадыёкампанія, 17 верасьня 2019 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  12. ^ Нэлі Зігуля. Злучаючы тэхналёгіі // Зьвязда : газэта. — 12 ліпеня 2017. — № 131 (28495). — С. 1, 4. — ISSN 1990-763x.
  13. ^ Новая зарадная станцыя для электрамабіляў адкрылася ў Гомелі // БелТА, 23 жніўня 2017 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  14. ^ Валер Сідорчык. «Беларуснафта» гатова ўзяць функцыі нацыянальнага сеткавага апэратара па зарадцы электрамабіляў // БелТА, 4 верасьня 2017 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  15. ^ Зьміцер Цітоў, тэлеканал «Беларусь 1». Першы беларускі электракар рыхтуецца да сэрыйнай вытворчасьці // Белтэлерадыёкампанія, 3 верасьня 2017 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  16. ^ Аляксей Арэшка. У цэнтры Менска зьявілася станцыя для хуткай зарадкі электрамабіляў // БелаПАН, 9 кастрычніка 2017 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  17. ^ Ксенія Лебедзева, тэлеканал «Беларусь 1». Першая зарадная станцыя для электрамабіляў у гіпермаркеце // Белтэлерадыёкампанія, 8 лістапада 2017 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  18. ^ Марына Харэвіч. У Доме зь лілеямі пасяліўся леў // Выданьне «Гродна.лайф», 6 студзеня 2018 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  19. ^ У Беларусі ўпершыню ўстаноўлены тарыф для зарадкі электрамабіляў // БелТА, 26 красавіка 2018 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  20. ^ Марына Носава. Сэрыйную вытворчасьць зарадных станцый для электрамабіляў запусьцяць у Беларусі да 2020 году // БелаПАН, 18 чэрвеня 2018 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  21. ^ Падпісаны ўказ аб мерах па стымуляваньні выкарыстаньня ў Беларусі электрамабіляў // БелТА, 10 ліпеня 2018 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  22. ^ «Беларуснафта» да 2024 году створыць разгалінаваную сетку зарадных станцый для электрамабіляў // БелТА, 13 ліпеня 2018 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  23. ^ Аляксей Арэшка. Зацьверджаная праграма стварэньня дзяржаўнай зараднай сеткі для электрамабіляў // БелаПАН, 12 кастрычніка 2018 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  24. ^ Сяргей Салаўёў. Важкія дробязі // Газэта «Новы час», 3 красавіка 2019 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  25. ^ Магда Крэпак, «Менск-Навіны». Да 2025 года зарадныя станцыі для электрамабіляў могуць зьявіцца больш чым на 400 пляцоўках Менска // Газэта «Новы час», 11 чэрвеня 2019 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  26. ^ Расея выступіла супраць зьніжэньня Беларусьсю мытаў на электрамабілі // Газэта «Новы час», 24 лістапада 2019 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.
  27. ^ «Беларуснафта» пашырыць сетку электразарадак «Маланка» да 2021 года да больш як 600 станцый // БелТА, 5 сакавіка 2020 г. Праверана 27 сакавіка 2020 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Зарадная станцыясховішча мультымэдыйных матэрыялаў