Еўдакія Лось

беларуская паэтка

Еўдакі́я Я́каўлеўна Лось (1 сакавіка 1929, в. Старына, Ушацкі раён, Віцебская вобласьць — 3 ліпеня 1977) — беларуская паэтка.

Еўдакія Лось
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 1 сакавіка 1929(1929-03-01)
Памерла 3 ліпеня 1977(1977-07-03) (48 гадоў)
Пахаваная
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэтка, пісьменьніца, дзіцячая пісьменьніца, журналістка, празаік, перакладніца
Жанр дзіцячая літаратура[d] і лірыка
Мова беларуская мова
Узнагароды
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Лось (неадназначнасьць).

Біяграфія рэдагаваць

Нарадзілася 1 сакавіка 1929 году ў в. Старына Ўшацкага раёну Віцебскай вобласьці ў сялянскай сям’і. Бацькі ў 1934 годзе перасяліліся ва Ўшачы і сталі рабочымі раённай друкарні. Да нямецка-савецкай вайны скончыла 5 клясаў. У час вайны жыла разам з маці ва Ўшацкім раёне. Бацька памёр у 1942 годзе ад язвы страўніка[1].

Пасьля заканчэньня ў 1945 годзе Ўшацкай сямігодкі навучалася на школьным аддзяленьні Глыбоцкай пэдагагічнай вучэльні (1945—1948), затым на філялягічным факультэце Менскага пэдагагічнага інстытуту (1948-55). Працавала літаратурным работнікам у рэдакцыі газэты «Зорька» (1951—1952), рэдактарам мовы і літаратуры Вучпэдвыдавецтва БССР (1952—1959). У 1959—1961 гадох навучалася на Вышэйшых літаратурных курсах пры Саюзе пісьменьнікаў СССР у Маскве. 3 1961 году — літаратурны работнік газэты «Звязда», з 1963 году — на творчай працы. У 1970—1972 гадох працавала адказным сакратаром часопісу «Работніца і сялянка», з 1975 году — галоўным рэдактарам часопісу «Вясёлка». Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1957 году.

Памерла 3 ліпеня 1977 году. Пахаваная ў Менску на Ўсходніх могілках.

Творчасьць рэдагаваць

Першы верш «Сэрца дзяўчыны» надрукаваны ў часопісе «Работніца і сялянка» ў 1948 годзе. Аўтар зборнікаў вершаў «Сакавік» (1958), «Палачанка» (1962), «Людзі добрыя» (1963), «Хараство» (1965), «Яснавокія мальвы» (1967), «Вянцы зрубу» (выбранае, 1969), «Дзяўчаты вайны» (верш 1970), «Перавал» (вершы і паэмы, 1971), «Галінка з яблыкам» (1973), «Лірыка» (1975), «Лірыка ліпеню» (вершы і паэмы, 1977), «Валошка на мяжы» (выбранае, 1984). У 1979 годзе выйшлі выбраныя творы ў двух тамах.

Паэзія Лось шчырая, сагрэтая пачуцьцём любові да Радзімы, да людзей. У многіх вершах — біяграфія тых, хто перажыў вайну ў дзіцячым узросьце, чыё юнацтва супала з пасьляваенным клопатам аднаўленьня краіны. Людзкія ўзаемаадносіны, нялёгкі жаночы лёс — асноўны зьмест яе лірычных твораў. Аптымізмам і разам з тым трагічнымі прадчуваньнямі кранаюць радкі вершаў «Бараўлянскага сшытку».

Для дзяцей выйшлі кніжкі вершаў «Абутая елачка» (1961), «Казка пра Ласку» (1963), «Вяселікі» (1964), «Зайчык-выхваляйчык» (1970), «Дванаццаць загадак» (1974), «Смачныя літары» (1978), апавяданьняў «Дзесяць дзён у Барку» (1984). Творы, адрасаваныя маленькаму чытачу, вызначаюцца веданьнем дзіцячай псыіхалёгіі, даступнасьцю зьместу, дакладнасьцю вобразаў.

Зборнікі прозы «Пацеркі» (1966) і «Травіца брат-сястрыца» (1970) прысьвечаныя вырашэньню маральна-этычных праблемаў жыцьця сучасьнікаў. У 1977 годзе ў часопісе «Полымя» надрукаваны цыкл «Навэлы пятага паверху».

Пераклала на беларускую мову кніжку вершаў С. Барузьдзіна «Краіна, дзе мы жывём» (1977).

Вершы і паэмы Е. Лось перакладаліся на расейскую, украінскую, летувіскую й іншыя мовы. Музыку на яе вершы напісалі Уладзімер Алоўнікаў, Т. Вагнер, Д. Камінскі, Юры Семяняка, Дзьмітры Смольскі і іншыя.

Узнагароды рэдагаваць

  • ордэн «Знак Пашаны»,
  • ганаровая грамата Вярхоўнага Савету БССР,
  • ганаровая грамата Вярхоўнага Савету Латвійскай ССР.

Ушанаваньне памяці рэдагаваць

Імем Еўдакіі Лось названы вуліца ў Віцебску, Ушацкая раённая бібліятэка.

Крыніцы рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): даведнік / склад. А. Гардзіцкі. — Мн., 1994. — С. 340—341.
  • Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ушацкага раёна / рэдкал. Г. Кісялёў і інш. — Мн., 2003. — С. 552.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць