Каардынаты: 53°8′3″ пн. ш. 25°50′13″ у. д. / 53.13417° пн. ш. 25.83694° у. д. / 53.13417; 25.83694

«Дружба» — найбольшая дзяржаўная птушкафабрыка Беларусі, заснаваная ў лістападзе 1980 году ў пасёлку Жамчужны (Баранавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць)[3]. На 2013 г. мела 158 птушнікаў агульнай зьмяшчальнасьцю на 3 млн куранятаў. Цэх забою і перапрацоўкі меў магутнасьць 9000 птушанятаў за гадзіну. Выраб кармоў ажыцьцяўляўся на даччыных Баранавіцкім і Новаельнянскім (Зьдзецельскі раён, Гарадзенская вобласьць) камбінатах хлебапрадуктаў. Увесну і ўлетку збываліся сутачныя кураняты. Збытавая сетка налічвала 32 уласныя крамы, у тым ліку 21 у Берасьцейскай вобласьці (Баранавічы, Белаазёрск, Берасьце, Бяроза, Дарагічын, Івацэвічы, Кобрынь), 7 у Менску і 4 у Гарадзенскай вобласьці (Ліда, Наваградак і Слонім). Таксама вырабляліся газаваныя напоі.

«Дружба»
Тып Адкрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 5 лістапада 1980 (43 гады таму)
Заснавальнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР
Краіна
Разьмяшчэньне пасёлак Жамчужны, Баранавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць, Беларусь
Ключавыя фігуры Васіль Маркевіч, Віталь Горбань
Галіна Птушкаводзтва
Прадукцыя вэнджаніна, вяндліна, кілбаса, курыны фарш, мяса птушкі, паштэт
Абарачэньне 1295,365 млрд рублёў[1] (2014; $126,252 млн)[2]
Апэрацыйны прыбытак 147,073 млрд руб. ($14,334 млн)
Чысты прыбытак 147,026 млрд руб. ($14,330 млн)
Лік супрацоўнікаў 3129 (2014)
Матчына кампанія Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь

Вырабы рэдагаваць

На 2013 г. асноўнымі вырабамі птушкафабрыкі былі ахалоджаныя і замарожаныя тушкі куранятаў, курыныя субпрадукты (галава, нага, страўнік, печань, сэрца, шыя) і паўфабрыкаты (галёнка, грудка, крыло, сьпіна, філе, сьцягно, чвэрцінка, шынка), курыныя вэнджаніна, вяндліна, кілбаса і фарш.

Мінуўшчына рэдагаваць

У красавіку 1979 году ў пасёлку Жамчужны (Баранавіцкі раён, Беларуская ССР) пачалося будаўніцтва птушкафабрыкі паводле кантракту з Вугоршчынай. 5 лістапада 1980 г. пасадзілі першае куранё. Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў складаў 28 гадоў. У 1981 годзе вырабілі 9949 тонаў мяса птушкі. 20 траўня 1981 г. Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР зацьвердзіла Загад № 108 аб стварэньні бройлернай птушкафабрыкі «Дружба». У 1993 годзе ў Баранавічах (Берасьцейская вобласьць) адчынілі першую ўласную краму. У траўні 1996 году да прадпрыемства далучылі птушкафабрыку «Палонка» (Баранавіцкі раён) з 17 птушнікамі на 300 тыс. куранятаў. У сьнежні 1999 году далучылі саўгасп «Прыазёрны» (Навамыскі сельсавет, Баранавіцкі раён). У жніўні 2000 г. — калгасп «Цяплівады» (Жамчужненскі сельсавет, Баранавіцкі раён). У выніку агульны збор зерня перавысіў 12 тыс. тонаў пры ўраджайнасьці звыш 50 цэнтнэраў/га. Вытворчасьць малака перасягнула 4 тыс. тонаў пры сярэднім гадавым надоі на фуражную карову 7 тыс. кг (літраў)[4].

У 2005 г. даччыныя падразьдзяленьні «Прыазёрны» і «Цяплівады» стваралі 8% вырабаў прадпрыемства. Далучэньне земляробчых гаспадарак прывяло да самастойнага забесьпячэньня звыш паловы патрэбаў у зерні (пшаніца, трыцікале, ячмень). Для вытворчасьці камбінаванага корму за мяжой закупаліся соевы шрот (Аргентына), рыбная мука (Маўрытанія) і большасьць кукурузы (Украіна). На пачатку лістапада 2005 году ў п. Жамчужны ўвялі ў дзеяньне новы забойны цэх на 6000 птушанятаў за гадзіну. Цэх стаў першым у Беларусі з паветрана-кропельным спосабам ахалоджваньня птушкі, што ажыцьцяўлялася да тэмпэратуры тушкі +4 °C цягам 82 хвілінаў патокам вільготнага паветра (бяз дотыку вады) тэмпэратурай ад 0°C да +2 °C. Таксама ў забойным цэху паставілі 2 пакоі хуткай замарозкі з тэмпэратурай −35 °C. Будаўніцтва цэха ажыцьцявілі за кошт 4,293 млн пазыкі пад 10,5% гадавой ліхвы ад Нямецкага цэнтральнага каапэратыўнага банка (Франкфурт-на-Майне, зямля Гэсэн). Савет міністраў Рэспублікі Беларусь узяў на сябе вяртаньне 7% гадавой ліхвы. На 2005 г. птушкафабрыка мела закончаны цыкль вытворчасьці мяса куранятаў. Прадпрыемства ўлучала цэх бацькоўскага статка і рамонтнага маладняку, інкубатар, бройлерны цэх, цэх забою і паглыбленай перапрацоўкі мяса птушкі, сетку ўласных крамаў. Налічвалася 137 птушнікаў для адначаснага ўтрыманьня 2,2 млн куранятаў. На прадпрыемстве працавалі амаль 2000 чалавек. Штодзённы выраб мяса куранятаў перавышаў 55 тонаў у забойнай вазе. Таксама ў 2005 г. сумесна з кампаніямі «Яравіт» (Менск) і «Белптушкапрам» (Менск) адчыніла гандлёвы дом «Белая вежа» ў Маскве (Расея)[4].

У 2006 годзе да птушкафабрыкі «Дружба» далучылі Гарадзішчанскі племянны птушкаводчы рэпрадукар (Баранавіцкі раён). У 2008 годзе ўвялі ў дзеяньне цэх перапрацоўкі боенскіх адкідаў, што дазволіла вырабляць мяса-косную муку і зрабіць забой безадкідным. У 2009 годзе далучылі сельскагаспадарчае прадпрыемства «Пачапаўскі» (Баранавіцкі раён). У сьнежні 2009 г. у забойным цэху пусьцілі лінію забою магутнасьцю перапрацоўкі 3000 асобінаў матачнага пагалоўя за гадзіну. У 2010 годзе далучылі прадпрыемства «Агра-Стайкі» (Сталовіцкі сельсавет, Баранавіцкі раён) і адчынілі першую чаргу новага племяннога рэпрадуктара «Дзераўная» (Навамыскі сельсавет, Баранавіцкі раён). У сьнежні 2010 г. дадалі ААТ «Застарынскае» (Пачапаўскі сельсавет, Баранавіцкі раён). За 2010 г. з племянных яек вырасьцілі 18 млн куранятаў, вырабілі 15,2 тыс. тонаў малака і збылі 840 тонаў ялавічыны. У чэрвені 2011 году далучылі гаспадарку «Зара» прадпрыемства «АграЭлітПрадукт» (вёска Гавінавічы, Баранавіцкі раён), у выніку чаго землі птушкафабрыкі «Дружба» сталі разьмяшчацца ў 7 з 21 сельсавету Баранавіцкага раёну[5].

На 2011 г. птушкафабрыка «Дружба» зьяўлялася закрытым прадпрыемствам з закончаным цыклем вытворчасьці мяса куранятаў і ўлучала цэх рамонтнага маладняку, цэх інкубацыі (магутнасьць 27 млн яек за год), племянны рэпрадуктар, бройлерны цэх, цэх забою (9 тыс. куранятаў за гадзіну) і паглыбленай перапрацоўкі мяса (30 тонаў за зьмену), цэх перапрацоўкі боенскіх адкідаў, вытворчыя падразьдзяленьні і сетку з 48 крамаў. Прадпрыемства зьяўлялася найбольшым у Беларусі вытворцам мяса птушкі (30 тонаў за зьмену): галёнка, грудка, крыло, сьцягно, філе, шынка. Таксама выраблялася кілбаса (30 тонаў за зьмену). Звыш 85% вытворчасьці складалі вырабы птушкаводзтва. Для вырошчваньня выкарыстоўваўся рамонтны маладняк амэрыканскага кроса(en) «Рос-308» (прадпрыемства «Авіяген»; Хантсвіл(en), акруга Мэдысан(en), штат Алабама), які быў найбольш распаўсюджаным у сьвеце гібрыдам куранятаў з найбольшым паказьнікам прыросту вагі на адзінку корму. У 2011 г. прадпрыемства стала найбольшым падаткаплатнікам Баранавіцкага раёну. Збыт сутачных куранятаў для дарошчваньня перавысіў 250 тысячаў асобінаў. Асноўную пляцоўку ў п. Жамчужны пераабсталявалі для адкорму куранятаў. Птушнікі для ўтрыманьня і бацькоўскага статка перамясьцілі за межы галаўнога прадпрыемства. Камбікармы (звыш 92 тыс. тонаў за год) склалі звыш 40% усіх выдаткаў прадпрыемства. Звыш паловы кармоў выраблялася самастойна. Збор збожжа перавысіў 40 тыс. тонаў пры ўраджайнасьці звыш 50 цэнтнэраў/га. Ураджай зерневых і зернебабовых склаў 25 тыс. тонаў. Збор кукурузы — каля 18 тыс. тонаў пры ўраджайнасьці 90 ц/га, зерня рапсу — 2253 тоны пры ўраджайнасьці 19 ц/га. З адведзеных пад пасевы кукурузы 3200 га 63% (2000 га) пайшлі на зерне. Рэшта пайшла на сілас[5].

На лістапад 2011 г. налічвалася 176 птушнікаў для ўтрыманьня 2,9 млн куранятаў, 170 тыс. нясушак племяннога статка, 89 тыс. асобінаў рамонтнага маладняку. Агульная плошча зямельных угодзьдзяў складала 226 км², у тым ліку 193 км² (85%) сельскагаспадарчых. 125 км² (55%) адводзілася пад ральлю для вырошчваньня сакавітых кармоў для буйной рагатай жывёлы. Будынкі для вырошчваньня і забою птушкі займалі 224 га. Налічвалася каля 7000 асобінаў буйной рагатай жывёлы (БРЖ), у тым ліку 3084 — дойнага статка. Ва ўласнасьці знаходзіліся каля 500 аўтамабіляў і сельскагаспадарчых самаходаў. У межах Баранавіцкага раёну працавалі 8 даччыных падразьдзяленьняў: «Гарадзішча», «Заастрынскае», «Зара», «Палонка», «Пачапаўскі», «Прыазёрны», «Стайкі» і «Цяплівады». Уласная гандлёвая сетка з 48 крамаў, што мела звыш 500 супрацоўнікаў, ахоплівала 11 гарадоў Берасьцейскай (Баранавічы, Берасьце, Бяроза, Івацэвічы, Ляхавічы, Пінск), Гарадзенскай (Ліда, Наваградак, Слонім) і Менскай вобласьцяў (Клецак, Менск). За 2011 г. праз уласныя крамы збылі каля 30% вырабаў прадпрыемства. У Расею экспартавалі звыш 30% вырабаў[5]. Гадавая вытворчасьць склала 50 тыс. т мяса птушкі. У 2012 г. плошчу ральлі павялічылі да 136 км². Ва ўласнасьці птушкафабрыкі таксама знаходзіліся 12 жывёлагадоўчых фэрмаў з агульным пагалоўем у 7175 асобінаў БРЖ, зь іх 2965 (41%) кароваў[6]. У 2014—2015 гг. ураджай збожжа перавышаў 40 тыс. тонаў[7], што рабіла прадпрыемства найбольшай гаспадаркай паводле яго збору ў Баранавіцкім раёне[8].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2014 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 29 траўня 2015 г. Праверана 15 лістапада 2015 г.
  2. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2014 год (10 260,18 руб за $) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь Праверана 15 лістапада 2015 г.
  3. ^ «Дружба», птушкафабрыка (Баранавіцкі раён, Берасьцейская вобласьць) // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2005 г. Праверана 15 лістапада 2015 г.
  4. ^ а б Уладзімер Здановіч. За чвэрць стагодзьдзя мы навучыліся вырошчваць птушку па лепшых эўрапейскіх стандартах // Зьвязда : газэта. — 4 лістапада 2005. — № 216 (25548). — ISSN 1990-763x.
  5. ^ а б в Уладзімер Здановіч. Да новых мэтаў празь бездакорную якасьць прадукцыі // Зьвязда : газэта. — 5 лістапада 2011. — № 212 (27076). — С. 4-5. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Вольга Кабяк. Большасьць сельгасарганізацыяў рэканструюе фэрмы ва ўстаноўленыя тэрміны - А.Якабсон // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 20 чэрвеня 2013 г. Праверана 15 лістапада 2015 г.
  7. ^ Алена Клімушка. Жніво паказала нашыя сілы і магчымасьці // Газэта «Навіны Палесься», 15 верасьня 2015 г. Праверана 15 лістапада 2015 г.
  8. ^ Сьвятлана Бяляк. Хлеб сабралі, у Іванаве сьпявалі // Газэта «Сельская праўда», 23 верасьня 2015 г. Праверана 15 лістапада 2015 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць