Дом Багародзіцы (Эфэс)

Дом Багародзіцы — разьмешчаны ў Эфэсе (Турэччына) невялічкі будынак VII стагодзьдзя н.э. з сутарэньнем I стагодзьдзя н.э., які ў канцы XIX стагодзьдзя каталіцкія місіянэры сталі атаясамляць з домам, у якім жыла маці Ісуса Хрыста Панна Марыя.

Дом Багародзіцы ў Эфэсе.

У якасьці доказу гэтага сьцьверджаньня прыводзяцца пасьведчаньні мясцовых жыхароў, а таксама бачаньні нямецкай манашкі Анны Катарыны Эмэрых (1774—1824), якая ў Эфэсе ніколі не была. За 2 гады да сьмерці, падчас аднаго з такіх бачаньняў, ёй зьявілася Найсьвяцейшая Багародзіца і падрабязна апісала месца, у якім яна жыла да свайго Ўсьпеньня.

Паводле паданьня, у Эфэс Найсьвяцейшая Панна Марыя выправілася ў 43 годзе разам з апосталам Янам Багасловам, падчас ганеньня Ірада на хрысьціянаў. Але незадоўга да свайго шчаснага Ўсьпеньня Найсьвяцейшая Панна Марыя зноў прыбыла ў Ерусалім, дзе і адбылося Ўсьпеньне.

У 1950 годзе будынак быў адбудаваны і ператвораны ў капліцу. Нягледзячы на тое, што Ватыкан афіцыйна не прызнаў будынак домам Багародзіцы, яго наведалі папы Павал VI (у 1967 г.), Ян Павал II (у 19979 г.) і Бэнэдыкт XVI (у 2006 г.).