До́льнік — від танічнага верша, своеасаблівая пераходная форма ад сілаба-танічнай да танічнай сыстэмы вершаваньня. У дольніку звычайна ўрэгулявана колькасьць моцных месцаў (іктаў) у радках, аднак міжіктавыя інтэрвалы не аднолькавыя, як правіла, займаюць адзін-два склады. Часам могуць быць пропускі апорных (моцных) націскаў. У выніку ў дольніку выяўляецца чаргаваньне не аднолькавых стопаў, як у сілаба-танічным вершы, а няроўнаскладовых рытмічных доляў (адсюль і назва верша). Гэта павышае рытмастваральную моц апорных націскаў, а таксама значэньне словаў, на якіх стаяць такія націскі, і словазлучэньняў, аб’яднаных вакол гэтых словаў. У той жа час у дольніку так ці інакш адчуваецца мэтрычная аснова трохскладовых (радзей — двухскладовых) памераў, што не ўласьціва, напрыклад, чыста танічнаму, або акцэнтнаму, вершу. Калі колькасьць г. зв. адступленьняў ад памеру не асабліва значная, дольнік набліжаецца да сілаба-танічнага верша. І наадварот, калі колькасьць адступленьняў павялічваецца, ён далей адходзіць ад сілаба-тонікі, набліжаецца да танічнага верша.

Літаратура рэдагаваць