Дзярновы працэс — глебаўтваральны працэс, што разьвіваецца пад узьдзеяньнем травяністай расьліннасьці, якая штороку акумулюе значную колькасьць наземнай і падземнай фітамасы. Пад уплывам мікраарганізмаў (у асноўным бактэрыяў) мёртвыя рэшткі расьлінаў раскладаюцца з утварэньнем цёмна афарбаваных гумінавых кіслотаў, што вядзе да ўзбагачэньня верхняга глебавага гарызонту перагноем. Назапашваньне перагною істотна аслабляе працэсы вылугаваньня і ўзбагачвае верхні гарызонт мінэральнымі элемэнтамі. У выніку гэтага працэсу ўтворыцца цёмны перагнойны гарызонт з камякаватай або крупчастай структурай. Самыя спрыяльныя ўмовы для дзярновага працэсу складаюцца на карбанатных пародах (вапнякі, даляміты і мэргель). Арганічныя кіслоты на карбанатных пародах хутка нэўтралізуюцца кальцыем і ў выніку гэтай нэўтралізацыі ўтвараюцца гуматы кальцыю, вялікая частка якіх затрымліваецца ў верхніх глебавых гарызонтах.

У Беларусі найбольш буйныя дзялянкі дзярновых глебаў знаходзяцца ў Гомельскай і Магілёўскай абласьцях.

На тэрыторыі Беларусі дзярновы працэс звычайна спалучаецца з падзолістым, што вядзе да ўтварэньня дзярнова-падзолістых глебаў.