Дзяржаўная закупка

Набыцьцё тавара або паслугі за кошт бюджэтных сродкаў і сродкаў дзяржаўных пазабюджэтных фондаў.

Дзяржаўная закупка — набыцьцё тавара або паслугі за кошт бюджэтных сродкаў і сродкаў дзяржаўных пазабюджэтных фондаў.

Згодна з 17-м артыкулам Закону Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных закупках тавараў (працаў, паслугаў)» 2012 году вылучалі 6 відаў ажыцьцяўленьня дзяржаўнай закупкі: 1) адкрыты конкурс, 2) закрыты конкурс, 3) электронны аўкцыён, 4) запыт цэнавых прапановаў, 5) закупка з адной крыніцы, 6) біржавы гандаль[1].

У 2017 годзе рынак дзяржаўных закупак у 28 дзяржавах Эўрапейскага Зьвязу склаў каля 15 % сукупнага ўнутранага прадукту (звыш 2,2 трлн эўра). На 2018 год 47 са 162 дзяржаваў-удзельніцаў Сусьветнай гандлёвай арганізацыі былі бакамі Пагадненьня аб дзяржаўных закупках[2].

Віды рэдагаваць

  • Адкрыты конкурс. Галосны і спаборны выбар пастаўніка, у рамках якога ўсялякі зацікаўлены падраднік можа прадставіць сваю прапанову. Конкурсныя дакумэнты разьмяшчаюцца ў адкрытым доступе (на афіцыйным сайце).
  • Закрыты конкурс. Спаборны выбар пастаўніка сярод падраднікаў, запрошаных заказчыкам шляхам паведамленьня. Выкарыстоўваецца ў выпадку, калі зьвесткі пра закупку ўтрымліваюць дзяржаўную таямніцу.
  • Электронны аўкцыён. Галосны і спаборны выбар пастаўніка на электроннай гандлёвай пляцоўцы.
  • Запыт цэнавых прапановаў. Спаборны выбар пастаўніка, пераможцам якога прызнаецца падраднік, які прапанаваў найменшую цану. Прымяняецца, калі парогавая вартасьць тавару вызначаецца ўрадам, у тым ліку ў выпадку зьмяшчэньня ў запыце дзяржаўнай таямніцы.
  • Закупка з адной крыніцы. Выбар пастаўніка, пры якім заказчык прапануе заключыць дамову толькі аднаму падрадніку на падставе вывучэньня рынку і папярэдніх перамоваў зь вядомымі яму падраднікамі.
  • Біржавы гандаль. Ажыцьцяўляецца на таварнай біржы (Беларуская ўнівэрсальная таварная біржа)[1].

Беларусь рэдагаваць

24 лістапада 1993 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ухваліў Закон «Аб пастаўках тавараў для дзяржаўных патрэбаў». 13 чэрвеня 2012 году А.Лукашэнка падпісаў Закон «Аб дзяржаўных закупках тавараў (працаў, паслугаў)», які складаўся з 63 артыкулаў. Паводле 7-га артыкула Закону, прэзыдэнт Беларусі «вызначае ўпаўнаважаны дзяржаўны орган па дзяржаўных закупках». Згодна з 8-м артыкулам Савет міністраў Рэспублікі Беларусь:

  • «заключае міжурадавыя дамовы Рэспублікі Беларусь аб дзяржаўных закупках, прымае захады рэалізацыі міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь аб дзяржаўных закупках;
  • зацьвярджае палажэньне аб камісіі;
  • мае права вызначаць пералік тавараў, дзяржаўныя закупкі якіх ажыцьцяўляюцца з прымяненьнем біржавога гандлю, і ўсталёўваць парогавае значэньне іх арыентавальнай вартасьці для прымяненьня біржавога гандлю;
  • усталёўвае парогавае значэньне арыентавальнай вартасьці тавараў (працаў, паслугаў), дзяржаўныя закупкі якіх ажыцьцяўляюцца з прымяненьнем працэдуры запыту цэнавых прапановаў;
  • мае права вызначаць дадатковыя патрабаваньні да арганізацыі і правядзеньня працэдуры закупкі з адной крыніцы пры ажыцьцяўленні дзяржаўных закупак згодна з дадаткам да гэтага Закону;
  • мае права ўсталёўваць прэфэрэнцыйную папраўку для тавараў (працаў, паслугаў) уласнай вытворчасьці арганізацыяў, у якіх колькасьць інвалідаў складае ня менш за 50 % ад сьпісачнай колькасьці работнікаў, вызначаць памер такой прэфэрэнцыйнай папраўкі і ўмовы яе прымяненьня;
  • вызначае асобаў, якія ажыцьцяўляюць аплату паслугаў арганізатара, апэратара электроннай гандлёвай пляцоўкі, і парадак вызначэньня памеру такой аплаты»[1].

Паводле 15-га артыкула Закону, кожны ўдзельнік спаборніцтва за дзяржаўную закупку мае падаць запытаныя заказчыкам зьвесткі, якія сьведчаць пра: 1) «яго права ажыцьцяўляць адпаведны від дзейнасьці па пастаўцы або рэалізацыі іншым спосабам тавараў (выкананьні працаў, аказаньні паслугаў), а таксама наяўнасьць кваліфікаванага пэрсаналу і досьведу працы ў адпаведнай галіне дзейнасьці, тэхнічную аснашчанасьць, фінансавыя і іншыя магчымасьці, патрэбныя для выкананьня дамовы на працягу ўсяго пэрыяду яе дзеяньня; 2) адсутнасьць запазычанасьці па выплаце падаткаў, збораў (мытаў), пратэрмінаванай запазычанасьці па бюджэтных пазыках, запазычанасьці па плацяжах у бюджэт у сувязі зь невыкананнем або неналежным выкананьнем раней заключаных дамоваў у адпаведнасьці з заканадаўствам краіны, рэзыдэнтам якой ён зьяўляецца, на 1-ы дзень месяца, які папярэднічае дню падачы прапановы». Паводле 18-га артыкула, «Інфармацыя аб дзяржаўных закупках ... і акты заканадаўства аб дзяржаўных закупках разьмяшчаюцца на беларускай і (або) расейскай мовах у адкрытым доступе на афіцыйным сайце». Гэтая інфармацыя мае ўлучаць: «гадавыя пляны дзяржаўных закупак, запрашэньні да ўдзелу ў працэдурах дзяржаўных закупак, дакумэнты, якія прадстаўляюцца ўдзельніку для падрыхтоўкі прапановы на ўдзел у адкрытым конкурсе, электронным аўкцыёне, паведамленьні аб выніках працэдураў дзяржаўных закупак, зьвесткі аб дамовах..., сьпіс пастаўнікоў, якія часова не дапускаюцца ўдзелу ў працэдурах дзяржаўных закупак,... пратаколы паседжаньняў камісіяў па пытаньнях адкрыцьця прапановаў, адхіленьні прапаноў і падвядзеньня вынікаў». Пагатоў «заказчык штогод зацьвярджае гадавы плян дзяржаўных закупак і да 8 сакавіка бягучага году разьмяшчае яго на афіцыйным сайце. ... дапаўненні ў гадавы плян дзяржаўных закупак на працягу 15 каляндарных дзён зь дня іх прыняцьця падлягаюць разьмяшчэньню на афіцыйным сайце»[1].

Згодна з Законам (артыкул 20) «Аб'ём аднародных тавараў, якія складаюць прадмет дзяржаўнай закупкі, ня можа складаць менш за квартальную патрэбу ў іх, прадугледжаную гадавым плянам». Паводле 22-га артыкула, «Тэрмін для падрыхтоўкі і падачы прапановаў мае складаць у выпадку правядзеньня: 1) адкрытага конкурсу — ня менш за 30 каляндарных дзён зь дня разьмяшчэньня запрашэньня на афіцыйным сайце; 2) закрытага конкурсу — ня менш за 30 каляндарных дзён зь дня накіраваньня індывідуальнага запрашэньня патэнцыйным пастаўнікам; 3) электроннага аўкцыёну — ня менш за 20 каляндарных дзён зь дня разьмяшчэньня запрашэньня на афіцыйным сайце або ня менш за 10 працоўных дзён, калі арыентавальная вартасьць дзяржаўнай закупкі не перавышае 3000 базавых велічыняў; 4) працэдуры запыту цэнавых прапаноў — ня менш за 10 працоўных дзён зь дня разьмяшчэньня запрашэньня на афіцыйным сайце». Пагатоў, калі адбываецца «разьмяшчэньне запрашэньня ў замежных сродках масавай інфармацыі, тэрмін для падрыхтоўкі і падачы прапановаў мае складаць на 10 каляндарных дзён больш». Аднак «Пры правядзеньні паўторных працэдураў дзяржаўных закупак тэрмін для падрыхтоўкі і падачы прапановаў можа быць скарочаны заказчыкам, але ня больш чым удвая ад мінімальнага тэрміну»[1].

За 2017 год на дзяржаўныя закупкі ў Беларусі пайшло каля 3 млрд даляраў ЗША, якія склалі 6 % сукупнага ўнутранага прадукту[2].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в г д А.Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2012 году «Аб дзяржаўных закупках тавараў (працаў, паслугаў)» № 419-З (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 1 студзеня 2013 г. Праверана 25 верасьня 2018 г.
  2. ^ а б Сьвятлана Лук’янюк, тэлеканал «Беларусь 1». У Менску абмяркоўвалі сусьветныя практыкі і падыходы па вядзеньні дзяржзакупак у рамках пагадненьня СГА // Белтэлерадыёкампанія, 3 верасьня 2018 г. Праверана 25 верасьня 2018 г.