Гістарызмы — словы, якія абазначаюць прадметы, зьявы і паняцьці, што зь цягам часу выйшлі з ужытку («аршын», «грыўня», «дзіда», «камбед», «лікбез», «нарком», «нэп» і іншыя). У адрозьненьне ад архаізмаў гістарызмы ня маюць сынонімаў у сучаснай беларускай мове, таму найчасьцей выкарыстоўваюцца ў навуковай і мастацкай літаратуры для стварэньня калярыту пэўнай эпохі, узнаўленьня рэальных гістарычных абставін і мовы герояў: «Наслалі нам асаднікаў, жандараў і ўраднікаў, і іншае брыды» (Якуб Колас), «На сьценах віселі старыя чаканы, двуручныя мячы, кальчугі» (Уладзімер Караткевіч).

З паняцьцямі гістарызму зьвязаны разьдзел гісторыі мовы (гістарычная граматыка), які вывучае фармаваньне і разьвіцьцё моўнай сыстэмы на працягу існаваньня мовы, разьдзел лексыкалёгіі (гістарычная лексыкалёгія), які вывучае гісторыю слоўнікавага складу мовы і зьмяненьні ў розных групах лексыкі. Таксама ёсьць такія паняцьці, як гістарычная проза і гістарычны жанр, гістарычная школа, гістарыяграфія, гістарычны слоўнік, гістарычныя песьні, гістарычны музэй, гісторыя мовы, гісторыя літаратуры, гісторыя мастацтваў і іншыя.