Гомельхлебапрадукт

«Гомельхлебапрадукт» — дзяржаўнае зернеперапрацоўчае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў 1917 годзе. На 2015 г. улучаў: млынзавод з цэхам для вытворчасьці жытняй і пшанічнай мукі, манных крупаў; аўтаматызаваную вытворчасьць сутачнай магутнасьцю ў 530 тонаў рассыпных камбікармоў і 220 тонаў грануляваных камбікармоў; цэх для вытворчасьці аўсянай, грэчневай і пярловай крупы, гароха, кашаў і крупяных шматкоў хуткага прыгатаваньня.

«Гомельхлебапрадукт»
Тып Адкрытае акцыянэрнае таварыства
Дэвіз НоваКаша — сіла наша
Заснаваная 1917
Разьмяшчэньне Гомель, вул. Мазурава, д. 48
Ключавыя фігуры Генадзь Суздалеў
Галіна харчовая прамысловасьць
Прадукцыя бліны, вотруб’е, камбікорм, каша, крупа, мука
Абарачэньне 850,419 млрд руб[1] (2014; $82,885 млн)[2]
Апэрацыйны прыбытак 29,645 млрд руб ($2,889 млн)
Чысты прыбытак 20,612 млрд руб ($2,009 млн)
Лік супрацоўнікаў 791 (2014)
Матчына кампанія Выканаўчы камітэт Гомельскай вобласьці
Даччыныя кампаніі Навабеліцкі камбінат хлебапрадуктаў

Мінуўшчына рэдагаваць

На пачатку 1917 г. на месцы крупазавода працаваў купецкі млын для вытворчасьці шатраванай мукі магутнасьцю на 10 тонаў за суткі. У выніку пераабсталяваньня 1926—1927 гадоў вытворчасьць вырасла да 35 тонаў за суткі. Суседні млын пераабсталявалі на выпрацоўку аўсянай і ячнай мукі. Тамсама пазьней паставілі крупадзёрку для перапрацоўкі грэчкі ў крупы. У 1934 годзе побач пабудавалі млын 3-гатункавага памолу магутнасьцю ў 100 тонаў за суткі з элеватарам ёмістасьцю на 8 тыс. тонаў, што зрабіла крупазавод найбольшым у Беларусі. Пасьля пераабсталяваньня 1936—1937 гадоў крупазавод штодня перапрацоўваў па 105 тонаў аўса (50 т), грэчкі (40 т) і ячменю (15 т). У 1947 годзе пачалі ўзьвядзеньне жалезабэтоннага элеватара з прыбудовай у 1962—1967 гадах трох сіласных карпусоў[3]. У 1949 годзе прадпрыемства перайшло да перапрацоўкі толькі грэчкі з сутачнай магутнасьцю вытворчасьці ў 35 тонаў. У 1958 годзе, пасьля давядзеньня вытворчай магутнасьці да 180 тонаў за суткі, Гомельскі камбінат хлебапрадуктаў (КХП) упершыню ў СССР ужыў гідратэрмічную апрацоўку грэчкі, пры якой пад узьдзеяньнем цяпла і пары выраблялі хуткаразварвальныя крупы. У 1964 годзе ўвялі ў дзеяньне 2-сэкцыйны млын магутнасьцю ў 180 тонаў пшаніцы і 100 тонаў жыта за суткі. У 1996 годзе камбінат ператварылі ў Гомельскае вытворчае аб’яднаньне хлебапрадуктаў. 31 сьнежня 1999 году прадпрыемства атрымала сучасны назоў — ААТ «Гомельхлебапрадукт», якому падпарадкавалі Рагачоўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства. У 2007 годзе далучылі Навабеліцкі КХП. Адначасна пачалі пераабсталяваньне крупянога цэху Гомельскага КХП, магутнасьць якога перавысіла 38 тыс. т за год, што зрабіла крупазавод найбольшым у Беларусі[4].

У 2009—2010 гадах на Навабеліцкім КХП збудавалі 2 сушылкі на 17 тыс. тонаў збожжа. У 2010 годзе да «Гомельхлебапрадукт» далучылі сельскагаспадарчае прадпрыемства «Андрэеўка-Агра» (Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласьць). На сьнежань 2011 году «Гомельхлебапрадукт» улучаў: млынзавод для вытворчасьці жытняй і пшанічнай мукі, манных крупаў; камбікормавую вытворчасьць магутнасьцю ў 520 тонаў за суткі рассыпных камбікармоў з аўтаматызаваным дазаваньнем і 220 тонаў за суткі грануляваных камбікармоў; цэхі для вытворчасьці аўсяных, грэцкіх і ячных крупаў; цэхі для вытворчасьці гароха, кашаў хуткага прыгатаваньня і крупяных шматкоў; жывёлагадоўча-расьлінаводчае прадпрыемства «Андрэеўка». У 2011 г. Гомельскі КХП нарыхтаваў 17,5 тыс. тонаў грэчкі. 90% грэчкі пайшло на ўнутраны рынак. Навабеліцкі КХП перапрацаваў 110 тыс. тонаў збожжа, зь якіх 70 тыс. т паступіла пасьля збору ўраджая. У 2011 г. на Навабеліцкім КХП дадаткова пабудавалі 10 сушылак, што павысіла ёмістасьць для захоўванья збожжа з 20 тыс. т да 48 тыс. тонаў[4].

Крыніцы рэдагаваць