Голас беларуса (1924)

віленская газэта, заснаваная ў 1924 року

«Го́лас белару́са» — газэта дэмакратычнага кірунку. Выдавалася 14 лютага — 19 красавіка 1924 году ў Вільні на беларускай мове 2 разы на тыдзень. Рэдактар-выдавец Мікола Шыла. Выйшаў 21 нумар.

Голас беларуса
Тып 2 разы на тыдзень
Выдавец Мікола Шыла
Галоўны рэдактар Мікола Шыла
Рэдактар Мікалай Шыла
Заснаваная 14 лютага 1924 (100 гадоў таму)
Закрытая 19 красавіка 1924
Мова беларуская
Штаб-кватэра Вільня
Афіцыйны сайт Беларуская палічка

Прадаўжала традыцыі забароненай польскімі ўладамі газэты «Змаганьне». Крытычна аналізавала палітычнае і эканамічнае становішча ў Польшчы, сацыяльную палітыку польскага ўраду (артыкул «Сучасны эканамічны крызіс» пад псэўданімам Кугельман, «Панскае аздараўленьне крэсаў» падпісаны крыптанімам «К», «У чым сапраўдная санацыя Польшчы?» пад крыптанімам «М», «У зачараваным коле» і інш), разглядала канцэпцыю дзяржавы, яе рэалізацыю польскім грамадзтвам (артыкул «Дзяржава для народа ці народ для дзяржавы?» падпісаны псэўданімам Ст. Мірскі).

Шмат увагі аддавала стану і мэтам беларускага вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі (артыкулы: «Рашучая часіна», «Ніякіх летуценьняў», «Хто разважа?», «Рэвізія трактатаў і беларусаў», «Беларускае пытаньне за граніцай», «Рэалізацыя ідэі незалежнасьці», «Найважнейшы вывад» і інш.), пісала пра парушэньні правоў чалавека і нацыянальных меншасьцей у краіне (артыкул «Польскае obywatelstwo і міжнародныя трактаты» пад псэўданімам Civis).

У сувязі з абмеркаваньнем польскім сэймам законапраекту аб самаўрадах шырока асьвятляла пытаньні самакіраўніцтва, улады на месцах (артыкулы: «Ці толькі спадчына керпішчызны» пад крыптанімам «В», «Генэральная баталія», «Прамова Б. Тарашкевіча ў сойме»). Друкавала матэрыялы пра злоўжываньні польскай адміністрацыі і паліцыі ў дачыненьні да насельніцтва Заходняй Беларусі і беларускай асьветы, пра нападкі на беларускіх дэпутатаў з боку эндэкаў — правага крыла сейму, ігнараваньне праблем рэпатрыянтаў (артыкулы: «Няўмольныя факты», «На руінах беларускай школы», «Зьдзекі над рэпатрыянтамі», «Дзікі гвалт»).

Пэрспэктывы вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі зьвязвала зь дзяржаўным будаўніцтвам, арганізацыяй навукі і асьветы ў Савецкай Беларусі (рубрыка «Навокал пашырэньня тэрыторыі БССР», артыкулы: «Паваротны пункт», «Незалежнасьць і залежнасьць», «Сьвяткаваньне шостых угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі»).

Вяла дыскусіі па пытаньнях стратэгіі і тактыкі беларускага руху, пісала пра міжнародныя падзеі ў сьвеце, у тым ліку пра сьвяткаваньне 1 траўня, Міжнароднага дня жанчын (артыкулы: «Міжнародны тыдзень работніцы» пад крыптанімам «Яз», «Жанчына ў беларускім адраджэнскім руху» пад крыптанімам «А. Н.», «Міжнародны жаноцкі рух»).

На старонках газэты зьмешчаны пастановы Беларускага нацыянальнага камітэту па розных праблемах беларускага грамадзка-палітычнага жыцьця, нота міністра замежных справаў БНР А. Цьвікевіча да старшыні Лігі Нацыяў, выступленьне ў сэйме дэпутата-камуніста С. Крулікоўскага, артыкул «З беларускага палітычнага архіву», інфармацыя пра грамадзка-культурны рух Латвіі, ЗША і Чэхаславакіі, рэцэнзіі У. Самойлы (пад псэўданімамі Суліма, Ars) на пэрыядычныя выданьні і дзейнасьць Беларускай драматычнай майстроўні і інш. Рэдакцыя газэты выпусьціла брашуру Самойлы «Які „самаўрад“ гатуе беларускаму народу польская рэспубліка?», кнігі А. Краскоўскага «Аб чалавечым целе здаровым, хворым і спосабах яго лячэбнай самаабароны»,[1] З. Верас «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» і інш. Выйшаў 21 нумар, зь іх 4 канфіскаваныя. Забароненая польскімі ўладамі, рэдактар-выдавец зьняволены ў вязьніцу.

Літаратура рэдагаваць

  • Ліс, А. «Голас беларуса» / А.Ліс // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 56. — ISBN 985-11-0041-2.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць