Гета ў пэрыяд Другой сусьветнай вайны

Гета ў пэрыяд Другой сусьветнай вайны — жылыя зоны на падкантрольных нямецкім нацыстам і іх саюзьнікам тэрыторыях, куды гвалтоўна перамяшчалі габрэяў у мэтах ізаляцыі іх ад негабрэйскага насельніцтва. Гэта ізаляцыя была часткай палітыкі так званага «канчатковага рашэньня габрэйскага пытаньня», у рамках якой было зьнішчана каля 6 мільёнаў габрэяў.

Гета і масавыя дэпартацыі ў акупаванай нацыстамі Эўропе

Ствараючы месцы прымусовага ізаляванага ўтрыманьня габрэяў, нацысты перасьледвалі наступныя мэты:[1]

  • Палягчэньне наступнай ліквідацыі габрэяў.
  • Прадухіленьне патэнцыйнага супраціву.
  • Атрыманьне бясплатнай працоўнай сілы.
  • Набыцьцё сымпатыяў астатняга насельніцтва.

Усяго было створана паводле розных зьвестак ад 800 да больш за 1000 гета, у якіх утрымліваліся ня менш за мільён габрэяў[2][3]. Першае гета ў Польшчы было заснавана ў горадзе Петркаў-Трыбунальскі ў кастрычніку 1939 году.

Усё гета, паводле меркаваньня гісторыкаў, умоўна можна падзяліць на два асноўныя тыпы: «адчыненыя» і «зачыненыя». Адчыненыя гета безь фізычнай ізаляцыі габрэяў у асобным ахоўным квартале існавалі толькі да зьнішчэньня жыхароў альбо іх перасяленьня ў «зачыненыя» гета або дэпартацыі ў лягеры. У такім гета ў абавязковым парадку ствараліся юдэнраты альбо прызначаліся (абіраліся) старасты[1][4].

Стварэньне «зачыненых» гета ажыцьцяўлялася з абавязковым перасяленьнем усіх габрэяў у ахоўнае месца (квартал, вуліца, асобнае памяшканьне). Вакол зачыненага гета сіламі вязьняў і за іх кошт узводзілася агароджа ў выглядзе калючага дрота або глухіх муроў і платоў. Уваход і выхад ажыцьцяўляўся праз кантрольна-прапускныя пункты, якія ахоўваліся паабапал гета[4].

Калёна вязьняў менскага гета на вуліцы. 1941 год

Юдэнраты (ням. Judenrat — «габрэйская рада»), або габрэйскія камітэты, ствараліся нямецкімі акупацыйнымі ўладамі як органы самакіраваньня габрэйскіх гета. Юдэнраты, у адрозьненьне ад іншых мясцовых калябарацыйных органаў, часта фармаваліся ў прымусовым парадку[5].

У паўнамоцтвы юдэнрату ўваходзіла забесьпячэньне гаспадарчага жыцьця і парадку ў гета, збор грашовых сродкаў і іншых кантрыбуцый, адбор кандыдатаў для працы ў працоўных лягерах, а таксама выкананьне распараджэньняў акупацыйнай улады. Юдэнрату фармальна падпарадкоўвалася габрэйская паліцыя[6].

Кандыдат гістарычных навук Яўген Розэнблат падзяляе габрэйскіх калябарантаў на дзьве вялікія групы:[5]

  • Прыхільнікі стратэгіі калектыўнага выжываньня.
  • Асобы, якія ажыцьцяўлялі стратэгію індывідуальнага выжываньня.

Першая група атаясамлівала сябе з усімі астатнімі жыхарамі гета і імкнулася па магчымасьці дамагчыся сыстэмы, пры якой цэламу шэрагу катэгорыяў габрэйскага насельніцтва падаваліся дадатковыя шанцы на выжываньне — напрыклад, апека юдэнратаў над шматдзетнымі сем’ямі, маламаёмаснымі, старымі, самотнымі людзьмі і інвалідамі. Прадстаўнікі другой групы супрацьпастаўлялі сябе астатнім габрэям і выкарыстоўвалі ўсе сродкі для асабістага выжываньня, у тым ліку тыя, якія вялі да пагаршэньня становішча або гібелі астатніх.

Чальцы юдэнратаў па-рознаму ставіліся да супраціву і акцыям узброенага падпольля ў гета. У некаторых выпадках яны наладжвалі сувязь і супрацоўніцтва з падпольлем і партызанамі, у іншых — імкнуліся не дапусьціць акцый супраціву, асьцерагаючыся, што немцы будуць помсьціць усім жыхарам гета[5]. Існавалі таксама актыўныя памагатыя нацыстаў. Частка зь іх была забітая падпольшчыкамі і партызанамі[7].

Буйнейшыя гета рэдагаваць

Першым чынам гета былі створаныя на тэрыторыі СССР і акупаваных нацыстамі краінаў Усходняй Эўропы. У іх таксама прымусова пад пагрозай сьмерці перасялялі ўсіх габрэяў, у тым ліку габрэяў з Заходняй Эўропы.

Найбольш буйныя гета знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы. Гэта ў першую чаргу Варшаўскае гета (480 тыс. чалавек) і Лодзінскае гета (204 тыс. чалавек).

На тэрыторыі СССР найбуйнейшымі былі гета ў Львове (409 тысячаў чалавек, існавала зь лістапада 1941 па чэрвень 1943 году) і Менску (каля 100 тысячаў чалавек, ліквідавана 21 кастрычніка 1943 году).

Таксама было створана буйнае гета ў Цярэзіне (Чэхія).

Зь ліку гета па-за абсягам Эўропы вядома Шанхайскае гета, дзе японскія саюзьнікі Нямеччыны трымалі габрэяў Шанхая.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Каганович А. Вопросы и задачи исследования мест принудительного содержания евреев на территории Беларуси в 1941—1944 годах // Сост. и ред. Я. З. Басин. Актуальные вопросы изучения Холокоста на территории Беларуси в годы немецко-фашистской оккупации : Сборник научных работ. — Мн.: Ковчег, 2005. — В. 1.
  2. ^ Гетто Энциклопедия Холокоста. Американский мемориальный музей Холокоста. Праверана 9 августа 2009 г.
  3. ^ Гетто. Введение
  4. ^ а б [Альтман И. А. Глава 3. Гетто и лагеря на территории СССР. § 1. Классификация мест принудительного содержания // Холокост и еврейское сопротивление на оккупированной территории СССР. — М.: Научно-просветительный центр «Холокост», 2002. — 319 с. — ISBN 5-88636-007-7
  5. ^ а б в Розенблат Е. С. Юденраты в Беларуси: проблема еврейской коллаборации. Ковчег.
  6. ^ Задачи и полномочия юденратов История антисемитизма и Катастрофа. Открытый университет Израиля. Праверана 2010-09-08 г.
  7. ^ Иоффе Э. Г. Актуальные вопросы изучения Холокоста на территории Советской Белоруссии в годы Второй мировой войны  (рас.) // Сост. Басин Я. З. Актуальные вопросы изучения Холокоста на территории Беларуси в годы немецко-фашистской оккупации : Сборник научных работ. — Мн.: Ковчег, 2006. — В. 2.