Гердзень (каля 1190 — 1267) — князь нальшанскі, князь полацкі (1264—1267).

Гердзень
лац. Gierdzień / Hierdzień
Князь полацкі
1264 — 1267
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1190
Памёр 1267(1267)

Імя рэдагаваць

Асноўны артыкул: Гердзень (імя)

Гардзін або Герцін (Gardin, Gertinus[1]) — імя германскага паходжаньня[2]. Іменная аснова -гард- (-герд-, -герт-) (імёны ліцьвінаў Альгерд, Мундыгерд, Тэўтыгерд; германскія імёны Algardus, Mundgerd, Teutgerdis) паходзіць ад гоцкага gairdan 'падпяразваць' (пераноснае 'ахоўваць'), garda 'агароджа' (пераноснае 'ахова, бясьпека')[3]. Такім парадкам, імя Гердзень азначае «ахоўнік»[4].

Этымалягічны слоўнік старапольскіх асабовых імёнаў, выдадзены Польскай акадэміяй навук, адзначае гістарычнае бытаваньне ў Польшчы германскага імя Gerden (Gerdin, Girden)[5].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Gerdine de Nailse (15 чэрвеня 1260 году)[6][7]; Гердень (1263 год[8]; Наўгародзкі першы летапіс[9], Наўгародзкі чацьверты летапіс[10], Сафійскі першы летапіс[11]); Ердень[12] або Гердень[13] (Васкрасенскі летапіс).

Біяграфія рэдагаваць

Паводле Ноўгародзкага першага летапісу быў сынам нейкага Давыда Расьціславіча, якога некаторыя дасьледнікі лічаць смаленскім князем. Але гэта малаверагодна, бо той жа летапіс кажа пра Гердзеня як пра «літоўскага князя». У гэтым сьвятле цікава паведамленьне пазьнейшага Васкрасенскага летапісу які кажа, што Гердзень быў сынам Давіла Расьціславіча і малодшым братам Віда, згодна з гэтым летапісам Гердзень быў стрыечным братам Міндоўга. Прытым некаторыя крыніцы завуць Давіла Расьціславіча Давыдам і Данілам (магчыма рэдкасьць імя тлумачыць разыходжаньні паміж Наўгародзкім першым і Васкрасенскім летапісамі наконт імя бацькі Гердзеня). Меў за жонку нейкую Эўпраксію, цётку Даўмонта, і зь ёй двух сыноў Андрэя і невядомага на імя.

Гердзень упамінаецца як нальшанскі князь у падробленай грамаце Міндоўга ў якасьці яго сваяка і сьведкі. Падробленасьць граматы не памяншае значнасьці гэтых зьвестак, бо ніхто ня стаў бы, фальшуючы грамату, пазначаць у ёй нерэчаісных сьведак. У грамаце Гердзень запісаны чацьвертым пасьля самога Міндаўга, брата яго жонкі Лонгвіна і добра вядомага Парбуса.

Падрабязнасьці жыцьця Гердзеня да 1264 году невядомыя. У 1264 годзе па выгнаньні палачанамі з дапамогай Войшалка вылучэнца Траняты Канстанціна — заняў полацкі сталец. 23 сьнежня 1264 году ад Полацкага і Віцебскага княстваў склаў мірную ўмову з Рыгай і Готляндам, якая вызначала правілы гандлю і паводле якой Гердзень адмаўляўся ад земляў ва ўсходняй Латгаліі, аддадзеных князем Канстанцінам Лівонскаму ордэну, за гэта ордэн абавязваўся не нападаць на Полацкую зямлю. Гердзень ня ўвесь час знаходзіўся ў Полацку, відаць, нярэдка наведваючы Нальшаны і Літву. Верагодна, ён быў не адзіным князем у Нальшанах, а адным з тамтэйшых князёў. Таксама застаецца нявысьветленым пытаньне, чаму Войшалк дапамог атрымаць Полацак Гердзеню не зважаючы на яго старэйшага брата Віда. Былы нальшанскі князь Даўмонт стаўшы пскоўскім князем у 1266—1267 гадох тройчы рабіў паходы на Полацкую зямлю. У час апошняга зь іх Гердзень загінуў[14], а яго жонка і сыны трапілі ў палон.

Таксама невядома ці быў ён адзіным князем у Полацку, бо яшчэ пры яго жыцьці, ў 1265 годзе, як полацкі князь упамінаецца Ізяслаў, у той жа час Гердзень быў полацкім князем да сваёй сьмерці ў 1267 годзе. Некаторыя дасьледнікі лічаць, што ўпамін Ізяслава ў грамаце ёсьць памылкай перапісьніка, што ён быў толькі віцебскім князем, а полацкі сталец заняў ужо па сьмерці Гердзеня.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Socin A. Mittelhochdeutsches Namenbuch. — Basel, 1903. S. 141, 181, 305, 720.
  2. ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 600.
  3. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
  4. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 21.
  5. ^ Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — Kraków, 1997. S. 69.
  6. ^ Пожалование Миндовга для Тевтонского ордена в Ливонии на всю Литовскую землю — фальсификат (1260), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  7. ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 39.
  8. ^ Полоцкие грамоты XIII — начала XVI в. Т. 1. — М., 2015. С. 58.
  9. ^ ПСРЛ. Т. 3. — СПб., 1841. С. 59.
  10. ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 40.
  11. ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 193.
  12. ^ ПСРЛ. Т. 7. — СПб., 1856. С. 253.
  13. ^ ПСРЛ. Т. 7. — СПб., 1856. С. 167.
  14. ^ Варонін В. Гердзень // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 530.

Літаратура рэдагаваць