Генрык Жавускі

польскі пісьменьнік, публіцыст

Генрык Жавускі (Ржавускі, Равускі; 3 траўня 1791, Славута, цяпер Хмяльніцкая вобласьць, Украіна — 28 лютага 1866 Чуднаў, Жытомірская вобласьць, Украіна) — польскамоўны беларускі пісьменьнік, публіцыст, палітык і масон. Адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў кансэрватыўнай думкі 30—50-х гг. XIX ст. у Беларусі, Літве і Польшчы.

Генрык Жавускі
Henryk Rzewuski
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Jarosz Bejła
Нарадзіўся 3 траўня 1791
Славута, цяпер Хмяльніцкая вобласьць, Украіна
Памёр 28 лютага 1866 (74 гады)
Чуднаў, Жытомірская вобласьць, Украіна
Бацькі Адам Ваўжынец Жавускі[d]
Юстына з Рдултоўскіх[d]
Сужэнец Julia Grocholska[d]
Дзеці Countess Marianne Rzewuska[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, публіцыст, масон
Кірунак кансэрватызм
Мова польская мова[1]
Значныя творы «Pamiątki JPana Seweryna Soplicy, cześnika parnawskiego» («Успаміны яснавяльм. пана Севярына Сапліцы, чашніка парнаўскага»). T. I—IV. Парыж, 1839.

Біяграфія рэдагаваць

Належаў да вядомага магнацкага роду. Быў сынам Адама Ваўжынца Жавускага — вядомага ў свой час палітычнага дзеяча і публіцыста, маршалка шляхты Магілёўскай губэрні і расейскага сэнатара, які быў праціўнікам Канстытуцыі 3 траўня.

Хоць нарадзіўся Генрык Жавускі на Валыні, значную частку сваіх маладых гадоў ён правёў у сваёй бабкі Марыяны Рдултоўскай у Валамечцы Менскага ваяводзтва.

Вучыўся ў розных краях, служыў у войску Варшаўскага княства. Шмат падарожнічаў, жыў у Варшаве, Рыме, Парыжы, Пецярбургу, адпачываў з Адамам Міцкевічам у Крыме. Сваё жыцьцё скончыў у фамільным маёнтку ў Чуднаве на Валыні.

Палітычныя і філязофскія погляды рэдагаваць

Выхаваны на Меншчыне, замілаваны ў Літву, Генрык Жавускі быў адным з адметных прадстаўнікоў краёвай ідэі, літоўскага (ліцьвінскага) патрыятызму. У свой час ён напісаў:


  Калі я пакінуў любімую Літву, Украіна здалася мне прывабнай краявідамі, прыгажосьцю сваіх сёлаў, але ўсё ж спосаб існаваньня жыхароў ня быў па сваёй натуры такім, каб я мог так хутка забыць Літву…  

Сярод мэмуарыстаў Беларусі ён адным зь першых спрабаваў абгрунтаваць свой патрыятызм.[2] «Літва» для яго ўжо нешта цэласнае, шматграннае — ня толькі зямля, але і яе людзі, гісторыя, легенды. Уласна з такога літоўскага (ліцьвінскага) патрыятызму пазьней вырас беларускі.

Генрык Жавускі быў адным найбольш вядомых прадстаўнікоў кансэрватыўнай думкі 30—50-х гг. XIX ст. у Беларусі, Літве і Польшчы. Яго філязофскія і грамадзка-палітычныя погляды складаліся пад уплывам такіх вядомых прадстаўнікоў заходнеэўрапейскага традыцыяналізму як Луі дэ Банальда (1754—1840) і Жазэф дэ Мэстр (1753—1821).

Пасьля вяртаньня ў 1832 годзе з эміграцыі ён пасяліўся ў Чуднаве на Валыні. У 1832—1836 гг. знаходзіўся на пасадзе маршалка Жытомірскага павету. Уласна там ён ініцыяваў стварэньне «Пецярбурскага гуртка» — літаратурна-палітычнай групоўкі кансэрватыўнага кірунку, які сучасьнікі жартам называлі «Пентархіяй» (у перакладзе азначае «ўлада пяці»), таму што духоўнае жыцьцё гэтай суполкі ліцьвінскіх патрыётаў вызначалі пяць вядомых у той час пісьменьнікаў, публіцыстаў, мысьляроў, ураджэнцаў беларускіх і ўкраінскіх зямель — Генрык Жавускі, Юзаф Працлаўскі, Ігнат Галавінскі, Людвік Штырмер і Міхал Грабоўскі. Друкаваным органам кансэрватараў быў «Тыднёвік Пецярбурскі» («Tygodnik Petersburski») (1830—1856).

У 1830-я гг. ідэалягічныя прынцыпы «Tygodnika Petersburskiego» амаль не выклікалі пярэчаньняў у грамадзтве. Уплыў групоўкі штотыднёвіка, у якую ўваходзіў і Г. Жавускі, быў такі аўтарытэтны, што іншы погляд на літаратуру і грамадзкае жыцьцё прысутнічаў толькі ў непадцэнзурных выданьнях. Сытуацыя зьмянілася, калі Генрык Жавускі, пачаў прэтэндаваць на ролю галоўнага ідэоляга групоўкі. Калі ён выдаў двухтомныя «Mieszaniny obyczajowe» («Мешаніна традыцыяў»), пратэсты супраць гэтае кнігі прывялі да таго, што нават Юзаф Крашэўскі, які напачатку падтрымліваў групоўку, выступіў з рэзкаю крытыкаю аўтара і антыпатрыятычнае накіраванасьці яго «Mieszanin».[3]

У сваіх творах Г. Жавускі выступаў перакананым апалягетам фэадальна-прыгоньніцкіх адносінаў. Разумеючы, што нацыянальна-вызваленчы рух у краі ўсё болей зьліваецца з антыфэадальным, набывае антыпрыгоньніцкі характар, што ўзмацняюцца яго сувязі з рэвалюцыйнай барацьбой іншых народаў, ён лічыў, што захаваньне прыгоньніцтва на літоўскіх (беларускіх) і польскіх землях магчыма толькі ў тым выпадку, калі гэтыя землі будуць заставацца інтэгральнай часткай Расейскай імпэрыі. Як прыхільнік абсалютызму ён лічыў, што менавіта самадзяржаўе прызначана забясьпечыць нармальнае традыцыйнае разьвіцьцё гэтых зямель.


  «Дзякуючы волі Бога сталі мы часткай Расейскай дзяржавы і, як частка славянскага племя, аб’яднаныя пад скіпэтрам цара, можам разьвівацца і ўносіць уклад у агульную скарбніцу», — пісаў Г. Жавускі.  

У палітычных поглядах Г. Жавускага дамінавала ідэя нязьменнасьці грамадзкага быцьця, супрацьстаяньня ўсялякім пераменам усталяваных сацыяльных адносінаў, усялякім зьменам традыцыйных формаў існаваньня грамадзтва.

Вядома таксама, што ён зьяўляўся сябрам пецярбурскай масонскай ложы «Белы арол».

У 1850—1856 Жавускі зьяўляўся чыноўнікам па асобых даручэньнях царскага намесьніка князя Івана Паскевіча.

Літаратурная дзейнасьць рэдагаваць

Дзіцячыя ўражаньні, як сам потым сьцьвярджаў, паўплывалі на ўсё ягонае жыцьцё. Г. Жавускі пазнаёміўся і пасябраваў з Адамам Міцкевічам. Менавіта Міцкевіч у канцы 1820-х падштурхнуў Жавускага да напісаньня першых шляхоцкіх «гавэндаў» — гутарак, створаных на падставе сапраўдных мясцовых аповедаў, сямейных паданьняў, зь якіх пазьней паўсталі знакамітыя «Ўспаміны пана Севярына Сапліцы, парнаўскага чашніка». А сам Міцкевіч прызнаваўся Юльяну Фалькоўскаму, што «ўзяў з апавяданьняў Жавускага першапачатковую задуму „Пана Тадэвуша“, увесь гістарычны калярыт гэтае паэмы, нават прозьвішча Сапліцы».

З дапамогаю А. Міцкевіча «Ўспаміны» былі выдадзеныя ў 1839—1841 гг. на эміграцыі ананімна (першае выданьне 1844 г. у межах Расейскай імпэрыі было моцна «папраўленае» цэнзурай)[4]. Першыя 20 частак цыклю апавяданьняў пабачылі сьвет у Парыжы, а яшчэ пяць пазьней у Вільні.

Кніга пабудаваная як шэраг не зьвязаных сюжэтна «абразкоў», падзеі ў якіх адбываюцца ў Наваградзкім ваяводзтве, храналягічна яны ахопліваюць пэрыяд 1760—1780 гг., а цэнтральная постаць у творы — нясьвіскі князь Караль Радзівіл (Пане Каханку). Кожная старонка аповядаў пана Севярына Сапліцы Генрыка Жавускага прасякнутая непрыхаваным захапленьнем бесьсьмяротным сармацкім духам старой літоўскай (беларускай) шляхты. Яскравым прыкладам ёсьць аповед пад назваю «Тадэвуш Рэйтан», які ёсьць адным з «успамінаў» мітычнага старасьвецкага шляхціца Сапліцы.

Літаратурны талент і замілаванасьць аўтара ў сваіх героях, сакавіты мясцовы калярыт надалі твору Г. Жавускага «Ўспаміны пана Севярына Сапліцы, парнаўскага чашніка» незвычайную папулярнасьць. У хуткім часе і сапраўдныя гістарычныя постаці ўбачыліся многімі вачыма Севярына Сапліцы, а ягоныя гутаркі сталі ўспрымацца як біяграфічныя крыніцы. Але Жавускі ствараў літаратурныя, дакладней, менавіта мітычныя вобразы.

Кансэрватар і мараліст, ён меў на мэце праз свае творы адраджаць «народ шляхоцкі», які ёсьць сапраўднай квінтэсэнцыяй нацыі. Ідэалам для яго заставаліся шляхоцкая рэспубліка, «залатая вольнасьць», рымская вера і шляхоцкая годнасьць. Але лепшыя героі — гэта звычайна людзі высокай хрысьціянскай маралі, патрыёты, а саслоўныя правілы застаюцца як бы на другім месцы. Паводзіны іхныя прапануюць тую мадэль, якой павінны ў прынцыпе трымацца ўсе, незалежна ад паходжаньня, канфэсіі й нават эпохі, людзі з годнасьцю й сумленьнем. Такім менавіта быў і Тадэвуш Рэйтан. Рэйтан Жавускага амаль замяніў гістарычнага, хаця дэталі біяграфіі значна «падпраўленыя» пісьменьнікам. Але асноўнае — мужны адпор, пра які піша Жавускі ў сваім творы, які ставілі здрадзе Айчыны наваградзкія паслы Тадэвуш Рэйтан, Самуэль Корсак і пасол Менскага ваяводзтва Станіслаў Багушэвіч — чыстая праўда.

Пісьменьнік Жавускі стварыў узор, як трэба паводзіць сябе патрыёту краю, калі радзіма ў сьмяротнай небясьпецы. Ключавым момантам тут ёсьць спрэчка з Аскеркам: ці можна ўваходзіць у змову з захопнікамі Айчыны. Канчатковы доказ пазыцыі Рэйтана (і, вядома, Жавускага) дае нашая гісторыя: падзеламі, рабаваньнем і зьнішчэньнем дзяржавы скончыліся змовы і кампрамісы для Рэчы Паспалітай. Сучасныя змовы й спадзяваньні на шчырасьць і справядлівасьць тых самых «партнэраў» вядуць да тых самых вынікаў.[4]

У 1851 годзе Генрык Жавускі пачаў выдаваць «Dziennik Warszawski», які стаў значным этапам у летапісе польскай прэсы: гэта было першае польскае выданьне, якое рабілася па заходнеэўрапейскім узоры. Чытачы, аднак, хутка адвярнуліся ад «Dziennika», бо рэдактар ​​з сваёй прамалінейнасьцю разьвіваў у выданьні свае арыстакратычна-клерыкальныя погляды.

Творы рэдагаваць

  • «Pamiątki JPana Seweryna Soplicy, cześnika parnawskiego» («Успаміны яснавяльм. пана Севярына Сапліцы, чашніка парнаўскага»). T. I—IV. Парыж, 1839. (Пераклад твору на беларускую мову М. П. Кенькі: «Успаміны Сапліцы». — Менск, «Лімарыус», 2005. 366 с ISBN 985674041X 9789856740414.)
  • «Pamiętniki starego szlachcica litewskiego». Вільня, 1844—1845.
  • «Mieszaniny obyczajowe» («Мешаніна традыцыяў»). T. I—II. Вільня, 1841—1843 (пад псэўд. Jarosz Bejła).
  • «Listopad» («Лістапад»). T. I—III. 1845—1846. (Аповесьць перакладзена на расейскую, чэскую, нямецкую і ангельскую мовы).
  • «Маральныя і палітычныя эсэ», 1847.
  • «Zamek krakowski» («Кракаўскі замак»), 1847—1848.
  • «Adam Śmigielski» («Адама Сьмігельскі»). СПб., 1851.
  • «Łaska i przeznaczenie» («Ласка і прызначэньне»). Варшава, 1851.
  • «Teofrast polski» («Польскі Тэафраст)». СПб., 1851.
  • «Nie-bajki» («Ня байкі»), 1851.
  • «Rycerz Lizdejko» («Рыцар Лізьдзейка»), 1852.
  • «Zaporożec» («Запарожац»), 1854.
  • «Wędrówki umysłowe» («Інтэлектуальныя падарожжы»), 1855.
  • «Pamiętniki Bartłomieja Michałowskiego» («Успаміны Баўтрамея Міхалоўскага»). СПб. і Варшава, 1857.
  • «Paź złotowłosy, czyli Wieczory sułtana» («Залатавалосы паж, або Вечары султана»). Львоў, 1858.
  • «Próbki historyczne» («Гістарычныя спробы»), 1868.
  • Uwagi o dawnej Polsce przez starego Szlachcica Seweryna Soplicę Cześnika Parnawskiego napisane 1832 r. (Рукапіс, выдадзены ў 2003).

Крыніцы рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць