Генадзь Кулажанка (28 ліпеня 1952, Нароўля — пасьля 28 чэрвеня 1981, Герат, Аўганістан) — актывіст беларускамоўнага самвыдату ў 1970-х гг., дарадца па справах моладзі ў Аўганістане.

Генадзь Кулажанка
Дата нараджэньня 28 ліпеня 1952(1952-07-28)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 28 чэрвеня 1981(1981-06-28) (28 гадоў)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці загінуў у баі[d]
Месца вучобы
Дзеці Уладзімір Генадзевіч Кулажанка[d]
Узнагароды
ордэн Дружбы народаў

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Бацька, доктар эканамічных навук, прафэсар Уладзімер Кулажанка ўзначальваў катэдру палітэканоміі Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту. У пачатку 1990-х быў чальцом Ценевага Кабінэту Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня, уваходзіў у каманду Зянона Пазьняка на першых прэзыдэнцкіх выбарах. Працяглы час супрацоўнічаў з Радыё Свабода ў якасьці эканамічнага аглядальніка.

Генадзь У 1969 г. скончыў сярэднюю школу № 9 у Менску, працаваў сьлесарам-зборшчыкам на заводзе імя Арджанікідзе ў Менску. У 1975 г. скончыў гістарычны факультэт БДУ. Пад час вучобы разам зь сябрамі: Уладзімерам Арловым, Эдвардам Зайкоўскім, Ігарам Чарняўскім, Юрыем Бандаровічам выступіў арганізатарам, рэдактарам і адным з аўтараў самвыдатаўскага машынапіснага літаратурнага альманаху «Мілавіца». «Ён быў першым у маім жыцьці гарадзкім хлопцам, які гаварыў па-беларуску, — згадвае Ўладзімер Арлоў у сваёй кнізе „Імёны Свабоды“. — Не з тэлеэкрана, не са сцэны, не для публікі, а проста ў жыцьці». Таксама ў гэты час быў адным зь лідэраў студэнцкага нефармальнага гуртка «Партыя аматараў піва». За 1974—1976 гг. выйшла 7 нумароў альманаха. У 1976 г. выданьне было канфіскавана КДБ, з аўтарамі правялі тлумачальную работу.

Пасьля сканчэньня БДУ працаваў дырэктарам школы ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласьці. З 1975 г. другі сакратар Пастаўскага РК ЛКСМБ. 3 1976 да 1978 г. вучыўся ў Вышэйшай камсамольскай школе пры ЦК ВЛКСМ у Маскве. У 1978—80 гг.— першы сакратар Пастаўскага РК ЛКСМБ, зь ліпеня да сьнежня 1980 г.— загадчык аддзелу Віцебскага АК ЛКСМБ.

У Аўганістане рэдагаваць

У сьнежні 1980 году накіраваны саветнікам па справах моладзі ў Аўганістан. Ён павінен быў наладзіць працу мясцовага аналяга камсамолу — Дэмакратычнай арганізацыі моладзі. Рэгіёнам адказнасьці беларуса стаў небясьпечны для савецкіх войскаў трохкутнік гарадоў Герат — Гур — Бадгіс.

Паводле вэрсіі Службы дзяржаўнай бясьпекі Аўганістану, раніцай 28 чэрвеня 1981 году Кулажанка меўся адляцець з Герату ў Кабул. Ужо на лётнішчы агледзеўся, што забыў тэчку з дакумэнтамі. Ён злавіў таксі, чым аўтаматычна парушыў інструкцыю, якая загадвала перасоўвацца ў бронетранспартэры, бо горад, з усіх бакоў быў абкладзены аўганскімі баевікамі, фактычна быў на асадным становішчы. На пад’езьдзе да гатэля аўтамабіль блякавалі маджахеды. У часе перастрэлкі Кулажанка быў цяжка паранены. Па адной з вэрсій цела Генадзя баевікі прывязалі да матацыкла і пацягнулі ў схованку, каб потым выменяць на арыштаваных паплечнікаў. Па дарозе ён памёр ад ранаў. А вось са словаў жыхароў навакольных кішлакоў вынікала, што «шураві» застаўся жыць, яго трымаюць у палоне. Пра «сьветлавалосага чужынца», захопленага летам, казаў і адзін з душманаў, які ў канцы восені прыйшоў з павіннай у кабульскую службу бясьпекі. Але пакуль вайскоўцы выпрацоўвалі плян штурму кішлака, спэцслужбы правялі аўтаномную апэрацыю, і на пачатку зімы камандзіра групы маджахедаў забілі. Страціўшы важака, баевікі разьбегліся, вызначыць каардынаты турмы не ўдалося.

Шукалі Генадзя Кулажанку да вясны 1982 году. Паколькі месца знаходжаньня парэшткаў так і засталося невядомым, яго прызналі зьніклым бязь вестак. Пра гэта праінфармавалі МЗС СССР, ЦК ВЛКСМ і сям’ю ў Беларусі. За «мужнасьць і самаадданасьць пры выкананьні прафэсійнага абавязку» ўказам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР за подпісам Леаніда Брэжнева камсамольскі работнік Генадзь Кулажанка быў узнагароджаны ордэнам Дружбы Народаў (пасьмяротна). У яго гонар названая вуліца ў Паставах.[1]

Бацькі, жонка і сын яшчэ да сярэдзіны 2000-х гадоў спадзяваліся, што Кулажанка жывы.

Крыніцы рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя Спасылкі рэдагаваць

  • «Мілавіца», № 3, 1975
  • Арлоў У. ІМЁНЫ СВАБОДЫ. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2007. — 576 с.
  • «Собеседник», № 45, 1985. «Собеседник», № 44, 1987. «Собеседник», № 45, 1987.