Гарадзенска-Троцкая унія

(Перанакіравана з «Гарадзенская унія»)

Гарадзе́нска-Тро́цкая у́нія (1432—1433) — зьвяз паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім, складзены 15 кастрычніка 1432 году ў Горадні і пацьверджаны 20 студзеня 1433 году ў Троках. Высокімі бакамі ўмовы выступілі кароль польскі Ўладзіслаў II Ягайла й вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч. Унія была складзеная ва ўмовах грамадзянскай вайны, па тым як Жыгімонту з дапамогай палякаў атрымалася зрынуць Сьвідрыгайлу Альгердавіча й самому заняць вялікакняскі стол. Дзеіла да забойства ў 1440 годзе Жыгімонта й абраньня вялікім князем сына Ягайлы Казімера.

Гарадзенска-Троцкая унія
ВКЛ і Польшча ў 1386—1434 гг.
ВКЛ і Польшча ў 1386—1434 гг.
Падпісаная 1432 (1), 1433 (2)
 ·  месца Горадня (1), Трокі (2)
Бакі Вялікае Княства Літоўскае
Польскае Каралеўства

Да складаньня новай уніі дачыненьні паміж дзяржавамі разьвіваліся ва ўмовах Віленска-Радамскай уніі 1401 году, галоўныя палажэньні якой ляглі ў аснову Гарадзенскай уніі. Вялікае Княства Літоўскае прызнавалася спадчынным валоданьнем Ягайлы й яго нашчадкаў, а такім спосабам, і польскай Кароны. У дачыненьні караля польскага вялікі князь літоўскі захоўваў той жа статус, які быў замацаваны раней: ён, як і яго васалы, даваў прысягу на вернасьць польскай Кароне. Вялікі князь літоўскі мог быць абраны баярамі Вялікага княства толькі на згоду польскае шляхты. Упершыню за каралём польскім замацоўваўся тытул «вярхоўны князь літоўскі»[1]. Было пацьверджана права паноў на валоданьне радавымі маёнткамі й вялікакняскімі дараваньнямі паводле польскага ўзору, ніякіх абмежаваньняў на праваслаўных накладзена не было[1].

Жыгімонт прызнаваўся вялікім князем. Тэрыторыя дзяржавы адносна кіраваньня Вітаўта заставалася нязьменнай, але па сьмерці Жыгімонта Вялікае Княства Літоўскае мусіла было перайсьці пад беспасярэдняе кіраваньне Ягайлы або яго нашчадкаў. Гэтая ўмова не пашыралася на вотчынныя землі Жыгімонта — Троцкае княства, якія захоўваліся за ім і яго нашчадкамі. У выпадку спыненьня роду Кейстутавічаў, гэтыя землі мусілі былі б быць таксама перададзеныя Кароне. Такім чынам, паводле ўмоваў уніі, адзіны сын Жыгімонта Міхал пазбаўляўся правоў на ўспадкоўваньне бацькаўскага тытулу й мог прэтэндаваць толькі на валоданьне сваёй вотчынай у якасьці васала караля польскага.

Падольле цалкам вярталася ў склад Польшчы, а Валынь прызнавалася пажыцьцёвым валоданьнем Жыгімонта (на такіх жа ўмовах Валыньню валодаў і Вітаўт). Спрэчныя валынскія землі з замкамі Ратна, Ветлы, Лапацін і Гарадло адыходзілі Польшчы[1]. Усе зьвязы й умовы, раней складзеныя Сьвідрыгайлам «у шкоду каралеўству», разрываліся. Так, напрыклад, Жыгімонт абавязаўся дапамагаць Польшчы ў змаганьні з крыжакамі, што разрывала Хрыстмэмэльскую умову, складзеную Сьвідрыгайлам з Тэўтонскім ордэнам[1].

Сьведкамі й гарантамі выкананьня Жыгімонтам умоваў уніі выступілі 22 прадстаўнікі літоўскай шляхты[1], у тым ліку віленскі біскуп Мацей, луцкі біскуп Андрэй, князі Аляксандар і Іван Уладзімеравічы[a], Сямён Іванавіч, Фёдар Карыбутавіч, кашталян віленскі Крысьцін Осьцік, староста жамойцкі Міхал Кезгайла, Ян Яўнут, Румбольд ды іншыя ўплывовыя асобы. З боку Польшчы сьведкамі выступілі 7 паноў на чале зь біскупам кракаўскім Зьбігневам Алясьніцкім[1].

18 кастрычніка 1432 году сын Жыгімонта Міхал выдаў акт, у якім адмаўляўся ад змаганьня за вялікакняскі стол і прызнаваў сябе васалам Польшчы. 3 студзеня 1433 году ў Кракаве польскі кароль і каронная рада выдалі два акты, у якіх прынялі бязь зьменаў Гарадзенскі акт і абяцалі падтрымку Жыгімонту.

20 студзеня 1433 году ў Троках Жыгімонт выдаў дакумэнт, што пацьвярджаў варункі уніі, у якім упамінаецца ўжо 41 сьведка[1]. Сярод памянёных асобаў няма прадстаўнікоў рускай шляхты, што тлумачыцца тым, што баяры й князі ўсходніх земляў Вялікага княства ў большасьці сваім не падтрымлівалі Жыгімонта, працягваючы прызнаваць вялікім князем Сьвідрыгайлу. Ягайла і Жыгімонт яшчэ раз пацьвердзілі унію актамі, выдадзенымі 27 лютага 1434 году у Корчыне і Горадні[1].

Нягледзячы на вызначаныя саступкі літоўскім баярам, напрыклад, дапушчэньні іх да выбараў вялікага князя, унія стала перамогай польскай замежнай палітыкі, бо Вялікае княства Літоўскае станавілася фактычна ленам польскай Кароны[2]. Унія дзеіла да забойства ў 1440 годзе Жыгімонта й абраньня вялікім князем сына Ягайлы Казімера[1].

Заўвагі рэдагаваць

  1. ^ Раней, у праватнасьці ў Анатоля Лявіцкага, гэтае месца ў дакумэнце прачытвалася як Аляксандар Іван Уладзімеравіч

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б в г д е ё ж з Пазднякоў В. Гарадзенска-Троцкая унія 1432—33 // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 496—497.
  2. ^ Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 2. — Менск, 2008. С. 159.

Літаратура рэдагаваць

  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
  • Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага / Ю. Бохан [і інш.]; рэдкал: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: Экаперспектыва, 2008. — 688 с.: іл. ISBN 978-985-469-240-1.
  • Halecki O. Dzieje unii jagiellońskiej. — T. 1—2. — Kraków, 1919—1920.
  • Kutrzeba S., Semkowicz W. Akta Unji Polski z Litwa, 1385—1791. — Kraków, 1932. — S. 74—105.
  • Lewicki A. Powstanie Świdrygiełły. Ustęp z dziejów Unii Litwy z Koroną. — Kraków: Drukarnia Uniwersytetu Jagiellońskiego, 1892.