Вінчэнца Мантэльля

Вінчэ́нца Мантэ́льля (па-італьянску: Vincenzo Montella; нарадзіўся 18 чэрвеня 1974 году ў Кастэльлё-ды-Чыстэрна, Кампанія) — італьянскі прафэсійны футбаліст і футбольны трэнэр. Выступаў на пазыцыі нападніка за «Рому» да 2009 году. З 1999 па 2005 год правёў 20 матчаў за зборную Італіі, забіў у іх 3 галы. Удзельнік чэмпіянату Эўропы 2000 году (2-е месца) і чэмпіянату сьвету 2002 году.

Вінчэнца Мантэльля
Вінчэнца Мантэльля
Vincenzo Montella
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 18 чэрвеня 1974 (49 гадоў)
Кастэльлё-ды-Чыстэрна, Італія
Рост 172 см
Вага 68 кг
Пазыцыя нападнік
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
1990—1995
1995—1996
1996—1999
1999—2009
2007
2007—2008
Эмпалі
Джэноа
Сампдорыя
Рома
Фулгэм (арэнда)
Сампдорыя (арэнда)
51 (27)
34 (21)
83 (54)
194 (83)
10 (3)
13 (4)
Зборныя
1999—2005 Італія 20 (3)
Трэнэрскія клюбы
2011
2011—2012
2012—2015
2015—2016
2016—2017
2019
Рома (в. а.)
Катанія
Фіярэнтына
Сампдорыя
Мілян
Фіярэнтына

Кар’ера рэдагаваць

Клюбы рэдагаваць

Мантэльля пачынаў сваю кар’еру ў клюбе Сэрыі «C» «Эмпалі» ў 1990 годзе, а ў 1995 годзе перайшоў у клюб Сэрыі «B» «Джэноа», за які ўжо ў першым (і адзіным) сэзоне забіў 21 гол. Пасьля гэтага Мантэльлю набыла «Сампдорыя», якая выступала ў Сэрыі «A». У гэтай камандзе Вінчэнца шмат забіваў і два гады запар (1997 і 1998) быў адным з найлепшых бамбардзіраў чэмпіянату. Яго добрая гульня прывяла да запрашэньня ў «Рому», пасьля вылету «Сампдорыі» з Сэрыі «A». За яго былі заплачаныя вялікія грошы (25 млн эўра), але ў першым жа сэзоне Вінчэнца стаў іх апраўдваць, забіўшы 18 галоў і зрабіўшы дубль у вароты «Ляцыё», галоўнага суперніка «Ромы» ў чэмпіянатах Італіі. Разам з Франчэска Тоцьці і Марка Дэльвэкіё Мантэльля склаў атакоўнае трыё рымскага клюбу, якое ўяўляла сабой адну з найлепшых атак у Сэрыі «A». У сэзоне 2000—2001 Мантэльля 13-ю галамі дапамог камандзе выйграць чэмпіянат, а ў сакавіку 2002 году ён прывёў у захапленьне заўзятараў клюбу, забіўшы чатыры мячы ў вароты «Ляцыё», у выніку чаго «Рома» перамагла 5:1.

У сэзоне 2003—2004 Мантэльля гуляў вельмі мала з-за траўмаў. Але ў наступным сэзоне ён прадэманстраваў файную форму і забіў за «Рому» ў чэмпіянаце 21 гол. Сэзон 2005—2006 ізноў не атрымаўся з-за траўмаў, Вінчэнца перанёс дзьве апэрацыі на сьпіне і плячы, згуляўшы ўсяго 13 матчаў у чэмпіянаце.

4 студзеня 2007 году Мантэльля адправіўся ў арэнду ў лёнданскі «Фулгэм», дзе стаў асноўным нападнікам. У дэбютным хатнім матчы Кубка Ангельшчыны супраць «Лэстэр Сіці» ён забіў два галы, а неўзабаве забіў і «Сток Сіці» ў наступным раўндзе гэтага турніру. 13 студзеня Мантэльля згуляў свой першы матч у чэмпіянаце Ангельшчыне супраць «Ўэст Гэму», а 20 студзеня забіў свой першы гол у ангельскім чэмпіянаце, рэалізаваўшы пэнальці ў матчы з «Тотэнгэмам». Італьянец стаў вельмі папулярны сярод заўзятараў «Фулгэму» пасьля чатырох галоў у трох матчах запар. 8 траўня, за тыдзень да канца тэрміну арэнды, Мантэльля вярнуўся ў «Рому».

На сэзон 2007—2008 гадоў Мантэльля адправіўся ў свой першы клюб «Сампдорыю» ізноў на правах арэнды.

2 ліпеня 2009 году Мантэльля аб’явіў пра завяршэньне сваёй кар’еры прафэсійнага гульца[1].

Зборная рэдагаваць

Мантэльля згуляў свой першы матч за зборную Італіі 5 чэрвеня 1999 году супраць Ўэйлзу. Таксама ён прымаў удзел у чэмпіянаце Эўропы 2000 году (у фінале выйшаў на замену) і чэмпіянаце сьвету 2002 году. З 2005 году Мантэльля не атрымліваў запрашэньняў у нацыянальную каманду і, такім чынам, прапусьціў чэмпіянат сьвету ў Нямеччыне і чэмпіянат Эўропы ў Аўстрыі і Швайцарыі.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Grazie Vincenzo (італ.)

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Вінчэнца Мантэльлясховішча мультымэдыйных матэрыялаў