Вострая брама

брама ў Вільні (Летува)
Помнік абарончай і сакральнай архітэктуры
Вострая брама
лац. Vostraja brama
Вострая брама
Вострая брама
Краіна Летува
Места Вільня
Каардынаты 54°40′27.1″ пн. ш. 25°17′22.5″ у. д. / 54.674194° пн. ш. 25.289583° у. д. / 54.674194; 25.289583Каардынаты: 54°40′27.1″ пн. ш. 25°17′22.5″ у. д. / 54.674194° пн. ш. 25.289583° у. д. / 54.674194; 25.289583
Першае згадваньне 1503
Вострая брама на мапе Летувы
Вострая брама
Вострая брама
Вострая брама
Вострая брама на Вікісховішчы

Во́страя бра́ма — помнік гісторыі і архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў у Вільні, адзіная захаваная брама гарадзкіх умацаваньняў. Знаходзіцца з паўднёвага боку Старога Места, пры канцы Вастрабрамскай вуліцы[a]. Твор архітэктуры позьняй готыкі, рэнэсансу і раньняга барока. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.

Віленская Вострая брама — цэнтральны вобраз беларускай сьвядомасьці, культуры і паэзіі[1]. Яе паўднёвы фасад аздабляецца гербам Вялікага Княства Літоўскага Пагоняй — традыцыйным нацыянальным гербам беларусаў. Вобраз брамы апяваецца ў патрыятычнай песьні «Пагоня» на аднайменны верш Максіма Багдановіча, якая разглядаецца як адзін з прэтэндэнтаў на статус дзяржаўнага гімну Беларусі. Над брамай дзее капліца з цудоўным абразом Маці Божай Вастрабрамскай — апякункі Беларусі і Летувы.

Назва рэдагаваць

Не існуе адзінай вэрсіі паходжаньня назвы Вострай брамы (польск. Ostra Brama, лет. Aštria broma). Паводле найбольш папулярнай думкі, яна ўтварылася ад назвы паўднёвага прадмесьця Вільні Вострага Канцу[2]. Таксама існуюць вэрсіі, што назва брамы магла паходзіць ад пачатковых гатычных шпіляў на вежы, ад формы вуліцы, якая звужаецца каля брамы, або ад родавага імя Канстантына Астроскага[3].

Сучасная летувіская назва Aušros Vartai («Брама Сьвітанку») зьявілася ў летувіскіх газэтах пачатку XX стагодзьдзя, але падаецца бессэнсоўнай, бо брама выходзіць не на ўсход. Гэтую новую назву спрабуюць тлумачыць ушанаваньнем Маці Божай, адным з атрыбутаў якой лічыцца сьвітанак[4].

Ад пачатку брама называлася Медніцкай, бо ад яе пачынаўся Медніцкі гасьцінец — шлях да мястэчка Меднікаў. Існуюць згадкі, што браму часам называлі Крэўскай, бо ад яе таксама пачынаўся шлях у кірунку мястэчка Крэва[5].

Гісторыя рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае рэдагаваць

Дзеля ўзмацненьня абароны Вільні біскуп Войцех Табар разам зь мясцовай радай пастанавілі абнесьці места мурамі. Сьцены збудавалі вельмі хутка, і 2 кастрычніка 1503 году біскуп урачыста асьвяціў іх. Мураваная брама з паўднёвага боку гарадзкіх сьценаў будавалася паміж 1503 і 1514 гадамі разам зь пяцьцю іншымі (пазьней колькасьць брамаў дасягала дзевяці).

У 1514 годзе па пераможнай над Маскоўскай дзяржавай бітве пад Воршай праз браму адбыўся трыюмфальны ўезд у сталіцу вялікага князя Жыгімонта Старога і гетмана найвышэйшага Канстантына Астроскага[6].

Магчыма, браму перабудавалі ў канцы XVI ст., пра што сьведчаць круглыя байніцы. У першай чвэрці XVII ст. (відаць, па пажары 1610 году) над аркай брамы дабудавалі фасад зь пяцьцю амбразурамі і атык, аздоблены дзяржаўным гербам Пагоняй. У 1621—1626 гадох пры самой браме заснавалі кляштар кармэлітаў босых, а ў 1635—1650 гадох збудавалі касьцёл Сьвятой Тэрэзы.

Прыкладна ў 1652 годзе ў Вільню прывязьлі абраз Маці Божай, які разьмясьцілі на браме. Ад пачатку абраз ня меў сваёй капліцы, былі толькі аканіцы, якія засьцерагалі яго ад дажджу і сьнегу. Неўзабаве заўважылі, што тых вернікаў, якія зьвярталіся з малітвай праз гэты абраз, Маці Божая адорвала асаблівымі ласкамі. Пазьней манахі-кармэліты перанесьлі абраз у касьцёл Сьвятой Тэрэзы. Гэта тлумачаць прадбачаньнем Божым, бо за часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе Вільня трапіла ў рукі маскоўскіх захопнікаў і шэсьць гадоў цярпела ад акупацыі.

У 1671 годзе з паўночнага (мескага) боку да брамы прыбудавалі драўляную капліцу, адмыслова дзеля абраза Маці Божай. У 1702 годзе да капліцы прынесьлі першы абетны дар. 18 траўня 1706 году здарыўся пажар, але капліца ўцалела. У 1711—1712 гадох над брамай замест драўлянай збудавалі мураваную капліцу[7] (паводле іншых зьвестак, у 1754 годзе[8]). У 1785—1787 гадох каліцу аздобілі стукавым дэкорам і алтаром (імаверны аўтар — мясцовы скульптар К. Ельскі). У 1789–1793 гадох да капліцы дзеля патрэбаў вернікаў прыбудавалі клясыцыстычную галерэю[9].

Пад уладай Расейскай імпэрыі рэдагаваць

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, капліца працягвала дзеяць. Да 1828 году на браме захоўвалася размалёўка. У 1829—1830 гадох праводзілася рэканструкцыя будынка.

Прыкладна зь сярэдзіны XIX ст. усталяваўся звычай праходзіць браму зь непакрытай галавой на знак ушанаваньня Маці Божай Вастрабрамскай. Звычай патрабаваў пры руху з боку места здымаць шапку ўжо каля касьцёла Сьвятой Тэрэзы. У 1861—1863 гадох перад капліцай адбываліся рэлігійна-патрыятычныя маніфэстацыі.

Найноўшы час рэдагаваць

30 лістапада 1917 году газэта «Вольная Беларусь» надрукавала верш Максіма Багдановіча, у якім апяваліся вобраз Вострай брамы і нацыянальнага гербу беларусаў Пагоні:

 

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах,
Успомню Вострую Браму сьвятую
І ваякаў на грозных канях.

У белай пене праносяцца коні,
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць,
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць!

 

У 1923 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікай, якія атрымалі Вільню згодна з савецка-польскай Рыскай мірнай дамовай 1921 году, зьмясьцілі ў нішы брамы барэльеф у выглядзе гербу Польшчы. 2 ліпеня 1927 году пры прэзыдэнце Польшчы Юзэфе Пілсудзкім адбылася ўрачыстая каранацыя абраза Маці Божай Вастрабрамскай залатымі каронамі. У 1927—1932 гадох праводзілася аднаўленьне будынка. У 1932 годзе пры ўдзеле Фэрдынанда Рушчыца зрабілі новую аздобу капліцы.

26—28 красавіка 1935 году ў браме ўпершыню на грамадзкі агляд выставілі Абраз Божай Міласэрнасьці[10], створаны ў 1934 годзе мясцовым мастаком Яўгенам Казіміроўскім падчас знаходжаньня ў Вільні каталіцкай манахіні Фаўстыны Кавальскай, якая пачула просьбу намаляваць гэты абраз ад Езуса Хрыста.

4 верасьня 1993 году падчас наведваньня Летувы ў капліцы на Ружанцы маліўся Папа Ян Павал II. Перад яго візытам будынак капліцы аднавілі. У 2010 годзе праводзіўся рамонт капліцы, які крытыкуюць за ўчыненьне шкоды помніку архітэктуры.

Архітэктура рэдагаваць

Паонік архітэктуры позьняй готыкі, рэнэсансу і раньняга барока. Гэта прастакутны ў пляне будынак памерамі 11,2 на 10,8 мэтраў, таўшчыня муроў дасягае двух мэтраў. У ніжнім ярусе на лініі поўнач — поўдзень знаходзіцца праезд, перакрыты крыжовымі скляпеньнямі. Атык аздабляецца маньерыстычным фрызам, з паўднёвага боку — герб Пагоня, які падтрымліваюць два крылатыя львы-грыфоны, і рэльефная галава Гермэса ў крылатым шлеме. Ніжэй у нішы знаходзіўся абраз Збаўцы. Фасады дэкаруюцца нішамі і пілястрамі.

Крытая галерэя, якая злучае капліцу з касьцёлам Сьвятой Тэрэзы, аздабляецца надпісам на лаціне «Mater misericordiae sub tuum praesidium confugimus» («Маці Міласэрнасьці, пад Тваю абарону аддаемся»).

Галерэя рэдагаваць

Гістарычная графіка рэдагаваць

Гістарычныя здымкі рэдагаваць

Сучасныя здымкі рэдагаваць

Заўвагі рэдагаваць

  1. ^ Афіцыйны адрас — Aušros Vartų g. 14

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Дубавец С. Вострая Брама (Бiблiятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе). — Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2005. С. 9.
  2. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 413.
  3. ^ Марошэк Ю. Готыка і візантынізм у Вялікім Княстве Літоўскім. Ч. 2 // My Little Europe : integration, education, culture. С. 119.
  4. ^ Bahlcke J., Rohdewald S., Wünsch T. Religiöse Erinnerungsorte in Ostmitteleuropa: Konstitution und Konkurrenz im nationen- und epochenübergreifenden Zugriff. — De Gruyter (Verlag), 2013. S. 377.
  5. ^ Мікола Гракаў, Гасцінец ад Вострай Брамы вёў на Мінск. 7 цікавых фактаў пра вялікую святыню Беларусі, Літвы і Польшчы, Catholic.by, 16 лістапада 2019 г.
  6. ^ Марошэк Ю. Готыка і візантынізм у Вялікім Княстве Літоўскім // My Little Europe : integration, education, culture. С. 120.
  7. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 414.
  8. ^ Drėma V. Dingęs Vilnius. — Vilnius, 1991. P. 139.
  9. ^ Plebankiewicz K. Wilno: przewodnik turystyczny. — Warszawa, 1997. S. 147.
  10. ^ З гісторыі цудоўнага месца // Слова Жыцця. № 21 (290), 15 лістапада 2009 г.

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць