Вольна

вёска ў Баранавіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці Беларусі

Во́льна[1]вёска ў Беларусі, на рацэ Рудзіцы. Цэнтар сельсавету Баранавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 678 чалавек. Знаходзіцца за 30 км на паўночны ўсход ад Баранавічаў, за 14 км ад чыгуначнай станцыі Пагарэльцы; на аўтамабільнай дарозе СталавічыМір.

Вольна
трансьліт. Voĺna
Траецкая царква
Траецкая царква
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Баранавіцкі
Сельсавет: Вольнаўскі
Насельніцтва: 678 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 163
Паштовы індэкс: 225367
СААТА: 1204807016
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 53°17′54″ пн. ш. 26°13′49″ у. д. / 53.29833° пн. ш. 26.23028° у. д. / 53.29833; 26.23028Каардынаты: 53°17′54″ пн. ш. 26°13′49″ у. д. / 53.29833° пн. ш. 26.23028° у. д. / 53.29833; 26.23028
Вольна на мапе Беларусі ±
Вольна
Вольна
Вольна
Вольна
Вольна
Вольна
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Вольна — старажытная вёска на гістарычнай Наваградчыне. Да нашага часу тут захаваліся сядзібна-паркавы комплекс Сьлізняў, помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVIII—XIX стагодзьдзяў, і царква Сьвятой Тройцы ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVIII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся манастыр базылянаў (XVIII ст.), зруйнаваны расейскімі ўладамі, і палац Сьлізьняў (XIX ст.), зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Гісторыя рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае рэдагаваць

Упершыню ўпамінаецца ў сярэдзіне XVI ст. як сяло Вольнае. У 1567 годзе маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Юрыя Хадкевіча, які выстаўляў у войска 4 коньнікі. У 1571 годзе Вольна перайшла да Соф’і Слуцкай, а пазьней да Астафея Валовіча. У гэты час на тэрыторыі сядзібы былі 4 дамы, скляпы («піўніцы»), бровар, іншыя гаспадарчыя будынкі. Каля маёнтку разьмяшчаліся царква, млын і карчма.

У 1632 годзе ўладальнікі Вольна стольнік наваградзкі Крыштап Каменскі і яго жонка Алена Друцкая-Горская фундавалі ў вёсцы царкву і манастыр базылянаў[2]. У 1768 годзе базыляне збудавалі ў Вольне мураваную царкву Сьвятой Тройцы. Пры базылянскім манастыры існавала школа, у якой навучаўся мастацтвазнавец, архітэктар і скульптар Рафал Сьлізень.

Пад уладай Расейскай імпэрыі рэдагаваць

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Вольна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Чэрніхаўскай воласьці Наваградзкага павету. Некаторы час у маёнтку працаваў паэт Ян Чачот.

У 1839 годзе расейскія ўлады ліквідавалі манастыр базылянаў. У яго будынкі ў 1840 годзе перавялі жаночы манастыр Маскоўскага патрыярхату з Наваградку, які праіснаваў да 1873 году. У 1879 годзе мясцовы прыход налічваў каля 5 тыс. вернікаў (зь іх 5 % пісьменных). На 1886 год у сяле Вольне быў 61 двор, дзеяла царква, працавала народная вучэльня (адкрылася ў 1863 годзе), побач зь сялом — вінакурны завод і млын. У 1890 годзе адкрылася царкоўна-прыходзкая школа. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Вольне было 99 двароў, дзеяла царква, працавалі народная вучэльня (у 1900 годзе 100 хлопчыкаў, настаўніца Г. Тарановіч), хлебазапасны магазын, кузьня, шынок; існаваў помнік у гонар вызваленьня сялянаў ад прыгоннай залежнасьці. На 1909 год — 107 двароў.

Найноўшы час рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Вольна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[3]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Вольна апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Чэрніхаўскай гміне Баранавіцкага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час тут было 125 двароў, побач зь вёскай існаваў аднайменны фальварак (7 двароў). 27 сьнежня 1925 году Вольна стала цэнтрам гміны.

У 1939 годзе Вольна ўвайшла ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стала цэнтрам сельсавету Гарадзішчанскага раёну, з 25 сьнежня 1962 году Баранавіцкага раёну Баранавіцкай, з 8 студзеня 1954 году Берасьцейскай вобласьцяў. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 7 ліпеня 1944 году вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

На 1970 год у Вольне было 336 двароў, на 1992 год — 341, на 1998 год — 370, на 2005 год — 316. У 2000-я гады Вольна атрымала афіцыйны статус аграгарадку.

Насельніцтва рэдагаваць

Дэмаграфія рэдагаваць

  • XIX стагодзьдзе: 1886 гады — 470 чал.; 1897 год — 341 чал.;
  • XX стагодзьдзе: 1921 год — 724 чал. у вёсцы Вольне і 35 чал. у фальварку Вольне; 1939 год — 941 чал.; 1959 год — 641 чал.; 1970 год — 519 чал.[4]; 1992 год — 898 чал.[5]; 1996 год — 861 чал.[6]; 1998 год — 854 чал.[7]; 1999 год — 808 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2005 год — 764 чал.[8]; 2010 год — 678 чал.

Інфраструктура рэдагаваць

У Вольне працуюць сярэдняя школа, лякарня, амбуляторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.

Эканоміка рэдагаваць

Цэнтар экспэрымэнтальнай базы «Вольна-Чэрніхава».

Турыстычная інфармацыя рэдагаваць

 
Палац, да 1939 г.

Інфраструктура рэдагаваць

Дзее Вольнаўскі краязнаўчы музэй (адкрыўся ў 1995 годзе пры школе). Будынак дома культуры ўпрыгожвае мэмарыяльная дошка ў памяць скульптара Рафала Сьлізьня.

Славутасьці рэдагаваць

Страчаная спадчына рэдагаваць

Галерэя рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 62.
  2. ^ Jelski A. Wolna // Słownik geograficzny... T. VIII. — Warszawa, 1887. S. 856
  3. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  4. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006. С. 32.
  5. ^ Шаблюк В. Вольна // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 353.
  6. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 266.
  7. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка г. Баранавічы і Баранавіцкага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2000.
  8. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006. С. 31.

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Вольнасховішча мультымэдыйных матэрыялаў