Верашчака

страва беларускай і польскай кухняў

Верашча́ка — традыцыйная беларуская і польская страва, вядомая з «саскіх» (саксонскіх) часоў, ад сярэдзіны XVIII стагодзьдзя.

Верашчака
Іншыя назвыкілбаса па-старапольску
Тыпрагу
Нацыянальная стравабеларуская, польская
ПаходжаньнеПольшча
Аўтаркухмістар Верашчака
Дата зьяўленьня1750-я гады
Час прыгатаваньня3 гадзіны
Асноўны складніккурыца
Распаўсюджаныя складнікібаравікі, сьмятана, грудзінка, цыбуля, пшанічная мука
Падобныя стравымачанка

Складнікі рэдагаваць

Для прыгатаваньня верашчакі выкарыстоўваюцца: 1 курыца сярэдняга памеру, сушаныя баравікі — 1 жменя, сьмятана — 1 шклянка, грудзінка — 100 грамаў, 2 цыбуліны сярэдняга памеру, пшанічная мука — 3 сталовыя лыжкі, зеляніна пятрушкі і кропу, перац, кмен і каляндра[1].

Прыгатаваньне рэдагаваць

Курыцу вараць да гатоўнасьці ў вадзе. Затым мяса курыцы аддзяляюць ад костак і дробна наразаюць. У асобным посудзе адварваюць папярэдне замочаныя сушаныя баравікі. Пасьля ў сатэйнік(ru) (глыбокую патэльню) уліваюць 2 шклянкі працэджанага курынага булёну і 2 шклянкі грыбнога. Грудзінку наразаюць дробнымі кавалкамі і падсмажваюць на патэльні. Туды ж дадаюць парэзаную цыбулю, якую гатуюць да залацістага адценьня. Затым булён у сатэйніку даводзяць да кіпеньня. Пасьля гэтага туды дадаюць парэзаную кураціну, баравікі і падсмажаную грудзінку з цыбуляй. Затым 3 сталовыя лыжкі мукі разводзяць у вадзе і тонкім струменем уліваюць у булён. Туды ж дадаюць шклянку сьмятаны, перац, кмен і каляндру. Пасьля сатэйнік закрываюць накрыўкай і пераводзяць на малы агонь, на якім гатуюць 30—40 хвілінаў. За гэты час выпякаюць бліны. Пасьля адкрыцьця накрыўкі верашчаку пасыпаюць зелянінай. Бліны дзеляць на чвэрці, якія зварочваюць у трубачку, каб макаць у верашчаку адкрытым бокам[1].

Гісторыя рэдагаваць

Пры двары караля Аўгуста III у Варшаве быў славуты кухмістр Верашчака, аўтар адмысловага спосабу падаваньня кілбасы: кілбаса, якая падавалася «на верашчаку», рэзалася ў талерцы, перакладалася кавалкамі сала і палівалася вострай падлівай. Есьці яе трэба было лыжкай, адсюль і прымаўка: «за караля Саса лыжкай кілбаса». У клясычнай польскай кулінарыі верашчака, або кілбаса па-старапольску, дагэтуль гатуецца зь белай кілбасы, зваранай у піве напалам з вадой, затым пакрышанай на кавалкі і вельмі хутка (каля 1 хв.) патушанай у густым заквашаным цыбулевым соўсе.

Неўзабаве верашчака выйшла за межы каралеўскага двара і зазнала шэраг мадыфікацыяў у розных мясьцінах і сацыяльных пластах Польшчы й ВКЛ. Напрыклад, у канцы XVIII стагодзьдзя ў Нясьвіжы частавалі «каўбасой, так званай верашчакай, з соўсам падрыхтаванай», наведвальнікаў бэрнардынскага кляштару. У адным з варыянтаў верашчака ўяўляла сабою густы суп з кілбасой, паўгускамі ды ячнай кашай. Стравы падобнай рэцэптуры, зь мясцовымі адрозьненьнямі, вядомыя па ўсёй Літве (сучасная Беларусь) пад назвай верашчака, часьцей мачанка: падсмажаныя кавалачкі сала, каўбасы, сьвіныя рабрынкі з вострымі прыправамі падкалочваюць мукой і тушаць у печы. На паўночным захадзе Беларусі і ў Летуве верашчаку тушаць на бураковым квасе. Ядуць як мачаньне для бліноў.

Народная этымалёгія выводзіла назву ад шыпеньня, якое зыходзіць ад кілбасы пад час гатаваньня. Адной з магчымых дадатковых падстаў пашырэньня своеасаблівага «культу верашчакі ў XIX стагодзьдзі была асоба Марылі Верашчакі, каханай Адама Міцкевіча.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Аляксандар Вашчанка. Слухай бацьку і маці — будзе парадак у хаце // Ігуменскі тракт. — 27 жніўня 2013. — № 27 (42). — С. 6.
Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа»