Вацлаў Пянткоўскі

беларускі сьвятар

Вацлаў Пянткоўскі (21 красавіка 1902 — 30 лістапада 1991[1], Мядзьведзічы} — беларускі каталіцкі сьвятар, стваральнік падпольнай каталіцкай духоўнай сэмінарыі, палітычны вязень.

Вацлаў Пянткоўскі
Род дзейнасьці сьвятар
Дата нараджэньня 21 красавіка 1902
Месца нараджэньня Ясенюўка, Беласточчныа
Дата сьмерці 30 лістапада 1991
Месца сьмерці Мядзьведзічы
Месца вучобы
Занятак каталіцкі сьвятар

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзіўся ў маленькім мястэчку Ясенюўка на Беласточчыне ў шматдзетнай сям’і. Атрымаўшы атэстат у 1926 годзе, накіраваўся ў Пінск, каб паступіць у сэмінарыю, якая годам раней пачала функцыянаваць тут. Вучыўся ў Пінскай сэмінарыі, потым у Рыме, па вяртаньні ў Польшчу быў віцэ-рэктарам духоўнай сэмінарыі, займаў пасаду прэфэкта школаў, быў прэфэктам Наваградзкай гімназіі імя Адама Міцкевіча.

Пасьля другой сусьветнай вайны быў прызначаны пробашчам касьцёла ў в. Мядзьведзічы Ляхавіцкага раёну, таксама выконваў абавязкі Генэральнага вікарыя Пінскай каталіцкай эпархіі.

Разам са сьвятаром Мікалаем Юзьвюком 2.12.1950 асобай нарадай МДБ за «антысавецкую агі­тацыю» асуджаны да 10 гадоў папраўчай калёніі з канфіскацыяй маёмасьці. Этапаваны ў Сьцяпны канцлягер МДБ Казаскай ССР (ст. Нава­грудная). Вызвалены 4.1.1956. Рэабілі­таваны 23.11.1994 пракуратурай Брэсцкай вобласьці[2]. Паводле абвінавачваньня, ён заклікаў сялянаў не ўступаць у калгас і быў «агентам Ватыкану». У Казахстане айцец Вацлаў працягваў служыць каталікам, якія знаходзіліся ў зьняволеньні. Адметна тое, што пасьля арышту ксяндза, нягледзячы на ціск МДБ, ніхто з парафіянаў ня даў паказаньняў супраць яго. Падчас «хрушчоўскай адлігі» вярнуўся ў парафію ў Мядзьведзічы.

З-за таго, што ў паваеннай Беларусі большасьць ксяндзоў былі рэпрэсаваныя ці высланыя ў Польшчу, а каталіцкія сэмінарыі ў СССР знаходзіліся толькі ў Рызе і Коўне. Аднак, каб паступіць туды, патрэбны быў дазвол кіраўніка па справах рэлігіі аблвыканкаму, атрымаць які было вельмі складана.

Ксёндз Вацлаў пайшоў на вельмі рызыкоўны крок. У 1970-я ў сваім доме ён адкрыў падпольную сэмінарыю. Маленькі кабінэт быў абсталяваны пад аўдыторыю, пісьмовы стол выкарыстоўваўся як прафэсарская катэдра. Маладыя людзі, якія дзесьці вучыліся ці працавалі, але жадалі стаць сьвятарамі, у вольны час прыяжджалі ў Мядзьведзічы, слухалі лекцыі ксяндза Пянткоўскага. Айцец Вацлаў выкладаў гісторыю касьцёлу, кананічнае права, этыку, замежныя мовы і філязофію. У кутку кабінэта стаяла фісгармонія, на якой ён вучыў граць будучых сьвятароў.

Кс. Антоні Дзям’янка, адзін з гадаванцаў гэтае сэмінарыі, згадвае: «Разам са мной вучыліся яшчэ тры чалавекі. Жылі ў адным пакоі. Узрост у нас быў розны: мне — сямнаццаць, таварышу — за трыццаць». Падпольная сэмінарыя была добра закансьпіраваная. Некаторыя слухачы ўладкоўваліся на працу, таму савецкім партыйным ворганам было цяжка падвесьці іх пад крымінальны артыкул аб ухіленьні ад працы. Праз пэўны час у Мядзьведзічы прыяжджалі ксяндзы і экзамэнавалі слухачоў. Выпускнікі нават праходзілі «практыку» ў парафіях. Потым яны давучваліся ў Рызе й Коўне, або таемна пасьвячаліся ў капланства. Такім чынам, за пяць гадоў ксёндз Пянткоўскі падрыхтаваў дзесяць чалавек, якія сталі сьвятарамі.

З 1980 па 1984 гады служыў таксама ў парафіі ў Новай Мышы. Быў адміністратарам Пінскай дыяцэзіі і патаемна арганізоўваў для сьвятароў штомесячныя дні духоўных разважаньняў. Вёў шырокую рэлігійную перапіску. У 1988 годзе Папа Ян Павел ІІ надаў кс. Вацлаву годнасьць інфулату.

Памёр ў Мядзьведзічах, дзі і пахаваны на мясцовых могілках.

Крыніцы рэдагаваць

Літаратура рэдагаваць

  • Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956—1991). Даведнік, slounik.org
  • Толочко М. Цветы на могилу священника // Советская Белоруссия. 11.02.1992
  • Глябовіч А. Касьцёл у няволі // Спадчына. 1994, № 1-2
  • Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.). — Менск, 1998
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9