Вацлаў Ганка

чэскі філёляг, паэт

Ва́цлаў Га́нка (па-чэску: Vác(es)lav Hanka; 10 чэрвеня 1791, Горжыневес пад Кёніггрэцам — 12 студзеня 1861, Прага) — чэскі філёляг і паэт, дзяяч нацыянальнага адраджэньня. Вядомы як складальнік фальшывых Краледворскага і Зеленагорскага рукапісаў.

Вацлаў Ганка
Václav Hanka
Вячаслаў Ганка
Вячаслаў Ганка
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 10 чэрвеня 1791(1791-06-10)[1][2][3][…]
Памёр 12 студзеня 1861(1861-01-12)[1][2][3][…] (69 гадоў)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці мовазнаўца, паэт, бібліятэкар, архівіст, пэдагог, перакладнік, пісьменьнік, гісторык, археоляг, славіст, прафэсар унівэрсытэту
Мова чэская мова[2][5]
Узнагароды
ордэн сьвятой Ганны III ступені
Подпіс Выява аўтографу

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Раньнія гады рэдагаваць

 
Хата, дзе нарадзіўся Вацлаў Ганка

Вацлаў Ганка нарадзіўся ў Горжыневесе пад Кёніггрэцам. У 1807 быў адпраўлены ў школу, каб пазьбегнуць выкліку ў аўстрыйскае войска. Па сканчэньні паступіў у Праскі ўнівэрсытэт, дзе заснаваў суполку разьвіцьця чэскае мовы. У 1813—1814 вывучаў права ў Вене, дзе выдаваў чэскую газэту і пазнаёміўся з заснавальнікам славянскае філялёгіі Язэпам Добраўскім.

Рукапісы рэдагаваць

 
Старонка з Краледворскага рукапісу

16 верасьня 1817 Ганка паведаміў, што знайшоў у вежы царквы ў Кёнігінгофе-ан-дэр-Эльбэ (бел. Двор каралеўны над Лабай) рукапіс багемскіх паэмаў XIII стагодзьдзя, а ў наступным року — што атрымаў ад ананіма рукапіс, які быў названы «Зеленагорскім» пасьля таго, як была апублікаваная вэрсія пра выяўленьне яго ў Грунбэрскім замку (бел. Зялёная гара) каля Непамуку.

«Рукапісы каралеўскага двару і Зялёнай гары» (па-чэску: Rukopisy Královédvorský a Zelenohorský) былі апублікаваныя ў 1818 року з паралельным перакладам на сучасную чэскую мову, а таксама зь нямецкім перакладам Свобады. Арыгіналы рукапісаў Вацлаў Ганка перададаў у Багемскі музэй у Празе, дзе працаваў бібліятэкарам з 1822 року.

Аднак яшчэ да публікацыі Добраўскі назваў урывак «Зеленагорскага рукапісу», вядомы як «Суд Лібушэ», відавочнай падробкай, хоць і паверыў у аўтэнтычнасьць «Краледворскага рукапісу». Не паверыў Ганку і другі ягоны настаўнік — славенец Ерней Копітар. Аднак усё маладое пакаленьне чэскіх асьветнікаў(cs) сустрэла «адкрыцьці» Ганкі з захапленьнем. Празь некалькі рокаў зьмяніў сваё меркаваньне й Добраўскі. Аднак сучасныя чэскія дасьледнікі лічаць «Зеленагорскі рукапіс» падробкай.

14 чэрвеня 1827 року Вацлаў Ганка, шукаючы на просьбу кёнігзбэрскага прафэсара Э. Г. Графа ў Праскім музэі слоўнікі зь нямецкімі глёсамі, наткнуўся на лацінскамоўны энцыкляпэдычны слоўнік «Mater Verborum» з упісанымі на ягоных старонках чэскімі глёсамі. Ён выдаў іх у альфабэтным парадку ў 1833 року як найістотнейшую крыніцу зьвестак пра старажытначэскую мову. Праведзены пазьней, ужо пасьля ягонай сьмерці Адольфам Патэрам палеаграфічны аналіз паказаў, што большасьць чэскіх глёсаў сфабрыкаваныя з лацінскіх. Цяпер большасьць славістаў лічаць чэскія глёсы «Mater Verborum» маланадзейнай крыніцай.

Дзякуючы Ганку (і ягонаму імавернаму суаўтару Ёзэфу Лінду) спраўдзіліся чаканьні дзеячоў чэскага нацыянальнага адраджэньня — «знайшліся» помнікі старажытнага пісьменства, якія не саступалі па даўнасьці і разнастайнасьці зьместу рускім і сэрбскім помнікам, і да таго ж утрымлівалі карціну гераічнай і дэмакратычнай мінуўшчыны Чэхіі, а таксама антынямецкія нападкі.

Беспрэцэдэнтна працягламу посьпеху фальсыфікацыяў спрыяла ня толькі ідэальная адпаведнасьць палітычным спадзяваньням чэскіх патрыётаў, але й літаратурны талент, высокія на той час сьлявістычная кваліфікацыя і тэхнічнае майстэрства Ганкі, які на паўстагодзьдзя апярэдзіў магчымасьці сучаснай яму навукі. Няўдалая спроба кампаніі па доказе падробленасьці рукапісаў, прадпрынятая аўстрыйскай паліцыяй і рэдактарам аўстрыйскай газэты нязадаўга да сьмерці аўтара (1860), здавалася, надоўга замацавала ягоную гістарычную перамогу: Ганка выйграў судовы працэс супраць аўстрыйцы Ку і сышоў у труну з аўрэолям мучаніка нацыянальнага адраджэньня.

Літаратурна-навуковая дзейнасьць рэдагаваць

Вацлаў Ганка пісаў таксама вершы, склаў пяцітомнік фальклёру «Старажытныя паданьні» (1817—1826), выдаў «Кароткую гісторыю славянскіх народаў» (1818).

У выніку мовазнаўчае спрэчкі з Францішкам Палацкім правёў рэформу артаграфіі чэскае мовы (увёў выкарыстаньне v замест w, au замест ou). Паводле прапанаванага Язэпам Добраўскім пляну склаў «Чэскую граматыку» (1822) і «Польскую граматыку» (1839).

Пераклаў на чэскую «Слова пра паход Ігаравы» (1821) з кансультацыямі Добраўскага і Аляксандра Шышкова; пасьля выдаў і нямецкі пераклад «Слова», зь якім быў знаёмы Аляксандар Пушкін. Выдаў Рэймскае (1846) і «Астрамірава Эвангельлі» (1853). За публікацыю першага зь іх быў узнагароджаны крыжам ордэна сьвятой Ганны ад расейскага цара Мікалая I і брыльянтавым пярсьцёнкам ад аўстрыйскага імпэратара Фэрдынанда I.

Узімку 1848 стаў выкладчыкам (з 1849 — прафэсар) славянскіх моваў у Праскім унівэрсытэце, дзе працаваў да скону.

Панславізм рэдагаваць

 
Мэмарыяльная таблічка на родным доме Вацлава Ганкі

Цягам амаль паўстагодзьдзя Ганка вёў актыўную працу па абмене інфармацыяй між славістамі розных краінаў. Збольшага дзякуючы ягоным высілкам Прага стала буйным цэнтрам славістыкі. У 1848 Вацлаў Ганка ўзяў удзел у Праскім славянскім кангрэсе, а таксама іншых мірных падзеях рэвалюцыі 1848—1849 рокаў з пазыцыяў панславізму. Стаў заснавальнікам палітычнага таварыства «Slovanská Lípa» і быў абраны ў імпэрскі райхсрат у Вене, аднак адмовіўся ад гэтае пасады.

Адыграў значную ролю ў знаёмстве чэхаў з расейскай літаратурай, быў абраны сябрам-карэспандэнтам Пецярбурскай Акадэміі навук.

Сканаў у Празе 12 студзеня 1861, пахаваны на Вішаградзкіх могілках.

Выкрыцьцё фальсыфікацыяў рэдагаваць

Палеаграфічны аналіз «Mater Verborum», праведзены Адольфам Патэрам, стаў істотным крокам на шляху прызнаньня падробленасьці старажытных рукапісаў, знойдзеных Ганкам. Адной з мэтаў падробкі чэскіх глёсаў было падмацаваньне сапраўднасьці Краледворскага і Зеленагорскага рукапісаў. Імёны славянскіх бостваў і назвы плянэтаў, прыведзеныя ў «Mater Verborum», цягам паўстагодзьдзя фігуравалі ў якасьці крыніц па славянскай міталёгіі; да цяперашняга часу яны сустракаюцца там-сям у ненавуковых сачыненьнях па паганстве.

Першым крокам да выкрыцьця фальсыфікацыі Краледворскага і Зеленагорскага рукапісаў было прызнаньне найноўшай падробкай «Любоўнай песьні караля Вацлава» паводле рашэньня асаблівай камісіі Чэскага музэю 1857 року, скліканай на патрабаваньне Юліуса Фэйфаліка[6].

Канчаткова фальшывасьць абодвух рукапісаў з розных пунктаў погляду (тэхніка-палеаграфічнага, гістарычнага і лінгвістычнага) была навукова даведзеная толькі на мяжы XIX і XX стагодзьдзяў. Значную ролю ў каардынацыі дзеяньняў адмыслоўцаў у розных галінах навукі ў 1880-я-1890-я рокі адыграў будучы прэзыдэнт Чэхаславаччыны Томаш Масарык, які й сам выступаў на старонках часопісу «Athenaeum» як крытык рукапісаў з эстэтычнага пункту гледжаньня.

Быў выяўлены факт напісаньня рукапісаў на абрэзках старажытнага пэргамэнту, зь якога быў змыты стары тэкст (палімпсэст); ужываньне бэрлінскае блакіці, якая пачала вырабляцца ў XVIII стагодзьдзі; зьмешваньне напісаньняў рознага часу і няўпэўнены почырк (абвядзеньне абрысаў, падчысткі), на 6 тысячаў словаў — каля тысячы памылак у старажытначэскай мове, фактычныя анахранізмы і г. д. У вырабе рукапісаў зь вялікай доляй верагоднасьці ўзяў удзел таксама Ёзэф Лінда, хутка выяўленая падробка якога («Песьня пад Вышаградам») ужываецца ў тэксьце. У 1899 року нават зьявілася вэрсія пра тое, што ў Краледворскім рукапісе Ганка пакінуў аўтарскі знак — зашыфраваны лацінскі надпіс «Hanka fecit» (бел. Ганка зрабіў), аднак гэта не пацьвердзілася.

Бадай, самая «шкодная» Ганкава фальсыфікацыя — аповед пра перамогу Яраслава з Штэрнбэрка пад Оламаўцам над мангола-татарамі ў 1242 року (адна зь песьняў Краледворскага рукапісу). Гэтая мітычная бітва вандруе з аднае гістарычнае працы ў іншую і пасьля выкрыцьця фальсыфікацыяў, яна нават трапіла ў трэцяе выданьне Вялікай савецкай энцыкляпэдыі.

Працы рэдагаваць

Паэзія рэдагаваць

  • «Dvanáctero písní»
  • «Hankowy písně» (Прага, 1815, пашыранае перавыданьне «Dvanáctero písní»)

Навуковыя выданьні рэдагаваць

  • «Starobyla Skiadani» (1817—1826, збор багемскага фальклёру ў 5 т.)
  • «Кароткая гісторыя славянскіх народаў» (1818)
  • «Чэская граматыка» (1822)
  • «Польская граматыка» (1839)
  • частку Эвангельляў з Рэймскага рукапісу (1846, глаголіцаю)
  • «Астрамірава Эвангельле» (1853)
  • «Stará pověst o Strojmírovi a Griseldě»
  • «Sbírka nejdávnějších latinsko-českých slovníků»
  • «Přehled pramenů právních v Čechách»
  • «Mluvnice čili soustava českého jazyka podle Josefa Dobrovského»
  • «Slovanská mluvověda»
  • «Petrohradská legenda o svatém Václavu»
  • «České mince korunovační»

Пераклады рэдагаваць

  • «Krátká historie slovanských národů» (1818)
  • «Prostonárodní srbská Musa do Čech převedenou» (пераклад сэрбскіх вершаў, прызнаны нізкаякасным)
  • «Igor» (1821, пераклад з расейскай «Слова пра паход Ігаравы»)
  • «Dějiny české v kamenopisně vyvedených obrazech» (1824)
  • «Krakováčky, aneb písně národní polské»

Ушанаваньне памяці рэдагаваць

Імя Вацлава Ганкі ўнесенае ў сьпіс 72 выбітных асобаў Чэхіі(cs).

На роднай хаце Вацлава Ганкі ў Горжыневесе ўсталяваная мэмарыяльная таблічка з выразам «Народы не паміраюць, пакуль жыве мова».

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ а б Václav Hanka // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.) / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag
  2. ^ а б в г д Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  3. ^ а б в Wurzbach D. C. v. Hanka, Wenzeslaw (ням.) // Biographisches Lexikon des Kaiserthums Oesterreich: enthaltend die Lebensskizzen der denkwürdigen Personen, welche seit 1750 in den österreichischen Kronländern geboren wurden oder darin gelebt und gewirkt habenWien: 1856. — Т. 7. — S. 301.
  4. ^ а б Архіў прыгожых мастацтваў — 2003.
  5. ^ CONOR.SI
  6. ^ Ламанский, IX

Літаратура рэдагаваць