Біясфэра

сукупнасьць усіх экасыстэмаў Зямлі

Біясфэ́ра (ад па-старажытнагрэцку: βιος — жыцьцё й σφαῖρα — сфэра, шар) — абалонка Зямлі, заселеная жывымі арганізмамі, якая знаходзіцца пад іхных узьдзеяньнем і занятая прадуктамі іхнай жыцьцядзейнасьці; «плёнка жыцьця»; глябальная экасыстэма Зямлі. Першыя ўяўленьні пра біясфэру сфармуляваў францускі навуковец Жан-Батыст Лямарк (1802). Тэрмін «біясфэра» ўвёў аўстрыйскі геоляг Эдуард Зюс у 1875 годзе. Стварэньне цэласнага вучэньня пра біясфэру належыць расейскаму навукоўцу Уладзімеру Вярнадскаму (1926).

Глябальная біясфэра

Біясфэра ўключае арганізмы, іхныя рэшткі, прыземную частку атмасфэры да вышыні азонавага экрану (20—30 км), усю гідрасфэру і верхнюю частку літасфэры; усе яны ўзаемазвязаны працэсамі міграцыі рэчыва й энэргіі. Ніжняя мяжа біясфэры складае на сушы на глыбіні да 3—4 км ад паверхні зямной кары, у сусьветным акіяне на 1—2 км ніжэй за дно.

У біясфэры, паводле Вярнадзкага, адрозьніваюць 7 розных, але ўзаемазвязаных тыпаў рэчываў: жывое рэчыва (расьліннае, жывёльнае й мікраарганізмы), біягеннае рэчыва (прадукты жыцьцядзейнасьці жывых арганізмаў — гаручыя выкапнёвыя, вапнякі і іншыя рэчывы), косныя рэчывы (горныя пароды магматычнага, неарганічнага паходжаньня, вада і іншае), біякосныя рэчывы (прадукты распаду й перапрацоўкі горных і асадкавых пародаў жывымі арганізмамі), радыёактыўнае рэчыва, расьсеяныя атамы й рэчыва касьмічнага паходжаньня (мэтэарыты, касьмічны пыл). Асноўнай функцыяй біясфэры зьяўляецца выкарыстаньне сонечнай энэргіі (фотасынтэз) і біялягічны кругаварот рэчываў і энэргіі, які забясьпечвае разьвіцьцё ўсіх жыцьцёвых працэсаў.

Жывыя арганізмы (жывое рэчыва) і іхнае жыцьцёвае асяродзьдзе арганічна зьвязаны паміж сабой і ўтвараюць сыстэмы глябальнага, рэгіянальнага й лякальнага ўзроўняў. У рэгіянальных і лякальных сыстэмах вылучаюць структурныя адзінкі біясфэры: біёмы, біягеацэнозы (экасыстэмы), прыродныя зоны на раўнінах і вышынныя (вэртыкальныя) прыродныя паясы ў гарах.

Біясфэра мазаічная паводле структуры й саставу адлюстроўвае геахімічную й геафізычную неаднароднасьць аблічча Зямлі (мацярыкі й акіяны, прыродныя зоны й паясы, раўніны й горы і іншыя) і нераўнамернасьць у разьмеркаваньні жывога рэчыва. Больш за 90% усяго жывога рэчыва біясфэры прыпадае на наземную расьліннасьць. Агульная маса жывога рэчыва ў біясфэры ацэньваецца ў 1,8—2,5×1012 т (у пераліку на сухое рэчыва) і складае нязначную частку масы біясфэры (3×1018 т).

На стан біясфэры моцна ўплывае гаспадарчая дзейнасьць чалавека. Антрапагеннае ўзьдзеяньне стымулюе пераход біясфэры ў якасна новы стан — наасфэру. Ахова біясфэры прадугледжвае сыстэму мерапрыемстваў, як то вядзеньне біясфэрнага маніторынгу, арганізацыю біясфэрных запаведнікаў і іншыя дзеяньні, накіраваныя на захаваньне арганізмаў і біягеацэнозаў. Праводзіцца комплексная міжнародная праграма «Чалавек і біясфэра»

Літаратура рэдагаваць

  • Семянюк Г. Біясфера // БЭ ў 18 т. Т. 3. Мн., 1996.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць