Бітва пад Палтавай

бітва Вялікай Паўночнай вайны між Расеяй і Швэцыяй

Бі́тва пад Палтавай — найбуйнейшая бітва Вялікай Паўночнай вайны паміж расейскімі войскамі пад камандваньнем Пятра I і швэдзкай арміяй Карла XII. Адбылася раніцай 27 чэрвеня (8 ліпеня) 1709 году каля гораду Палтава (Левабярэжная Ўкраіна) і скончылася ўпэўненай перамогай расейцаў. Нягледзячы на тое, што вайна скончылася толькі праз 12 гадоў, Палтаўская бітва безумоўна стала яе пераломным момантам на карысьць расейцам.

Бітва пад Палтавай
Бітва пад Палтавай. П’ер-Дэні Мартэн (1726)
Дата: 27 чэрвеня 1709
Месца: Палтава, Украіна
Вынік: Перамога расейскага войска
Супернікі
ШвэцыяРасея
Камандуючыя
Карл XIIПётар I
Колькасьць
да 30 000[1]ад 75 000[4] да 80 000[5]
Страты
6900 забітых, 2800 параненых (паводле швэдзкіх зьвестак)[2], або 9234 забітых (паводле расейскіх зьвестак)[3]1345 забітых, 3290 параненых[6], або 1507 забітых і 3 129 параненых[7]

Перадумовы рэдагаваць

У 1707 годзе Карл XII распачаў г. зв. Расейскі паход, мэтай якога было канчаткова разьбіць аднаго зь яго ворагаў, што распачалі ў 1700 годзе вайну супраць Швэцыі — Расею. Але падчас свайго знаходжаньня ў Магілёве ў ліпені — жніўні 1708 году, швэдзкі кароль, чакаўшы там падыходу падмацаваньняў з Рыгі — корпусу генэрала Левэнгаўпта — і гэтак не дачакаўшыся яе, быў вымушаны зьмяніць свае пляны і рушыць празь Севершчыну ва Ўкраіну, дзе разьлічваў злучыцца з казацкім войскам гетмана Мазэпы, падманутага Пятром I у пытаньні абароны супраць туркаў, татараў ды палякаў, і які праз гэта паабяцаў дапамогі швэдам[8]. Злучэньне з украінцамі Мазэпы стала стратэгічным намерам швэдаў, які азнаменаваў заканчэньне папярэдняй фазы вайны за кошт тэрыторыяў Рэчы Паспалітай.

Аблога Палтавы рэдагаваць

У сакавіку 1709 году швэдзкая армія спынілася ў Будзішчах, за 18 км ад Палтавы, і ў красавіку распачала аблогу гораду[9]. У гэты час Пётар I кіраваў аблогай турэцкай фартэцыі Азоў. Але даведаўшыся пра падзеі ў Палтаве, ён адразу скіраваўся туды, і 4 чэрвеня быў на месцы[10]. 19 (30 чэрвеня) расейскія войскі распачалі пераход праз Ворсклу і наблізіліся да швэдзкага лягеру. Яны нават паранілі швэдзкага караля ў нагу, і той перадаў функцыі галоўнакамандуючага фэльдмаршалу Рэншэльду. 21 і 22 чэрвеня швэды зноў спрабавалі ўзяць фартэцыю, але зноў беспасьпяхова[11].

Карл XII добра разумеў важнасьць будучай бітвы: трэба было рызыкаваць, бо калі швэды выйграюць, шлях на Маскву будзе адчынены. Калі ж яны пачнуць прайграваць, можна будзе адысьці на захад, выйграць часу, адпачнуць — і зноў атакаваць[12].

На 26 чэрвеня расейцы ўжо пабудавалі 8 рэдутаў — заставалася ўзьвясьці яшчэ 2. Што да швэдаў, дык яны вырашылі атакаваць ўначы: 27 чэрвеня (28 чэрвеня паводле швэдзкага календару), а 3 гадзіне раніцы яны распачалі выстройвацца ў лінію, і ўжо праз 45—50 хвілін 24 000 чалавек з 4 гарматамі былі гатовыя распачаць бітву[13].

Бітва рэдагаваць

Пачатак рэдагаваць

Паводле плянаў, швэдзкая армія павінна была прайсьці ціха і непрыкметна паміж рэдутамі, адлегласьць паміж якімі складала ад 300 да 350 м[14] і напасьці на галоўную армію расейцаў. Для гэтага трэба было дзейнічаць у поўнай цішыні, пад покрывам начы. На чале калёнаў пяхоты, што павінны былі нападаць на расейцаў, былі прызначаныя генэрал-маёры Аксэль Спарэ, Бэрнт Ота Стакэльбэрг, Карл Густаў Руўс і Андэрс Лягеркруна.

Правым флянгам швэдзкай кавелерыі камандаваў генэрал-маёр Карл Густаў Кройц, левым — генэрал-маёр Гуга Юган Гамільтан. Генэрал-маёр Вольмар Антан Шліпэнбах узначаліў перадавы кавалярыйскі атрад (12 эскадронаў). Узначальваў кавалерыю фэльдмаршал Карл Густаў Рэншэльд[15].

Паколькі швэдзкія палкі былі паднятыя ўначы, не абыйшлося без пэўнай долі хааса, але напачатку ўсё йшло паводле пляну, і расейцы на рэдутах адразу не прыкмецілі праціўніка. І ўсё ж, як толькі пачало разьвіднівацца, расейцы здолелі разглядзець перасоўваньне швэдаў.

Бітва на рэдутах рэдагаваць

А 4 гадзіне раніцы швэды распачалі атаку на расейскія рэдуты. Першыя два батальёны з другой і трэцяй калёнаў павінны былі напасьці на рэдуты й утрымліваць іх, каб флянгі змаглі прайсьці побач умацаваньняў і выйсьці на поле да расейскага лягеру. Затым швэды павінны былі прасунуцца на паўночны ўсход да Пятроўкі, дзе знаходзіліся расейскія пазыцыі, і адрэзаць ім шляхі адступленьня. Але Пётар I быў ужо падрыхтаваны да нападу швэдаў: па-за рэдутамі ён разьмесьціў сваю кавалерыю, а ў паўднёвай і заходняй частках поля бою — казацкую коньніцу.

Далярнскі і Вэстэрботэнскі палкі швэдаў хутка ўзялі першы рэдут. Былі ўзяты і другі й трэці рэдуты, але ж зь вялікімі стратамі: з 6 батальёнаў, што ладзілі атаку, 2/3 загінула. З тымі 1 500 чалавек, што засталіся, генэрал Руўс адступіў у Якавецкі лес. Меншыкаў павёў сваю кавалерыю ў атаку на швэдаў, але быў спынены коньніцай Гамільтана. Нарэшце, Пётар I вырашыў, што варта паступова адводзіць кавалерыю да рэтраншэмэнту, на што Меншыкаў пярэчыў, што паварачваць эскадроны, калі побач швэдзкая коньніца, рызыкова[16]. Тады цар адклікаў Меншыкава і прызначыў камандаваньне генэрал-лейтэнанту Баўру. Але, як і прадказваў Меншыкаў, швэдзкая армія пачала перасьлед расейцаў: на працягу некалькіх кілямэтраў яны адсоўвалі іх усё далей на поўнач ад поля бою. Але Рэншэльд пабаяўся страціць кантроль над кавалерыяй і таму загадаў спыніць перасьлед і вяртацца да асноўнай арміі (адбылося гэта а 6 гадзіне раніцы).

Тым часам швэдзкая пяхота прайшла рэдуты і выйшла да расейскага лягеру. Левэнгаўпт са сваімі 6 батальёнамі ўжо рыхтаваў атаку, але Рэншэльд даў супрацьлеглы загад: зноў зьбіраць усё войска. Але ў войску ўсё яшчэ не хапала траціны пяхоты: 6 батальёнаў Руўса. Тым часам Руўс зьбіраўся далучыцца да асноўнай арміі, але дакладна ня ведаў, дзе ён знаходзіцца, і таму зноў адыйшоў у лес. Пётар I назіраў за адасобленай групоўкай швэдаў і даслаў на іх 5 палкоў пяхоты і 5 драгунскіх палкоў. А 7 гадзіне яны пачалі націск на групоўку Руўса, які быў вымушаны адыходзіць на паўночны ўсход да закінутых умацаваньняў. Але каля 9 гадзіны яму ўжо нічога не заставалася, як здацца ў палон. На гэты момант у яго шэрагах засталося ўсяго 400 чалавек.

Галоўная бітва рэдагаваць

У Рэншэльда было цяпер тры альтэрнатывы: або прарвацца на поўнач і заблякаваць расейцаў ля Пятроўкі, або напасьці на расейскую пяхоту, або адступіць. Рэншэльд абраў апошні варыянт і загадаў арміі зьбірацца да галоўнага бою. Чакалі толькі батальёны Руўса. Празь дзьве гадзіны швэдзкаму камандаваньню стала зразумела, што чакаць групоўкі Руўса няма сэнсу. У гэты самы час расейцы выйшлі са свайго лягеру насустрач швэдам. Расейская артылерыя пачала бамбаваць швэдаў, прымусіўшы іх адсунуцца на захад. Рэншэльд паслаў ганцоў за артылерыяй і дапамогай, але каб яны падыйшлі, патрэбна было чакаць 5-6 гадзін.

Тым часам Пётар I выстраіў сваю армію ў дзьве лініі: у цэнтры стаяла пяхота на чале з генэрал-фэльдмаршалам Барысам Шарамецевым і генэралам Анікітам Рапніным, на левым флянзе была кавалерыя Аляксандра Меншыкава, а на правым — кавалерыя Радыёна Баўра. На чале расейскай арміі стаяў генэрал-паручык Якаў Брус.

Рэншэльд выстраіў сваю пяхоту ў адну лінію, каб яе даўжыня адпавядала даўжыні расейскіх лініяў. Швэдзкая кавалерыя стаяла неўпарадкавана: коньніца Кройца знаходзілася пераважна за пяхотай, а коньніца Гамільтана займалася казакамі з поўначы. Рэншэльд разьлічваў разьбіць левы флянг праціўніка нечаканай атакай і загадаў ісьці ў бой, у той час, калі расейская артылерыя бамбавала швэдзкую лінію. Кройц павёў сваю кавалерыю на левы флянг расейцаў, але Меншыкаў напаў на іх ззаду. Справа швэды на чале зь лейб-гвардзейцамі здолелі адціснуць расейцаў назад[17]. А вось зьлева знаходзіліся расейскія элітныя палкі, і швэды страцілі палову сваіх, пакуль дайшлі да расейскай лініі. Такім чынам, паміж правым і левым швэдзкімі флянгамі ўтварыўся разрыў. Кавалерыя Гамільтана стаяла нерухома на краі левага флянгу.

Кройц паспрабаваў адбіць коньніцу Меншыкава, пакуль другая лінія расейцаў адказвала швэдам на іх атакі контратакамі і ўжо пачала браць на сваю карысьць прагал у швэдзкай лініі. Расейскі правы флянг хутка адціснуў левы флянг швэдаў. Гаімльтан павёў сваю кавалерыю ў бой, але адразу ж натыкнуўся на мушкетны і гарматны агонь расейцаў, пасьля чаго завязаўся бой з кавалерыяй Баўэра. Кройц пагнаўся за коньніцай Меншыкава, але ўбачыў, што пяхота адступае. Першым адступаў левы флянг швэдаў, за якім пагналіся расейская і казацкая коньніцы. За імі, у пэўным парадку, адступіў правы флянг. Яны адыходзілі на поўдзень, за рэдуты. Гэтаксама зрабілі і кавалерыя, разам з каралём і Левэнгаўптам. Рэншэльд і частка левага флянгу адыйшлі да Будышчынскага лесу, але там былі ўзяты ў палон расейцамі. Аб 11 гадзіне бой скончыўся ўпэўненай перамогай расейцаў[18]. Пачаўся перасьлед швэдзкай арміі.

Пасьля бітвы рэдагаваць

Нягледзячы на хаас, выкліканы апошняй стадыяй бітвы, швэдзкія войскі ўсё ж здолелі аб’яднацца і пачалі 27 чэрвеня ўвечары (28 паводле швэдзкага календару) адыход уздоўж Ворсклы. Упершыню з даўніх часоў расейская армія так упэўнена перамагла магутную швэдзкую армію: яны ня толькі спынілі наступ праціўніка, але паднялі сабе маральны дух, убачыўшы, што нават швэдаў можна перамагчы. Для швэдаў сытуацыя істотна пагоршылася: цяпер ім бракавала і людзей, і амуніцыі.

Перавалочна рэдагаваць

Позна вечарам швэдзкая армія дайшла да Новых Санжараў. Наступнай раніцай, пасьля начнога перапынку, яны працягнулі свой шлях да Кабялякаў, а ўранку 29 (30) чэрвеня дайшлі да Таштайцы і Перавалочны. У ноч на 30 чэрвеня (1 ліпеня) Карл XII, Іван Мазэпа і каля 2000 швэдзкіх жаўнераў пераправіліся тут праз Дняпро, каб патрапіць да туркаў[19]. Але чоўнаў было замала, і большая частка швэдаў пераправіцца не пасьпела: раніцай 30 чэрвеня 9 000 расейцаў на чале з Аляксандрам Меншыкавым дагналі рэшты швэдзкай арміі ў Перавалочне. Швэды на чале з генэралам Левэнгаўптам былі ў вельмі прыгнечаным стане і вырашылі капітуляваць[20].

Галерэя рэдагаваць

Глядзіце таксама рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Ericson, Lars (ed) (2003). Svenska slagfält. Wahlström & Widstrand. sid. 297. ISBN 91-46-21087-3
  2. ^ Englund, Peter (2011). Poltava : berättelsen om en armés undergång. Sverige: Bokförlaget Atlantis. sid. 215
  3. ^ Артамонов, В.А., Полтавское сражение: к 300-летию Полтавской победы, Москва, МППА БИМПА, 2009, с.586
  4. ^ Moltusov, Valerij Aleksejevitj (2009). Poltava 1709: Vändpunkten. SMB. sid. 93. ISBN 978-91-85789-75-7
  5. ^ Все войны мировой истории, по Харперской энциклопедии военной истории Р. Дюпюи и Т. Дюпюи с комментариями Н. Волковского и Д. Волковского. С-Петербург, 2004, книга 3, с.499
  6. ^ Englund, Peter (2011). Poltava : berättelsen om en armés undergång. Sverige: Bokförlaget Atlantis. s.281-284
  7. ^ Артамонов, В.А., Полтавское сражение: к 300-летию Полтавской победы, Москва, МППА БИМПА, 2009, с.580
  8. ^ Porfiriev, I.E. (1958). Peter I, grundläggare av den ryska reguljära arméns och flottans krigskonst. Hörsta förlag. sid. 209.
  9. ^ Артамонов, В. А. Полтавское сражение: к 300-летию Полтавской победы, Москва, МППА БИМПА, 2009, С. 438.
  10. ^ Тарле, Е. Северная война и шведское нашествие на Россию, Москва, 1958, С. 367.
  11. ^ Тарле, Е., Северная война и шведское нашествие на Россию, Москва, 1958, С. 374.
  12. ^ Энглунд, П., «Накануне», пер. со шведского Серебро, Е., в Родина, Осень 1997, N 10, С. 66.
  13. ^ Englund, Peter (1988). Poltava : berättelsen om en armés undergång. Bokförlaget Atlantis. sid. 201.
  14. ^ Moltusov, Valerij Aleksejevitj (2009). Poltava 1709: Vändpunkten. SMB. sid. 95. ISBN 978-91-85789-75-7
  15. ^ Энглунд П. Полтава: Рассказ о гибели одной армии. — М: Новое книжное обозрение, 1995. — 288 с. ISBN 5-86793-005-X
  16. ^ Артамонов, В.А., Полтавское сражение: к 300-летию Полтавской победы, Москва, МППА БИМПА, 2009, с.545
  17. ^ Энглунд П. Полтава: Рассказ о гибели одной армии. — М: Новое книжное обозрение, 1995. — 288 с ISBN 5-86793-005-X
  18. ^ Павленко, Н., «И пробил час», в Родина, Осень 1997, N 10, с.68-71
  19. ^ Nordisk familjebok, Uggleupplagan. 5 Cestius-Degas, s.977-978
  20. ^ Uddgren, H.E. Karolinen Adam Ludvig Lewenhaupt. — Uddevala: Barneviks Tryckeri, 1950. — s. 198.