Бяседа

беларускі музычны ансамбль

«Бяседа» — музычны ансамбль Беларусі, заснаваны ў студзені 1991 году кампазытарам Леанідам Захлеўным[1].

«Бяседа»
Інфармацыя
Гадыз 1991-га
АдкульМенск (Беларусь)
Мовабеларуская
Жанр(ы)народная музыка
ВыдавецБелтэлерадыёкампанія
Удзельнікі
Леанід Захлеўны, Мікола Алешка, Тацьцяна Лазоўская, Юлія Саўчанка, Ігар Міхалькоў, Ганна Алешка, Сяргей Бяльцоў, Валянцін Кірыленка, Ігар Міхалькоў, Вольга Калавур, Юлія Захарава, Настасься Кулік
Былыя ўдзельнікіЯкаў Навуменка, Аляксандар Балотнік, Валянціна Карэлікава, Сьвятлана Суседчык, Натальля Раманская, Анжэла Макарава
beseda.3belarus.by

Рэпэртуар складаўся зь беларускіх народных песьняў, якія былі жартоўнымі і лірычнымі, прысьвячаліся народным абрадам і сямейным урачыстасьцям. Найбольш вядомымі былі песьні «За маладых» і «Маруся», «Запрагай-ка, бацька, коней» і «Зьвіняць звончыкі». На канцэртах чаргавалі харавыя, інструмэнтальныя і сольныя нумары ў народных строях. У рэпэртуары пераважалі апрацоўкі народных мэлёдыяў і аўтарскія песьні, створаныя Леанідам Захлеўным і вядучым музыкам Мікалаем Алешкам. Найбольшай славай карысталіся песьні «Ай, ды полька» на словы Ўладзімера Пецюкевіча і музыку Алешкі, «Вечарынка» на словы Ўладзімера Мазго і музыку Захлеўнага, а таксама «Чарка на пасашок» на словы Аляксандра Лягчылава і музыку Аляксандра Балотніка. Да 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі Леанід Захлеўны напісаў цыкль песьняў на словы Віктара Кавальчука («Вальс 44-га году», «Напярэдадні вайны» і «Тальянка») і Міхаіла Ясеня («Ах, Тацьцяна Фёдараўна», «З днём нараджэньня» і «Перамога»), за які атрымаў спэцыяльную прэмію прэзыдэнта Беларусі. Ансамбль браў удзел у міжнародных фальклёрных сьвятах: «Маладзечна» і Дзень беларускага пісьменства, «Дажынкі» і «Славянскі базар у Віцебску». «Бяседа» выступала ў 14 краінах, у тым ліку ў Вэнэсуэле, 3-х краінах Азіі — Казахстане, Карэі і Кітаі, а таксама ў 10 краінах Эўропы — усіх суседніх Латвіі, Летуве, Польшчы, Расеі і Ўкраіне, а таксама Аўстрыі, Нямеччыне, Партугаліі, Румыніі і Швэцыі. Гурт запісваў песьні ў фонд Беларускага радыё[2].

Альбом рэдагаваць

У 2016 годзе ансамбль «Бяседа» выдаў кампакт-дыск «Запаветны бераг» да свайго 25-годзьдзя. Музычны альбом улучаў 23 песьні. У яго запісе ўзялі ўдзел 5 сьпявачак і сьпевакоў: Валянцін Кірыленка, Тацьцяна Лазоўская і Натальля Раманская, Юлія Саўчанка і Сьвятлана Суседчык. Музыку гралі 8 чалавек: Ганна (скрыпка) і Мікола Алешкі (баян і гармонік), Сяргей Бяльцоў (скрыпка) і Вольга Калавур (цымбалы), Ігар Міхальцоў (баян, гармонік і сьпеў) і Аляксандар Надточы (сынтэзатар і ўдарнікі), Юры Чаркас (дудка і флейта) і Пётар Чырта (кантрабас). Гукарэжысэрам выступіў Д. Каршакевіч, а зьвядзеньне выканаў С. Лісоўскі. Мастацкі кіраўнік Леанід Захлеўны апрацаваў 14 песьняў (1 і 5, 8—12 і 14—16, 18—19 і 22—23), Мікола Алешка — 8 (2—4 і 6—7, 13 і 20—21), а Сяргей Бяльцоў — адну (17). Альбом выпусьціла Белтэлерадыёкампанія на падставе запісаў Беларускага радыё[3].

«Запаветны бераг»
НазваСловыМузыка Працягласьць
1. «Запаветны бераг»  Леанід ПранчакЛеанід Захлеўны 2:54
2. «Ой, прачнуўся я ў панядзелак»  беларуская народная песьня  2:17
3. «У вішнёвым садочку»  беларуская народная песьня  2:16
4. «Дзе ж бы я ні ехала»  беларуская народная песьня  2:20
5. «Дзяўчыненька, шуміць гай»  беларуская народная песьня  3:05
6. «Полька «Шмыгалёўка»»   Мікола Алешка 1:46
7. «Дзеўчына як вішня»  Уладзімер ПецюкевічМікола Алешка 3:25
8. «Дарагая, мая залатая»  С. СалагубЛеанід Захлеўны 3:13
9. «Маміна вішня»  Уладзімер КарызнаЛеанід Захлеўны 3:44
10. «Бацькоў не забывай»  Міхаіл ЯсеньЛеанід Захлеўны 3:27
11. «Восем хлопцаў на сяло»  Алесь БадакЛеанід Захлеўны 2:06
12. «Там за вёсачкай»  С. СалагубЛеанід Захлеўны 2:36
13. «Кума»  Аляксандар ЛягчылаўМікола Алешка 2:50
14. «Будзем жыць як набяжыць»  Алесь БадакІзмаіл Капланаў 3:24
15. «Дальва»  Алесь БадакЛеанід Захлеўны 3:25
16. «Залаты матыў»  Леанід ПранчакЛеанід Захлеўны 4:02
17. «Муза ты мая»  Уладзімер ПецюкевічСяргей Бяльцоў 3:12
18. «Не чакала, пакахала»  Аляксандар ЛягчылаўТарыэл Майсурадзэ 3:21
19. «А на вуліцы грамы»  Алесь ПісарчыкЛеанід Захлеўны 2:49
20. «На сьцяжынцы вечаровай»  Уладзімер КарызнаМікола Алешка 3:40
21. «Песьню на шчасьце прыміце»  Уладзімер ПецюкевічМікола Алешка 2:50
22. «Чарка на пасашок»  Аляксандар ЛягчылаўАляксандар Балотнік 2:29
23. «Палянэз»   Міхал Агінскі 4:06
1 гадз. 9 хв. 17 сэк.

Супраца рэдагаваць

«Бяседа» выконвала песьні на вершы Надзеі Салодкай[4] і Івана Цітаўца[5], Тацьцяны Атрошчанкі[6] і Людмілы Кебіч[7], Кастуся Цыбульскага[8] і Ўладзімера Ўладзімеравіча Карызны, Уладзімера Мазго («Мэлёдыя душы» і «Вечарынка», «У новы век», «Закахалася ў суседа» і «Хлебны квас»)[9] і Алеся Бадака, Леаніда Пранчака і Ўладзімера Скарынкіна, Уладзімера Пецюкевіча і Аляксандра Лягчылава.

Удзельнікі рэдагаваць

На 2022 год удзельнікамі ансамблю «Бяседа» былі Леанід Захлеўны і Мікола Алешка, Тацьцяна Лазоўская і Юлія Саўчанка, Ігар Міхалькоў[10] і Ганна Алешка, Сяргей Бяльцоў і Валянцін Кірыленка, Ігар Міхалькоў і Вольга Калавур, Юлія Захарава і Настасься Кулік[11].

У мінулым у складзе ансамблю бралі ўдзел Якаў Навуменка[12] і Аляксандар Балотнік, Валянціна Карэлікава і Сьвятлана Суседчык, Натальля Раманская і Анжэла Макарава[11].

Мінуўшчына рэдагаваць

У студзені 1991 году кампазытар Леанід Захлеўны заснаваў ансамбль «Бяседа», які стаў выконваць народную музыку на Беларускім радыё. Гурт склалі артысты ансамблю «Жывіца», які вярнуўся з гастроляў на запрашэньне беларускай дыяспары Амэрыкі безь кіраўніцы Валянціны Пархоменкі[13]. Назву ансамблю прапанаваў сьпявак Якаў Навуменка[11]. Адной зь першых стала песьня «Каля Чырвонага касьцёла» на словы Леаніда Пранчака пад аранжыроўку Юрыя Багаткевіча[14]. У 1998 годзе баяніст Аляксандар Балотнік паклаў на музыку словы песьні «Чарка на пасашок» Аляксандра Лягчылава, якая стала шлягерам «Бяседы»[15]. Адной зь лірычных песьняў у выкананьні «Бяседы» стала песьня «Яблычак румяны» на словы Ўладзімера Пецюкевіча і музыку баяніста Міколы Алешкі. Яе засьпявала Валянціна Карэлікава[16]. Аднаўленьнем акардэонаў, баянаў і гармонікаў для «Бяседы» займалася майстэрня «Музрам» Беларускага саюзу музычных дзеячоў, што месьцілася ў Менску па вуліцы Чычэрына, д. 1 (насупраць Вялікага тэатру Беларусі)[17]. Да 2003 году скрыпкі і цымбалы, дудкі і жалейкі для «Бяседы» вырабляў Усевалад Жукоўскі, якога пазьней замяніў ягоны сын Аляксандар[18].

У чэрвені 2007 году «Бяседа» выступіла на гала-канцэрце падчас Фэстывалю народнай музыкі ў Паставах (Віцебская вобласьць)[19]. У ліпені 2007 году падчас сьвяткаваньня 125-годзьдзя Янкі Купалы Першы нацыянальны канал Беларускага радыё прадставіў прэм’еру радыёспэктаклю «Паэт і дзяўчына» паводле аднайменнай п’есы Пятра Васючэнкі. У яго запісе браў удзел ансамбль «Бяседа»[20]. На пачатку верасьня 2007 году гурт зьняўся ў перадачы «Агульнанацыянальнага тэлебачаньня» ў Летнім амфітэатры Віцебску. У сярэдзіне верасьня «Бяседа» ўзяла ўдзел у «Дажынках» з прэм’ерай песьні «Аграгарадок» на словы Івана Цітаўца і музыку Івана Поклада, а 27 верасьня дала сольнік у Канцэртнай залі «Менск»[14]. 4 кастрычніка 2007 году ансамбль узяў удзел у канцэрце да 10-годзьдзя Палаца Рэспублікі ў Менску[21]. 3 лістапада «Бяседа» сыграла ў Беларускай філярмоніі на канцэрце да 125-годзьдзя Якуба Коласа[22]. 7 сьнежня 2007 году ансамбль сыграў у Каракасе (Вэнэсуэла) на Нацыянальнай выставе дасягненьняў Беларусі[23].

18 студзеня 2008 году «Бяседа» стала ўдзельніцай канцэрту да 70-годьдзя Менскай вобласьці ў Канцэртнай залі «Менск»[24]. Увесну 2008 году Леанід Захлеўны напісаў для ансамблю «Бяседа» цыкль песьняў «З днём нараджэньня, Перамога» пра шчасьлівую гісторыю каханьня ад расстаньня ў 1941 годзе да сустрэчы ў 1945-м[25]. У ліпені 2008 годзе ансамбль выступіў на гала-канцэрце падчас «Славянскага базару ў Віцебску»[26]. 7 верасьня 2008 году на Дзень беларускага пісьменства ў Барысаве (Менская вобласьць) «Бяседа» зайграла на гала-канцэрце «Мы — беларусы»[27]. 20 верасьня на Рэспубліканскім сьвяце-кірмашы працаўнікоў сяла «Дажынкі» ансамбль «Бяседа» прадставіў прэм’еру песьні «Кірмаш гудзе»[28]. У кастрычніку 2008 году адбыўся выступ на адкрыцьці Міжнароднага фэстывалю Юрыя Башмета ў менскім парку Горкага[29].

2 красавіка 2009 году ансамбль выступіў на беларуска-расейскім канцэрце ў Беларускай філярмоніі[30]. Пры канцы чэрвеня 2009 году Прэзыдыюм Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі прысудзіў «Бяседзе» грашовую прэмію ў галіне музыкі за канцэртную папулярызацыю беларускай народнай песьні ў замежжы[31]. Увечары 31 сьнежня 2009 году на тэлеканале «Лад» паказалі пераднавагодні канцэрт «Бяседы»[32]. 24 верасьня 2010 году «Бяседа» выступіла на гала-канцэрце падчас «Дажынак» у Лідзе (Гарадзенская вобласьць)[33].

2010-я гады рэдагаваць

У кастрычніку 2011 году ансамбль выступіў у Магілёве на Міжнародным музычным фэстывалі «Залаты шлягер» у канцэртнай праграме «Карагод сяброўства» з расейскімі і ўкраінскімі музыкамі[34]. 23 лістапада 2011 году мастацкаму кіраўніку «Бяседы» Леаніду Захлеўнаму прысудзілі ордэн Францішка Скарыны за заслугі ў разьвіцьці культуры[35]. 19 траўня 2012 году ў рамках Дзён культуры Беларусі ў Санкт-Пецярбургу (Расея) «Бяседа» выступіла на пляцоўцы Музэю вады[36]. У ліпені 2012 году ансамбль узяў удзел у 21-м «Славянскім базары» ў Віцебску[37]. 28 ліпеня «Бяседа» сыграла на канцэрце ў Каленкавічах (Гомельская вобласьць) падчас 7-га Фэстывалю народнага гумару «Аўцюкі»[38]. 25 кастрычніка 2012 году ансамбль сыграў у Канцэртнай залі Беларускай філярмоніі на творчым вечары кампазытара Ўладзімера Ўладзімеравіча Карызны[39].

3 жніўня 2013 году ў Міхалове (Беластоцкі павет) «Бяседа» выступіла на 3-м Фэстывалі беларускай культуры «Прымацкая бяседа», які сабраў каля 3000 гледачоў[40]. На пачатку верасьня 2013 году на Дні беларускага пісьменства ў родным Быхаве выступіла салістка «Бяседы» Тацьцяна Лазоўская[41]. У кастрычніку 2013 году ансамбль сыграў песьні свайго былога саліста Якава Навуменка на канцэрце ягонай памяці «На паруках настальгіі», які прайшоў у Беларускай філярмоніі[42]. На 2013 год ў Сеціве разьмясьцілі відэазапісу выступаў «Бяседы»[43].

7 траўня 2014 году ансамбль выканаў народныя песьні для перадачы «Наперад у мінулае», якую паказалі на тэлеканалах «Беларусь 3» і «Беларусь 24» у рамках праекту «100 песень для Беларусі» да Дня працаўнікоў тэлебачаньня, радыё і сувязі. 8 траўня адпаведны канцэрт паўторна трансьлявалі на Беларускім радыё[44]. У чэрвені 2014 году на Фэстывалі беларускай песьні і паэзіі «Маладзечна» (Менская вобласьць) ансамбль «Бяседа» ўзяў удзел у канцэрце «Спадчына песьняроў», прысьвечаным Ўладзімеру Мулявіну[45]. У чэрвені 2014 году на вечарыне да 75-годзьдзя паэта Ўладзімера Скарынкіна ў Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы сьпявачка «Бяседы» Валянціна Карэлікава выканала рамансы на словы Ўладзімера і Андрэя Скарынкіных[46]. 4 лістапада 2014 году «Бяседа» сыграла ў Вялікай залі Беларускай філярмоніі на гала-канцэрце «Музычны скарб Беларусі» з нагоды 89-годзьдзя Беларускага радыё. Радыёканал «Культура» ладзіў наўпроставую трансьляцыю падзеі. 14 лістапада канцэрт паказалі на тэлеканале «Беларусь 1»[47]. Таксама ў лістападзе сьпявак «Бяседы» Мікола Алешка атрымаў мэдаль Францішка Скарыны[48]. 27 лістапада ансамбль выступіў у Палацы Рэспублікі на канцэрце Тарыэла Майсурадзэ[49].

30 траўня 2015 году ансамбль засьпяваў на Сьвяце беларускай культуры ў Польшчы[50]. 5—7 чэрвеня 2015 году адбыўся 15-ы фэст «Маладзечна» з удзелам «Бяседы»[51]. 3 ліпеня 2015 году тэлеканал «Беларусь 3» паказаў праграму ансамбля «Запрашаем на „Бяседу“»[52]. 25 ліпеня ансамбль засьпяваў на 16-м Міжнародным фэстывалі беларускай культуры «Сяброўская бяседа» ў Гарадку (Беластоцкі павет)[53]. Ад 2 верасьня ў Горадні па 10 кастрычніка ў Менску «Бяседа» гастралявала па 18 гарадах і мястэчках Беларусі, у тым ліку па ўсіх абласных цэнтрах, з канцэртнай праграмай «Любіць Беларусь»[54]. Тэлеканал «Беларусь 3» паказваў адпаведныя канцэрты, у перапынках якіх вядоўца Алена Трацэнка праводзіла тэлевіктарыну «Размаўляем па-беларуску»[55]. На канцэртах гучалі такія песьні, як «Хлеб ды соль», «А ў Марусі хата на пагосьце», «Звончыкі», «Былі ў мяне сваты» і «Вечарынка»[56]. У кожнай з 6 вобласьцяў Беларусі музыкі наведалі па 3 паселішчы, у тым ліку родныя гарады музыкаў: Горадню, Слуцак і Баранавічы, Слонім і Наваполацак[57]. Сярод іншага, 26 верасьня выступілі на «Дажынках» у Круглым (Магілёўская вобласьць)[58].

4—5 чэрвеня 2016 году ў Горадні прайшоў 11-ы Рэспубліканскі фэстываль нацыянальных культураў, на якім зайграла «Бяседа»[59]. 6 красавіка 2017 ансамбль сыграў канцэрт у Гарадку (Віцебская вобласьць)[60]. 31 кастрычніка 2017 году правялі канцэрт у Салігорску (Менская вобласьць)[61]. Падчас Міжнароднага фэстывалю «Залаты шлягер» у 2017 годзе «Бяседа» выступіла на канцэрце «Сустракаем Новы год разам», які тэлеканал «Беларусь 3» паказаў 31 сьнежня[62].

17 чэрвеня 2018 году ансамбль зайграў на вечарыне «Гэта мы» да 80-годзьдзя фатографа Юрыя Іванова, якая прайшла ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры[63]. 20 лютага 2020 году ў Беластоку «Бяседа» засьпявала на гала-канцэрце 27-га фэстывалю «Беларуская песьня», які прайшоў у Падляскай опэры. Гала-канцэрт сабраў 850 гледачоў[64]. 29 жніўня 2020 году ў Ляскавічах (Петрыкаўскі раён) ансамбль зайграў на 6-м Міжнародным фэстывалі этнакультурных традыцыяў «Кліч Палесься»[65].

3 лютага 2021 году «Бяседа» сыграла на канцэрце «Будзь здаровы, гаспадар» свайго былога ўдзельніка Аляксандра Балотніка, які прайшоў у Вялікай залі Беларускай філярмоніі[66]. 12 чэрвеня 2021 году ансамбль выступіў на гала-канцэрце падчас 20-га фэстывалю «Маладзечна»[67]. 25 лістапада 2021 году зладзілі канцэрт у Палацы культуры МТЗ[68]. 31 сьнежня 2021 году ансамбль зайграў на тэлеканцэрце «Навагодні настрой», які паказаў тэлеканал «Беларусь 3»[69].

8 студзеня 2022 году на «Беларусь 3» паказалі канцэрт ансамблю «Вітаем Новы год»[70]. У лютым 2022 году «Бяседа» выступіла ў Бабруйску на сцэне тэатру драмы і камэдыі імя Дунін-Марцінкевіча[71]. 8 сакавіка 2022 году на Міжнародны жаночы дзень музычную праграму ансамблю «Вітаем вас» паказалі на «Беларусь 3»[72]. 27 сакавіка выступілі ў Канцэртнай залі «Менск»[73]. Увесну 2022 году «Бяседа» зрабіла песьню «Адлятаюць гусі» на словы Аляксандра Лягчылава і музыку Ўладзімера Будніка. Таксама запісалі песьню «Буйніцкае поле» на словы Міхаіла Ясеня, якую прасьпявала Настасься Грыгор’ева[74].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Надзея Бунцэвіч. Настрой — «бяседны» // Культура. — 21 сакавіка 2009. — № 12 (880).
  2. ^ Анcамбль народнай музыкі «Бяседа» // Белтэлерадыёкампанія, 2022 г. Праверана 12 ліпеня 2022 г.
  3. ^ Ансамбль «Бяседа». Альбом «Запаветны бераг» [Электронны рэсурс] / маст.кір. Леанід Захлеўны, гукарэж. Д. Каршакевіч. — Менск : Белтэлерадыёкампанія, 2016. — Кампакт-дыск
  4. ^ Навум Гальпяровіч. Надзея // Літаратура і мастацтва. — 1 жніўня 2014. — № 30 (4779). — С. 10.
  5. ^ Кіра Мураўская. Засьпяваем // Літаратура і мастацтва. — 5 верасьня 2014. — № 35 (4784). — С. 5.
  6. ^ Натальля Талівінская. Для ўсіх, хто кахае // Зьвязда. — 10 сакавіка 2015. — № 45 (27903). — С. 8.
  7. ^ Ніна Каленчыкава. Дамінанты яе лёсу // Полымя : часопіс. — Жнівень 2016. — № 8 (1042). — С. 166. — ISSN 0130-8068.
  8. ^ Віктар Байкачоў. Анлайн-сустрэча з паэтам // Голас Радзімы. — 26 лютага 2021. — № 2 (3638). — С. 8.
  9. ^ Уладзімер Мазго. Зьнічкі вечнасьці // Літаратура і мастацтва. — 12 сакавіка 2021. — № 10 (5115). — С. 9.
  10. ^ Нэлі Зігуля. Полька пад «Бяседу» // Зьвязда. — 25 верасьня 2015. — № 67184 (28042). — С. 9.
  11. ^ а б в Уладзімер Субат. Музыка захапіла і не адпусьціла // Сельская газэта. — 31 сьнежня 2021. — № 21589.
  12. ^ Уладзімер Мазго. Уваскрэсьні ў роднай песьні // Літаратура і мастацтва. — 28 сакавіка 2014. — № 13 (4762). — С. 16.
  13. ^ Алена Драпко. «Трэба, каб па творах кампазытара можна было пазнаць, на якой зямлі ён жыве» // Зьвязда. — 12 сакавіка 2022. — № 49 (20671). — С. 9.
  14. ^ а б Надзея Бунцэвіч. Песьні з мажорнай афарбоўкай // Культура. — 29 верасьня 2007. — № 38-39 (804-805).
  15. ^ Аляксандар Пукшанскі. Баяніст — па нацыянальнасьці // Зьвязда : газэта. — 11 красавіка 2014. — № 67 (27677). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  16. ^ Уладзімер Карызна. «Па сьцяжынцы, дзе ішоў любы мой, каханы» // Зьвязда. — 22 красавіка 2017. — № 77 (28441). — С. 12.
  17. ^ Натальля Сьвятлова. Валянцін Барэйша: «Зрабіць новыя мяхі, клявіятуру, мэханіку — тыя яшчэ фокусы» // Літаратура і мастацтва. — 30 кастрычніка 2020. — № 41 (5097). — С. 14.
  18. ^ Тамара Круталевіч. Заручоны з культурай // Культура. — 23 кастрычніка 2021. — № 43 (1534).
  19. ^ Вольга Ягорава. «Карагод наш пастаўскі – ён усіх зачараваў» // Культура : газэта. — 16 чэрвеня 2007. — № 24 (790).
  20. ^ Людміла Лявонава. Паэт і муза // Мастацтва : часопіс. — Верасень 2007. — № 9 (294).
  21. ^ Надзея Бунцэвіч. Палац Рэспублікі — гучыць дзяржаўна // Культура. — 6 кастрычніка 2007. — № 40 (806).
  22. ^ Юры Іваноў. Прынашэньне Коласу // Культура. — 10 лістапада 2007. — № 45 (811).
  23. ^ Беларусь — у Вэнэсуэле // Культура. — 1 сьнежня 2007. — № 48 (814).
  24. ^ Вобласьці сьвяткуюць юбілей // Культура. — 19 студзеня 2008. — № 3 (821).
  25. ^ Надзея Бунцэвіч. Яшчэ раз пра вайну // Культура. — 10 траўня 2008. — № 19 (837).
  26. ^ Надзея Бунцэвіч. Спрадвечная песня ў пластычнай формуле часоў // Культура. — 12 ліпеня 2008. — № 28 (846).
  27. ^ Ільля Сьвірын. Мы – беларусы // Культура. — 6 верасьня 2008. — № 36 (854).
  28. ^ Лідзія Андрэва. Куфар-радца // Культура. — 20 верасьня 2008. — № 38 (856).
  29. ^ Надзея Бунцэвіч. «Хаджэньне ў народ» зь імправізацыяй на Страдзівары // Культура. — 18 кастрычніка 2008. — № 42 (860).
  30. ^ Дзень яднаньня // Культура. — 4 красавіка 2008. — № 14 (882).
  31. ^ Прэміі прысуджаныя найлепшым // Культура. — 18 ліпеня 2009. — № 29 (897).
  32. ^ Ільля Сьвірын. «Жывы гук» без кампрамісаў // Культура. — 26 сьнежня 2009. — № 52 (920).
  33. ^ Андрэй Старжынскі. Каравай для Ліды // Культура. — 25 верасьня 2010. — № 39 (959).
  34. ^ Надзея Бунцэвіч. Да «Шлягера» з маніторынгам // Культура. — 15 кастрычніка 2011. — № 42 (1013).
  35. ^ Уганараваныя дзяржавай // Культура. — 26 лістапада 2011. — № 48 (1019).
  36. ^ Яўген Рагін. Эксклюзівы.by для Паўночнай Пальміры // Культура. — 26 траўня 2012. — № 21 (1044).
  37. ^ Надзея Бунцэвіч. Закон аншлягаў і пустых месцаў // Культура. — 28 ліпеня 2012. — № 30 (1052).
  38. ^ Пётра Васілеўскі. «Аўцюкі» вярнуліся ў Аўцюкі // Культура. — 4 жніўня 2012. — № 31 (1053).
  39. ^ Надзея Бунцэвіч. Карызна-бэнд // Культура. — 20 кастрычніка 2012. — № 42 (1064).
  40. ^ Надзея Бунцэвіч. А трохтысячная «Бяседа» — на дзесяць гадзін // Культура. — 10 жніўня 2013. — № 32 (1106).
  41. ^ Тацьцяна Студзенка. Не растрачаныя пісьмёны // Літаратура і мастацтва : газэта. — 6 верасьня 2013. — № 35 (4733). — С. 8. — ISSN 0024-4686.
  42. ^ Абрысы // Літаратура і мастацтва. — 25 кастрычніка 2013. — № 42 (4740). — С. 3.
  43. ^ Вольга Навіцкая. Канцэртмайстар — пра віртуальнае // Культура. — 9 лістапада 2013. — № 45 (1119).
  44. ^ Алена Драпко. Да сьвятаў — зь песьнямі // Зьвязда. — 2 траўня 2014. — № 81 (27691). — С. 6.
  45. ^ Ніна Шчарбачэвіч. Словы зь песьні // Зьвязда. — 17 чэрвеня 2014. — № 111 (27721). — С. 1, 3.
  46. ^ Яна Явіч. Майстар перастварэньняў // Літаратура і мастацтва. — 20 чэрвеня 2014. — № 24 (4773). — С. 9.
  47. ^ Вікторыя Целяшук. Беларускае радыё адкрые музычныя скарбы // Зьвязда. — 17 кастрычніка 2014. — № 198 (47808). — С. 7.
  48. ^ Пунктырам // Літаратура і мастацтва. — 21 лістапада 2014. — № 46 (4795). — С. 1.
  49. ^ Надзея Бунцэвіч. Пра роўныя ўмовы // Культура. — 29 лістапада 2014. — № 48 (1174).
  50. ^ Алег Клімаў. Да Дзён культуры // Культура. — 16 траўня 2015. — № 20 (1198).
  51. ^ Надзея Бунцэвіч. Фармат? Новы // Культура. — 30 траўня 2015. — № 20 (1198).
  52. ^ Глядзіце і слухайце // Зьвязда. — 2 ліпеня 2015. — № 124 (27982). — С. 7.
  53. ^ Міжнародны фэстываль беларускай культуры «Сяброўская бяседа» // Амбасада Беларусі ў Польшчы, 27 траўня 2015 г. Праверана 12 ліпеня 2022 г.
  54. ^ «Любіць Беларусь!» // Зьвязда. — 21 жніўня 2015. — № 159 (28017). — С. 6.
  55. ^ Ірына Кацяловіч. «Любіць Беларусь» праз музыку і мову // Зьвязда. — 1 верасьня 2015. — № 166 (28024). — С. 3.
  56. ^ Алена Драпко. Бяседа ў «мажоры» і «міноры» // Зьвязда. — 2 кастрычніка 2015. — № 189 (28047). — С. 5.
  57. ^ Надзея Бунцэвіч. Тур з кансультацыямі // Культура. — 10 кастрычніка 2015. — № 41 (1219).
  58. ^ Ганна Тузянкова. Валожыншчына, Кругляншчына, Віцебшчына, Бярэзіншчына // Культура. — 10 кастрычніка 2015. — № 41 (1219).
  59. ^ Марына Весялуха. Адкрыецца музэй Рэспубліканскага фэстывалю нацыянальных культур // Газэта «Зьвязда», 19 траўня 2016 г. Праверана 12 ліпеня 2022 г.
  60. ^ У Гарадку выступіць ансамбль народнай музыкі «Бяседа» // Партал «Гарадок», 29 сакавіка 2017 г. Праверана 12 ліпеня 2022 г.
  61. ^ Калi традыцыя ажывае // Партал «Электронны Салігорск», 28 верасьня 2017 г. Праверана 12 ліпеня 2022 г.
  62. ^ Вікторыя Целяшук. У дадатак да аліўе — песьні, танцы і гумар // Зьвязда. — 29 сьнежня 2017. — № 251 (28615). — С. 3.
  63. ^ Юры Чарнякевіч. Фота на дарозе жыцьця // Культура. — 15 чэрвеня 2019. — № 24 (1411).
  64. ^ Іван Ждановіч. Варшава, Торунь, Гайнаўка // Голас Радзімы : газэта. — 12 сакавіка 2020. — № 5 (3617). — С. 2. — ISSN 0439-3619.
  65. ^ Прадстаўнікі 11 раёнаў Беларусі прымуць удзел у фэстывалі «Кліч Палесься» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 27 жніўня 2020 г. Праверана 12 ліпеня 2022 г.
  66. ^ Надзея Бунцэвіч. А вось песьні ўсе — гіты // Культура. — 30 студзеня 2021. — № 5 (1497).
  67. ^ БелТА. Знакамітыя беларускія кампазытары, паэты і артысты зьбяруцца на закрыцьці фэстывалю «Маладзечна» // Газэта «Зьвязда», 12 чэрвеня 2021 г. Праверана 12 ліпеня 2022 г.
  68. ^ Валянцін Кірыленка. Ансамбль народнай музыкі «Бяседа» адзначае юбілей // Радыё «Беларусь», 25 лістапада 2021 г. Праверана 12 ліпеня 2022 г.
  69. ^ Алена Драпко. Дзе шукаць сакрэты Новага году // Зьвязда. — 29 сьнежня 2021. — № 252 (29621). — С. 9.
  70. ^ Алена Драпко.. На «Беларусь 3» у гэтыя выхадныя заплянаваны цікавы этэр са сьвяточнымі акцэнтамі // Газэта «Зьвязда», 5 студзеня 2022 г. Праверана 12 ліпеня 2022 г.
  71. ^ Павал Салаўёў. Выдатная работа, каманда купалаўцаў // Культура. — 26 лютага 2022. — № 9 (1552).
  72. ^ Алена Драпко. Жанчыны бываюць розныя // Зьвязда. — 4 сакавіка 2022. — № 44 (29666). — С. 9.
  73. ^ БелТА. Ад «Марусі» да «Чаркі на пасашок» // Газэта «Зьвязда», 27 сакавіка 2022 г. Праверана 12 ліпеня 2022 г.
  74. ^ Надзея Бунцэвіч. «Мяне не спакушаюць прыпеўкі-бразгушкі» // Культура. — 14 траўня 2022. — № 20 (1563).

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць