Буэнас-Айрэс

сталіца Аргентыны

Буэнас-Айрэс (па-гішпанску: Buenos Aires; Cuidad de la Santísima Trinidad y Puerto de Nuestra Señora de Santa María de los Buenos Aires — «Горад Прысьвятое Тройцы й Порт Нашае Панны Марыі Добрых Вятроў») — сталіца й найбуйнейшы горад Аргентыны, другі па велічыні мэгаполіс у Паўднёвай Амэрыцы, пасьля Сан-Паўлу[1]. Горад разьмешчаны на заходнім беразе вусьця ракі Рыё-дэ-ля-Плята, на паўднёва-ўсходнім узьбярэжжы паўднёваамэрыканскага кантынэнта. Аглямэрацыя Вялікі Буэнас-Айрэс, якая таксама ўключае ў сябе некалькі раёнаў у аднайменным рэгіёне, уяўляе сабой трэцюю па велічыні аглямэрацыю ў Лацінскай Амэрыцы, маючы 13 млн чалавек[2].

Буэнас-Айрэс
гішп. Buenos Aires
Буэнас-Айрэс
Герб Буэнас-Айрэсу Сьцяг Буэнас-Айрэсу
Першыя згадкі: 1536
Краіна: Аргентына
Мэр: Арасіё Радрыгес Лярэта
Плошча: 203 км²
Насельніцтва (2010)
колькасьць: 2 891 082 чал.
шчыльнасьць: 14 241,78 чал./км²
Часавы пас: UTC-3
Тэлефонны код: 011
Паштовы індэкс: C1000-14xx
Геаграфічныя каардынаты: 34°35′59″ пд. ш. 58°22′55″ з. д. / 34.59972° пд. ш. 58.38194° з. д. / -34.59972; -58.38194Каардынаты: 34°35′59″ пд. ш. 58°22′55″ з. д. / 34.59972° пд. ш. 58.38194° з. д. / -34.59972; -58.38194
Буэнас-Айрэс на мапе Аргентыны
Буэнас-Айрэс
Буэнас-Айрэс
Буэнас-Айрэс
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
www.buenosaires.gov.ar (гішп.)
Буэнас-Айрэс

Буэнас-Айрэс не зьяўляецца часткай правінцыі Буэнас-Айрэс, а таксама горад ня ёсьць сталіцай правінцыі, і, нават, аўтаномнай акругі. У 1880 годзе, пасьля дзесяцігодзьдзяў палітычнай барацьбы, Буэнас-Айрэс быў фэдэралізаваны й выведзены з правінцыі Буэнас-Айрэс. Межы гораду былі пашыраны, дзякуючы ўключэньню ў ягоны склад гарадоў Бэльграна й Флёрэс, абодва зь якіх цяпер зьяўляюцца навакольлямі гораду. Згодна з канстытуцыйнай папраўкай ад 1994 году гораду была прадастаўлена аўтаномія, і, такім чынам, ягоная афіцыйная назва зьмянілася на аўтаномны горад Буэнас-Айрэс (гішп. Ciudad Autónoma de Buenos Aires). У 1996 годзе грамадзяне гораду ўпершыню абралі сабе кіраўніка ўраду, бо раней мэр прызначаўся непасрэдна прэзыдэнтам рэспублікі.

Буэнас-Айрэс лічыцца адным з сусьветных гарадоў, згодна з дасьледаваньнямі, які праводзіў унівэрсытэт Лафбара ў 2008 годзе[3]. Людзі з Буэнас-Айрэсу называюць сябе «porteños», што ў перакладзе з гішпанскай азначае «людзі порта»[4]. Буэнас-Айрэс зьяўляецца прывабным месцам для адпачынку турыстаў[5] і вядомы сваім эўрапейскім архітэктурным стылем і багатым культурным жыцьцём[6][7].

Гісторыя рэдагаваць

Каляніяльныя часы рэдагаваць

Гішпанскі мараплаўца Хуан Дыяс дэ Саліс быў першым эўрапейцам, які дасягнуў берагоў Рыё-дэ-ля-Плята ў 1516 годзе. Ягоная экспэдыцыя была перапыненая, калі ён быў забіты падчас нападу мясцовага племені чаруа ў месцы, дзе сёньня месьціцца Ўругвай. Буэнас-Айрэс быў упершыню створаны ў якасьці гораду 2 лютага 1536 году пад назвай Сьюдад-дэ-Нуэстра-Сэніёра-Санта-Марыя-дэль-Буэна-Айрэ[8] (у літаральным сэнсе «Горад Маці Божай Сьвятой Марыі Добрых Вятроў») у гонар заступніцаы вострава Сардыніі, падчас гішпанскай экспэдыцыі ачоленай Пэдрам дэ Мэндосам. Гэты пасёлак заснаваны Мэндосам знаходзіўся ў тым месцы, дзе сёньня месьціцца раён Сан-Тэльма ў Буэнас-Айрэсе, на поўдні ад цэнтру гораду. З-за нападаў карэнных народаў пасяленцы былі вымушаны бегчы і ў 1541 годзе пасяленьне было спустошана. Другое й сталае пасяленьне было заснавана ў 1580 годзе Хуанам дэ Гараем, які прыбыў на ветразных караблях уніз па раке Парана з Асунсьёну, які цяпер зьяўляецца сталіцай Парагваю. Ён назваў пасёлак «Сантысіма Трынідад».

З самых першых дзён Буэнас-Айрэс залежыў перш за ўсё ад гандлю. На працягу большай часткі XVII і XVIII стагодзьдзяў, гішпанскія караблі, якія накіроўваліся ў горад, часьцяком зьяўляліся аб’ектам нападу з боку піратаў, таму каляніяльныя ўлады распрацавалі складаную сыстэму, дзе судны разам з вайсковай падтрымкай накіроўваліся ў Цэнтральную Амэрыку, перасякаючы зямлю, падыходзілі да Лімы ў Пэру, а потым тавары праходзілі праз гарады цэнтральнай частцы віцэ-каралеўства. З-за гэтага перавозка прадукцыі займала вельмі шмат часу, пакуль яна прыбывала ў Буэнас-Айрэс, а падаткі на транспарт зрабілі іхні кошт значна высокім. Гэтая схема расчаравала многіх гандляроў, з-за чаго ў горадзе бурна пачала разьвіваецца кантрабанда. Гэта таксама выклікала глыбокае абурэньне пасяленцаў да гішпанскіх уладаў.[8]

Паступова гішпанскі кароль Карл III палегчыў гандлёвыя абмежаваньні й, нарэшце, уканцы XVIII стагодзьдзя Буэнас-Айрэс быў аб’яўлены адкрытым портам. Захоп Парта Бэла сіламі брытанскага флёту паказаў неабходнасьць умацаваньня Атлянтычнага маршруту, што падарвала манаполію Лімы на гандаль з Буэнас-Айрэсам. Згодна з каралеўскай пастановай ад адзінай амэрыканскай калёніі віцэ-каралеўства Пэру была аддзелены паўднёвы рэгіён, які стаў віцэ-каралеўствам Рыё-дэ-ля-Плята, са сталіцай у горадзе Буэнас-Айрэс. Тым ня менш, нягледзячы на такія дзеяньні каралеўскага ўрада, многія жыхары гораду пранікліся ідэямі францускай рэвалюцыі, становячыся яшчэ больш перакананымі ў неабходнасьці незалежнасьці ад Гішпаніі.

Вайна за незалежнасьць рэдагаваць

Асноўны артыкул: Вайна за незалежнасьць Аргентыны
 
Травеньская рэвалюцыя

Падчас брытанскага ўварваньня ў Рыё-дэ-ля-Плята брытанскія войскі атакавалі Буэнас-Айрэс два разы. У 1806 годзе брытанцы пасьпяхова высадзіліся ў Буэнас-Айрэсе, але дапаможнае гішпанскае войска, што прыйшло з Монтэвідэо, на чале з Сант’яга дэ Ліньесам здолела выгнаць агрэсараў. У кароткі пэрыяд брытанскага панаваньня віцэ-кароль Рафаэль Сабрамонтэ зьбег у Кордабу і прызначыў гэты горад у якасьці сталіцы віцэ-каралеўства. Аднак Буэнас-Айрэс зноўку стаў сталіцай пасьля свайго вызваленьня, а Сабрамонтэ быў скінуты са сваёй пасады. Сант’яга дэ Ліньес быў абраны ў якасьці новага віцэ-караля й адразу пачаў умацоўваць горад з-за магчымага новага нападу брытанцаў, які й быў зроблены ў 1807 годзе. Мілітарызацыя гораду прывяла да зьменаў у грамадзтве, што спрыяла сацыяльнаму становішчу крэолаў. Спроба гандляра Мартына дэ Альцага выдаліць Ліньеса й замяніць яго хунтай пацярпела паразу ад войскаў крэолаў. Аднак, у 1810 годзе тое ж самае войска падтрымала новую рэвалюцыйную спробу й пасьпяхова скінула новага віцэ-караля Бальтасара Ідальга дэ Сыснэраса. Гэтая падзея вядомая як Травеньская рэвалюцыя, якая ў цяперашні час адзначаецца як нацыянальнае сьвята. З гэтай падзеі пачалася аргентынская вайна за незалежнасьць, калі паўстанцкія войскі змагаліся супраць раялістаў з рознай ступеньню посьпеху. Фармальная незалежнасьць ад Гішпаніі была абвешчана ў 1816 годзе кангрэсам Тукумана. Жыхары Буэнас-Айрэсу здолелі вытрымаць барацьбу за незалежнасьць, не падпадаючы зноўку пад уладу раялістаў.

Гістарычна склалася так, што Буэнас-Айрэс быў самым лібэральным і свабодным месцам у Аргентыне, у той час як многія з правінцыяў, асабліва на паўночным захадзе, выступалі за больш кансэрватыўны каталіцкі падыход да палітычных і сацыяльных пытаньняў. Вялікая частка ўнутранай напружанасьці ў гісторыі Аргентыны XIX стагодзьдзя пачыналася з канфліктаў сталіцы й правінцыяў, якія па розных пытаньнях мелі розныя пункты гледжаньня. На працягу некалькіх месяцаў адразу ж пасьля рэвалюцыі 25 траўня ў Буэнас-Айрэсе паўстанцкі ўрад накіраваў шэраг ваенных пасланьнікаў у правінцыі з мэтай атрыманьня іхнага адабрэньня. Многія з гэтых місій скончыліся жорсткімі сутыкненьнямі, што прывяло да значнай напружанасьці ў адносінах паміж сталіцай і правінцыямі. У XIX стагодзьдзі горад быў двойчы блякаваны вайкова-марскімі сіламі — першы раз францускім флётам з 1838 па 1840 гады, а потым і сумеснай ангельска-францускай экспэдыцыяй з 1845 па 1848 гады. Абедзьве блякады ня здолелі прымусіць горад да здачы, таму замежныя дзяржавы ў канчатковым выніку спынілі агрэсіўныя дзяньні супраць гораду.

Сучаснасьць рэдагаваць

 
Вуліца Карыентэс, паўсталая падчас другога будаўнічага буму

На працягу большай часткі XIX стагодзьдзя палітычны статус гораду заставаўся нявырашанай тэмай. Горад быў сталіцай правінцыі Буэнас-Айрэс, а таксама паміж 1853 і 1860 гадамі ён быў сталіцай асобнай дзяржавы штату Буэнас-Айрэсу. Гэтае пытаньне вырашалася на поле бою, пакуль канчаткова не было вырашана ў 1880 годзе, калі гораду быў дадзены статус фэдэральнай адзінкі. Ён таксама стаў рэзыдэнцыяй ураду, а ягоны мэр з гэтага часу прызначаўся прэзыдэнтам Аргентыны.

У дадатак да багацьцяў, атрыманых дзякуючы гарадзкой мытні й выкарыстаньню ўрадлівых земляў, у горадзе разьвівалася чыгуначная сыстэма ў другой палове XIX стагодзьдзя, а таксама павялічылася колькасьць прадпрыемстваў і заводаў. Горад стаў месцам прыбыцьця шматлікіх імігрантаў з Эўропы, у прыватнасьці, з Італіі й Гішпаніі. З 1880 па 1930 гады Буэнас-Айрэс стаў шматнацыянальным горадам. Напачатку XX стагодзьдзя быў адчынены сусьветна вядомы опэрны тэатар «Калён», а горад да таго ж стаў рэгіянальным цэнтрам радыё, тэлебачаньня, кінаіндустрыі й тэатру. Асноўныя вуліцы гораду былі пабудаваныя ў тыя гады й у першыя дзесяцігодзьдзі XX стагодзьдзя Буэнас-Айрэс меў высотныя сучасныя будынкі й мэтрапалітэн. Наступны будаўнічы бум праходзіў з 1945 па 1980 гады, які значна зьмяніў цэнтар і вялікую частку гораду.

Буэнас-Айрэс таксама прыцягваў мігрантаў і з правінцыяў Аргентыны й суседніх краінаў, з-за чаго вакол прамысловых раёнаў пачалі расьці шматлікія трушчобы на працягу 1930-х гадоў, што прывяло да павелічэньня сацыяльных праблемаў і сацыяльных кантрастаў. Гэтыя працоўныя сталі палітычнай базай пашырэньня пэранізму, які ўзьнік у Буэнас-Айрэсе ў ходзе дэманстрацыяў ад 17 кастрычніка 1945 году на плошчы Пляса-дэ-Маё[9]. Аднак, 16 чэрвеня 1955 году пэраністы, знаходзячыся на гэты момант ужо ля ўлады, бамбавалі пляц, калі там зноўку праводзіліся страйкі, у выніку чаго загінула 364 грамадзянскія асобы. Праз тры месяцы пасьля таго ваенны ўрад зьмясьціў з пасады прэзыдэнта Хуана Пэрона. У 1970-х гадох горад пацярпеў ад баявых дзеяньняў паміж левымі рэвалюцыйнымі рухамі й правымі ваенізаванымі групоўкамі пры падтрымцы Ізабэлы Пэрон, якая стала прэзыдэнтам Аргентыны ў 1974 годзе пасьля сьмерці свайго мужа Хуана Пэрона. У выніку вайсковага перавароту ў сакавіку 1976 году на чале з генэралам Хорхэ Відэла ў краіне ўсталявалася жорсткая ваенная дыктатура[10].

Горад двойчы наведваў папа рымскі Ян Павал II: у 1982 годзе, калі распачалася вайна за Фолклэндзкія астравы й у 1987 годзе, у якім прыняла ўдзел значная колькасьць жыхароў гораду. Вяртаньне да дэмакратыі ў 1983 годзе супала з культурным адраджэньнем, а з 1990-х гадоў і эканамічным адраджэньнем, асабліва ў сфэры будаўніцтва й фінансавым сэктары. 17 сакавіка 1992 году ля амбасады Ізраілю выбухнула бомба, забіўшы 29 чалавек і параніўшы 242. Другі выбух быў зьдзейсьнены 18 ліпеня 1994 году, зьнішчыўшы будынак, які зьмяшчаў некалькі габрэйскіх арганізацыяў, забіўшы пры гэтым 85 чалавек і параніўшы многіх іншых. Гэтыя інцыдэнты паклалі пачатак ісламскага тэрарызму ў Паўднёвай Амэрыцы.

Пасьля пагадненьня 1993 году ў аргентынскую канстытуцыю былі ўнесены папраўкі, які надавалі Буэнас-Айрэсу статус аўтаноміі й скасоўвалі, сярод іншага, права прэзыдэнта на прызначэньне мэра гораду. 30 чэрвеня 1996 году выбаршчыкі Буэнас-Айрэсу абралі свайго першага мэра.

Геаграфія рэдагаваць

 
Фатаздымак Рыё-дэ-ля-Плята са спадарожніка

Буэнас-Айрэс разьмяшчаецца на адлегласьці 275 км ад Атлянтычнага акіяна ў добра абароненай бухце заліва Ля-Плята, на левым беразе ракі Матанца-Рыачуэлё. Сталіца знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы Аргентыны, на раўніннай мясцовасьці, у субтрапічным прыродным поясе з субтрапічным мусонным кліматам. Натуральная расьліннасьць навакольляў гораду прадстаўлена тыповымі для лугавых стэпаў і саванаў пародамі дрэваў і травы. У склад вялікага Буэнас-Айрэсу ўваходзяць 18 прыгарадаў, агульная плошча складае 3646 км².

Буэнас-Айрэс знаходзіцца ў рэгіёне пампасы, якія ўваходзяць у экалягічны запаведнік Буэнас-Айрэсу. З горадам суседнічаюць аэрапорт імя Хорхэ Нэйбэры, які быў пабудаваны на мэліяраваных землях уздоўж узьбярэжжа Ля-Плята — эстуарыя, утворанага пры зьліцьці рэк Уругвай і Парана[11].

У гэты рэгіён уваходзяць розныя землі й лягуны. У іхны лік уваходзяць Мальданада, Вэга, Мэдрана, Кільданьнес і Ўайт. У 1908 годзе пачаліся працы па зьмене рэчышчаў дробных рэк з мэтай выправіць сытуацыю са штогадовымі паводкамі гораду. Ужо ў 1919 годзе кірунак плыні большасьці рэк быў зьмены. Характэрна, што на месцы ракі Мальданада ў 1954 годзе была пабудавана вуліца.

Клімат рэдагаваць

Буэнас-Айрэс мае вільготны субтрапічны клімат з чатырма выразна выяўленымі сэзонамі й сярэдняй гадавой тэмпэратура 17,7 °C. Самым цёплым месяцам зьяўляецца студзень пры сярэднядзённай 25,1 °C. Вялікую частку часу тэмпэратура вагаецца ў межах 28—31 °C удзень і 16—21 °C ноччу. Цеплавыя хвалі з Бразыліі могуць павысіць тэмпэратуру вышэй за 35 °C. Горад падлягае халодным франтам, якія прыносяць кароткія пэрыяды прыемнага надвор’я, асабліва сьвежымі начамі. Адносная вільготнасьць зьяўляецца ўмерана высокай (64—70%) у летні пэрыяд. Самая высокая тэмпэратура за ўсю гісторыю склала 43,3 °C, яна была зафіксавана 29 студзеня 1957 году[12]. Вясна (зь верасьня па лістапад) й восень (з сакавіка па травень), як правіла, зьяўляюцца мяккімі, зь сярэднімі тэмпэратурамі каля 17 °C і частымі навальніцамі, асабліва ў пэрыяд вясны.

Зіма ўмераная, аднак у прыгарадных раёнах часьцяком назіраецца мароз з траўня па верасень у адрозьненьне ад цэнтру Буэнас-Айрэсу, дзе назіраецца такая зьява толькі некалькі разоў на сэзон. Адносная вільготнасьць паветра складае ў сярэднім 70%, што азначае, што горад схілены да існаваньня цяжкіх туманаў у асеньне-зімовы пэрыяд[13]. Ліпень зьяўляецца самым халодным месяцам, зь сярэдняй тэмпэратурай 10,9 °C. Халодныя франты, якія прыходзяць з Антарктыды назіраюцца амаль кожны год, і ў спалучэньні з высокай вільготнасьцю зімой, мароз адчуваецца нашмат халадней. Горад атрымлівае каля 1242,6 мм ападкаў на год. Дажджы назіраюцца ў любы час году, а град не зьяўляюцца чымсьці незвычайным.

  Кліматычныя зьвесткі для Буэнас-Айрэсу  
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 43,3 38,7 37,9 36,0 31,6 28,5 30,2 34,4 34 34 36,8 40,5 43,3
Сярэдні максымум t, °C 30,4 28,7 26,4 22,7 19,0 15,6 13,9 17,3 18,9 22,5 25,3 28,1 21,5
Сярэдняя t, °C 25,1 23,7 21,4 17,7 14,3 11,2 10,9 12,7 14,2 17,7 20,6 23,2 17,73
Сярэдні мінімум t, °C 20,4 19,4 17,0 13,7 10,3 7,6 7,4 8,9 9,9 13,0 15,9 18,4 12,9
Абсалютны мінімум t, °C 5,9 4,2 2,8 −2,3 −4 −5,3 −5,4 −4 −2,4 −2 1,6 3,7 −5,4
Норма ападкаў, мм 121,6 122,6 153,9 106,9 92,1 50,0 52,9 63,2 77,7 193,3 131,2 103,2 1214,6
Вільготнасьць, % 65 70 72 77 76 79 79 74 71 69 68 64 72
Крыніца: Servicio Meteorológico Nacional

Агульныя зьвесткі рэдагаваць

Фінансавы, гандлёвы, навуковы і культурны цэнтар краю. Мае НДІ, бібліятэкі, 3 унівэрсытэты (найстарэйшы быў заснаваны ў 1821 годзе). На поўначы і захадзе трушчобы, у якіх жыве каля 800 тысячаў чалавек. Таксама ў горадзе ёсьць музэі, мастацкія галерэі, самы вялікі тэатар сьвету El Teatro Colón (каля 3,5 тысячы месцаў).

 
Буэнас-Айрэс

Гарады-сябры рэдагаваць

Асобы рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ R.L. Forstall, R.P. Greene, and J.B. Pick, «Which are the largest? Why published populations for major world urban areas vary so greatly», City Futures Conference, (University of Illinois at Chicago, July 2004) – Table 5 (p.34)
  2. ^ "Argentina: Censo2010". Censo2010.indec.gov.ar
  3. ^ «The World According to GaWC 2008». www.lboro.ac.uk
  4. ^ «What is Porteño in English? – Porteño Spanish». Portenospanish.com.
  5. ^ «Travel + Leisure: Destinations». travelandleisure.com
  6. ^ «Buenos Aires Turismo: Arquitectura». bue.gov.ar
  7. ^ «Buenos Aires Turismo: Turismo Cultural». bue.gov.ar
  8. ^ а б «Argentina: A Short History» by Colin M. Lewis, Oneworld Publications, Oxford, 2002. ISBN 1-85168-300-3
  9. ^ «Guía visual de Buenos Aires centro histórico», Clarín Viajes, 2001.
  10. ^ «We are Millions: Neo-liberalism and new forms of political action in Argentina», Marcela Lópéz Levy, Latin America Bureau, London, 2004.
  11. ^ «Cuenca del Plata». borello.com.ar
  12. ^ «Monthly Information of the city of Buenos Aires, January in the city of Buenos Aires, Servicio Meteorológico Nacional». Argentine National Meteorological Service
  13. ^ «Atlas Ambiental de Buenos Aires». AABA.
  14. ^ Prefeitura.Sp – Descentralized Cooperation
  15. ^ International Relations – São Paulo City Hall – Official Sister Cities
  16. ^ «Sister Cities». Beijing Municipal Government.
  17. ^ «Intercity and International Cooperation of the City of Zagreb». 2006–2009 City of Zagreb.
  18. ^ «Les pactes d'amitié et de coopération». Mairie de Paris.
  19. ^ «Berlin's international city relations». Berlin Mayor's Office.
  20. ^ «Mapa Mundi de las ciudades hermanadas». Madrid city council. Ayuntamiento de Madrid.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Буэнас-Айрэссховішча мультымэдыйных матэрыялаў