Бульбяны́я бу́нты — масавыя антыпрыгоньніцкія выступы ўдзельных (1834) і дзяржаўных (1840—1844) сялянаў у Расеі (Паўночча, Прыўральле, Паволжа, больш за 499 тысячаў чалавек). Бунты былі спрычыненыя гвалтоўным увядзеньнем пасадкі бульбы, пад якую былі прызначаныя найбольш пладавітыя глебы. За невыкананьне загаду пра вырошчваньне бульбы былі ўведзеныя суворыя пакараньні.

Клюбні бульбы маюць уласьцівасьць зелянець пры захоўваньні на сьвятле, што сьведчыць пра павышанае ўтрыманьне ў іх саляніну. Спажываньне ў ежу аднаго пазелянелага клюбню разам з лупінамі можа спрычыніць сур’ёзнае атручваньне. З-за невуцтва і адсутнасьці праўдзівай інфармацыі гэта прыводзіла да гібелі людзей. У 1834 року выбухнулі хваляваньні ў Вяцкай і Ўладзімерскай губэрнях, але асабліва буйныя выступы адбываліся ў 1840—1844.

Часткова бунты сталі адказам на Кісялёвы рэформы дзяржаўных вёсак (1837—1841). Асабліва хутка плошчы пад пасадку бульбы ў Расеі сталі павялічвацца ў 1840—1842 роках. 24 лютага 1841 выйшаў загад ураду «Пра меры да распаўсюджаньня расплоджваньня бульбы». Накладам у 30 000 асобнікаў па ўсёй Расеі разаслалі бескаштоўныя наказы па правільнай пасадцы і вырошчваньні бульбы.

На Ўрале і ў ніжнім Паволжы пратэставалі больш за 500 000 сяляняў, разбураючы пасевы бульбы і пабіваючы чыноўнікаў. Акрамя этнічных маскалёў, у забурэньнях бралі ўдзел марыйцы, чувашы, удмурты, татары ды комі. Бунты былі здушаныя ўрадавымі войскамі[1][2]. Тысячы паўстанцаў былі асуджаныя, сасланыя ў Сыбір ці рэкрутаваныя ў войска.

Да канца XIX стагодзьдзя ў Расеі бульбай было засеяна болей за 1,5 млн га.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ «Картофельные бунты» (рас.) Большая Советская энциклопедия Праверана 15 сакавіка 2016 г.
  2. ^ Голицына, Наталья (21 сакавіка 2008) Картофель — топливо индустриальной революции (рас.). Радыё «Свабода»Праверана 15 сакавіка 2016 г.

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць